Найти
02.11.2019 / 19:1911РусŁacБел

Халип о себе, сыне и любви с Санниковым — полная текстовая версия «Тока»

Госця першага выпуску відэапраекта ««Ток/Talk» з Настассяй Роўдай — Ірына Халіп. Публікуем поўную тэкставую версію інтэрв'ю.

Ірына, вы ніколі не падбіраеце словы, каб сказаць, што гэты «мудак», а гэты «гандон». Як атрымалася, што вы сталі такой, можна сказаць, «язвай»?

— «Жизнь заставила» — кажуць у такіх выпадках. Разумееце, я дачка сваіх бацькоў. У мяне і мама, і тата вельмі вострыя на язык. Я ў такім асяроддзі расла. Такімі ж былі і нашыя сябры, якія збіраліся на нашай савецкай кухні. Так што я такое з дзяцінства чула, але высокага кшталту. Такую іронію, сарказм.

— Вы не можаце сказаць проста мацюк, а трэба так яго завуаліраваць.

— Вядома ж. Неабавязкова гэта былі мацюкі. Гэта было цудоўна.

— Вы ўвогуле былі паслухмяным дзіцём?

— Часам так. Да пэўнага ўзросту я была настолькі паслухмяным дзіцём, што мая мама казала майму тату: «Як жа яна жыць будзе, няхай бы лепш вырасла сцервай». Потым я маме сказала: «Ты, напэўна, даслала нейкі сігнал у космас». Але не, я не вырасла сцервай, вядома ж.

— Як вы рашыліся даць па твары следчаму пракуратуры?

— Разумееце, гэта вельмі балючая тэма для мяне. Сапраўды. Гэта быў першы раз у маім жыцці, калі я звярнулася ў праваахоўныя органы. Гэта было пасля мітынгу 2 красавіка 1997 года. Памятаеце, тады Лукашэнка і Ельцын падпісалі дамову аб стварэнні саюзнай дзяржавы. Яны там пілі шампанскае, білі посуд — «вакханалія», як Лукашэнка кажа. Але вакханалія не тое, што сёння, а тое, што было тады. У нас была акцыя. Абсалютна спантанная, стыхійная. Ніхто не рыхтаваў, ніхто, вядома ж, не спрабаваў падаць заяву ў гарвыканкам. Я часам увогуле здзіўляюся. Як мы тады збіраліся на нейкія спантанныя акцыі, калі ні сацыяльных сетак не было, ні сотавых тэлефонаў. Не ведаю. Але акцыя тады была, памятаю, вельмі баявая. Мы сабраліся каля Опернага тэатра, і пасля мітынгу хтосьці сказаў: «Да расейскай амбасады!» І пайшлі. Потым мы апынуліся ў нейкім атачэнні амапаўцаў, якія проста пайшлі ў атаку. Я бачыла, як б'юць татку майго адзінага. Пасля мой татка трапіў у шпіталь. Дарэчы, у яго рука так і не гнецца дагэтуль. Таму што яны кінулі яго на зямлю і нейкі мудак пачаў ботам таптаць ягоную руку. Яго рука не гнецца. Ён вельмі доўга вымушаны быў насіць вусы, таму што шрамы на твары: калі яго білі галавой аб дно міліцэйскай машыны, там нейкія жалязякі ляжалі. Вядома, на наступны дзень я пабегла ў пракуратуру, напісала заяву. Праз некалькі дзён я атрымала паведамленне, што заведзена крымінальная справа па факце перавышэння паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі. Потым праходзіць нейкі час — месяц, два, тры — і ўсё. Я разумею, што па ўсіх працэсуальных нормах ужо штосьці павінна было адбыцца. Памятаю, я якраз ехала каля гэтай гарадской пракуратуры і думаю: дай зайду. Не было мабільных тэлефонаў, а па гарадскіх вельмі цяжка датэлефанавацца. Я забегла. А тут следчы сядзіць якраз і на друкарцы штосьці друкуе. Чаму ніякіх навін, кажу. «А, гэта вы. А я не паведаміў? Заматаўся, забыўся. Скончана. Закрытая ваша справа. Няма складу злачынства. Выбачайце, напэўна, я павінен быў паведаміць». Ах ты ж сволач такая! Я падышла, сказала: «Ну ўсё, добра» — і дала па твары. Абсалютна спакойна. Прыйшоў такі спакой, нават рука не дрыжэла. Хлоп — і пайшла сабе. А праз некалькі дзён стала вядома, што ўжо я фігурантка крымінальнай справы. Там штосьці кшталту «цялесныя пашкоджанні, нанесеныя службовай асобе ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў». Я не ведаю, ці ёсць зараз такі артыкул. Можа, ёсць, можа, не.

 — І вы сплацілі штраф?

— Так. Потым яшчэ ўсе жартавалі: «Калі б мы ведалі, што такая асалода, як даць аплявуху следчаму, ці пракурору, ці міліцыянту, каштуе ўсяго толькі чатыры даляры (тады гэта быў эквівалент чатырох даляраў), дык божа ж мой».

— Давайце вернемся ў 2010 год. Ці верылі вы, што Саннікаў стане прэзідэнтам?

