Найти
07.11.2019 / 12:547РусŁacБел

«Ищем одного человека до сих пор, но не знаю, найдем ли»: как сын великого белорусского фотографа вернул память о нем

Фотогораф Сергей Брушко умер 42-летним от редкой болезни Рейно. Его творческий расцвет пришелся на эпоху, когда советская империя рухнула, а Беларусь обрела независимость. А Брушко документировал жизнь простого человека в эпоху перемен. Сын Сергея тоже стал фотографом и разобрал архив отца. Это стало делом жизни. «Даже мысли не допускал, чтобы выехать из Беларуси», — говорит он.

31 октября в минском пространства «ZALA#2» во Дворце искусств открылась фотовыставка «Змена» легенды белорусской фотожурналистики Сергея Брушко. Он умер 19 лет назад, оставив после себя уникальный архив фотосвидетельств переломной для Беларуси эпохи — перестройки и начала независимости нашей страны. Его сын Дмитрий, куратор выставки, все это время хранил, разбирал, систематизировал наследие отца.

Два гады таму Зміцер Брушко вырашыў выдаць частку бацькоўскага архіва ў фармаце фотакнігі. Доўга выношваў ідэю, думаў як падаць матэрыял і як да яго падысці, паўтары гады адбіраў ды кампанаваў здымкі ў кнізе і шукаў подпісы да іх у падшыўках «Чырвонай змены» — газеты, дзе працаваў яго бацька ў бурную эпоху галоснасці, з 1988 па 1993 год.

Першапачаткова спонсара на выданне фотаальбома альбо выдавецтва, гатовага ўкласціся ў выпуск кнігі, не знайшлося, наадварот, часцей за ўсё Зміцер сутыкаўся з непаразуменнем: каму ў ХХІ стагоддзі патрэбныя кніжкі, ды яшчэ з фотаздымкамі? Тады ён паглядзеў у бок краўдфандынгу, і аказалася, што друкаваныя выданні і фотакнігі па-ранейшаму цікавяць людзей.

— На платформе Ulej.by нам удалося сабраць 29 680 рублёў на выданне больш за 500 асобнікаў кнігі «Змена», а галоўны лот сышоў амбасадзе ЗША ў Беларусі. Калі я ўбачыў усю суму, неабходную для выдання кнігі, то было такое адчуванне … Як гэта растлумачыць?! Калі ты робіш праект, у які амаль ніхто не верыць, і раптам усё атрымліваецца і атрымліваецца добра - гэта казка. А мы, беларусы, як вядома, любім казкі.

— Як думаеце, чаму сфарміраваўся запыт менавіта на гэтую тэму, чаму менавіта гэты перыяд зноў актуалізаваўся? І чаму менавіта цяпер?

— Таму што аб гэтым часе далёка не ўсё сказана. Мне здаецца, што рэжысёр Дар'я Жук зрабіла фільм «Хрусталь» па той жа прычыне. Гістарычная памяць кароткая, мы нічога не захоўваем і жывём нібыта толькі ў цяперашнім часе. Вобразна кажучы: абнаўляем нашы ўяўленні пра сябе, як камера відэафіксацыі — кожныя 24 гадзіны, а старая інфармацыя, калі яна не патрэбная, сціраецца. Я думаю, што памяць аб Перабудове і развале Саюза важная для нас, як для грамадзян незалежнай дзяржавы, бо гэта — zero point, тое, з чаго мы пачалі сваю гісторыю.

— Фотакніга называецца «Змена». Зразумела, што назва адсылае да «Чырвонай змены», у якой працаваў Сяргей Брушко. А пра што яшчэ гэтая назва?

