Найти
03.11.2019 / 11:044РусŁacБел

«Гэта ж жывы нерв нашай нацыі. Чалавек аддаў жыццё за Беларусь». Бурная дыскусія вакол месца перапахавання Кастуся Каліноўскага. Падсумаванне

Менавіта ў гэты бок, на тэрыторыю Нацыянальнага музея Літвы, сышлі ў 2016 годзе два апоўзні, з-за якіх літоўскія археолагі былі вымушаныя пачаць раскопкі, у выніку чаго былі «обретены» парэшткі паўстанцаў. Фота: shutterstock.com, by Сathouseproduction.

У канцы верасня ў беларускім сегменце Сеціва выбухнула гарачая дыскусія аб магчымасці перапахавання парэштак нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, знойдзеных на Замкавай гары ў Вільні два з лішкам гады таму, не ў Літве, а ў Беларусі. У ходзе яе выявілася, што нават ідэйныя аднадумцы могуць мець зусім рознае ўяўленне пра пытанні гістарычнай памяці. «Наша гісторыя» сабрала найбольш цікавыя думкі, выказаныя падчас гэтай палемікі.

Віртуальныя барыкады

Падставай для дыскусіі стала публікацыя 24 верасня звароту беларускай інтэлігенцыі да Сойма і ўрада Літоўскай Рэспублікі, у якім адзначалася, што «пахаванне Канстанціна Каліноўскага павінна знаходзіцца ў адмысловым месцы — пантэоне змагароў за свабоду. Такое месца патрэбна і нам, беларусам. Мы лічым, што нашага нацыянальнага героя Канстанціна Каліноўскага варта пахаваць у Беларусі, і просім літоўскі народ разгледзець такую магчымасць». І далей: «Беларускі народ перажывае сёння няпросты час, калі існуе шмат пагрозаў дзяржаўнай незалежнасці. Пахаванне Канстанціна Каліноўскага ў Беларусі стала б сімвалам і напамінам беларускаму народу, як трэба любіць сваю Бацькаўшчыну, свой народ і як трэба за іх змагацца».

Падпісалі зварот дзясяткі вядомых беларусаў, у тым ліку і такія, якіх паводле сучаснай тэрміналогіі прынята называць «лідарамі думак»: нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч, стваральнікі і ўладальнікі ўплывовых інфармацыйных рэсурсаў Юрый Зісер і Андрэй Дынько, папулярныя блогеры Антон Матолька і Эдуард Пальчыс, папулярны журналіст і арганізатар шэрагу культурніцкіх праектаў Глеб Лабадзенка, паспяховы бізнэсмен Павел Белавус, вядомыя спартсмены Віталь Гуркоў і Меліціна Станюта, пісьменнікі, народныя артысты…

Зварот выклікаў палкія дыскусіі.

Цяжка было знайсці хоць каго з актыўных у беларускай інфармацыйнай прасторы людзей, хто нейкім чынам па гэтай праблеме не выказаўся: артыкулам, пастом у сацыяльных сетках, рэплікай у каментарах, лайкам ці дызлайкам… Невядома, ці чакалі такога ініцыятары звароту, але рэакцыя на яго аказалася далёка не заўсёды ўхвальнай.

Супраць перапахавання ў Беларусі выказаліся людзі аўтарытэтныя: гісторык Алесь Смалянчук, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, перакладчыкі Лявон Баршчэўскі і Сяргей Шупа, мовазнаўца Вінцук Вячорка, палітык Зянон Пазняк, сацыёлаг Аляксей Ластоўскі, журналіст і блогер Дзмітрый Гурневіч і многія іншыя. Па розныя бакі віртуальных барыкадаў нярэдка апыналіся члены адной сям’і, супрацоўнікі адных рэдакцый, шматгадовыя сябры, калегі і аднадумцы…

Інтрыга доўга не пратрымалася: ужо 26 верасня літоўскі ўрад паставіў у гэтай справе кропку, прызначыўшы перапахаванне парэшткаў усіх паўстанцаў на 22 лістапада на віленскіх могілках Росы. Для Каліноўскага выключэння не зрабілі.

Працягваць практычную частку дыскусіі сэнс пасля гэтага знік, але пытанне, ці варта было б пераносіць парэшткі Каліноўскага ў Беларусь у прынцыпе, засталося.

Характэрна, што нават у праграму VIII Кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які 27—29 верасня праходзіў у Вільні, была ў апошні момант уключана дыскусія на гэтую тэму паміж Андрэем Дынько і Алесем Смаленчуком — перакананымі і актыўнымі прыхільнікамі з аднаго боку беларускага, а з другога боку віленскага варыянтаў перапахавання. Яна адбылася ў віленскай Ратушы.

А Глеб Лабадзенка зняў адмыслова прысвечаны гэтай праблеме выпуск свайго ток-шоу «Кожны з нас» на тэлеканале «Белсат». Відаць, будуць час ад часу ўспыхваць падобныя спрэчкі і пазней, асабліва пры набліжэнні даты пахавання.

Мы ж тут зробім кароткі агляд таго, што выклікала нязгоду і па якіх асноўных пунктах цэлы тыдзень вяліся віртуальныя баі.

Магіла братоў Аляксандра і Юзафа Раўкоўскіх. Фота: svaboda.org, by Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс.

Вільня нам не чужая, і Каліноўскі ў ёй не чужы

Многія людзі не прымаюць вываз Каліноўскага «на радзіму» з таго горада, у якім ён жыў і дзейнічаў і які для яго самога быў неад’емнай часткай Бацькаўшчыны. Ды і для большасці цяперашніх беларусаў, што ведаюць і шануюць сваю гісторыю, гэта замежжа палітычнае, але не духоўнае і тым больш не гістарычнае. Таму ці не наймагутнейшая плынь крытыкі ў бок падпісантаў звароту ішла менавіта адсюль.

Найбольш ёмка пазіцыю крытыкаў па гэтым пытанні ўдалося сфармуляваць вядомаму краязнаўцу Кастусю Шыталю, які жыве на той частцы гістарычнай Віленшчыны, што сёння ўваходзіць у склад Беларусі: «Вільня — гэта наш горад. Наш — не ў сэнсе сучаснай дзяржаўнасці, а ў сэнсе гістарычным і культурным. І ў часы Вялікага Княства Літоўскага, і ў часы Расійскай імперыі, і ў часы ІІ Рэчы Паспалітай Вільня была арганічна звязаная з Беларуссю, была цэнтрам беларускага руху. Паміж намі і Вільняй пралягла мяжа, аднак пра гісторыю немагчыма забыцца. Кожны свядомы беларус будзе прыязджаць у Вільню, каб убачыць там і «Вострую браму святую», і нашаніўскія мясціны, і нашы магілы на Росах, і стары горад, і гару Гедыміна. Няма ні магчымасці, ні патрэбы падзяліць тое, што ў нас агульнае».

Аднадумцаў у Шыталя вельмі шмат, і падобныя словы гучалі з вуснаў іншых аўтарытэтных людзей, збіраючы шмат лайкаў ды перапостаў. Вось толькі некаторыя з іх:

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук: «Магіла Каліноўскага ў Вільні — гэта ягонае пахаванне сярод сяброў і паплечнікаў. А яшчэ гэта сведчанне прыналежнасці Вільні таксама да нашай беларускай гісторыі».

Папулярны журналіст Дзмітрый Гурневіч: «Вільня — сталіца Вялікага Княства і горад, дзе беларушчына — частка ягонай гісторыі. І кожны прыезд беларуса на магілу Каліноўскага — гэта прыезд не ў чужы горад».

Палітык, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк: «Вільня — горад нашай мары. Каліноўскі мусіць застацца там».

Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі: «Даўно пра гэта пісаў, але мушу паўтарыць яшчэ раз: лічу, што найлепшае месца для Каліноўскага — Вільня. Гэты горад знітаваны з яго лёсам, гэты горад сакральны для нашай гісторыі. Не бачу нейкіх уцямных контраргументаў».