— Я не верыла, што выбары будуць справядлівыя. Я не верыла, што спадарыня Лідзія падлічыць галасы так, як будзе галасаваць народ. Але я верыла ў тое, што мой муж сапраўды можа перамагчы. Дэ-факта перамагчы. Па меншай меры выйсці ў другі тур. І верыла ў тое, што нашы масавыя пратэсты дапамогуць неяк змяніць сітуацыю. Разумееце, любыя перамовы паміж апазіцыяй і ўладай у нашых умовах магчымы толькі пры вельмі моцным ціску з дапамогай пратэсных акцый. Стаіць натоўп людзей: 30,40,50 тысяч чалавек. Стаяць і не сыходзяць. І гэта — галоўны аргумент апазіцыі. З гэтым аргументам сапраўды можна садзіцца за стол перамоваў. І гэта добры пачатак. Дарэчы, я проста хацела б нагадаць: па ўсіх абвінавачваннях у радыкалізме, маргінальнасці — «вы хочаце рэвалюцыі, вы хочаце крыві», — яшчэ ў 2006 прапанавалі перамовы, прапанавалі дыялог. Так што я крыві не хачу.

— Тады на Плошчы стаялі гэтыя тысячы людзей. Нібыта можна было пачаць дыялог. Чаму правалілася Плошча? Чаму нічога не атрымалася?

— Не атрымалася таму, што Лукашэнка прывёў на Плошчу (як мы потым даведаліся) восем тысяч «штыкоў». А восем тысяч добра ўзброеных «штыкоў» у гэтых усіх адмысловых касцюмах, са зброяй, са штыкамі, палкамі, з «чаромхамі» і гэтак далей, гатовыя на ўсё, гатовыя страляць — гэта сілавое задушэнне. Не акцыя правалілася — людзі б стаялі. Гэта правалілася нервовая сістэма Лукашэнкі. На мой погляд, калі б я была Лукашэнкам, я б прыбрала з гэтай плошчы ўсіх сілавікоў. Няхай. Што яны будуць рабіць далей? Запасаемся папкорнам і будзем глядзець. На яго месцы я б паспрабавала перамагчы проста з дапамогай часу. Холад, мароз, голад. Гэта ж не зараз. Зараз, пэўна, весялей было б. А тады ні біятуалетаў, нічога не было. Ёсць толькі пранізлівы холад — мінус 15 было, калі я правільна помню. Давайце паспрабуем выціснуць іх з гэтай плошчы з дапамогай прыродных фактараў.

— Тады б натоўп, людзі ўспрынялі гэта як магчымасць і стаялі б да апошняга. Валёнкаў бы па двое надзелі. Маглі перамагчы.

— Маглі перамагчы. Маглі не перамагчы. Напэўна, гэта быў найлепшы шанец за ўсю гісторыю. Але ж восем тысяч «штыкоў…

— Які момант для вас быў самым страшным?

— Па-мойму, гэта абсалютна відавочна. Для мяне самым страшным быў момант, калі я даведалася, што нашага з Андрэем сына (на той момант трохгадовага) Даніка збіраюцца адабраць у бабулі з дзядулем і аддаць некуды там у дзіцячы дом. Гэта быў такі жах. Гэта больш страшна, чым калі ты стаіш на Плошчы і на цябе насоўваецца гэтая навала. Гэта было яшчэ страшней. Адчуванне, што ты не можаш зрабіць ні-чо-га. Проста нічога. Памятаю, я тады сваім сукамерніцам, калі даведалася, сказала такую фразу: «Калі дзеля таго, каб выратаваць ад іх, ад гэтай дзяржавы Даніка мне спатрэбіцца ўзяць чырвона-зялёны сцяг і плясаць «Лявоніху» на Кастрычніцкай плошчы перад Палацам рэспублікі, вітаючы дэлегатаў чарговага Усебеларускага з’езду, — я буду гэта рабіць». Я буду плясаць. Я буду махаць гэтым чырвона-зялёным сцягам. Буду ўсё рабіць. Адзінае, чаго я не зраблю, — я не дам паказанняў супраць каго-небудзь з тых, хто ўдзельнічаў у акцыі. Гэта адзінае, чаго я не зраблю. Але гэтага ад мяне ніхто і не патрабаваў. Ім было дастаткова таго, што пэўныя дзеячы выказалі аж па тэлебачанні.

— Можаце расказаць, што з вамі адбывалася ў СІЗА КДБ?

— Магу, вядома ж. Было цяжка, але мне вельмі пашанцавала з сукамерніцамі.

— Хто ж там быў? Чаму пашанцавала?

— Літаральна першыя суткі мы былі ўсе разам. І Наташа Радзіна, і Наста Палажанка.

— Як так атрымалася?

— Яны не ведалі, што з намі рабіць. І яшчэ чатыры жанчыны эканамісткі. І мы усе сямёра ў чатырохмеснай камеры цудоўна правялі гэтыя суткі. Мабыць, было надта многа людзей і надта мала камер. Таму яны нас у адно памяшканне запіхалі. А на наступны дзень ужо падрыхтавалі іншую камеру для жанчын і нас развялі. Я засталася з Наташай Радзінай, але потым яе памянялі на Насту Палажанку.