— Назва газеты, пераход, працоўная змена і ўвогуле змены. Гэта эпоха пераменаў, тэктанічны разлом ў часе. Але галоўнае, змена — гэта перыяд, калі адна дзяржава знікла і з'явілася іншая. Гэта важны момант не толькі з пункту гледжання фатаграфіі, але і з пункту гледжання гісторыі Беларусі, ды і ў цэлым для еўрапейскай гісторыі. Здаецца, што з'яўленне незалежнай краіны ў 1991 годзе адбылося амаль выпадкова і нечакана для нас саміх. Так, вядома, беларусы змагаліся за сваю незалежнасць і ў 18 стагоддзі, і ў 19-ым, і ў 20-м, але беспаспяхова танулі ў крыві. Тут жа ў адзін момант падпісалі паперы і — бац! — незалежныя. Але далей з'явіліся новыя пытанні: ад каго гэтая незалежнасць, для чаго і як гэта адбылося?

І вось «Змена» якраз гэта паказвае і расказвае, як ў гэты перыяд выклікаў жылі звычайныя людзі. Хараство фотакнігі ў тым, што нават просты чалавек, які нічога не разумее ні ў фатаграфіі, ні ў мастацтве, ні ў гісторыі, зможа знайсці ў ёй штосьці чапляючае. «О, я памятаю гэты час! Вось за такімі бутэлькамі малака я стаяў у чарзе дзьве гадзіны і змёрз да чорцікаў». Мне здаецца, што нават калі адзін такі фотаздымак можа выклікаць рэфлексію, калі пачынаецца дыялог чалавека з самім сабой, то гэта ўсё ўжо недарма, гэта праца над гістарычнай памяццю.

— Скажыце, што вымушае вас столькі год безупынна займацца бацькавым архівам?

- Пасля смерці таты ў мяне склалася дакладнае адчуванне, што за яго ўжо ніхто не «заступіцца», а сам ён ужо за сябе пастаяць не зможа, так што гэта павінен зрабіць я. У мяне ёсць мастацкая адукацыя, я бачыў яго архіў і разумеў яго важнасць: што гэта не проста здымкі «фатографа-няўдачніка», як пісалі дзесьці на форумах, а значная рэч для культуры і гісторыі Беларусі. Дакументальныя сведчанні цэлай эпохі, якая сышла беззваротна. Ён здымаў мітынгі, чэргі, наступствы аварыі на ЧАЭС — усё, з чым давялося сутыкнуцца людзям.

— Але пры гэтым многія яго здымкі маюць нейкі паэтычны характар, што робіць Сяргея Брушко сапраўдным фотамастаком. Ці плануеце вы заняцца гэтай «мастацкай» часткай яго спадчыны?

— Эпоха Пераменаў была вельмі фотагенічнай і мастацкай. Бацька быў рамантыкам, тонка адчувальным чалавекам, але даволі замкнёным і ўтойлівым. Бывала, што ў яго ўнутры ўсё гарэла ад таго, што адбываецца, а з выгляду ён заставаўся халодным, разумным і прагматычным рэпартажным фатографам. Але калі прыгледзецца — нават у яго «газетных» здымках праступае паэзія і гуманістычнае стаўленне да герояў. Ад некаторых работ літаральна рвецца душа.

Што тычыцца публікацыі гэтай нерэпартажнай часткі яго творчасці — ўсё ўпіраецца ў фінансавы бок пытання. Думаю, спачатку творчасць Сяргея Брушко трэба зафіксаваць у гісторыі беларускай фатаграфіі (што мы з камандай і зрабілі выпусціўшы альбом «Змена»), а затым можна будзе падумаць і пра яе.

— Якімі былі вашы першыя ўспаміны пра бацьку і яго працы?

— Тата пачынаў працаваць у якасці фотакарэспандэнта ў Салігорску, у газеце «Калійшчык Салігоршчыны». Я быў зусім маленькім, але вельмі добра памятаю атмасферу ў фоталабараторыі — пахі тытуню і хімічных рэактываў пад акампанемент песень Высоцкага ў касетных запісах. Калі я вучыўся ў 2-3 класе, бацька ўпершыню ўзяў мяне з сабой на здымкі. Мы кудысьці доўга ішлі, а потым апынуліся ў натоўпе людзей са сцягамі, транспарантамі — на адным з іх было напісана: «Сталін — кат!». Працэсам кіраваў нейкі лысаваты крыклівы дзядзька. Пасталеўшы, я зразумеў, што гэты дзядзька — Зянон Пазьняк, а людзі ішлі ў Курапаты.

