Найти
16.03.2020 / 21:332РусŁacБел

Чума: расплата за цивилизацию

Memento mori, мазаіка з Пампей, 30 год да н.э. — 14 год н.э.

Опустошительные эпидемии — та цена, которую человечество платит за развитую экономику, международную коммуникацию и цивилизованную жизнь. В Древнем Риме такой ценой была чума, пишет историк Алексей Козленко.

За апошнія некалькі тысяч гадоў грып, воспа і чума забілі людзей больш, чым іх загінула на франтах сусветных войнаў. Нярэдка эпідэміі сярод людзей былі працягам эпідэмій сярод жывёл — такі пабочны эфект прыручэння чалавекам прадстаўнікоў дзікай фауны. Разбуральны патэнцыял хваробы спачатку стрымліваўся адносна невялікай колькасцю насельніцтва стэпавых азіяцкіх рэгіёнаў, дзе гэтыя хваробы звычайна з’яўляліся. З-за невялікага інкубацыйнага перыяду хворы паспяваў памерці раней, чым дабіраўся да буйных гарадоў са шматлікім насельніцтвам.

Аднак развіццё эканомікі і спадарожнае гэтаму пашырэнне міжнароднага гандлю паспрыялі значна шырэйшаму распаўсюду смяротных хвароб. А найбольш спусташальныя эпідэміі прыходзілі пасля працяглых перыядаў росквіту, з-за чаго расцэньваліся як божае пакаранне. Выклікаючы тым самым яшчэ большы страх.

Імянныя хваробы

Позні перыяд гісторыі Рымскай імперыі быў адзначаны шэрагам спусташальных эпідэмій нябачаных раней маштабаў. Адной з першых была «Антанінава чума» сярэдзіны — другой паловы II стагоддзя, якая забіла ад 7 да 10 млн чалавек (усяго ў Еўропе тады жыло каля 60 млн чалавек), а таксама «Кіпрыянава чума» сярэдзіны III стагоддзя.

Зрэшты, хоць самі рымляне лічылі абедзве гэтыя пошасці чумой (loimos), у рэчаіснасці, хутчэй за ўсё, гэта была воспа. З меншай доляй імавернасці ‑ вірулентны грып ці гемарагічная ліхаманка, па сімптомах падобная да Эболы.

Але фатальную ролю ў працэсе разбурэння і гібелі Рыма адыграла «Юстыніянава чума», якая абрынулася на імперыю ў сярэдзіне VI стагоддзя і канчаткова загубіла яе магутнасць. Супастаўляючы адно з адным назіранні сучаснікаў хваробы, гісторыкаў Пракопа Кесарыйскага і Эвагрыя Схаластыка, а таксама звесткі заходнееўрапейскіх храністаў VI—VIII стагоддзяў, сучасныя навукоўцы прыйшлі да высновы, што гаворка ў дадзеным выпадку ідзе пра першую пандэмію бубоннай чумы. Па ліку сваіх ахвяр і глабальных наступствах «Юстыніянава чума» можа быць супастаўлена хіба толькі са значна больш вядомай «Чорнай смерцю», якая ўдарыла па Еўропе і значнай частцы кантынента ў сярэдзіне XIV стагоддзя.

Імператар Юстыніян (527—565 гады) — пачынальнік апошняй спробы рэстаўрацыі мінулай магутнасці Рымскай імперыі. Яго няўдачу шмат у чым прадвызначыла пандэмія чумы, якая прыпала на гэты час і таму атрымала яго імя. Мазаіка базілікі Сан-Віталь у Равене, 546—547 гады.

Бубонная чума

пераважная форма чумы ў чалавека (ёсць яшчэ лёгачная). Чума (ад турэцкага çumа — нарыў) — вострае бактэрыяльнае захворванне, якое пераносяць грызуны і блохі. Калі бактэрыя Yersinia pestis размнажаецца ў арганізме чалавека, лімфатычныя вузлы, якія не спраўляюцца з вострай інтаксікацыяй, запаляюцца і набухаюць. Такія хваравіта ўздутыя лімфавузлы і называюць бубонамі.

Самыя значныя пандэміі бубоннай чумы — «Юстыніянава чума» і «Чорная смерць». Заражэнне хваробай амаль заўсёды заканчвалася летальна, пакуль чалавецтва не вынайшла антыбіётыкі. Цяпер гэтая хвароба несмяротная — пры ўмове своечасовага звароту ў медыцынскую ўстанову.

Бактэрыя бубоннай чумы працягвае жыць у дзікай прыродзе. Падхапіць яе можна ў В’етнаме, М’янме, Балівіі, Эквадоры, Туркменістане, Кыргызстане.