— Нармальны абмен.

— Таму што мы з Наташай тут жа абвясцілі галадоўку — і трэба было нас развесці, нельга было трымаць разам.

— Палажанка не згадзілася на галадоўку?

— Я пратрымалася пяць дзён. Напэўна, там псіхолагі ўсё ж працуюць. Пакуль яны выклікалі мяне да гэтага турэмнага «ляпілы», да фельчара, які распавядаў мне, што будзе адбывацца з маім арганізмам, якія змены адбудуцца, якія захворванні да мяне адразу прыйдуць. Увогуле, у якую труху я ператваруся.

— Вы рашылі, што паміраць рана?

— Не, гэта не спрацавала абсалютна. Калі мяне выклікалі да начальніка СІЗА, яго першая фраза была: «Вельмі ж вы дрэнна выглядаеце». Жанчына ж адразу павінна: «Я дрэнна выглядаю? Аяяй. Гэта ж таму, што дрэнна харчуюся. Фрукты ж ёсць у камеры, трэба хутчэй-хутчэй». Але і гэта не спрацавала. Тады яны ўжылі вельмі інквізітарскі прыёмчык. Аднойчы раніцай у гэтае акенца зазірнуў вертухай і сказаў: «Новае распараджэнне начальства. Усім здаць цыгарэты. Мы забіраем цыгарэты. У вас у камеры ёсць чалавек, які трымае галадоўку. Каб гэты чалавек не памёр, ніхто не будзе тут паліць». Я бачу, як мая сукамерніца Лена — яна паліла кожныя паўгадзіны, — збірае цыгарэты. У яе рукі дрыжаць, вусны дрыжаць. У яе была вельмі складаная сітуацыя, і яна вельмі падтрымала мяне ў першы дзень. Мяне прывезлі, у мяне было некалькі цыгарэт з сабой і ўсё. Больш не было нічога. Яна мне выдала і тапкі гумавыя, і цыгарэты, падкормлівала мяне трошкі. Нават усе жаночыя гігіенічныя сродкі, без якіх ніякіх. Дапамагала мне і з зубной пастай, і з мылам, і з крэмам для твару. Калі б не яна, я б не пратрымалася да першай перадачы. Пратрымалася, але было б цяжка. Я бачу, як яна гэта збірае, і кажу: «Ленка, гэта з-за маёй галадоўкі. Давай я яе скончу». Яна кажа: «Не. Я не хачу, каб ты з-за мяне адступала ад сваіх прынцыпаў. Я пратрымаюся». Вось мы аддалі цыгарэты, Ленка легла, да сцяны адвярнулася. І я разумею па плячах, па сілуэце: ну, няма радасці ў той турме. А яна сядзела ўжо дзявяты месяц. Курэнне было адзінай радасцю для яе. Яна ляжыць, я бачу, што гэта абсалютна трагічная фігура. Я не вытрымала, закалаціла ў акенца. Кажу: «Калі я спыню галадоўку, цыгарэты вернеце?» Вертухай кажа: «Вернем. Але вы павінны напісаць афіцыйную заяву, што вы спыняеце галадоўку». Я кажу: «Дайце мне, калі ласка, паперу. Зараз буду пісаць». Ён: «Ну пішыце». «Цыгарэты дайце хутчэй чалавеку». Пакуль я пісала, Ленка так ужо смачна зацягнулася. А ў мяне ж яшчэ перадачка ляжала з учарашняга дня. Свежанькая. Там нават хлеб «Нарачанскі» быў. Мама перадала. Такі пах быў. Сяброўкі яшчэ казалі: «Ірка, давай ты схаваешся, мы прыкрыем. Што-небудзь з’ясі. Мы не выдадзім». — «Не, дзеўкі. Не, не, не. Я буду трымаць». І тут разумею: усё, галадоўку спыніла, можна ўжо. Дзеўкі кажуць: «Ірка, выбачай. А мы твой зефір учора трошкі з’елі». Які зефір? Хлебушка дайце мне, хлебушка! Такім чынам скончылася мая галадоўка, але я не шкадую, што я яе спыніла. Таму што ў камеры адносіны, камунікацыі — гэта вельмі важна. Атмасфера ў камеры. Там усе павінны падтрымліваць адна адну. Яшчэ адна сукамерніца ўвогуле не курыла, але нічога не казала, таму што мы стваралі адна для адной максімальна камфортныя псіхалагічныя ўмовы. Там была такая прыступачка і акенца недзе ўверсе. Палілі мы выключна ўстаўшы на прыступачку і выдыхалі дым у акенца. У нас яна называлася «французскі балкончык».

— А колькі вас было ў камеры?

— Я ж казала. Спачатку сямёра, потым пяцёра. А перад Новым годам — уяўляеце, якое шчасце, — нас засталося чацвёра і ў кожнай была ўласная «шконка». Вось гэта было шчасце! Спачатку я «шконку» дзяліла з чыноўніцай з аблвыканкама, начальніцай упраўлення.

— Хто б мог падумаць!

— І таксама адна адной дапамагалі, падтрымлівалі.

— Там усе роўныя, так?

— Частавалі хто чым мог. Там усё роўна. Сядзем — будзем роўнымі.

