Найти
01.05.2020 / 19:1415РусŁacБел

«Удержать Тито на плаву». Как США пришли на помощь Югославии, чтобы она выстояла в борьбе с СССР

Этому не помешала разница ни идеологий, ни стратегических целей. Соединенным Штатам было важно, чтобы Югославия не поддалась Сталину. А Югославия хотела сохранить независимость между двумя блоками-советским и НАТО. В результате Запад щедро финансировал нужды югославов, пишет Андрей Дынько.

Маршал Іосіп Броз Ціта. Wikimedia Commons.

Прайшло 70 гадоў, а здаецца, што ў Вашынгтоне змагаюцца тыя самыя кірункі. У 1949-м рэспубліканцы-ізаляцыяністы не хацелі, каб амерыканскія грошы траціліся на абарону Еўропы — тады акурат стваралася НАТО, і многія былі супраць. Рэлігійныя кансерватары не хацелі, каб іх дзяржава спансаравала дыктатарскія рэжымы — тады акурат нацыяналісты з Гаміньдана ў Кітаі з трэскам прайгралі камуністам. Тым не менш адміністрацыя прэзідэнта Гары Трумэна пайшла насустрач просьбам Бялграда пра дапамогу. 

Напачатку адміністрацыя Трумэна лічыла за лепшае дзейнічаць ціха, не пытаючы згоды Кангрэсу, справядліва мяркуючы, што грамадскай падтрымкі ідэя дапамогі камуністычнаму дыктатару можа не знайсці. Час пацвердзіць рацыянальнасць яе разліку. Па меры развіцця супрацоўніцтва з Захадам Ціта вызваліць палітвязняў, пойдзе на кантакт з НАТО — хоць так і не ўступіць у альянс, вырашыць мірам тэрытарыяльны канфлікт з Італіяй і стане вечным прыкладам для сатэлітаў СССР, што Маскве можа быць альтэрнатыва.

«Нацыяналістычныя элементы занялі дамінуючыя пазіцыі»

Разлом у адносінах Іосіфа Сталіна і Іосіпа Броз Ціта, СССР і Федэратыўнай Народнай Рэспублікай Югаславіі, адбыўся ў 1948 годзе, калі Ціта адмовіўся перадаць Маскве кантроль над ключавымі сферамі эканомікі. Ціта адчуваў сябе свабаднейшым за кіраўнікоў Румыніі ці Венгрыі. Югаслаўскія партызаны практычна самі вызвалілі ад немцаў сваю краіну, а таму на тэрыторыі Югаславіі не стаялі савецкія войскі.

Сталін не прывык, каб яму пярэчылі, і ў 1949 годзе, калі спробы зваліць Ціта сіламі прасавецкіх элементаў у Югаславіі не далі выніку, югаславы апынуліся перад пагрозай узброенай агрэсіі. 28 чэрвеня Югаславію выключылі з Камінфарма — так тады называўся пераемнік Камінтэрна. Аргументы нязначна адрозніваліся ад тых, якія прыводзяць у адрас нялюбых замежных урадаў сёння: «Нацыяналістычныя элементы занялі дамінуючыя пазіцыі ў кіраўніцтве Югаславіі».

«Мы іх злавілі ўжо пяць»

Аднак у асобе Ціта Сталіну трапіўся моцны арэшак. Югаслаўскі маршал, былы партызан, не толькі не імкнуўся шукаць кампрамісаў — якія загубілі ў свой час усіх, хто спадзяваўся Сталіна ўлагодзіць, — а пайшоў на прынцып. «Перастаньце падсылаць забойцаў. Мы іх злавілі ўжо пяць, аднаго з бомбай і другога з аўтаматам. […] Калі не перастанеце падсылаць забойцаў, я пашлю забойцу ў Маскву. Аднаго — і другога не трэба будзе», — грозна напісаў ён Сталіну.

Тысячы югаслаўскіх русафілаў і сталіністаў былі тады арыштаваныя і высланыя на востраў Голы Аток у Адрыятычным моры.