Марш «Юстыніянавай чумы»

Першыя выпадкі захворвання былі адзначаныя ў Егіпце ў канцы 541 года. Наступнай вясной разносчыкі інфекцыі, пацукі, у трумах караблёў, якія забяспечвалі егіпецкім збожжам насельніцтва сталіцы, трапілі ў Канстанцінопаль. Адсюль па марскіх гандлёвых шляхах чума хутка распаўсюдзілася на найбуйнейшыя партовыя гарады Грэцыі і Малой Азіі, затым пранікла ў заходнюю частку Міжземнамор’я. Разам з пасланым з Канстанцінопаля войскам хвароба патрапіла ў Італію, затым ахапіла Сіцылію, паўночную Афрыку і паўднёвую Іспанію. З Італіі, перайшоўшы Альпы, яна рушыла па тэрыторыі Францыі, пакуль не дасягнула Германіі. Пераадолеўшы Ла-Манш, чума выявілася ў Брытаніі і нават у Ірландыі.

Гэтак жа вокамгненна яна распаўсюдзілася са сталіцы імперыі ва ўсходнім кірунку, на працягу некалькіх гадоў спустошыўшы найбуйнейшыя гарады і сельскія раёны Сірыі і Месапатаміі. Апагею эпідэмія дасягнула каля 544 года, калі, па ўспамінах сучаснікаў, у Канстанцінопалі ад яе паміралі да 5 000 чалавек штодзень.

Тыя, каму ўдалося перажыць гэтае бедства, пасля апісвалі сімптомы хваробы і пакуты, якія адчувалі яе ахвяры. Найбольш вядомым такім апісаннем з’яўляецца тэкст Эвагрыя Схаластыка, якому самому давялося перахварэць на бубонную чуму ў дзяцінстве:

«Язва гэтая выяўлялася рознымі хваробамі: у некаторых яна пачыналася з галавы, — вочы наліваліся крывёй, твар пух, — потым пераходзіла да горла і, ахапіўшы яго, пазбаўляла чалавека жыцця; у іншых адкрываўся панос; у трэціх выяўлялася пухліна ў пахвіне, а за тым — незвычайная гарачка, — і яны на другі або на трэці дзень паміралі, зусім не ўсведамляючы сябе хворымі і адчуваючы моц у целе; іншыя ўпадалі ў вар’яцтва і ў гэтым стане выпускалі дух; часам ускоквалі на целе і забівалі людзей чорныя язвавыя скулы; некаторыя, перажыўшы язву аднойчы ці двойчы і акрыяўшы пасля яе, пасля зноў падвяргаліся ёй і паміралі. Спосабы запазычання хваробы былі настолькі разнастайныя, што іх і не пералічыш: адны гінулі ад таго толькі, што камунікавалі і елі разам з хворымі; другія — ад аднаго дотыку да іх; іншыя — пабываўшы толькі ў доме, а тыя — на плошчы; некаторыя, уцёкшы з заражаных хваробай гарадоў, самі заставаліся без шкоды, затое прыносілі з сабой хваробу здаровым; а былі і такія, якія пры ўсім тым, што жылі з імі і дакраналіся не толькі да заражаных, але і да памерлых, заставаліся зусім свабоднымі ад хваробы; іншыя, калі страчвалі ўсіх сваіх дзяцей або сваякоў, хоць і хацелі памерці і знарок дачыняліся з хворымі, аднак не атрымлівалі заразу, яна дзейнічала насуперак іх жаданню».

З эдэма — у пустку

Падобна «Чорнай смерці», «Юстыніянава чума» час ад часу то адыходзіла, то зноў вярталася. На працягу наступных 200 гадоў адзначалася яшчэ прыкладна 20 новых усплёскаў з інтэрвалам каля 9—13 гадоў.

Шляхі яе распаўсюджвання галоўным чынам праходзілі па марскіх і сухапутных гандлёвых маршрутах, таму ў першую чаргу цярпелі густанаселеныя і развітыя гарады міжземнаморскага ўзбярэжжа. Насельніцтва Канстанцінопаля, Александрыі, Антыёхіі, Карфагена і іншых метраполій у выніку эпідэміі скарацілася мінімум удвая.

У сельскай мясцовасці першыя ўдары хваробы прывялі да запусцення некалі паспяховых рэгіёнаў. Пасля гэтыя закінутыя землі паслужылі своеасаблівым загараджальным бар’ерам для распаўсюджвання пазнейшых хваляў захворвання.

Лічыцца, што заходняя палова былой Рымскай імперыі, і без таго ўжо моцна саслабленая варварскімі ўварваннямі, войнамі і эканамічным бязладдзем, пацярпела ад чумы менш, чым усходняя, якая ўсё яшчэ захоўвала значную частку патэнцыялу позняй Антычнасці.

Паводле падлікаў, агульная колькасць ахвяр пандэміі паміж VI і VIII стагоддзямі склала да 100 млн чалавек па ўсім свеце. Гэта трошкі менш за трэць зямнога насельніцтва ў тыя часы. Мінімум чвэрць з гэтых стратаў прыпала на Еўропу, Блізкі Усход і паўночную Афрыку, дзе колькасць памерлых ацэньваецца прыблізна ў 25 млн чалавек.

Пацукі

лічацца галоўнымі пераносчыкамі чумных бактэрый. Дакладней, не самі пацукі, а блохі-паразіты, якія жывуць на іх. Пасля гібелі ад хваробы грызуноў яны могуць пераходзіць у тым ліку і на чалавека. Але нядаўна навукоўцы з Нарвегіі, правёўшы даследаванне распаўсюджання чумы ў Сярэднявеччы пры дапамозе матэматычных мадэляў, прыйшлі да высновы, што спісваць усё толькі на пацукоў, відаць, не вельмі правільна. Верагодна, грызуны сапраўды прынеслі хваробу з Азіі ў Еўропу, але ў яе далейшым пашырэнні, здаецца, не меншы ўдзел прынялі і звычайныя, «чалавечыя» блохі і вошы.

Новы клімат — новы штам

За апошняе дзесяцігоддзе аб’ём нашых ведаў пра «Юстыніянаву чуму» істотна ўзрос дзякуючы даследаванням у галіне мікрабіялогіі.

У 2014 годзе даследчыкам з таварыства навуковых даследаванняў імя Макса Планка ў Германіі ўдалося пацвердзіць, што ўзбуджальнікам хваробы сапраўды з’яўлялася бактэрыя Yersinia pestis. Чумны штам удалося выдзеліць з парэшткаў верагодных ахвяраў эпідэміі, пахаваных паміж 541 і 543 гадамі на раннесярэднявечных могілках у Ашхайме ў Баварыі. Yersinia pestis з’яўлялася таксама ўзбуджальнікам «Чорнай смерці», якая выкасіла насельніцтва кантынента ў XIV стагоддзі.

Абедзве бактэрыі мелі азіяцкае паходжанне, аднак адносіліся да розных штамаў. Мяркуючы па выніках аналізу, бактэрыя-ўзбуджальнік першай пандэміі вымерла ці стала настолькі рэдкай, што больш не ідэнтыфікуецца ў прыродных рэзервуарах захворвання. Наадварот, штам «Чорнай смерці» да гэтага часу існуе ў дзікай прыродзе, а на мяжы XIX—XX стагоддзяў ён нават стаў прычынай Азіяцкай пандэміі, ад якой толькі ў Кітаі і Індыі памерла больш за 12 млн чалавек.

Юны рымлянін, намаляваны побач з егіпецкім богам смерці Анубісам і багіняй Ісідай. Пахавальнае пакрывала II стагоддзе.

Яшчэ адна міжнародная група даследчыкаў у 2019 годзе правяла аналіз парэшткаў ахвяр эпідэміі з 21 археалагічнага помніка на тэрыторыі Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі і Іспаніі, каб даведацца пра рэгіянальныя варыяцыі ўзбуджальніка хваробы і пра шляхі яе распаўсюду па Еўропе. Вынікі іх даследавання пацвердзілі раней высунутую гіпотэзу аб хвалях эпідэміі, якія змянялі адна адну. Біёлагі выявілі, што паміж VI і VIII стагоддзямі ў Еўропе паралельна цыркулявала не менш за 8 блізкароднасных разнавіднасцяў хваробатворных штамаў Yersinia pestis. Некаторыя з іх, магчыма, дзейнічалі ў адзін час і ў адных і тых жа рэгіёнах.

Яшчэ адным важным адкрыццём стала выяўленне высокай ступені мутацый у генетычным кодзе бактэрыі. Магчыма, прычына ў яе адаптацыі да экалагічных умоў рэгіёна, у якім чума цыркулявала падчас абедзвюх пандэмій.

Важнасць гэтага даследавання ў тым, што яно прыцягвае ўвагу да пытанняў, якія традыцыйна застаюцца за межамі працы гісторыкаў. Абмяркоўваючы прычыну падзення сусветных імперый і змены формаў кіравання, мы, як правіла, акцэнтуем увагу на палітычных, ваенных або сацыяльна-эканамічных трансфармацыях. Сёння, калі глабальныя наступствы кліматычных зменаў становяцца ўсё больш відавочнымі, навукоўцы значна часцей пачынаюць звяртаць увагу на праблемы экалогіі і дэмаграфіі. У гэтых малапрыкметных, на першы погляд, але вельмі важных па сваіх наступствах падзеях мы адшукваем ключ да разумення большасці сацыяльных і эканамічных працэсаў.

Традыцыйная дата падзення Заходняй Рымскай імперыі і пачатку эпохі Сярэднявечча ў Еўропе пачынае здавацца ўмоўнасцю. Больш значныя і аддаленыя наступствы меў абумоўлены «Юстыніянавай пандэміяй» дэмаграфічны пераход, які стварыў ў Еўропе тыя змрочныя ўмовы, якія запанавалі тут на наступнае тысячагоддзе.

Алексей Козленко

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера