Найти
02.11.2019 / 10:06РусŁacБел

«Брест на старинных картах и планах»: солидного качества альбом старых карт

1000-годдзе Берасця, якое шырока адзначалася сёлета, пры ўсёй умоўнасці гэтай даты, дало нагоду для сістэматызацыі нашых ведаў пра гістарычнае мінулае гораду над Бугам, які за апошнія гады прыкметна ўзмацніўся эканамічна і мае ўжо магчымасць сёе-тое інвеставаць у сваю рэпутацыю.

Выйгрыш ад гэтага атрымлівае не толькі сам горад, але і краіна ў цэлым. Добры прыклад такога выйгрышу — альбом альбом «Брэст на старадаўніх картах і планах», выдадзены РУП «Белкартаграфія» акурат напярэдадні вераснёўскага піку юбілейных урачыстасцяў. У альбоме 96 старонак і ён мае салідны для Беларусі і такога тыпу выданняў наклад.

Укладальнікамі выдання выступіла сямейная пара Валянціны і Іллі Андрэевых, стваральнікаў праекта imago.by — адзінай сталай сістэматычнай ініцыятывы па вывучэнні і папулярызацыі гісторыі картаграфіі ў нашай краіне.

На дзяржаўнай службе, на жаль, няма навукоўцаў, якія б усур’ёз спецыялізаваліся ў гэтай галіне ведаў, не кажучы ўжо пра нейкія інстытуцыі. Трохі раней яны паспяхова завяршылі праект краўдфандынгавы «Анёлы над горадам», у рамках якога был створаная якасная копія славутай гравюры М. Цюнта з выявай Горадні, і плануюць яшчэ некалькі амбіцыйных выданняў, прысвечаных гісторыі картаграфіі Беларусі.

Альбом, прысвечаны 1000-годдзю Берасця — здаецца, самы маштабны афлайнавы праект гэтага незалежнага калектыву, і насамрэч хаця фармальная задача выдання выкананая цалкам сумленна, юбілей стаў для укладальнікаў нагодай сістэматызаваць корпус найбольш значных картаграфічных крыніц ХІІ — пачатку ХІХ ст. не тое што па гісторыі гораду над Бугам, але ўсёй Беларусі. Так што сапраўдны змест альбому — значна шырэйшы за заяўлены ў назве.

У складзе альбому — толькі 10 рэпрадукцый уласна планаў Брэста-Берасця, астатнія 38 картаграфічных твораў — гэта карты Усходняй / Цэнтральнай Еўропы, Рэчы Паспалітай, Вялікага княства Літоўскага або заходняй яго часткі, на якіх Брэст - Берасце пазначаны як адзін з населеных пунктаў. Менавіта дзякуючы гэтаму прыёму і юбілейнай нагодзе мы і атрымалі гэтае важнае выданне. Праўда, на многіх картах укладальнікі прасочваюць заяўленыя аўтарамі карт каардынаты Брэста, параўноўваючы іх з сапраўднымі — такая праца, у дачыненні да любога геаграфічнага аб’екту Беларусі, была праведзеная ці не ўпершыню.

Самае маштабнае выданне такога зместу ў Беларусі дагэтуль — гэта калекцыя старажытных карт (агулам 43 выявы), якая друкавалася ў «Вялікім гістарычным атласе Беларусі» (у 4 тамах, 2009—2018). У 2019 г. яна была перавыдадзеная асобна у 2-х сшытках: «Рэпрадукцыі старажытных карт» (аўтар агляднага нарысу В.Л. Насевіч) і «Беларускія землі на картах XVII — другой паловы XVIII ст.» (аўтар нарысу Л.Р. Казлоў). Выданне, падрыхтаванае imago.by, адзначаецца больш высокім узроўнем асэнсавання картаграфічнай спадчыны, чым усё, што выдавалася ў нас на гэтую тэму дагэтуль. Уключаючы і згаданы дзяржаўны праект і некалькі аматарскіх калекцый. Па колькасці рэпрадукцый карт (без уліку планаў Брэста) яно трохі саступае «Вялікаму гістарычнаму атласу Беларусі», але толькі за кошт менш значных твораў або такіх, якія не адлюстроўваюць тэрыторыю Берасця і ваколіцаў.