Але ўсе гэтыя жорсткія меры не спрацавалі б, каб у краіне нарастала незадавальненне эканамічнымі цяжкасцямі. Бялграду трэба былі грошы, каб народ адчуваў паляпшэнне жыцця. І Ціта разумеў, што грошы можна знайсці толькі на Захадзе. Югаслаўская дыпламатыя на чале са славенцам Эдвардам Кардэлем атрымлівае задачу інтэнсіфікаваць кантакты з ЗША. 

У Белым доме тым часам гадалі: верыць гэтым сігналам ці не верыць? Ці не будуць грошы амерыканскіх падаткаплатнікаў у выніку выкарыстаныя на вайну супраць саміх ЗША?

ЦРУ перахоплівае ліст

Каб перашкодзіць намерам Ціта, савецкія агенты пачынаюць сеяць думку, што Югаславія — дзяржава камуністычная, і ўсе разыходжанні Ціта са Сталіным скончацца вяртаннем Бялграда пад кантроль Крамля. Таму «інвестыцыі» на Саве і Драве не маюць сэнсу.

Аднак у канцы жніўня 1949 года ЦРУ перахоплівае ліст Ціта Кардэлю і ўпэўніваецца, што югаслаўскае кіраўніцтва сур’ёзнае ў сваіх намерах палепшыць адносіны з Захадам. 

Джэймс Рыдлбергер, пасол ЗША ў Бялградзе, пазней назаве дапамогу рэжыму Ціта «адным з самых смелых рашэнняў прэзідэнта Трумэна». У яго прыняцці асаблівую ролю адыгралі амерыканскі дыпламат Джордж Кенан — будучы пасол ЗША ў СССР і Югаславіі, а таксама дзяржсакратар Дын Эчэсан.

Сярод удзельнікаў спроб забойства Ціта быў і ўраджэнец Вільні, геній спецаперацый Іосіф Грыгулевіч. На той момант ён пад новым іменем паступіў на дыпламатычную службу Коста-Рыкі і даслужыўся там да пасады пасла пры Ватыкане. А па сумяшчальніцтве — і ў Югаславіі. Меркавалася, што падчас аўдыенцыі ў Ціта Макс (агентурны псеўданім Грыгулевіча) «з замаскіраванага ў адзенні бясшумна дзейнага механізма выпусціць дозу бактэрый лёгачнай чумы, што гарантуе заражэнне і смерць Ціта і прысутных у памяшканні асоб…» (самому тэрарысту паабяцалі ўкалоць супрацьчумную вакцыну). Праўда, нешта не зраслося. Фота Wikimedia Commons.

Складанасць для амерыканцаў была ў тым, каб правільна спрагназаваць: ці не справакуе Сталіна дапамога амерыканцаў? ці наважыцца СССР на спробу захапіць Югаславію сілай? І, калі наважыцца, ці ўдасца яму гэта? Калі наважыцца і не ўдасца — то за Ціта пойдуць іншыя сатэліты СССР. Калі наважыцца і ўдасца — гэта пакажа безнадзейнасць спробаў быць незалежнымі ад Масквы. Большасць у Вашынгтоне схілялася да непазбежнасці другога. Але Кенан настойваў на магчымасці першага. 

ЦРУ, у сваю чаргу, старанна сачыла за перамяшчэннямі войскаў каля югаслаўскай мяжы. Па ацэнках амерыканскіх аналітыкаў, для акупацыі Югаславіі патрэбна было 15 дывізій. Па стане на верасень саветы сабралі там толькі 9.

У цітаўскай Югаславіі нарадзіўся спецыфічны архітэктурны стыль, які адлюстроўваў суровы дух гэтага рэжыму, а таксама асабістыя густы Іосіпа Броз Ціта. Гэты стыль, манументальны да бяздушнасці, часам называюць «бетонным бруталізмам». На фота: помнік «Паўстанню ў дзень святога Іллі» ў Крушаве, Македонія. Shutterstock.com, by Roubu.

Без публічных заяў

Восенню таго ж 1949-га, без аніякіх публічных заяў, ЗША і іх саюзнікі падтрымалі на пасаду члена Рады бяспекі ААН кандыдатуру Югаславіі, а не падкантрольнай Маскве Чэхаславакіі, нягледзячы на тое, што генсак ААН, нарвежац Тругвэ Лі, баяўся, што Масква ўспрыме гэта як асабістую знявагу. Такім чынам Югаславія атрымала міжнародную трыбуну.

Тады ж у Лондане сустрэліся амерыканскія паслы з усходнееўрапейскіх краін, каб вызначыць агульную пазіцыю па югаслаўскім пытанні. Як сведчаць рассакрэчаныя архівы амерыканскай дыпламатыі, яны прыйшлі да высновы, што трэба «ўтрымаць Ціта на плыву». Амерыканцы меркавалі, што падзенне Югаславіі павялічыць пагрозу для Грэцыі і Італіі. У абедзвюх гэтых краінах тады былі моцныя пазіцыі мясцовых камуністаў, і, абапіраючыся на іх як на «пятую калону», Сталін мог бы развіць югаслаўскі поспех.

На Захадзе супраць падтрымкі Ціта актыўна выступала толькі суседняя Італія, якая баялася прэтэнзій Югаславіі на горад Трыест. Вакол гэтага горада жылі і славенцы, і італьянцы, і ягоны лёс па выніках вайны да канца не быў вырашаны. 

Як пакажа час, гэта былі беспадстаўныя страхі. Па меры таго як Ціта знаходзіў пункты супадзення інтарэсаў з Захадам, ён знайшоў і кампрамісы з італьянцамі. Залежны ад заходняй дапамогі югаслаўскі кіраўнік цвяроза ацэньваў, што лепш сініца ў руках, чым Трыест-журавель у Юльянскіх Альпах. Больш за тое, у Бялградзе сталі па-іншаму глядзець на прысутнасць амерыканскіх і брытанскіх войскаў у Трыесце. Калі раней іх разглядалі як пагрозу, то цяпер сталі бачыць той плацдарм, з якога ў Югаславію можа прыйсці дапамога ў выпадку агрэсіі СССР.

Спецыяльны фотапраект швейцарскага фатографа Валянціна Джэка «Да бетоннай утопіі: архітэктура Югаславіі 1948—1980» у 2019 годзе быў выстаўлены ў Нью-Ёркскім музеі сучаснага мастацтва (MoMA). Moma.org.

Югаславія прасіла пазык і крэдытаў. Захад даваў — хоць і ўвесь час нагадваў Бялграду пра патрэбу рэфармавання эканомікі, без якога Югаславія не зможа іх аддаць.

У студзені 1950-га Ціта вызваліў большасць палітвязняў, дазволіў грамадзянам свабодны выезд у краіны Захаду і дапусціў адкрыццё новых цэркваў. Адначасова быў пастаўлены крыж на калектывізацыі, адмененыя прывілеі для наменклатуры, а на прадпрыемствах уводзілася працоўнае самакіраванне — фірмовая практыка югаслаўскага сацыялізму.

Асабліва важнай стала фінансавая і прадуктовая падтрымка Югаславіі ў 1950-м, калі ў краіне здарылася засуха. ЗША выдзелілі Югаславіі на барацьбу з наступствамі засухі агулам каля 140 мільёнаў долараў — гэта прыкладна 1,5 млрд на сённяшнія грошы.

17 лістапада таго самага года Югаславія фактычна падтрымала пазіцыю ЗША па Карэі ў ААН, запатрабаваўшы вываду кітайскіх войскаў.

«Амерыканцы самі»

Эканамічная дапамога была жыццёва неабходная Югаславіі для выжывання, але заставалася таксама важнае пытанне пра наяўнасць зброі, каб адбіць магчымы напад ці адстрашыць патэнцыйнага праціўніка. 

Гэтае пытанне было далікатным. Бялград баяўся ставіць яго адкрыта. У снежні 1950 года на сустрэчы з брытанскім вайсковым аташэ Ціта выказаўся наступным чынам: «Я не магу, каб людзі гаварылі: «Гэта амерыканскі танк, гэта брытанскія гарматы, Югаславія — гэта англа-амерыканская база»». У тым жа снежні Югаславія пасылае высокапастаўленага дыпламата ў Вашынгтон. Для канспірацыі той, аднак, піша ў сваёй тэлеграме ў Бялград, што гэта не ён, а «амерыканцы самі паставілі пытанне аб аказанні дапамогі» — мелася на ўвазе вайсковай.

Першая пастаўка амерыканскага ўзбраення ў Югаславію была сакрэтнай, гэтым займалася ЦРУ. Быў адпраўлены карабель са старымі вінтоўкамі. Але псіхалагічны эфект гэтай пастаўкі быў каласальны. Югаславы зразумелі, што могуць разлічваць на большую падтрымку ў выпадку нападу СССР.

Цікава, што Бялград хацеў сакрэтных паставак, каб Масква не магла яго абвінаваціць у супрацы з «заходнімі імперыялістамі», і не разумеў, што амерыканцы максімум што могуць зрабіць сакрэтна — гэта выслаць пару караблёў з якімі-небудзь трафейнымі аўтаматамі. А вось для паставак новай зброі патрэбныя афіцыйная просьба і адкрытая працэдура. 

Вясной 1951 года ЗША, Вялікабрытанія і Францыя дамовіліся пра памер супольнай дапамогі Югаславіі ў бягучым годзе — 265 млн долараў (прыкладна 2,8 млрд на сённяшнія грошы) — і пра тое, хто ў якой долі возьме на сябе гэтыя выдаткі.

А ў чэрвені 1951-га — праз два гады ад пачатку збліжэння з Захадам — Бялград звярнуўся з першай афіцыйнай просьбай пра вайсковую дапамогу.

У той жа час Ціта катэгарычна адмаўляўся ад прапаноў адкрыта падтрымаць ЗША ці далучыцца да заходніх структур: «Нам важна захаваць нейтралітэт, і мы не пацерпім, каб нам дыктавалі». Амерыканцы тактоўна прынялі такі статус-кво. 

Яшчэ адна праца Валянціна Джэка. Moma.org.

«Люблянскі калідор»

Пры канцы 1951 года Бялград наведаў кіраўнік Генштаба амерыканскай арміі. Перад яго прыездам пад хатні арышт быў пераведзены каталіцкі арцыбіскуп Алаізье Стэпінац — самы вядомы з югаслаўскіх палітвязняў. Гэта здымала палітычную перашкоду для супрацы з Захадам.

Але югаславы былі не радыя пачуць ад амерыканскага генерала, што ў выпадку нападу на Югаславію НАТО будзе абараняць толькі «Люблянскі калідор», які дае выхад на раўніну вакол ракі По (гэтым шляхам да Венецыі ішлі яшчэ орды Бату-хана ў 1242-м), а не ўвесь перыметр краіны, як яны спадзяваліся. Акрамя таго, амерыканцы ў выпадку вайны не збіраліся забяспечваць нейтральную краіну паветранай падтрымкай, хоць Ціта прасіў самалётаў. 

Тым не менш Югаславія ў тым жа годзе атрымала з-за акіяна зброі на 77 млн долараў.

У 1952 годзе югаслаўская прэса заявіла, што «наступствы савецкай блакады пераадоленыя дзякуючы супрацоўніцтву з Захадам».

Савецкі Саюз, які якраз сутыкнуўся з супрацівам у Карэі, не наважыўся ўвязацца ў другую аналагічную вайну, дзе амерыканцы таксама прыйшлі б на дапамогу яго праціўнікам.

Інтэнсіўная супраца Югаславіі з Захадам працягвалася аж да смерці Сталіна і прыходу да ўлады Мікіты Хрушчова, які адмовіўся ад планаў змены рэжыму ў Бялградзе. Але роўнааддаленасць ад Масквы і Вашынгтона і асаблівыя эканамічныя адносіны з Захадам Югаславія захавае да канца свайго існавання. Дзякуючы грашам Міжнароднага валютнага фонду і заходнім тэхналогіям югаславы будуць жыць даволі някепска — як па тых часах. У Савецкім Саюзе за югаслаўскімі таварамі ганяліся, а тур на Балканы быў марай для кожнага савецкага чалавека.

А Ціта застанецца ва ўладзе да самай смерці ў 1980 годзе.

Андрей Дынько

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930