Найти
01.01.2020 / 12:347РусŁacБел

Хаим Сутин: в чём его гений?

Наряду с Шагалом он может стать одним из брендов Беларуси. Но его пока знают меньше. Любимец женщин, состоятельный при жизни — и в то же время явно несчастливый. Неповторимый сутинский синий, неповторимый красный и деформированные тела — почему это всё и что значит? Объясняет искусствовед Надежда Усова.

Аўтапартрэт. Каля 1918 года. Фота Wikimedia Commons.

Нядаўна адзін з беларускіх калекцыянераў перад тым, як купіць эцюд Суціна з прыватнага збору, звярнуўся ў Мюнхенскую пінакатэку з просьбай пацвердзіць яго якасць. «Дык у вас там у Смілавічах ёсць музей Суціна, звярніцеся да сваіх спецыялістаў», — адказалі нашы нямецкія калегі. Гісторыя парадавала: пра смілавіцкі музей «Прастора Хаіма Суціна» ведаюць у Нямеччыне, не падазраючы, праўда, што гэта зусім невялічкі музейчык, хоць і з прыстойным сайтам, добрай бібліятэкай і ўласным кафэ, дзе можна паслухаць экскурсію за кубачкам кавы. Гадоў з дзесяць таму ў Смілавічах і не падазравалі, што мястэчка з’яўляецца міжнародным мастацкім брэндам, як Віцебск Шагала або Таледа Эль Грэка, а Суцін — яго «геніем месца». 

«Вяртанне са школы пасля навальніцы». Работа прыкладна 1939 г. Фота Wikimedia Commons

Не вар’ят і не бядняк

Біяграфія Суціна рэканструяваная на аснове нешматлікіх дакументаў, фотаздымкаў і ўспамінаў, што дайшлі да нашага часу. Таму яна наскрозь міфалагізаваная. Біёграфы стварылі казачную гісторыю пра беднага геніяльнага хлопца з беднай вёскі, які здабыў у Парыжы багацце і прызнанне. 15—20 гісторый пра Суціна вандруюць з выдання ў выданне, ствараючы мудрагелісты вобраз «вар’ята са Смілавіч» (так называлася адна з яго выстаў у Парыжы).

Іншы навязлівы ўспамін з дзяцінства — «Двое дзяцей, што бягуць па дарозе». Фота Wikimedia Commons

Многія лічаць, што ў аснове геніяльнасці ляжыць добрая памяць

Але ўсё, вядома, было больш празаічна. І бацька ягоны быў не цыравальшчык, а паважаны кравец жаночага адзення, які жыў у цэнтры мястэчка. І не пагарджалі бацькі сынам-студэнтам Віленскай мастацкай школы, а, наадварот, ганарыліся, упрыгожваючы ягонымі вучнёўскімі работамі дом. І студэнцкія канікулы Хаім праводзіў на Балтыцы, бо праца рэтушора ў мінскім фотаатэлье давала цалкам прыстойны заробак. І сваякі ягоныя не загінулі ў гета, а мірна памерлі да вайны, і магілы іх вядомыя. І не быў Хаім вырадкам з пашкоджаным вокам, а проста пакутаваў ад нервовага ціку. І, вядома, не быў ён вар’ятам, які шукаў свае творы, каб іх знішчыць, — а проста быў надзвычай патрабавальны да сябе і пазбаўляўся недасканалых прац. 

А калі ў канцы жыцця адмаўляў у грашовай дапамозе былым сябрам, то не праз пыху: Суцін быў хворым замкнёным чалавекам з частымі прыступамі вострага язвавага болю. Ён добра ведаў цану мастакоўскаму сяброўству, замешанаму на амбіцыях і зайздрасці. Яго сябрам, якія пачыналі разам, прыйшлося задавольвацца славай «мастакоў кола Суціна», стаць «Суцінымі для бедных», а гэта, пагадзіцеся, не надта прыемна.