— Вас схілялі там да супрацы з КДБ?

— Абсалютна не.

— Не спрабавалі нават?

— Нават не спрабавалі. Я не разумею чаму. У мяне ёсць версія. Я адразу абрала для сябе такі вобраз «дурочка із переулочка». Вось што я пачула, а прыходзілі нейкія начальнікі, не аператыўнікі нават. Начальнікі. Нейкія там страшныя гісторыя расказвалі: у рэшце рэшт усе будуць вызваленыя, а мы з мужам пойдзем па артыкуле 358-м, здаецца — гэта змова з мэтай захопу ўлады. А гэта ўжо 25 гадоў ці «вышка». Усё такое адбывалася. А я, як толькі вярталася ў камеру, абсалютна ўсё пачынала расказваць сваім сукамерніцам: «Ой, дзеўкі, што са мной зараз было!» Як быццам ля плота сабраліся семкі палузгаць. Можа, падумалі: ну, калі яна ўвогуле не можа пратрымаць ніякай інфармацыі, адразу ўсё выдае, можа, і не трэба. Ці ў іх нейкія іншыя былі на мяне планы.

— Гэта праўда, што начальнік КДБ вам пагражаў смерцю?

— Праўда. Мяне вадзілі да начальніка КДБ Зайцава. У ноч, дарэчы, на Каляды. З 6 на 7 студзеня. У начы, разумееце? Чалавек замест таго, каб (заўтра выхадны дзень) сядзець дома, сядзеў ва ўласным кабінеце, курыў такія танюсенькія дамскія цыгарэткі. Гэта ўжо такая брыдота, калі мужык, які спрабуе выглядаць брутальным, курыць гэтыя танюсенькія цыгарэткі Vogue. Мяне ледзь не званітавала. Проста ад выгляду гэтых цыгарэт. І ён такім ціхім-ціхім голасам казаў мне пра 358 артыкул, пра тое, што усе нармальныя, адэкватныя людзі даўно ўжо далі паказанні супраць мяне і майго мужа. Што мы пойдзем на 25 гадоў. Я яшчэ жартавала, што па ТАКІМ артыкуле я адразу ж прызнаю віну. Гэта ж так крута! Нейкая бландзінка — змову з мэтай захопу ўлады арганізавала. Гэта ж проста крута! Ён пачаў пагражаць, што ніхто з нас не выйдзе. Ні я, ні Андрэй не выйдзем з гэтай турмы. Што Данік наш, сіротка, у дзіцячым доме вырасце бандытам і гэтак далей. Ведаеце, у чым была мая перавага перад усім гэтым? Ад Зайцава і да самага апошняга опера? У адрозненне ад іх, я не метадычкі чытала, я кнігі чытала. Я чытала Шаламава, я чытала Яўгенію Гінзбург. Я чытала Салжаніцына. Таму ўсё, што яны мне казалі, — ага, так-так, гэта я чытала. У тых жа ўспамінах Гінзбург, напрыклад, «Круты маршрут». Я ўсё гэта ведаю. Добра, яны па метадычках працуюць. Проста гэтыя метадычкі не змяніліся з 30-х гадоў. Дагэтуль гэтыя энкавэдэшныя метады працуюць. Усё гэта было апісана людзьмі, якія сядзелі, якія прайшлі, выбачайце, усё ж такі сталінскія лагеры. Але выжылі і пра гэта напісалі. Часам мяне яшчэ выклікаў начальнік СІЗА, але яму, па-мойму, проста не было чым заняцца ў гэтай турме. Ён жа быў асабіст. Яго толькі часова на гэтую пасаду прывялі. Ён часаў языком з усімі, здаецца, палітзняволенымі. Але з кімсьці ў яго складаўся кантакт, а з кімсьці — не. Ён, вядома ж, рэдкая сволач, але за адну рэч я яму ўдзячная. Аднойчы ён мяне выклікаў, на сваім смартфоне знайшоў «Хартыю», менавіта «Хартыю». Ну што БелТА мне ткнуць пад нос? На «Хартыі» было напісана, што ў Партызанскім выканкаме прайшло пасяджэнне нейкай там камісіі і было прынята рашэнне Даніка Саннікава аддаць пад патранаж яго бабулі Бяльзацкай Люцыніі. Гэта быў найшчаслівейшы дзень у турме. Я зразумела, што гэтая бітва выйграная. Я толькі потым даведалася, што за Даніка біўся ўвесь свет. Лукашэнку тэлефанавалі людзі, з якімі ў яго быў добры кантакт. Гэта ўсё рабіў мой галоўны рэдактар Дзмітрый Муратаў з «Новай газеты». Я ведаю, што тэлефанаваў Мішыко Саакашвілі, які тады быў прэзідэнтам Грузіі і прасіў: як мужык, ну адпусці ты гэтую жанчыну. Яму тэлефанавалі іншыя людзі. Хакеіст Траццяк. Проста ўжо папрасілі хакеісты. Калі Лукашэнка любіць хакей, дык, напэўна, званок такога вядомага хакеіста павінен нешта змяніць. Нічога не змянілася. Але потым усё ж набралася нейкая крытычная маса ўсіх людзей, якія за мяне прасілі. За Даніка нават. Але ён жа ўсіх перахітрыў: «Добра, зменім мы ёй меру ўтрымання». Ага! Хатні арышт з двума кадэбістамі ў хаце. То-бок яшчэ і дзіця пад арыштам.