Контраргументаў адносна гістарычнага значэння Вільні сапраўды няма, усе з гэтым згодныя. Пярэчанні ж тычыліся перадусім яе сучаснай ролі для беларусаў, якая цяпер хутчэй усё ж маргінальная. Андрэй Дынько, напрыклад, без ніякіх пярэчанняў пагаджаецца, што Вільня некалі была цэнтрам беларускага руху. Вось толькі што гэта ўжо гісторыя, а не сучаснасць: «Была. А цяпер цэнтр іншы… Беларуская грамада Вільні малая, некалькі адданых сямей робяць, што могуць, але людзей там мала». А журналіст «Нашай Нівы» Зміцер Панкавец сцвярджае фактычна тое ж, толькі куды больш эмацыйна: «Вільня літоўская і не будзе ўжо нічыёй іншай. Нічога страшнага, нам хопіць Вілейкі, Барысава, Пінска, Мінска, Полацка і г. д. Рабі пільна — будзе табе Вільна». Прыхільнікаў і ў такой пазіцыі нямала.

У той жа час некаторыя беларусы праводзілі акурат адваротную думку: што пахаванне Каліноўскага ў Вільні будзе не спрыяць замацаванню прэтэнзій беларусаў на спадчыну ВКЛ, а наадварот — падрываць іх. Такія засцярогі мае філосаф Уладзімір Мацкевіч, адзін з ініцыятараў звароту да літоўскага ўрада: «У Вільні будзе перапахаваны Костас Калінаўскас. Яго прах літоўцы будуць шанаваць, пакуль Літва будзе. А ў Беларусі не будзе магілы героя, барацьбіта за нашу і вашу свабоду, які першы ў гісторыі ўсвядоміўся і самавызначыўся як беларус, Кастуся Каліноўскага. І мы забудземся канчаткова, што мы гістарычная Літва. І герой літвін, які стаў першым беларусам, нам не патрэбен. Няўжо?»

Медальёны, знойдзеныя каля парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Фота: svaboda.org, by Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс.

Ці магчыма ў Беларусі зладзіць годнае пахаванне?

Практычны фактар хваляваў праціўнікаў звароту не менш за маральна-ідэйны. Як ні круці, а стаўленне да постаці Каліноўскага ў Беларусі сёння супярэчлівае. У савецкі час яго адназначна лічылі героем і прыкладам, але ў апошнія гады мы не раз былі сведкамі, як прарасійскія дзеячы публічна аспрэчвалі не толькі значэнне асобы Каліноўскага, але і саму яго беларускасць. А беларуская дзяржава дагэтуль не праяўляла асаблівай цікавасці да справы перапахавання парэшткаў паўстанцаў — што сімптаматычна.

Таму не маглі не паўставаць пытанні: а дзе менавіта хаваць парэшткі Каліноўскага, калі літоўцы іх аддадуць? Наколькі ўрачыста гэта ўдасца зрабіць? Ці не акажацца, што замест падзеі, якая мела б узняць нацыянальны дух, атрымаецца толькі здзек з парэшткаў нацыянальнага героя, бо яны доўга не змогуць здабыць спакою і будуць рэгулярна рабіцца прадметам палітычных спекуляцый?

Папулярны блогер Стась Карпаў ва ўласцівай для сябе яскравай манеры сфармуляваў асцярогі многіх: «Ну паставім помнік, ладна. Дзе-небудзь у Лошыцы. Улады выдзеляць для парэштак месца на закрытым палігоне ў Калодзішчах. І мы туды, значыць, прыедзем разок. Ну, ці два разкі. А пасля што? Будзем карагоды вадзіць і расказваць, як цягнулі ў зубах гэтыя намоленыя косткі ўсе 200 кіламетраў? А для чаго?»

Алесь Смалянчук выказаўся яшчэ больш рэзка: «Вяртанне парэшткаў беларускага нацыянальнага героя ў Беларусь фактычна азначае іх перадачу ў рукі духоўных вучняў Мураўёва і Каяловіча… Не грамадзянская супольнасць будзе вырашыць лёс парэшткаў Каліноўскага. Няма ніякай гарантыі, што яны будуць не толькі ўшанаваныя належным чынам, а нават пахаваныя ў беларускай зямлі… Чаму ніхто не хоча падумаць пра будучыню ягонай магілы ў сучаснай Беларусі? На сённяшні дзень мы нават не маем аніводнага прыстойнага помніка нацыянальнаму герою».

А калі ўсё-ткі дзяржава паставіцца з разуменнем, дасць усе неабходныя дазволы і нават сама возьме ў цырымоніі перапахавання актыўны ўдзел, то ці не ўзнікнуць тады грунтоўныя эстэтычныя рознагалоссі? Дзмітрый Гурневіч упэўнены: «Перапахаванне ў Беларусі было б пры цяперашняй уладзе ператворанае ў «Дажынкі» або свята на Лініі Сталіна ці Аўцюкі».

Андрэй Дынько рашуча не пагадзіўся з апошнім меркаваннем, заўважыўшы: «Такія выказванні зневажаюць не ўлады, не адміністрацыю, а беларускі народ. Бо некаторыя справы здольны рабіць і народ без удзелу дзяржавы, калі выявіцца, што цяперашнія ўлады яшчэ не саспелі. Перапахаванне Шаўчэнкі — не царскія ўлады яго арганізоўвалі. І нагадаю пра пахаванне Быкава». Пры гэтым, аднак, адносна гэтай канкрэтнай сітуацыі ён прызнае: «Годнае перапахаванне Каліноўскага магчымае або пры ўдзеле дзяржавы, або пры яе добразычлівым нейтралітэце, як са стагоддзем БНР. Калі гэтых умоваў не будзе, то лепш не спяшацца».

Могілкі Росы на Дзяды. На пярэднім плане — магіла Івана і Антона Луцкевічаў. Фота: shutterstock.com, by Giedrius Akelis.

А дзе хаваць?

Але, можа, ёсць адзінства прынамсі адносна месца пахавання? Што калі хаваць у Беларусі, то толькі тут — і нідзе інакш? Як аказалася, тут разбежнасць думак таксама вельмі вялікая.

Гісторык Алесь Краўцэвіч, адзін з падпісантаў звароту, акрэсліў базавыя патрабаванні да такога месца. Яно мусіць забяспечыць, «каб каля яго магілы магла збірацца вялікая колькасць людзей для ўрачыстасцяў. Гэта можа быць і вайсковая прысяга, і прыём у скаўты, і г. д. Каб кожны беларус у любы момант мог туды прыйсці сам ці з дзецьмі, не просячы замежнай візы». Але паколькі цяпер, бадай, гэта нерэалістычна, то важна пакуль што прынамсі прывезці парэшткі ў Беларусь і пахаваць у менш статусным месцы. Напрыклад, у мінскім касцёле Святога Роха, каля парэшткаў княгіні Магдалены Радзівіл, перавезеных туды са Швейцарыі ў лютым 2018-га. А з часам будзе відаць, што з імі рабіць. Цяпер галоўнае — дабіцца таго, каб гэтая справа стала ўнутрыбеларускай і не залежала ад ласкі ўрада Літвы.

Настаяцель касцёла Святога Роха ксёндз-канонік Юрый Санько ў прынцыпе падтрымаў такі варыянт пахавання, адзначыўшы, праўда, што «гэта пытанне не касцельнай улады, а дзвюх дзяржаў. Але калі ўсё адбудзецца, то, напэўна, будзе створаны нейкі аргкамітэт па пахаванні, у рамках гэтага мы б з радасцю ўзялі ўдзел… і разгледзелі б пытанне прадастаўлення зямлі каля аднаго са сталічных касцёлаў пад магілу».