І не быў Хаім вырадкам з пашкоджаным вокам, а проста пакутаваў ад нервовага ціку. Фота Wikimedia Commons

Па пратэкцыі Мадыльяні

Хаім Суцін прыехаў у Парыж, у мастацкае братэрства «Вулей», з Вільні, з мастацкай школы акадэміка Івана Трутнева. Да гэтага некалькі месяцаў вучыўся ў прыватнай школе Якава Кругера ў Мінску, якая размяшчалася на Захар’еўскай. Яўрэям у Расійскай імперыі забаранялася жыць у сталіцах, існаваў цэнз на паступленне ў ВНУ. Гэта выклікала эміграцыю.

У тыя часы бытавала прымаўка: «Шчаслівы, як яўрэй у Парыжы». Пасля рысы аселасці, зняваг і пастаяннай пагрозы пагромаў Парыж з яго талерантнасцю да іншаземцаў здаваўся раем. Што не адмяняла бытавых цяжкасцяў адаптацыі. Суцін не валодаў французскай мовай, не меў стыпендыі мецэната Максіма Вінавера, як Марк Шагал, і не атрымліваў дапамогі ад бацькоў, як Міхаіл Кікоін. Яго шлях на мастацкі алімп быў цярністым: даводзілася працаваць і грузчыкам на вакзалах, і рабочым на заводзе «Рэно», і натуршчыкам, і рэтушорам, і маляром, і рознарабочым. Суцін не грэбаваў ніякай працай, каб пракарміцца ў Парыжы, дзе на той час працавала 40 тысяч мастакоў-іншаземцаў.

Ён быў надзвычай сарамлівы, але шмат чытаў і вучыўся ў старых майстроў у Луўры. Першым талент каларыста Суціна заўважыў Амедэа Мадыльяні, які звёў яго з парыжскім маршанам — польскім яўрэем Леапольдам Збароўскім. Знаёмства стала карысным для абодвух.

Амедэа Мадыльяні. Партрэт Суціна. Фота Wikimedia Commons

Цікава, ці стаў бы Суцін легендай, калі б не беспрэцэдэнтная пасмяротная слава Мадыльяні, у промнях якой ён незнарок апынуўся? Мадыльяні напісаў тры партрэты Суціна. Аднаго гэтага было ўжо дастаткова, каб прыцягнуць да яго ўвагу.

Біяграфія заззяла новымі фарбамі: сабутэльніка Мадыльяні, яго даверанага інтымнага сябра. «Я сыходжу, але пакідаю вам Суціна, ён геній», — нібыта сказаў Мадыльяні Збароўскаму перад смерцю. Збароўскі паверыў і не пакінуў Суціна ў цяжкія гады, не даўшы літаральна памерці з голаду. Ён аказаў яму велізарную паслугу, вывез на поўдзень Францыі, да сонца, дзе рэалістычная палітра Суціна набыла ззянне святла. Менавіта гэтыя работы Суцін потым шукаў, скупляў і бязлітасна знішчаў, лічачы іх «пройдзеным этапам».

Мастак біўся з галечай на працягу дзесяці гадоў, пасля якіх адбыўся рашучы і казачны пералом — 52 яго карціны купіў доктар Альфрэд Барнс, амерыканскі мільянер. Цэны на карціны Суціна тут жа ўзляцелі, мастак нарэшце пакінуў жабрацкі «Вулей» і зняў майстэрню, а пасля набыў і камфартабельнае жыллё ў цэнтры Парыжа, наняў машыну з асабістым кіроўцам, стаў ездзіць на курорты ў Ніцу і ператварыўся ў парыжскага дэндзі, на якога палявалі калекцыянеры і прыгажуні ў надзеі атрымаць у падарунак карціну.