Гістарычны дэтэктыў: як адмыслоўцы адшукалі карту Беларусі 1919 года і даказалі, што яна сапраўдная

Альбом, падрыхтаваны imago.by, па-першае, уводзіць у абарот значную колькасць карт, якія раней у Беларусі не публікаваліся, або публікаваліся фрагментарна. Гэта, напрыклад, карта Цэнтральнай Еўропы 1553 г. Георга Лілы — Мікаэле Трамезіні, якая ахоплівае і крайні захад Беларусі). Або навігацыйная карта свету Герарда Меркатара (1569 г.), на якой тэрыторыя Беларусі, нягледзячы на сусветны ахоп карты, выяўленая на дзіва падрабязна і дакладна для таго часу (дастаткова згадаць дакладнасць трасы цячэння Дняпра, якую ў многіх тагачасных выданнях уяўлялі надзвычай спрошчана). Па-другое, заўважна вельмі станоўчае імкненне публікаваць карты паводле першакрыніцы, а не пазнейшых перавыданняў або пераробак. І з максімальнымі патрабаваннямі да чытэльнасці надпісаў на карце, паводле прынцыпаў, сфармуляваных славутым гісторыкам картаграфіі Львом Багровым.

Важна, што амаль усе крыніцы і зборы, з асобнікаў якіх узнаўляюцца карты і планы ў альбоме, дакладна пазначаныя — апроч некалькіх, якія адноўленыя з кепскіх па якасці выяў. Такія патрабаванні да якасці і атрыбуцыі ва ўмовах Беларусі, краіны перыферыйнай у дачыненні да «картаграфічных метраполій» Новага часу, гэта непазбежна азначае вялікія асабістыя высілкі па пошуку, а часам і па рэстаўрацыі картаграфічных выяў. Напрыклад, важная карта Польшчы і ВКЛ Вацлава Градэцкага 1570 г. надрукаваная менавіта з аўтарскага арыгіналу (з асобніку, які захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардскага ўніверсітэа), а не з версіі, якая амаль адразу была перавыдадзеная ў першым геаграфічным атласе Абрахама Артэлія Theatrum Orbis Terrarum — як гэта было зроблена, напрыклад, у кнізе «Хроніка Белай Русі» (2013 г.) аўтарства рэцэнзента. Парадавала і змяшчэнне ў альбоме карты Польшчы і ВКЛ (1587), якая прыпісваецца Станіславу Сарніцкаму. Яна даволі цікавая у адлюстраванні некаторых беларускіх геаграфічных аб’ектаў (мяне асабіста зацікавіла сістэма градацыі населеных пунктаў па важнасці і адпаведных умоўных значкоў — праўда, у выданні яны не растлумачаныя). Укладальнікам у пэўным сэнсе пашанцавала, дарэчы, што Брэст (Bresc) апынуўся акурат у самым цэнтры гэтай карты (і ўсёй геаграфічнай прасторы Рэчы Паспалітай). Частыя адсылкі да карт Еўропы Меркатара, якія сустракаюцца ў беларускай літаратуры, раней абапіраліся на чужыя словы. Можна ручацца, што большасць даследчыкаў не бачыла іх сваймі вачыма.

Новае выданне дае магчымасць звярацца з гэтымі картамі ў добрай якасці, — і, канечне, не толькі даследчыкам гісторыі Берасця.

Карэктна вытрыманы заяўлены прынцып адбору у дачыненні да Радзівілаўскай карты 1613 г. Укладальнікі не сталі ў чарговы раз узнаўляць усю карту, у нечым ужо ледзь не «папсовую», цалкам — дакладней, падалі толькі яе дробную аглядную выяву. А ваколіцы Берасця падалі ў максімальна магчымым маштабе — каля 1: 1 293 000. Дарэчы прыблізны маштаб пазначаны для ўсіх карт (але толькі для некаторых планаў), што ўвайшлі ў альбом — таксама важны паказчык картаграфічнай культуры ўкладальнікаў, якому варта павучыцца ўсім іншым публікатарам.

Упершыню ў выданнях такога кшталту узняты цэлы пласт картаграфічнага матэрыялу — «карпаратыўныя» карты кляштараў асобных каталіцкіх ордэнаў на землях Польшы і ВКЛ XVIII ст. Усяго такіх карт з ахопам тэрыторыі Беларусі вядома каля дзясятка. У альбоме прадстаўленыя дзве з іх — тых ордэнаў, якія былі прадстаўленыя ў Берасці: аўгусцінцаў (А. Хогмаера 1731 г.) і францысканцаў-абсервантаў (Т.К.Лотэра, 1753 г.). Дагэтуль у Беларусі, здаецца, была ў абароце толькі карта літоўскай правінцыі францішканцаў строгай рэгулы Г.Ляйбовіча (каля 1760 г.), хаця ў Вялікім гістарычным атласе не прадстаўленая і яна. Відавочна, што ў гіпатэтычным поўным выданні гістарычных карт у будучыні было б пажадана змясціць іх усе.

Планы Берасця сапраўды досыць поўна поўна сабраныя і пракаментаваныя пад адной вокладкай — саступаючы ў паўнаце падбору кнізе «Город и замок Брест-Литовский» аўтарства А. Жаркова і А. Вараб’я, але значна пераўзыходзячы якасцю ілюстрацый. А план 1809 г., складзены ананімным кобрынскім павятовым землямерам, з Расійскага дзяржаўнага архіва ваенна-марскога флоту, увогуле публікуецца ўпершыню.

Тут, праўда, застаецца пашкадаваць, што храналогія планаў перапыняецца на плане перабудовы горада Карла Опермана 1829 г., які сімвалізуе сумны рубеж у гісторыі Берасця: перанос уласна горада з астравоў пры зліцці Мухаўца і Буга на «мацярык», разбурэнне старажытнага горада (ці не ў якасці помсты за Берасцейскую унію?) і пабудова на ягоным месцы расійскай крэпасці. Больш позніх планаў горада і крэпасці ў альбоме няма, магчыма, менавіта каб не закранаць гэтую чуллівую тэму.

Кароткія даведкі, якія суправаджаюць усе карты і планы, дастаткова інфарматыўныя, але сціслыя. Але заяўленая місія выдання — паказаць гісторыю адлюстравання Брэста на картах, і ў нейкай ступені гісторыю яго станаўлення як эканамічнага і культурнага цэнтра - трохі звузіла іх каштоўнасць, бо многія патэнцыйна каштоўныя факты і назіранні, якія датычаць іншых гарадоў і рэгіёнаў Беларусі, засталіся па-за ўвагай укладальнікаў — у кожным разе, у гатовым прадукце Будзем спадзявацца, што аўтары дачакаюцца нагоды для больш маштабнага абагульняючага альбома ці атласа.

У цэлым, такога значнага скачку ў паўнаце і якасці кадыфікацыі калекцыі найбольш старых картаграфічных выяў Беларусі не было, бадай, зроблена ў ніводным папярэднім беларускім выданні.

Творчы калектыў imago.by, бадай, мае на сёння найбольшую эрудыцыю ў «іерархіі каштоўнасцяў» еўрапейскай картаграфіі Новага часу з усіх беларускіх даследчыкаў (нягледзячы на фармальна аматарскі статус) і гэтая эрудыцыя дазваляе ім найбольш якасны і рэпрэзентатыўны адбор матэрыялу. Што адназначна цешыць у выпадку гэтага выдання — што РУП «Белкартаграфія» не адмовілася ад супрацоўніцтва з маладым незалежным творчым калектывам без фармальнага акадэмічнага стутуса, які насамрэч дэманструе найбольш прафесіяналізму ў абыходжанні з каштоўным картаграфічным матэрыялам з усіх беларускіх даследчыкаў.

Гісторыя картаграфавання тэрыторыі Беларусі ўсё яшчэ не вывучаная і не выкладзеная належным чынам. А было б надзвычай каштоўна, у прыватнасці, высветліць генеалагічныя сувязі — не толькі паміж рознымі картаграфічнымі творамі ў цэлым, але і паміж рознымі праўдзівымі і памылковымі стэрэатыпамі ў выяўленні асобных беларускіх геаграфічных аб’ектаў у іх. Адкуль, напрыклад, узяліся ўяўленні пра «раку Тур» — левы прыток Прыпяці ў раёне Турава, або пра нярэдкае «падваенне» Горадні і г.д. Такой «дробязі» на старых картах Беларусі існуе немалая колькасць і часам яны могуць істотна ўдакладніць сімвалічную гісторыю многіх нашых населеных пунктаў і мікрарэгіёнаў, дапамагчы лепш зразумець іх значэнне у культурнай і эканамічнай прасторы мінулага. Мне асабіста вельмі хацелася б убачыць у будучыні менавіта такое грунтоўнае выданне, якое ўжо адкрыта ставіла б перад сабой агульнабеларускія задачы, а не вузка рэгіянальныя. І я не ведаю іншага «мазгавога цэнтру», які быў бы здольны замахнуцца на такую маштабную задачу — асобна або ў складзе больш шырокага калектыву, апроч imago.by. Будзем спадзявацца, што нагода для такога выдання яшчэ здарыцца

P.S. Imago.by рыхтуе краудфандынгавы праект imago.by па выданні славутай кнігі СтаніславаАлександровіча Kartografia Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku.,які неўзабаве будзе запушчаны на краўдфандынгавай платформе ulej.by.

Алесь Белы

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930