Але нават іншыя прыхільнікі перапахавання Каліноўскага ў Беларусі з гэтым не былі цалкам згодныя. Так, археолаг Сяргей Тарасаў «супраць, каб месцам спачыну нацыянальнага героя сталі канфесійныя могілкі: на той жа Кальварыі бракуе месца, каб сабрацца вялікай грамадзе». А ягоны калега, былы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, лічыць найлепшым месцам «Усходнія могілкі побач з іншымі выбітнымі беларусамі — Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Міхасём Ткачовым». Але калі Каліноўскага пахаваюць там сярод іншых заслужаных нябожчыкаў, памерлых нядаўна, — то ці не большая верагоднасць, што суседзямі ягонымі стануць акурат ідэйныя апаненты, задаецца пытаннем журналіст радыё «Свабода», былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргей Навумчык.

Сяргей Тарасаў не адкідае і варыянта, каб пахаваць парэшткі Кастуся побач з братам Віктарам на радзіме ў Свіслачы, што на Гарадзеншчыне. Хоць і далёка ад сталіцы, але наведванне магілы мае шанц ператварыцца ў знакавы маршрут для кожнага беларускага патрыёта. Некаторыя іншыя таксама выступаюць за падобны варыянт, асабліва гарадзенцы. Краязнавец Яўген Аснарэўскі, напрыклад, сцвярджае: «Хаваць у Мінску толькі таму, што гэта сталіца? Але Кастусь быў значна цясней звязаны з Гарадзеншчынай. Яго родная вёска засталася на тэрыторыі Польшчы, але ёсць Свіслач, дзе ён вучыўся і дзе пахаваны яго родныя. Так што чаму не Свіслач? Чаму хоць бы не Гародня — цэнтр рэгіёна, з якім Кастусь быў таксама досыць шчыльна звязаны?»

У той жа час іншы гарадзенец, журналіст Уладзімір Хільмановіч, з сарказмам адзначае: «Пераважная бальшыня з тых, хто выступае за пахаванне Кастуся Каліноўскага ў Беларусі, аніводнага разу за 25 гадоў (!) не прыехалі на магілу Віктара Каліноўскага ў Свіслачы». Таму, маўляў, і да Кастуся туды масава ездзіць не будуць — не трэба мець ілюзій.

Капліца. Фота: shutterstock.com, by Radoslaw Maciejewski

Ці шчырыя літоўцы?

Увесь час у дыскусіі ўсплываў і яшчэ адзін аспект: а ці няма ва ўсім гэтым хітрай гульні літоўскіх уладаў? Справядліва ці не, але стаўленне да літоўцаў у многіх беларускіх патрыётаў здаўна насцярожанае. Даецца ў знакі шматгадовае ідэйнае змаганне за спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Таму многім і не верыцца, што нават знешне прыязныя літоўскія прапановы не маюць падвоенага дна. Магчыма, гэта робіцца толькі для таго, каб выштурхоўваць адтуль усё, што можа нагадваць беларусам пра Вільню ў іх нацыянальнай гісторыі?

Вось і Алесь Смалянчук, кажучы пра перапахаванне паўстанцаў, з аднаго боку не сумняецца, што «Літоўская Рэспубліка здольная гэта зрабіць годна і на высокім дзяржаўным узроўні з гарантыяй таго, што магіла беларускага героя ніколі не будзе апаганенай». Але адначасова робіць і засцярогу: «Магчыма, ініцыятыва некаторых літоўскіх палітыкаў па перадачы парэшткаў Каліноўскага абумоўленая ў першую чаргу якраз імкненнем працягваць літоўскую пры(х)ватызацыю Вільні».

Гісторык і журналіст Сяргей Абламейка таксама выказвае сумнеў, што літоўскія прапановы могуць быць шчырымі: «Уражвае недальнабачнасць тых, хто купіўся на яўна інспіраваную з Літвы (а можа, і з Расіі) ініцыятыву з перапахаваннем парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Гэта адназначна дае літоўцам падставу адмовіцца ад беларускай мовы ў мемарыяле на віленскіх могілках Росы».

Але і ў гэтым пытанні існуе разбежнасць думак аж да поўнай процілегласці. Калі праціўнікі пераносу парэштак Каліноўскага ў Беларусь мяркуюць, што літоўцы яго толькі і мараць збыць, то гомельскі актывіст Пятро Кузняцоў, наадварот, упэўнены, што суседзям наш герой пільна патрэбен у сябе, каб залучыць яго ва ўласны пантэон. І ў якасці доказу гэтага прыгадвае гісторыю пра свой дзесяцігадовай даўніны візіт з сяброўкай у Літву: «Вазілі нас на аўтобусе па вельмі гістарычных месцах, расказвалі, якую ролю тое ці іншае месца адыграла ў гісторыі Літвы. Зразумела, чым далей вазілі, тым больш прыкра нам рабілася. Але вось у адным месцы, дзе нам расказалі пра тое, што «тут быў пакараны смерцю змагар за свабоду Літвы, герой літоўскага народа Костас Калінаўскас», спадарожніца мая не вытрымала і… заплакала…» А з гэтага выснова: «Сябры, пара пазбаўляцца ад ілюзій. Тое, што ляжыць у суседзяў, суседзям і належыць. Пакуль мы будзем цешыць сябе думкай, што мы «захавалі ў Вільні беларушчыну», тысячы і тысячы людзей з усяго свету, на тых жа экскурсіях, будуць даведвацца, што Костас Калінаўскас — герой літоўскага народа, які паўставаў супраць Расіі і ваяваў з ёй дзеля свабоды Літвы. Як гэта і раней адбывалася».

Зрэшты, чуваць і памяркоўныя галасы, схільныя бачыць у сённяшняй сітуацыі сапраўды шчырае памкненне літоўскіх элітаў навесці шляхі паразумення з беларускім народам. Журналіст Францішак Вячорка сцвярджае: «Пра перапахаванне Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі ўжо некалькі месяцаў вядзецца размова ў кулуарах Сейма, МЗС, урада Літвы. Я чуў дыскусію пра гэта нават у Вашынгтоне… Думаю, што Каліноўскі, на жаль, будзе перазахаваны ў Вільні. Але сам факт такой дыскусіі ўсяляе ў мяне аптымізм што да беларуска-літоўскіх дачыненняў і нашай будучыні».

Шкілет Кастуся Каліноўскага. Фота: svaboda.org, by Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс.

Ці быў сэнс у звароце?

Неўзабаве пасля таго, як дыскусія разгарнулася на поўную моц, некаторыя яе ўдзельнікі сталі выказваць занепакоенасць: а ці не пасварыць яна грамадзянскую супольнасць паміж сабой? Сяргей Навумчык наўпрост перасцерагаў: «Горшае, што можа адбыцца, — калі тэма пахавання Каліноўскага расколе нацыянальна свядомую частку грамадства. Думаю, усім нам трэба збавіць экспрэсію ў выказваннях… Сярод прыхільнікаў пахавання як у Вільні, так і ў Мінску — людзі, чые заслугі перад Беларуссю і ў справе дасягнення Незалежнасці бясспрэчныя: скажам, Уладзімір Арлоў, з аднаго боку, і Лявон Баршчэўскі — з другога. Такія старыя барацьбіты, як Уладзя з Лявонам, не рассварацца, а вось за іншых, маладзейшых, неяк трывожна».

Але гэтыя страхі аказаліся марнымі. Ужо пастфактум гісторык-некрапаліст Сяргей Грунтоў адзначыў як пазітыўны факт, што «дыскусія пра месца пахавання, якая распачалася, праходзіла хоць і актыўна, але параўнальна ветліва і з павагай адзін да аднаго. І гэта не дзіўна, таму што абодва бакі падзяляюць міф Каліноўскага і прызнаюць сакральнасць ягоных парэшткаў». Адносна прызнання менавіта сакральнасці парэшткаў як такіх, вядома, можна спрачацца, але тое, што ўсе ўдзельнікі дыскусіі ўспрымалі асобу Каліноўскага выключна станоўча — безумоўна так.

Праўда, відавочная адсутнасць адзінай думкі па пытанні месца перазахавання нават сярод шанавальнікаў Каліноўскага ставіць пад сумнеў карыснасць ініцыятывы нават як чыста сімвалічнага кроку. Гісторык Аляксандр Пашкевіч адзначыў гэта яшчэ ў той час, калі дыскусія ішла поўным ходам: «Не выпадае гаварыць пра станоўчую сімвалічную ролю магчымага пахавання Каліноўскага ў Беларусі. Натуральна, я не адмаўляю таго, што сімвалічныя акцыі бываюць не менш важнымі за практычныя. Але пры адной умове: яны мусяць яднаць, а не раз’ядноўваць. У нас жа, як засведчыла сітуацыя са зваротам, кансэнсусу ў пытанні перапахавання парэшткаў Каліноўскага няма нават сярод нацыянальна арыентаванай часткі грамадства. Яна раскалолася прыблізна напалову, і цяжка сказаць, што адна з гэтых паловаў уплывовая, а другая маргінальная. А ад сімвалічных акцый, якія не яднаюць нават у прынцыпе аднадумцаў, якая карысць?»

У лістападзе — на Вільню?

Але цяжка адмаўляць, прынамсі, адзін пазітыўны аспект гэтай дыскусіі: яна прыцягнула ўвагу неабыякавага грамадства да самога перапахавання. І гэта можа пазітыўна адбіцца на беларускай частцы прадстаўніцтва на цырымоніі 22 лістапада ў Вільні. Пра гэта пісалі многія, у тым ліку і прыхільнікі перапахавання ў Беларусі.

Глеб Лабадзенка, які падпісаў зварот, яшчэ ў пачатку дыскусіі адзначыў: «Калі ўсё ж застанецца ў сіле рашэнне пахаваць Каліноўскага ў Вільні, я ўспрыму гэтую інфармацыю спакойна. Не буду папракаць літоўцаў, што «не аддалі», а сяду на цягнік і паеду на пахаванне. І буду ўсё жыццё ўспамінаць, што мне выпала быць сведкам гэтай гістарычнай падзеі. А дзецям пасля раскажу, што меў гонар далучыцца да кампаніі паважаных людзей, якія на хвіліну паверылі ў магчымасць пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі».

Яму ў лад гаворыць палітык Аляксей Янукевіч: «Для мяне больш важна, колькі беларусаў прыедзе на перапахаванне нашага нацыянальнага героя, дзе б яно ні адбылося. Вось адзінае, што ад нас з вамі сёння залежыць у гэтай справе, на жаль або на шчасце. Наш супольны заклік мусіць быць да беларусаў, каб абавязкова былі там з сем’ямі, сябрамі. З нашымі сцягамі. І я ўпэўнены, што ўсе тыя, хто сёння нібыта апынуўся па розныя бакі ўяўнай барыкады, будуць у такі важны дзень разам у гэтым месцы, каб ушанаваць асобу, справы і ахвяру Кастуся Каліноўскага дзеля Бацькаўшчыны і беларускага народа».

А сімвалічны вынік віртуальным баям падвяла пісьменніца і журналістка, сёлетні лаўрэат прэміі «Вольнае слова» за публікацыю ў «Нашай гісторыі» Святлана Курс. Яна бачыць ва ўсёй гэтай гісторыі перадусім пазітыў, бо так горача спрачаюцца толькі наконт таго, што сапраўды важнае і дарагое: «Чаго дзівіцца, што такі запал вакол Кастуся Каліноўскага? Гэта ж жывы нерв нашай нацыі. Чалавек аддаў жыццё за Беларусь… Найвышэйшы акт любові, незаплямленага гераізму. Я б хутчэй перажывала, калі б і тут была «млявасць і абыякавасць да жыцця». Купалу, Багдановіча і Каліноўскага будуць любіць як жывых і блізкіх, так будзе заўжды». 

Наша гісторыя

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930