— Калі вы выйшлі з СІЗА, то казалі, што не ведаеце, калі і як скажаце Даніку, што ні мама, ні тата ў камандзіроўцы не былі. Калі вы яму сказалі, што адбывалася насамрэч?

— Я нічога сама і не гаварыла. Проста аднойчы, як заўсёды нанач, я чытала яму нейкую добрую казку. І раптам ён кажа: «Мама, казка добрая. Але, можа, лепш ты мне распавядзеш, за што вас з таткам Лукашэнка ў турму пасадзіў?» Такім вельмі спакойным голасам, трошачкі сонным. Дзіця ўжо расслабілася. Я зразумела, што далей ужо пра камандзіроўку не мае сэнсу расказваць і ўвогуле гэта ўжо будзе дрэнна ў адносінах да Даніка. Я сказала: ОК, добра. Хочаш ведаць — зараз я буду расказваць табе ўсё. І пачала свой аповед. Ён недзе на сярэдзіне заснуў. Трэба ж было растлумачыць, што такое Беларусь, чаму ў нас няма выбараў, што такое Лукашэнка, што адбывалася ў снежні, хто былі гэтыя дзядзькі, якія ў нас у хаце сядзелі. Наступным днём ён зноў папрасіў закончыць усю гэтую гісторыю. Я так і зрабіла. І гэта было добра, бо мне адразу стала лягчэй. Данік ужо не плакаў, не пытаўся, чаму тата яму не тэлефануе, чаму тата не прыязджае. Калі Андрэй сядзеў у Наваполацку, там дазвалялі нейкія званкі раз на тыдзень, мы імкнуліся зрабіць так, каб Данік быў ля тэлефона. Потым, калі яго перавялі ў адзін СІЗА, у іншы і забаранялі званкі, нават лісты забаранялі, вось тады было добра, што Данік усё ведае. Такі маленькі мужчына. Як дзеці вайны: дзеці вайны ж былі маленькімі дарослымі.

— Ведаеце, Саннікаў да і пасля турмы — два розныя чалавекі. Ні на кім з палітвязняў адсідка не адбілася настолькі моцна. Вы можаце расказаць, што з ім там адбывалася?

— Я ведаю, што яго забівалі, па-першае. Я ведаю, што ніхто з палітвязняў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі не падвяргаўся такім здзекам, катаванням, як мой муж. Я ведаю, што ў СІЗА, дзе яго трымалі ў ізаляцыі, ён проста крычаў у акно. Таму што ён думаў, што жывым не выйдзе. Каб іншыя зэкі пачулі, каб проста былі сведкі. Каб потым яны маглі засведчыць, што яго забілі, што ён не сам памёр. А тое, што «два розныя чалавекі», то тут не толькі Саннікаў. Тут я павінна вас расчараваць. Усе людзі, якія прайшлі праз турму да і пасля — гэта абсалютна розныя асобы. Дарэчы, упершыню я пачула пра гэта ад паэта Генадзя Бураўкіна. Хтосьці з ягоных сяброў ці дзяцей сваякоў, я не памятаю, адсядзеў тры гады па эканамічным артыкуле. Вось ён мне сказаў: «Рыхтуйся да таго, што, калі вернецца твой муж, гэта будзе зусім іншая асоба». І я ўжо зусім іншая асоба. Дарэчы, ніхто не задумваўся аб тым, колькі бывае разводаў пасля адсідак. Проста таму, што людзі змяніліся і яны ўжо не могуць быць такімі, як раней. І адносіны мяняюцца. Саша Атрошчанкаў казаў пра сваю жонку, што, калі яго забіралі, ён пакінуў у хаце маленькае напалоханае кацяня. А калі ён вярнуўся праз восем ці дзевяць месяцаў, гэта ўжо была раз’юшаная пантэра. Дарэчы, яны і развяліся. З раз’юшанай пантэрай ён ужо жыць не змог. Я была шчаслівая, калі Андрэй вярнуўся, але мне было страшна, як яно будзе далей. Як мы будзем жыць. Тым больш што да мяне кожны вечар прыходзіла міліцыя. Па ўмовах пакарання я не мела права выйсці з хаты, і яны да мяне кожны вечар прыходзілі. Я ўявіла: вяртаецца да хаты чалавек, і тут міліцыянты яшчэ ходзяць кожны дзень. Я не была ўпэўнена, што ён не сарвецца. Што ён не скажа ім нешта такое, што распачне новую старонку рэпрэсій у нашым жыцці. На шчасце, ён справіўся.

— Калі вы першы раз нармальна паразмаўлялі?