У гады Другой сусветнай вайны Суцін, нягледзячы на запрашэнне сястры эміграваць услед за ёй у ЗША, не змог пакінуць Францыю: дакументы са Смілавіч даслалі занадта позна. Мастак жыў у свабоднай зоне на поўдні краіны, пастаянна баючыся арышту і канцлагеру. Даўняя хвароба з-за перажыванняў абвастрылася, і ён памёр ад перытаніту ў Парыжы, пасля аперацыі. У Парыж Хаіма таемна прывезла апошняя каханка Мары Бланш пасля асабліва пякельнага прыступу.

Суцін памёр нежанаты, бяздзетны, і ўсе ягоныя карціны апынуліся ў руках маршанаў, якія выгадна прадалі іх ужо ў пасляваенны час, не пакінуўшы законным спадчыннікам — шматлікім братам і сёстрам у СССР і ЗША — ніводнай. Драматычны лёс Суціна, дзівацтвы і цудоўны ўзлёт, сяброўства з Мадыльяні, багемнае жыццё ў «Вуллі», а галоўнае — фантастычныя цэны на нешматлікую спадчыну зрабілі Хаіма легендай Манпарнаса.

«Вулей» — прытулак маладых мастакоў у Парыжы пачатку ХХ стагоддзя. Фота Wikimedia Commons

Смілавіцкая настальгія

Суціна заўсёды проціпастаўляюць Шагалу, і не на карысць Суціна: маўляў, забыўся пра радзіму, ніколі не пісаў родных мясцін, саромеўся свайго мястэчка і імкнуўся хутчэй афранцузіцца. А Шагал вось усё жыццё дэклараваў прыхільнасць да Віцебска.

У Суціна сапраўды няма карцін, прысвечаных радзіме. І ўсё ж смілавіцкая настальгія разлітая ў яго французскіх работах, праўда, у адрозненне ад карцін Шагала, яна завуаляваная.

Многія філосафы лічаць, што ў аснове геніяльнасці ляжыць добрая памяць. Успаміны дзяцінства, трансфармаваныя і перакладзеныя на мову мастацтва, складаюць тое каштоўнае ў мастацтве, што кранае пачуцці.

Суцін заставаўся прадуктам роднага мястэчка, нягледзячы на доўгія гады ў Парыжы. Яшчэ ў картцы эмігранта 18-гадовы Хаім пазначыў сваю радзіму так: ён напісаў не Расію, не Мінск, не Вільню, а прастадушна — Смілавічы. Без геаграфічнай прывязкі. Ён не стаў і мадэрнізаваць свайго імя, як Кікоін або Шагал, якія сталі Мішэлем ды Маркам, а застаўся з імем, дадзеным пры нараджэнні, — Хаім, што азначае «жыццё». Гэта сведчыць аб яго характары, жаданні з маладосці заставацца тым, кім ёсць.

Бацька прасіў у Хаіма грошай на папраўку дома і лодкі ды на новыя боты

Першыя галодныя гады ў Парыжы Суцін, мяркуючы па ўсім, нічога не паведамляў пра сябе сям’і. Але ў канцы 1920-х, калі Хаім дамогся поспеху, перапіска са сваякамі аднавілася і працягвалася ў 1930-я гады. Яго зямляк, мастак Шрага Царфін са Смілавіч, перадаў Суціну ліст ад бацькі з просьбай аб грашовай дапамозе на папраўку дома і лодкі ды на новыя боты.

Залман Суцін заклікаў сына збіраць грошы, а не марнаваць іх, і радаваўся, што сын нарэшце «стаў гаспадаром». Бацька прызнаваў, што часам біў Хаіма ў дзяцінстве, але гэта, маўляў, толькі пайшло яму на карысць. І запрашаў сына прыехаць на радзіму. Суцін пабаяўся, што лішні раз сведчыць пра яго палітычную празорлівасць. Але пра сям’ю клапаціўся. Мадам Кастэн, сяброўка і новы маршан мастака (пасля смерці Збароўскага), пісала, што Суцін даручаў ёй пераводзіць некаторыя сумы на адрас бацькоў у БССР, а адна з каханак мастака, Герда, заўсёды нагадвала яму: пара адказаць на лісты бацькоў. Так што легенда аб яго адарванасці ад сям’і таксама моцна перабольшаная.

У гады вайны Суцін прагнуў быць побач са знаёмымі родам з Беларусі, распытваў іх аб радзіме, вёў з імі шчырую перапіску. Дзе і падзелася яго праславутая замкнёнасць!

Селядзец як успамін

Многія матывы жывапісу Суціна паходзяць з дзяцінства і ранняга юнацтва. Напрыклад, дзяўчаты з лялькай, якія сядзяць на крэслах у нязручных позах. Або двое дзяцей, што бягуць па дарозе. Гэтыя матывы звязаныя з сям’ёй мастака. Суцін быў 10-м з 11-ці дзяцей краўца.

«Маленькая дзяўчынка з лялькай». 1919 год. Суцін часта маляваў дзяўчатак з лялькай у нязручнай позе. Фота Wikimedia Commons

Трое старэйшых братоў і сястра эмігравалі ў ЗША яшчэ ў дзіцячыя гады Суціна, ён іх амаль не памятаў. Цесныя адносіны звязвалі яго з малодшай на 6 гадоў Этэль, якой ён быў за няньку, яны разам гулялі і блукалі па наваколлі. Ёй было дзесяць, калі Хаім з’ехаў у Парыж. У 1936-м Этэль памерла ад дыябету, пакінуўшы дзвюх дачок, адна з якіх была цяжка хворай.

Ён усур’ёз думаў, як пераправіць з Парыжа ў Смілавічы карову

Менавіта Этэль паведаміла ў Парыж пра смерць брата Янкеля і бацькі ў 1932 годзе. А за год да смерці пісала Хаіму на ідыш: «Цяпер, дарагі брат, ты для нас прамень святла, ты робіш наша змрочнае жыццё святлейшым, ты асвятляеш усё. Твае навіны даюць нам сілы жыць. Мы вечна будзем памятаць падарунак, які ты нам зрабіў… Дарагі браце, уся надзея толькі на цябе; я звяртаюся да цябе, бо ў мяне няма іншага выйсця. Ты самы блізкі чалавек, якому я магу распавесці пра свае беды».

Суцін не мог не адгукнуцца: ён сур’ёзна абмяркоўваў са сваёй суседкай скульптаркай Ханнай Арловай, як купіць для сястры і пераправіць у Смілавічы карову. Але ўрэшце абмежаваўся грашыма.

Селядзец і цыбуля. Каля 1917 года. Фота Wikimedia Commons

А іншы сюжэт з дзяцінства — селядцы. Селядзец, фаршмак — любімая страва яўрэйскай кухні з-за таннасці і пажыўнасці.

Селядзец самай нізкай якасці, так званы «ржавы», купляўся ў першыя парыжскія гады і як мадэль для нацюрмортаў, і як танная, звыклая з дзяцінства ежа, якую Хаім пісаў, ледзь стрымліваючы галодныя спазмы. У гэтых нецярплівых, драпежных відэльцах, накіраваных на талерку, чытаецца ледзь стрыманы малады апетыт жабрака-мастака.

Выгляд Суціна

У 1927 годзе пасля серыі бліскучых нацюрмортаў мастак звярнуўся амаль выключна да краявідаў і партрэтаў. Запоем, за пяць гадоў, ён напісаў іх больш за 60. Партрэты гэтыя вельмі розныя: гратэскавыя, амаль карыкатурныя, з дэфармаванымі пэндзлем мастака агромністымі, непрапарцыйна вялікімі вушамі, дзікімі вачыма, чырвонымі вуснамі…

Нейкія вырадкі! Разгубленасць і здзіўленне не пакідаюць і сучаснага гледача: рэальныя людзі выглядаюць у Суціна як монстры!

Але і сябе Суцін не шкадаваў і маляваў праставатым, забітым, з адвіслай губой і вялізнымі вушамі… З-за гэтых аўтапартрэтаў і распаўсюдзіўся міф пра яго пачварнасць, хоць фатаграфіі дэманструюць брутальную мужчынскую прывабнасць. У яго былі прыгожыя, нават зграбныя рукі з доўгімі пальцамі. І — неверагодна! — у 1930-я Хаім стаў пастаянным кліентам манікюркі. Нездарма, па прызнанні Ханны Арловай, да яго цягнула жанчын, і каханак у Суціна было нямала, хоць ён і не прывязваўся да іх, лёгка пераносячы разрывы.

«Дзяўчына на блакітным фоне». 1920-я гады. Фота Wikimedia Commons

У юнацтве Суцін-рэтушор па абавязку рабіў людзей прыгожымі, быў «жывым фоташопам».

Прафесія карміла і абавязвала эстэтызаваць рэальнасць, падпраўляючы насы, прыбіраючы падвойныя падбародкі, робячы вейкі густымі, вусны пунсовымі, а шчокі ружовымі. Дзясяткі фатаграфій у дзень. «Ён часта змалёўваў партрэты з фатаграфій. Ён рабіў з іх павялічаныя копіі, якія прыводзілі ў захапленне жыхароў мястэчка. Пазней, калі ён вучыўся ў Вільні, Хаім спрабаваў зарабляць гэтым на жыццё, паколькі яго бацька не мог дапамагаць яму грашыма», — успамінаў яго зямляк Царфін.

А ў сваіх партрэтах — у адказ на заказную прыгажосць — Суцін нявечыць прызнаных прыгажунь, нібы ставячы перад імі крывое люстэрка. Партрэты шакавалі гледачоў і здаваліся жахлівымі пладамі шызафрэнічных сноў хворага мастака-мізантропа. Але цікава: міналі гады, і мадэлі Суціна пачыналі пазнаваць на партрэтах саміх сябе…

Чаму Суцін — мара музеяў

 «Ці можна было сабе ўявіць, што пра працы гэтага недалужнага падлетка, ураджэнца беларускага мястэчка Смілавічы, будуць марыць музеі ўсяго свету?» — напісаў некалі Ілья Эрэнбург.

Яшчэ пры жыцці карціны Суціна сталі купляць буйныя калекцыянеры і музеі. Толькі ў Філадэльфійскім музеі, былой калекцыі доктара Барнса, 21 яго карціна. Французскія музеі маюць дзясяткі палотнаў. У Расіі толькі Эрмітаж мае аўтапартрэт. Мець карціну Суціна ў калекцыі — прэстыжна, яны, як магніт, вабяць наведнікаў. Што ж прыцягвае гледачоў? «Суцін — гэта навальніца, стыхія, ураган. Гэта новы тып мастака, які зрывае скуру з прадметаў, выварочвае вонкі не заўсёды прыстойнае чалавечае нутро», — піша Эрэнбург.

Суціна ўмоўна адносяць да экспрэсіянізму — кірунку, які не атрымаў у Францыі шырокага распаўсюджання. Апантаны жывапіс мастака, шалёны тэмп яго мазкоў, запал да дэфармацыі натуры, рэдкае ўменне суперажываць сваім мадэлям, павышаная эмацыйнасць, пачуццёвае стаўленне да колеру — якасці, блізкія эстэтыцы нямецкіх экспрэсіяністаў. Але Суцін усё ж занадта самабытны, інтуітыўны, незалежны ў прыёмах самавыяўлення.

Ён не жадаў удзельнічаць у калектыўных маніфестах, не меў жадання аб’ядноўвацца. Ён адзін, сам па сабе. Гэта робіць яго ўнікальным.

«Дрэвы на ветры». 1939 год. Фота Wikimedia Commons

Суцін уваходзіць у лік найвыбітнейшых каларыстаў. Расійскі імпрэсіяніст Канстанцін Каровін сказаў пра яго: «Калі я — адна конская сіла, то Суцін — гэта 100 конскіх сілаў».

Такое напружанне колеру, чыстае гучанне, буянства завірушных фарбаў мала ў каго знойдзеш. Як і Ван Гог, ён выкарыстоўваў колер адвольна, каб выказаць сябе, свой тэмперамент. Кажуць, што пры ўваходзе ў залу, дзе знаходзіцца мноства карцін, усе гледачы інстынктыўна ідуць менавіта да Суціна. Іх зачароўвае колер.

Сіні і чырвоны — яго фірмовыя колеры.

Сіні Суціна. Жанчыны на сінім фоне

Суцін, бывала, пісаў і знаёмых людзей — мастакоў ды калекцыянераў, але часцей рабіў партрэты звычайных, невядомых персанажаў: дзяцей, маленькіх кухарчыкаў, харыстаў, маладых і старых жанчын. Захапіўшыся пэўным чалавекам, мастак угаворваў і прымушаў яго пазіраваць доўга і нерухома. Перадаюць гісторыю, што ён нават ударыў натуршчыцу — дзяўчыну, якой надакучыла стаяць па калена ў вадзе, і яна пайшла.

Сярод партрэтаў 1928—1929 гадоў вылучаецца цэлая серыя з 15-ці жаночых партрэтаў на сінім фоне з пэўнай кампазіцыйнай схемай. У Беларусі можна ўбачыць «Еву» 1928 года — адзін з партрэтаў гэтай серыі.

Хаім Суцін. «Ева». З карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. Фота Wikimedia Commons

Невядома, хто гераіня карціны. Проста знаёмая натуршчыца з біблейскім імем (у Суціна ёсць яшчэ адна «Ева» — аголеная, вельмі рэдкі для Суціна сюжэт) або чалавек з найбліжэйшага атачэння — прыяцелька, пакаёўка, афіцыянтка ў кафэ… Партрэт зачароўвае, хоць па кампазіцыі здаецца вельмі простым, нават прымітыўным. Маладая жанчына намаляваная па пояс у чорнай сукенцы з глыбокім трохкутным выразам. У яе ладная фігурка, кароткія кучаравыя валасы, чорныя вочы і бровы, маленькія пульхныя вусны. Ганарлівая прыгажуня. Рукі, чатырохпалыя, напісаныя абы-як, амаль лапы-клюшні, намаляваныя ў жэсце спакою і ўпэўненасці, з аднаго боку, і закрытасці, абароны — з другога.

Калі глядзіш на «Еву», узнікае адчуванне спантаннасці і імгненнай працы ў адзін сеанс. Але партрэты пісаліся некалькі сеансаў, часам пакутліва, з выскрабаннем фарбы, падшываннем кавалачкаў палатна і знішчэннем зробленага.

Адразу некалькімі пэндзлямі. Суцін прымудраўся трымаць іх у адной руцэ, робячы адным пэндзлем толькі адзіны мазок. Гучнасць яго палітры дасягалася гэтым прыёмам — чысцінёй фарбы з цюбіка.

Незвычайны сіні з’яўляецца і ў пейзажах з матывам дрэваў, якія хістае вецер. Суцін шмат пісаў дрэвы ў час навальніцы, таполі ў Шартры, дзе жылі яго сябры. «Якія прыгожыя дрэвы! Мне прыемна было назіраць днямі за вярбой, выгнутай ураганным ветрам. Якой прыгожай яна была, выгнутая, пад дажджом!» — пісаў ён свайму земляку-афіцэру родам з-пад Мінска ў 1939 годзе.

Хлапчуком, уцякаючы з дому, ён нават начаваў на дрэвах. Прыедзьце ў Смілавічы — і вы зразумееце, што гэта цалкам рэальна: магутныя вербы са спадзістымі галінамі па-ранейшаму схіляюцца над Волмай, як у дзяцінстве Суціна. Суцін умеў пісаць толькі з натуры, але натхняўся даўнімі ўспамінамі.

Багаты адценнямі суцінскі сіні ўразіў мадам Кастэн. Яна была вядомым дызайнерам модных парыжскіх інтэр’ераў і купляла ў Суціна менавіта такія карціны. Урэшце яна стала выкарыстоўваць «сіні Суціна» ў каларыстыцы сценаў, парцьераў, шпалераў арыстакратычных гасціных. «Стыль Кастэн» у парыжскай інтэр’ернай модзе 1930-х вызначыўся гэтым вытанчаным адценнем.

Чырвоны Суціна. Гладыёлусы

Другі непаўторны колер палітры Суціна — чырвоны. Скрываўленыя тушы, чырвоныя гладыёлусы, партрэты на чырвоным фоне і жанчыны ў чырвоных сукенках. Вогненны, з рознымі адценнямі, неверагодны чырвоны асабліва ўражвае ў серыі «Гладыёлусы».

У труну яму паклалі чырвоныя гладыёлусы. Фота Wikimedia Commons

Гладыёлусы зручна пісаць: яны доўга не вянуць у вазе. Мастак назіраў, як старыя кветкі, паміраючы, даюць жыццё ўсё новым суквеццям. Магчыма, ён бачыў у гэтым абнаўленне жыцця.

Гладыёлусы яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя лічыліся экзотыкай. Суцін мог бачыць іх у дзяцінстве ў парку Ваньковічаў у Смілавічах, дзе яшчэ пры ранейшых гаспадарах, Манюшках, былі закладзеныя аранжарэі. Чырвоных прыгажуноў з моцным сцяблом называлі шабельнікам, кветкай гладыятараў, мужчынскай кветкай.

Гладыёлусамі захапляліся многія французскія мастакі. Іх спецыяльна разводзіў у Жыверні Клод Манэ, цэлую серыю іх напісаў Ван Гог. Суцін нібы ўступіў у творчае спаборніцтва са славутымі мастакамі. У яго творах няма святочнай весялосці, як у Ван Гога. Яны трагічныя, скрываўленыя: кветкі сцякаюць як плямы крыві і надаюць карцінам журботны сэнс. Ведаючы сантымент Суціна да гэтых кветак, у труну яму, як сведчыць фотаздымак 1943 года, Макс Жакоб або Пабла Пікаса паклалі ягоныя любімыя чырвоныя гладыёлусы…

Беларускі Суцін

Цяжка было ўявіць, што калісьці карціны Суціна, якія каштуюць сотні тысяч даляраў, трапяць у Смілавічы і ў Мінск, яго родныя мясціны. Але сапраўды — ніколі не кажы ніколі. Зараз тры ягоныя карціны знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі «Арт-Беларусь», сабранай Белгазпрамбанкам: «Ева», «Заснула з кнігай, Мадлен Кастэн», «Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука». Цяпер кожны можа ўбачыць арыгіналы Суціна ў Мінску.

«Партрэт мадам Кастэн». Фота Wikimedia Commons

А ў 2015 годзе адна з гэтых карцін была прывезена ў Смілавічы. Праўда, усяго на палову дня. Гэтая сімвалічная акцыя выклікала ажыятаж у жыхароў мястэчка. Думаю, Суцін быў бы задаволены: жыхары на ягонай радзіме нарэшце ўбачылі яго жывапіс, хоць і праз 100 гадоў пасля яго ад’езду. У 2018 годзе імя Хаіма Суціна надалі смілавіцкаму Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі. Гэта пакуль адзіны акт мемарыялізацыі вялікага мастака ў Беларусі.

Надежда Усова

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930