— Вы збіраліся стаць мастаком і паступаць у мастацкі каледж імя А. К. Глебава, але ў выніку пайшлі па слядах бацькі — працуеце фотакарэспандэнтам. Наколькі гэта быў самастойны выбар?

— Я атрымаў дыплом мастацкай школы і хацеў працягваць адукацыю ў гэтай галіне. Але аднойчы бацька раскрыў даведнік для паступаючых, ткнуў пальцам і сказаў, што вучыцца мне трэба ісці ў каледж на фатографа.

У прафесіі мастацкая адукацыя вельмі дапамагае, таму што ў фатаграфіі, вядома, іншы інструментарый, але такія ж базавыя правілы, як у выяўленчым мастацтве, галоўнае — свядома падыходзіць да яго выбару.

— Якія галоўныя бацькавы ўрокі ў фатаграфіі вы засвоілі?

— Сапраўдная вучоба пачалася ў 16 год. Бацька купіў мне фотаапарат і два аб'ектывы — ужо не Зеніт, а Nikоn. Вучоба ў бацькі была жорсткая, вядома. На жаль, тады я не разумеў, што яна так хутка скончыцца. А тата гэта ведаў, таму стараўся як мага больш ўкласці ў мяне. Разборы маіх фатаграфій адбываліся на высокіх танах і без сарамлівасці ў выразах. Гэта, вядома, не пра тэхнічныя моманты, не пра праяўку плёнкі, не пра кантраст, зярністасць, рэзкасць — гэта мне было растлумачана даўно. Ён больш казаў пра тое, што я прынёс у рэдакцыю і як зняў. У тыя часы фатографы рэспубліканскіх газет працавалі на адным паверсе ў Доме прэсы, і ўсе калегі чулі, як тата вельмі гучна і рэзка тлумачыў мне, што «не павінна бл *** быць гэтая елачка за чалавекам» на фатаграфіі. Гэта чулі ўсе, вядома, і потым толькі падшпільвалі: «Ну як урокі, Дзіма?». Але гэтая жорсткасць, патрабавальнасць да сябе мне перадалася ад бацькі і думаю, што гэта важная якасць у прафесіі.

Зміцер Брушко. Фота: Святаслаў Зоркі, kp.by

Калі бацькі не стала, то вучыцца прыйшлося самому, і вучыцца «не на коціках», а па-сур'ёзнаму, на памылках, набіваючы гузы. Таму што проста атрымаць дыплом фатографа — гэта адна справа, а стаць фатографам — зусім іншае. Думаю, што менавіта «стаў» фатографам я ў дзень пахавання бацькі, калі да мяне падышоў яго сябар, паклаў руку на плячо і сказаў: «Дзіма, нікому гэты архіў ня патрэбен акрамя цябе». Тады ж я і зразумеў, што бацькоўскі архіў сапраўды проста знікне, калі я за яго не вазьмуся.

— У вас ёсць любімы здымак з бацькоўскага архіва? 

— Ёсць адзін момант: за гады працы з бацькоўскімі фатаграфіямі я так шмат разоў іх бачыў, што цяпер, калі знаходжу новую фатаграфію, то яна адразу ж становіцца для мяне самай-самай. Але з тых, што даўно ў архіве, я б вылучыў здымак працоўных у вагоне. Здаецца яны едуць на торфа-брыкетны завод. З вокнаў на людзей падае такое рэмбрантаўскае святло і вакол усё ў лёгкай смузе; мяне проста заварожвае малюнак святлаценем і як ён падкрэслівае тыпажы позняй савецкай эпохі.

А з фотаальбома «Змена» я б назваў фатаграфію, зробленую бацькам у дзіцячай анкалагічнай бальніцы. На сцяну дзіця павесіў выразанага з кардонкі Чака Норыса побач з Ісусам. На выставе яе няма, але ў экспазіцыі ёсць дзіўная фатаграфія з дзіцячага прыёмніка-размеркавальніка. 13-гадовы падлетак піша арыфметычнае ўраўненне на дошцы. Яго левая рука забітая татуіроўкамі. Вось гэтыя рэчы — наколка і школьная дошка стварае адчуванне непрымірымай супярэчнасці і кантрасту. Мне здаецца, гэта таксама яскравы след той эпохі: дуальнасць таго савецкага жыцця і новага часу, мы жылі ў адным, вучыліся іншаму, а што выйшла з нас — пакуль невядома.

— Увесь гэты час ці не думалі вы больш пра свае асабістыя планы на жыццё і што архіў жа нікуды не дзенецца, што вы ім заўсёды паспееце заняцца?

— Не, я так не думаў. Дзядуля памёр, калі мне было 17, затым у 19 — не стала бацькі. Бабуля засталася адна, у Салігорску — маці з сястрой-інвалідам, дапамогі не было адкуль чакаць і адступаць не было куды. Нават думкі не дапускаў аб тым, каб павучыцца далей ці з'ехаць з Беларусі.

Пра лёс архіва я тады ж вырашыў: ведаў, якога ён памеру і разумеў, што кідаць яго цяпер нельга. Таму што калі б я яго кінуў, напрыклад, у хлеў, то ён проста быў бы згублены. У мяне быў досвед працы з плёнкамі і негатывамі, я ведаў, як важна захоўваць іх тэхнічна правільна, інакш можна адразу ўсё выкінуць — сапсуюцца. Да таго ж з архівам трэба пастаянна працаваць: збіраць інфармацыю, шукаць подпісы да фатаграфій і плёнак, чытаць тэксты па гісторыі. Гэта не такі просты працэс, як можа падацца на першы погляд: падчас працы над альбомам «Змена» я шэсць тыдняў правёў у Нацыянальнай бібліятэцы, займаючыся толькі пошукамі подпісаў да фатаграфій з газеты «Чырвоная змена». А архіў бацькі значна шырэйшы. 

— На выставе ў ZALА#2 прадстаўлены не толькі здымкі з альбома. Якія яшчэ?

— Я б сказаў, што 70% выставы — фатаграфіі з альбома «Змена» і 30% новага матэрыялу. Выстава працягвае тэму, сфакусаваную ў фотаальбоме, проста ў больш канцэнтраванай форме. Я дадаў асаблівыя і важныя здымкі, напрыклад, фатаграфію з першых выбараў у 1994 годзе і прыезд Клінтана ў Беларусь. Гэта знакавыя фатаграфіі якія раскрываюць тэму нараджэння і пераходу.

— Зараз зноў актуалізавалася тэма Чарнобыля, відавочна пасля такога гучнага поспеху амерыканскага серыяла. Ваш бацька быў адным з першых, хто пачаў ездзіць у Чарнобыльскую зону пасля аварыі і здымаць, пры гэтым увесь час туды вяртаўся. Чаму яго так цікавіла гэтая тэма?

— Ён не быў першым, хто пачаў туды ездзіць. Напрыклад, фатограф Сяргей Плыткевіч здымаў працэс эвакуацыі літаральна ў першыя дні пасля аварыі. Бацька ж пачаў туды ездзіць толькі напрыканцы 1980-х. Але ў яго быў іншы падыход. У Чарнобыльскай трагедыі яго цікавіла тэма адзіноты: ён фатаграфаваў самасёлаў, якія вярталіся дадому, нягледзячы на ​​радыяцыю, таму што хацелі жыць на сваёй зямлі, на Радзіме.

У альбоме «Змена» і на выставе ёсць фатаграфія дзе цалуюцца двое ўжо немаладых мужчын. У гэтым здымку такая вялікая моц і столькі эмоцыяў! Што павінна адбыцца, каб двое беларусаў (а мы людзі, мне здаецца, досыць скупыя на эмоцыі) пацалаваліся? Гэта развітанне. Яны разумеюць, што ніколі больш не ўбачацца.