— Мы некалькі дзён размаўлялі, як у п’есах тэатра абсурду. Вось калі сядзяць два чалавекі і кожны са сваім маналогам. Адзін кажа, другі кажа. Яны кажуць у прастору і не заўсёды адзін аднаго чуюць. Было столькі інфармацыі, якой неабходна было абмяняцца! У нас жа паўтара года ўвогуле — ноль. І мы так імкнуліся паразмаўляць, што размовы звяліся да абмену фактамі. Што было, што са мной было, што з Данікам было. Можа, дні праз тры-чатыры, калі ўжо Дзіма Бандарэнка выйшаў, мы проста з Андрэем пайшлі некуды гуляць у парк Горкага. Тэлефонаў не бралі, пайшлі, знайшлі нейкую лаўку. Селі і загаварылі ўжо не так, як два персанажы на сцэне, а ўжо павярнуўшыся адзін да аднаго. Потым ужо сапраўды новае жыццё, новыя адносіны, новы чалавек, я новая. І я шчаслівая, што мы змаглі праз гэта прайсці. Я не ўяўляю побач з сабой іншага мужчыну, акрамя Андрэя. І калі б мы не вытрымалі ўнутраных зменаў у кожным з нас — а былі цяжкія моманты, — я не ведаю, як бы я змагла без яго. Мяне зрабіў шчаслівай жанчынай менавіта ён. Я шчаслівая жанчына. Я магу быць няшчасным чалавекам, няшчаснай асобай, няшчаснай грамадзянкай — таму што дыктатура, таму што такая сітуацыя, таму што журналістыка не такая, як хацелася б. Але я шчаслівая жанчына, таму што ў мяне ёсць Андрэй. Чалавек, якога я люблю так, што сама не ўяўляла, што я на такія пачуцці здольная.

— Гэта праўда, што для таго, каб яго абараніць, вы нават звярталіся да крымінальных аўтарытэтаў?

— Я звярталася да крымінальных аўтарытэтаў.

— Раскажыце, што гэта было, як гэта было? Як вы рашыліся?

— Я звярталася да крымінальных аўтарытэтаў, калі Андрэй быў у абсалютнай ізаляцыі. Я не памятаю, дзе гэта было. Ці ў Магілёўскім СІЗА №4, ці яго ўжо перавезлі ў Бабруйскую калонію. Не было ніякай інфармацыі. Адвакатаў да яго не дапускалі. Адвакаты кожны дзень ездзілі. І кожны дзень іх не дапускалі. Такога не было ні з кім і ніколі. Я не ведала, а ці ён, увогуле, жывы. Таму што, калі да чалавека не дапускаюць адваката з усімі дакументамі, гэта значыць, што тут штосьці не так. Можа, ён збіты, увесь у шрамах. І яны чакаюць, пакуль гэта сыдзе. А можа, ён увогуле мёртвы, і яны не ведаюць, як пра гэта сказаць. Прыдумваюць нейкую легенду. Я ж не ведала. Дзень, другі, трэці — і ніякай інфармацыі. Праз знаёмых я звярнулася да крымінальных аўтарытэтаў, якія «прыглядвалі». Я ім вельмі ўдзячная. Для мяне галоўнае было — інфармацыя. Даведацца, дзе ён, што з ім, ці ён жывы. Дзякуючы ім я даведалася, што муж жывы. Што сапраўды яго трымаюць у ізаляцыі. Што ён у СІЗА, але дзякуючы нейкім там крымінальным сувязям змог перадаць, што жывы.

— Як вы ўспрымалі Лукашэнку ў 90-я? Ці бачылі вы пагрозу? Што гэта быў за чалавек? Вы тады былі іншым чалавекам. Як вы на яго глядзелі?

— Я ўвогуле не ўспрымала яго як пагрозу. Давайце ўзгадаем 1991 год, жнівеньскі путч. Спікер Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Дземянцей. Адразу ж абсалютная большасць, за выключэннем апазіцыі БНФ, за выключэннем некалькіх нармальных дэпутатаў, гэтая камуністычная большасць сказала: «Добра, цудоўна. Мы падтрымліваем гэты путч». Відавочна, што зрабіла апазіцыя БНФ, якраз тады былі акцыі на плошчы Леніна, тады гэта яшчэ не была плошча Незалежнасці. Але, памятаю, Аляксандр Лукашэнка, у яго была такая невялікая група ў Вярхоўным Савеце, яка называлася «Коммуністы Белоруссіі за демократію». Ад імя гэтай фракцыі ён надрукаваў заяву, што вось гэтая іхняя фракцыя абсалютна жорстка асуджае дзеянні Масквы, дзеянні путчыстаў і патрабуе вярнуць законную ўладу і адмаўляецца падпарадкоўвацца гэтым путчыстам. Вы можаце гэта знайсці ў падшыўках газет. Тады «Народная газета», гэта ж была парламентская газета, гэта надрукавала. Вядома ж, здавалася, што гэта прагрэсіўны чалавек. Чалавек з народу, але прагрэсіўны. Які хоча нейкіх рэформаў, нейкіх перамен да лепшага. Я не магла бачыць у ім пагрозу. Я галасавала тады за Шушкевіча, мама за Шушкевіча, тата за Пазняка. Бабуля ўвогуле за Кебіча галасавала. У нас былі абсалютная дэмакратыя і плюралізм.

— Як яму ўдалося ўсіх перайграць?

