Найти
26.03.2020 / 14:404РусŁacБел

«Помню рачулку, я сяджу на беразе і гляджу, як рыбкі плаваюць, нібы льдзінкі». 60 лет исполнилось поэту Виктору Шнипу

26 сакавіка 60 гадоў спаўняецца Віктару Шніпу — паэту і перакладчыку, чые «Сабачыя гісторыі» ўпершыню пабачылі свет на старонках «Нашай Нівы» ў 2000 годзе.

«Наша Ніва» даведалася ў паэта, над чым ён працуе зараз, што чытае з беларускай літаратуры і ці наведвае сваю малую радзіму: вёскі Пугачы і Лягезы. 

«У гэтым узросце галоўнае — не баяцца ўсякіх вірусаў. Не баяцца, што наперадзе, магчыма, ужо мала дзён, таму часта пачынаеш думаць, што нешта не зрабіў, — расказвае Віктар.

— У сённяшніх абставінах я спадзяюся на сонца: людзі ўсміхаюцца — значыць, усё добра, а калі хаваюць насы — здаецца, нешта не тое». 

Пісьменнік запэўнівае, што працуе над новымі творамі. Расказаў, што кожны дзень вядзе «Дзённікавы раман паэта», які выстаўляе ў сеціве, а таксама працягвае цыкл балад «Беларускі пантэон», у якім больш за 300 балад, прысвечаных беларускім гістарычным асобам. Часам паэт рэдагуе і іншыя творы.

«Апошняе, што вельмі прыемна было чытаць, — «Жэтон на метро» Андрэя Федарэнкі. Мне пашчасціла быць рэдактарам гэтай кніжкі. А з Андрэем мы даўно сябруем. Прыемна, калі тваё пакаленне ўсё яшчэ плённа працуе і гэтую працу заўважаюць. 

З беларускіх пісьменнікаў мяне вельмі радуюць Барыс Пятровіч, Адам Глобус і, канечне, Людміла Рублеўская».

Віктар Шніп і Людміла Рублеўская, фота Таццяны Ткачовай

Па словах Віктара, яго жонка Людміла таксама завяршае новы твор, назву якога пісьменніца пакуль не раскрывае. Вядома, што нядаўна Рублеўская закончыла працаваць над здымкамі фільма па сваёй кнізе «Авантуры Пранціша Вырвіча», для якога цяпер зрабіла і беларускамоўны варыянт. 

Адзначаць свята паэт не збіраецца праз каранавірус:

«Са сваякамі і сябрамі збіраўся адзначыць, але з-за гэтай заразы перанеслі, каб нікога не ўводзіць у небяспечнае становішча. Але з сям’ёй адзначым дома абавязкова. Будзе Людміла, наш сын, сабака Міёна і папугай Северус», — кажа Віктар.

У Віктара Шніпа двое дзяцей: дачка Вераніка і сын Максім

Віктар Шніп з гадаванцам Міёнай

Паэт прызнаецца, што бывае на малой радзіме, у Пугачах, але хацелася б часцей:

«Часцей за ўсё бываю ў вёсцы толькі ў думках і снах. Летам заўсёды прыязджаю да бацькоўскай хаты, бо роднае прыцягвае. Тым больш па дарозе ў Пугачы, у Ракаве, пахаваныя мае мама і тата.

У Пугачах у нас ёсць невялікі агарод, на якім у большасці садзім цыбулю — яна добра расце. З-за працы на ўчастку часта нават не даводзіцца сустрэцца са сваякамі і сябрамі. Шкада, таму што заўсёды прыемна пабываць дома, дзе ты свой чалавек, дзе ўсе цябе ведаюць і чакаюць».

Але пра тое, што 15-гадовыім хлопцам з’ехаў з вёскі, паэт не шкадуе. 

«Часам бывае, канечне, думаеш: паеду ў вёску, буду жыць сам па сабе, як Андрусь Горват, буду разводзіць курэй і завяду карову. А жонцы і дзецям буду адпраўляць масла і смятану. Але гэта ўсё фантазіі». 

Лічыць Пугачы малой радзімай паэта не зусім дакладна. Да школы Віктар гадаваўся ў бабулі ў вёсцы Лягезы, што таксама ў Валожынскім раёне. Там прайшло сапраўднае дзяцінства будучага паэта:

«Лягезы я часта ўспамінаю: рачулка, трава высокая, я сяджу на беразе і гляджу, як рыбкі плаваюць, нібы ільдзінкі. Часам думаю, калі б у маім жыцці не было Лягезаў і тых дзесяці хат на ўсю вёску, я б не стаў паэтам. Людзей у вёсцы амаль не было, гуляць было няма з кім, таму я часта размаўляў з дрэвамі і птушкамі,» — прызнаецца паэт.

***

у чорнай вадзе незямнога начнога патопу
вялікая поўня нібы з пенапласту плыве
над жоўтай як воўчыя вочы прыціхлай Еўропай
дзе межы й старыя акопы схаваны ў траве
у полі сланечнік нібы на карціне Ван Гога
стаіць адзінокі ля сцежкі якая вядзе
магчыма не толькі да Рыма а проста да Бога
па полі па лесе па чыстай і мутнай вадзе
пад небам якое як купал адзінага Храма
дзе нам век маліцца і шчасце і волю спазнаць
дзе ў кожнага з нас ёсць найлепшая добрая мама
але ёй пра гэта не ўсе мы паспелі сказаць
і ты адзінокі як гэты сланечнік што ў полі
на поўню глядзіш і спакойна як воін ідзеш
праз чорны патоп што не стане сусветным ніколі
бо ты не дасі яму выйсці з дазволеных меж
11-13.01.2018

***

Даўно памерлы свет яшчэ жыве
У пыле тэатральным і парфуме.
І, як бялее шэрань на траве,
На галаве парык, набыты ў ЦУМе,
Бялее ў маладзенькага актора.
І сцэна, нібы плаха, на якой
Яшчэ лілася кроў людская ўчора,
Цяпер паліта з чайніка вадой,
Каб пыл не залятаў у святлацені,
Дзе ажывае час, што сплыў даўно.
І, як віно, ты п’еш кампот на сцэне,
Каб піць пасля сапраўднае віно.
4.01.2018

***

Крыжы платоў драўляных у мястэчку
І сонца, што стухала на крыжы,
Ты бачыў часта ўвечары праз рэчку,
Як праз мяжу, не знаючы мяжы
Паміж сабой і небам над сабою.
І век сканчаўся, як сканчаўся дзень,
І бегла вечнасць з ветрам за ракою,
Страсаючы ў ваду з бярозаў цень.
І ты самотным быў, але не сумным,
Як цёплы дым, што віўся з каміноў
І асядаў на рэчку, і на гумны,
І на крыжы ссівелыя платоў…
14.04.2018

***

Зноў дзень прыйшоў. Пара ісці шукаць
Прыгоды, а яны прыходзяць самі.
Вароны пад маім вакном сядзяць,
Як сінякі ў суседа пад вачамі.

І я гляджу, нібыта кот, з вакна
На п’янага крыклівага суседа.
І сонца сёння плямай ад віна
У небе, па якім гуляла лета

З маланкай і дажджом, і чорны свет
Рабіўся каляровым і шчаслівым.
І ўдзень чапляўся да дзяўчат паэт,
Казаў: «Я сталы аўтар «Нашай Нівы»!»

І двор мой напаўняўся, як вадой
Басейн стары, людзьмі і вераб’ямі…
І дзень прабег, як мыш, перада мной
І ў поўні знік, бы ў дзюрцы пад дзвярамі…
2.12.2017

***

хоць на пару хвілін адпусці сваю радасць на волю
ты яе не трымай у сабе як у клетцы чыжа
і няхай твая радасць не вернецца болей ніколі
ды шчаслівай пабудзе хоць пару хвілінак душа

бо душа не кулак у якім ты трымаеш капейку
што знайшоў на шляху па якім праімчалі вазы
падымаючы пыл дзе шлагбаўма старога лінейка
прымушае спыніцца націснуўшы на тармазы

бо чыгунка ў кустах нібы струны вялізнай гітары
на якой Бог іграе калі ў яго добры настрой
і па травах блакітных у небе пасуцца атары
златарогіх авечак спакойнай вячэрняй парой

дык на пару хвілін адпусці сваю радасць на волю
і не бойся што хтосьці вар’ятам палічыць цябе
я ж смяяцца з цябе тут не буду ніколі ніколі
бо як можна смяяцца цяпер калі сонца ў журбе

адыходзіць ад нас за лясы як за чорныя горы
і лісцё засыпае згарэлую ў леце траву
і прапахлыя дымам і мёдам палынным прасторы
кружаць радасна мне як зялёны абсент галаву
10.08.2018

NN.by

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930