Пазней з'явіўся беларуска-швейцарскі праект — фотакніга пра Чарнобыль «У пошуках Беларусі. Год дванаццаты пасля Чарнобыля». Спачатку швейцарцы выйшлі не на бацьку — хацелі запрасіць іншага фатографа, але той адмовіўся, а бацька ўзяўся. Ён разумеў, што прыходзіць час, калі трэба зрабіць нешта вялікае, напрыклад, фотакнігу, але гэта быў вельмі складаны і доўгі працэс. Ён доўга збіраў інфармацыю, а гэта тады было зусім няпроста — без інтэрнэта і скайпа, а потым трэба ж было знайсці ў рэдакцыі вольнага кіроўцу, каб ён адвёз цябе ў Чарнобыль, пры гэтым кіроўца не вельмі-та хоча туды ехаць. Працавыдаткі ўсіх гэтых камандзіровак былі велізарнымі, таму гэтыя здымкі зараз каштоўныя, а не толькі таму, што ён адзін з першых гэтую тэму пачаў вывучаць. Ён хварэў ёй шчыра і здымаў цалкам аддаючыся справе.

— У кнізе і на выставе шмат здымкаў гістарычных, масавых падзей: забастоўка салігорскіх шахцёраў, шэсце 7 лістапада, мітынгі, але і шмат партрэтаў простых людзей у тыповых для іх сітуацыях. Спрабавалі калі-небудзь шукаць герояў здымкаў таго часу?

— Так, шукаем аднаго чалавека дагэтуль, але не ведаю ці знойдзем. У фотаальбоме «Змена» ёсць фатаграфія бацькі-адзіночкі. Ён сядзіць з пяццю дзецьмі ў запарожцы. Я ведаю, што ён былы супрацоўнік міліцыі і нават ведаю ў якім РАУС працаваў у 1992 годзе, але знайсці яго праз МУС не атрымалася. Не пайшлі на сустрэчу нашаму з журналістам запыту аб пошуку яго кантактаў. Вельмі шкада, было б цікава даведацца, што здарылася з сям'ёй за 27 гадоў.

— На адкрыццё «Змены» прыйшло шмат людзей, альбом таксама стаў паспяховым праектам на краудфандынге. Ці змянілася ваша меркаванне, што бацькавы фатаграфіі нікому не патрэбны, акрамя вас?

— Мне здаецца нам з камандай атрымалася актуалізаваць імя бацькі, праліць святло на яго творчасць, якое інакш бы сцерлася з памяці. Я заходжу ў  ZALА#2 і бачу наведвальнікаў, якія жыва абмяркоўваюць убачанае: старэйшыя аддаюцца настальгіі, равеснікі незалежнасці і падлеткі, магчыма, упершыню бачаць, як выглядала маладосць іх бацькоў. Мне здаецца, што цікавасць да эпохі і да бацькавых прац ёсць.

— Што плануеце рабіць далей?

— Падумаю пра дзень сённяшні. Па-першае, прывяду ў парадак усе свае справы, таму што за два гады працы над альбомам сабралася маса бытавых праблем, па-другое, трэба самому больш здымаць, а па-трэцяе … вось калі ўсё будзе добра, тады падумаю пра другую кніжку. У 2021 годзе споўніцца 30 год з абвяшчэння Незалежнасьці, можа удасца зрабіць вялікую выставу творчасці бацькі, пакуль не ведаю.

Даведка:

Сяргей Брушко нарадзіўся 28 траўня 1958 года ў пасёлку Гарадзея. Адзін з самых вядомых беларускіх фатографаў, імя якога крытыкі ставяць у адзін шэраг з Анры Карцье-Брэсонам. Удзельнік беларуска-швейцарскага выставачна-выдавецкага праекту «У пошуках Беларусі. Год дванаццаты пасля Чарнобыля» (сумесна са швейцарскім фатографам Хуга Йегги, Hugo Jaeggi) (1998 г.). Удзельнік выстаў у Германіі, Швейцарыі, Беларусі і Ірландыі. Працаваў у газетах: «Калійшчык Салігоршчыны», «Чырвоная Змена», «Народная газета».

Памёр у 2000 году ад рэдкай хваробы Рэйно.

Дар'я Шакуля. Фотаздымкі з архіву Сяргея Брушко

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930