— Гэта тое пытанне, якое я таксама задаю сабе дагэтуль. Ужо 25 гадоў. Я ж яго не ведала амаль. Бачыла нейкія выступы. Ён зрабіў нейкую відавочную кар’еру (унутры парламента), як барацьбіт з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. У яго быў нейкі такі яскравы даклад. Не ведаю, хто яму пісаў, але, відавочна, не ён сам. Але былі хлопчыкі разумныя. Зараз бы такіх называлі «младореформаторамі». Разумныя, адукаваныя, для Савецкага Саюза вельмі адукаваныя: Толя Лябедзька, Дзіма Булахаў, Віця Ганчар, Саша Фядута, якія лічылі, што вось такі чалавек мае ўсе шансы перамагчы партыйную наменклатуру ў асобе Кебіча. Стаіць прэзідэнтам краіны. А далей ён, як нармальны чалавек, паслухмяны, які разумее, што яму самому не хапае ні адукацыі, ні ведаў сістэмных, сабярэ вакол сябе кола прафесіяналаў, якія будуць кіраваць краінай. І добра будуць кіраваць краінай. Я там была маладая журналістка, якая вельмі дрэнна ведала Лукашэнку, ды й увогуле не ведала, толькі так, па пары выступаў. Але вось гэтыя хлопчыкі, якія не зразумелі пагрозы, не ўбачылі. Ну калі яны не ўбачылі — я не ведаю!

— Чаму супраць Лукашэнкі глядзяцца ўпэўнена толькі жанчыны? Калінкіна, Коктыш, Халіп. Чаму так?

— Мне часам здаецца, што жанчыны больш моцныя барацьбіты, чым мужчыны. Кажуць, жанчына — захавальніца ўтульнасці ў доме, гатуе ежу. Жыццё жанчыны — яе дом, яе сям’я. Дык жанчына ўсю краіну пачынае ўспрымаць у пэўны час як сваю сям’ю, як свой дом. Я не хачу, каб у маёй кватэрцы было добра і ўтульна, а ўжо на вуліцы побач з пад’ездам зусім не так. Таму жанчыны проста пачынаюць змагацца за сваю сям’ю. Калі краіна свабодная, дык сям’я будзе шчаслівая. Вось і ўсё.

— Як доўга, на вашу думку, Лукашэнка будзе яшчэ заставацца пры ўладзе: 10, 20, 30 год? Колькі гэта будзе працягвацца?

— Мне здаецца, што прычынай уладнага калапсу, калі Лукашэнка проста вылеціць, як корак з бутэлькі з шампанскім, стане нейкая дурная дробязь. Можа, нават не пратэсты, не ціск з боку Расіі, напрыклад. Захоча Пуцін анексіі, а Лукашэнка скажа «не». Можа ж такое быць? Любыя недарэчныя фантазіі дапушчальныя. Вылеціць. Але не тое, не гэта, не нейкі апаратны путч. Нейкая дробязь, нейкі адарваны гузік, на якім які-небудзь ягоны ахоўнік паслізнецца і скажа: «Ды дастала мяне ўсё гэта! Пайшоў ты!» І ўсё!

— Усё пасыпецца.

— Як гэта? Эфект матылька?

Хто большае зло: Лукашэнка ці Расія?

— Слухайце, калі пакласці разам дзве кучкі *****, якая будзе лепшая? Я не ведаю. Лепшай не бывае.

— Вы самі хочаце быць прэзідэнтам?

— Я не хачу быць прэзідэнтам.

— Чаму?

— Таму што я вельмі лянівая.

— Там усё за вас зробяць. Вы прыходзіце, а там каманда.

— Я мару аб тым, каб мой сын хутчэй скончыў школу, і тады мне не прыйдзецца кожны ранак паднімацца ў 6.30. Так што я не хачу быць прэзідэнтам. Але, можа, і прыйдзецца! Хто ж ведае. Я не кажу «не». Я кажу «не хачу». Быць не хачу. А буду ці не, гэта ўжо іншае пытанне. Не сёння.

— Вы калісьці казалі, што чатыры гады бегалі за Саннікавым. Як моцная і незалежная жанчына, такая як Халіп, магла за кімсьці бегаць? Што ў ім было такога, чаго не было ў іншых?

— Я не ведаю, што ў ім было такога. Гэта сапраўды нейкі інстынкт. Калі я зразумела, што гэта мой муж. Я хачу за яго замуж. Калі мы пазнаёміліся, мне было 30 гадоў. Я была свабодная жанчына, без усялікіх абавязкаў у дачынні да каго-небудзь. Мне гэта падабалася.

— Але чаму менавіта Саннікаў?

— Я не ведаю, чаму Саннікаў! Хімія! Я сама лічу, што гэта абсалютна дурны адказ: ой, у нас хімія. Але ўбачыла — і адразу «мой». Іншага мне не патрэбна. Ну і бегала, так. Бегала чатыры гады. Ён мяне кахаў. Але Андрэй быў жанаты. Ён адчуваў сябе вінаватым перад сваёй жонкай. Некалькі разоў ён казаў: «Усё, скончана. Мы не можам быць разам». Гэта былі такія арэлі чатыры гады. «Усё скончана» — але праходзіць некалькі дзён і мне тэлефануе. Відаць, сапраўды, мы былі суджаныя адно аднаму. У мяне няма ніякіх іншых тлумачэнняў.

— У 2011 вы сказалі такую рэч: «Саннікаў не той чалавек, якога можна звесці. Так, Андрэй быў жанаты. Яны з жонкай на той час жылі ў розных краінах, сустракаліся некалькі разоў на год. А калі людзі жывуць так гадамі, яны так ці інакш перастаюць быць блізкімі людзьмі». Вы з Андрэем ужо шмат гадоў у такой сітуацыі. Як вы застаяцеся блізкімі людзьмі пры гэтым?

— Я сама не ведаю, як мы застаёмся сям'ёй. Справа ў тым, што з першай жонкай, калі яны апынуліся ў розных краінах, гэта было добраахвотна. Гэта было іхняе ўзаемнае рашэнне. Нас — вымусілі. Мы былі вымушаныя жыць у розных краінах. Так адбылося. Выціснулі Андрэя. Інакш бы ён проста не выжыў. Рыхтаваўся замах на яго, і мы вырашылі, што лепш я буду ездзіць на спатканні ў Еўропу, чым у Наваполацкую зону. Няхай ён лепш будзе жывы.

— Што за замах?

— Амерыканскія дыпламаты са спасылкай на ЦРУ (ім перадалі інфармацыю) паведамілі, што рыхтуецца замах. Што засталіся ўжо не дні, а гадзіны. Ужо была нават версія. Для чалавека, які выйшаў з турмы, гэта вельмі лёгка. Не падзяліў нешта, сала не падзяліў з кімсьці там у атрадзе. А гэты выйшаў і вырашыў адпомсціць. Калі зэку пагражае «вышка» ці пажыццёвае пакаранне, яму кажуць: «Добра. Ты павінен вось гэта зрабіць — і атрымаеш дзесяць гадоў». Вельмі лёгка дамовіцца. А можна і не дамаўляцца. Яны не надта імкнуцца ўсё зрабіць як мае быць. Каб дакуменцікі, каб усе параграфы, каб усе доказы. Ну забілі і забілі. Амерыканцы прапанавалі дапамагчы з эвакуацыяй, але Андрэй адмовіўся. Мы з ім паразмаўлялі, ледзь не пад коўдрай. Ён сказаў: «Ну што, едзем?» А ў мяне тады яшчэ пакаранне не скончылася. Я разумела, што, калі я зараз знікну, — гэта новы артыкул, гэта вышук.

— Прыехаць наведаць бацькоў вы ўжо не зможаце.

 — Так. І мы вырашылі, што лепей будзе так. Пакуль так. Як будзе далей, я не ведаю. Андрэй можа вярнуцца. Мы не чакаем, калі я змагу з'ехаць, мы чакаем, калі Андрэй зможа вярнуцца.

— Гэта галоўнае пытанне. Чаму ён дагэтуль не вярнуўся, чаго яму зараз баяцца?

— Ён не баіцца. І я не баюся. Проста вяртацца толькі дзеля таго, каб вяртацца. Каб сказалі: «А, ну добра, вярнуўся». Ці заставацца там, дзе ён можа працаваць, і працаваць для Беларусі. Ён рэальна многа робіць як палітык у выгнанні там. Ён многа робіць як лабіст. Ён робіць усё, што толькі можа. А я ў сваю чаргу тут.

— Чаму вы дагэтуль не з'ехалі?

— Розныя прычыны. Самая першая: калі тваім бацькам ужо 80, тваёй свекрыві 86, у такой сітуацыі хтосьці павінен заставацца. «На падхопе» заставацца. Нельга кідаць сям'ю. Нельга кідаць родных. І я вельмі далёкая ад такіх высокіх паняццяў, як «патрыятызм», «радзіма», «партыя», «таварыш Сталін» і гэтак далей. Я не аддам жыццё «за Радзіму», але за свой кавалачак свайго любімага горада аддам. Я не з'яджаю не таму, што «я люблю Беларусь і назаўсёды застануся тут». Я люблю свой горад, мне добра і ўтульна тут жыць. Я хачу жыць у сваёй кватэры і глядзець на парк Горкага. Не з'яджаю таму, што мне падабаецца від на парк Горкага.

— У вас няма адчування, што Лукашэнка больш баіцца не Саннікава, а вас?

— Лукашэнка, па-мойму, баіцца ўсіх. Ён баіцца немаўлят з дзіцячага садка. Так што тут… Тут справа не ў Саннікаве ці мне. Лукашэнка жыве ўжо ў сваім нейкім уласным свеце. Гэта ўжо нейкі фантазійны свет, дзе тут, у Беларусі, усе ворагі, нават дзеці ворагі, нават немаўляты ворагі. Затое ёсць нейкія «сябры». Ён у сваім свеце персанальным. П'е віскі з Іланам Маскам у Тэсле. Потым яны на Тэсле па Драздах катаюцца. Часам да іх завітвае Трамп і кажа: «Слухай, Вашынгтон не той горад, каб быць сталіцай Злучаных Штатаў. Давай лепш у Мінск перанясём. Што для гэтага трэба?» Вось у гэтым свеце, мне здаецца, яму вельмі добра і ўтульна. Але як толькі выходзіць за межы ўласнай фантазіі, адразу становіцца страшна.

NN.by

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера