Найти
05.11.2019 / 00:475РусŁacБел

«Мы зрабілі ўсё, што маглі». Перепись и белорусскоязычный радикализм

Быў перыяд, калі ў асяроддзі нашаніўскай інтэлігенцыі быў папулярны маральны радыкалізм. Гілевіч быў заспеты ў краме, гаворачы па-маскоўску? Які ж ён патрыёт і народны пісьменнік. (Свірко, «Шаўцы без ботаў, або Хлеб з разынкамі», НН, 9/2001.) Зубр робіць улёткі па-руску? Здрада беларускай дэмакратыі (Паўлоўскі, «Матывацыі самагубцы», 21/2001). Рускамоўная апазіцыя трымаецца рускае мовы? Бязглуздзіца, «адно развальваюць і апазыцыю, і Беларусь» (Дубавец, «Красавіцкія тэзы», НН, 13/2002). Гэты маральны рыгарызм, відавочна, нарабіў нямала шкоды. Адштурхнуў людзей, піша Антон Лявіцкі — беларус, які піша ў Нямеччыне доктарскую дысертацыю па «Нашай Ніве» 90-х.

Фота Надзеі Бужан.

Сёлетні перапіс паставіў многа пытанняў для беларускамоўных. Важна, каб адказы на гэтыя пытанні былі карысныя для гэтай супольнасці. Але гэтая карысць не ўзнікне без адмовы ад канвенцыйных спосабаў разважання. Павінен адчувацца інтэлектуальны пошук, «пераадоленне аб’ектыўных перашкод».

* * *

Паняцце «лаяльнасць» можа прапанаваць некаторыя не такія відавочныя знаходкі. Пра тэрмін гэты многа пісаў мюнхенскі гісторык Мартын Шульц Вэсэль (full disclosure: мой цяперашні навуковы кіраўнік). Цікаўныя могуць пазнаёміцца з ягонымі разважаннямі падрабязней - або ў англамоўным зборніку «Exploring Loyalty», 2017, прадмова да якога даступная на сайце выдавецтва. Або ў трохі старэйшым артыкуле ў часопісе «Geschichte und Gesellschaft» (4/2016, па-нямецку).

У чым набытак гэтага паняцця для пытання пра беларускамоўных і перапіс? Першае, яно робіць акцэнт на дзеянні. Лаяльнасць, хоць і вынікае з доўгатэрміновых сувязяў, найбольш заўважная ў моманты, калі яна правяраецца, калі ставіцца пад сумненне. Другое, гэтае паняцце робіць акцэнт на здольнасці асобы дзейнічаць (agency).

Ці выбіраюць рускамоўныя?

Віталь Цыганкоў у сваім невялікім допісе сцвярджае, што рускамоўныя не выбіралі рускай мовы — яны засвоілі яе першай у дзяцінстве, таму гэта не выбар.

Гэтая крытыка заснаваная на памылцы. Сцверджанне рускамоўнага чалавека «руская мова — мой выбар» - абавязанае канкрэтнаму гістарычнаму моманту. Гаворка ідзе пра перапіс-2019, пра прапанову «схлусіць» цэнзару.

Лаяльнасць навідавоку, калі ўзнікае сітуацыя, якая патрабуе ад носьбіта яе праявіць. Гэта ключавая розніца паміж беларуска- і рускамоўнымі грамадзянамі, якую, думаю, Цыганкоў хацеў выразіць і зрабіў гэта так няўклюдна.

Лаяльнасць беларускамоўных «запытваецца» штодня. Кожнага дня беларускамоўны і -ая сутыкаюцца з пытаннем: загаварыць у краме па-беларуску, у цырульні, у доктара і г. д.

Лаяльнасць рускамоўных да свае мовы, супольнасці, правяраецца радзей. Бо руская мова паўсюль натуральная, яна ў Беларусі пануе, асабліва ў гарадах. Сітуацыя перапісу нараджае канфлікт інтарэсаў, дае ім артыкулявацца. І зусім лагічна, што рускамоўныя не ўсе з пагаджаюцца ўдзельнічаць у калектыўным клопаце беларускамоўных — у абароне і пашырэнні беларускай мовы. І гэтыя нязгодныя рускамоўныя робяць свой выбар. Гэтая сітуацыя сцісла апісваецца ў выразе «руская мова — мой выбар».

Іншыя рускамоўныя рашаюць іначай. Яны «хлусяць» пра родную мову ці пра мову свае штодзённасці. Але гэта не хлусня, а найперш учынак, матываваны бягучай сітуацыяй, са сваёй логікай.

Вывучаць гэтыя логікі цікава. У сваю чаргу, фанабэрыстая маралізацыя наўрад ці карысная. З пункту гледжання пашырэння беларускай мовы, гэткі маралізм не меў выніку ў 90-х, і няма падстаў лічыць, што ён мецьме вынік цяпер.

Думаць пра беларускамоўнасць іначай

Тут я вярнуся да штодзённай «праверкі» лаяльнасці.

Перачытваючы старую, папяровую «Нашу Ніву», я знайшоў там некалькі прыкладаў спецыфічнай этыкі, якая прапаноўвалася інтэлектуаламі супольнасці беларускамоўных (яе можна датаваць 1990-мі і пачаткам 2000-х гадоў).

Этыка гэтая была крайне рыгарыстычная. Ейны тэзіс спрошчана выглядаў так: калі было заўважана, як беларускамоўны размаўляе публічна па-расейску — то ён не беларускамоўны.

Лаяльнасць — працэсуальная, адносная з’ява. Яна ўключаная ў бягучую сітуацыю. Мова ж настолькі асноватворная з’ява ў жыцці, што робіць доказ лаяльнасці да вывучанай, няроднай мовы, да мовы, якую ніхто не ўжывае навакол і часам не разумее, справай крайне ўтомнай. Гэтая місія робіцца зусім невыканальнай, калі ў супольнасці квітнее такі маральны радыкалізм.

Гілевіч быў заспеты ў краме, гаворачы па-маскоўску? Які ж ён патрыёт і народны пісьменнік (Свірко, «Шаўцы без ботаў, або Хлеб з разынкамі», НН, 9/2001). Зубр робіць улёткі па-руску? Здрада беларускай дэмакратыі (Паўлоўскі, «Матывацыі самагубцы», 21/2001). Рускамоўная апазіцыя трымаецца рускае мовы? Бязглуздзіца, «адно развальваюць і апазыцыю, і Беларусь» (Дубавец, «Красавіцкія тэзы», НН, 13/2002).

Гэты маральны рыгарызм, відавочна, нарабіў нямала шкоды. Адштурхнуў людзей, пасеяў паняверку і скруху.

Паняцце лаяльнасці сярод іншага надае больш увагі творчай самастойнасці носьбіта. Ён ці яна самі развяжуць, як яе «выканаць» у дзеянні ці як артыкуляваць яе ў камунікацыі.

Ці павінны беларускамоўныя «з чужымі людзьмі ўсюды і паўсюль» размаўляць па-беларуску (фармулёўка пазычаная з артыкула Дынько «Чаму я стаў журналістам?», ARCHE Пачатак, 11/2008)? Няўжо няма хараства ў магчымасці самастойна выбраць? І асалоды ў штодзённым досведзе гэтага выбару. Сказаць па-беларуску, па-руску ці на трасянцы? Гэтая прыватная разнастайнасць акурат і стварае структурнае багацце беларускамоўнай супольнасці. Ушчуванні з пазіцый этыкі ёй толькі вадзяць.

Што гэтыя ўшчуванні толькі скоўвацьмуць творчы патэнцыял грамады, здаецца, даўно адчуваецца. Безумоўна, і ў 1990-х, і ў 2000-х гучалі галасы, якія пратэставалі супраць няправільнага развіцця «беларускамоўнай ідэалогіі». З навейшых прыкладаў: на адным з відэа кампаніі «Я — беларускамоўны» Руся прызнаецца: стараецца, але не заўсёды размаўляе з дачкой па-беларуску.

Зрэшты, можна выкасаваць гэтае адмоўе, зрабіць сцвярджальны сказ. Стараецца размаўляць з дачкой па-беларуску.

Што рабіць інтэлігенцыі?

Апошняе пытанне, якое я хачу паставіць, тычыцца нібыта толькі інтэлігенцыі.

Што павінна ў гэтай сітуацыі рабіць адукаваная публіка? Ранейшыя прапановы пераважна зводзіліся да класічнага: быць сумленнем нацыі (роля Быкава), арбітрам у палітыцы і пад. Клапаціцца пра правілы. Гэтым займаліся аўтары «НН»: прапаноўвалі правілы.

Іначай у допісе Цыганкова. Ён даў адчуванне перавагі беларускамоўным. Гістарычна такая аргументацыя выглядае на справядлівую. Пасля стагоддзяў сацыяльнага прыгнёту беларускай мовы імкненне да рэваншу зразумелае. Так узнікаюць разважанні пра тое, што беларускую мову цяпер людзі бяруць за мову эліты.

Ці сапраўды тыя людзі так думаюць — асобнае пытанне. Але імкненне самасцвердзіцца коштам іншамоўных суайчыннікаў не дужа арыгінальнае і разумнае. Асабліва калі ўласная перавага даводзіцца такімі плыткімі аргументамі, як у Цыганкова.

Трэці кірунак прапануюць тэксты Севярынец і Пашкевіча. Яны разважаюць пра важнасць кампаніі (артыкуляцыю ідэалогіі «Я — беларускамоўны» можна паглядзець на Белсаце ў выступленні актывіста Белавуса).

Безумоўна, гэта кампанія вартая, і ў чаканні, прадчуванні ейных вынікаў ёсць свой thrill, свая зацятая напруга. Аднак Пашкевіч слушна запярэчыў Севярынец, што пераацэньваць магчымыя вынікі не варта. Шокам яны для нас не павінны быць.

Становішча беларускай мовы добра вядомае. Яно крызіснае, і перапіс яго не зменіць. Не змяніў у 1999-м, не зменіць і сёлета.

Пераацэнка значэння гэтага перапісу — яшчэ адна аналітычная памылка. Рацыянальных аргументаў на карысць гэтай важнасці — вобмаль. Кажуць, што перапіс паўплывае на дзяржаўную палітыку. Цікава, як? Як паўплывалі ранейшыя перапісы?

Сімвалічная вага не паддаецца сумненню. Але выніковыя лічбы трэба будзе як мае быць растлумачыць. За кожным запісам «беларускамоўны» — адзінкавыя сітуацыі, непаўторныя, складаныя, кожная са сваім наборам матывацый. На вёсцы людзі запішуцца, дзе-нідзе, бо яны папраўдзе беларускамоўныя. Не зважаючы на грамадскія кампаніі і не маючы наўме сімвалічнага дзеяння.

* * *

Даўней, на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, інтэлектуал выяўляў сваю лаяльнасць да беларускай мовы (ці гаворкі; «кантыніууму гаворак»; не мае значэнне, як называць гэтую лінгвістычную сістэму; не шкодзіць жа фактычна самастойнай швейцарскай мове, што яе ўважаюць за дыялект), складаючы слоўнік. Добра гэта ў цыкле сваіх раманаў «Гаспадар-камень» (1980-я) паказаў Генрых Далідовіч. Там у яго беларускі актывіст, вясковы настаўнік, у вольны час займаецца з грунту трыма рэчамі: рэвалюцыяй, каханнем і занатоўваннем словаў.

За гэтым стаіць думка, якая і сёння актуальная. Неапратанасць сваёй уласнай мовы — першае, што павінна выклікаць клопат. Павінен быць пра яе пастаянны роздум. Skarnik.by павінен быць самым наведвальным сайтам у асяроддзі інтэлігенцыі.

Гэта ўсё не арыгінальна-беларускае. Гісторык Алан Мэгіл так пісаў пра ангельскую:

An intellectual historian ought to have a sophisticated grasp of English: accordingly, any time spent studying usage, style, word meanings, word origins, grammar, rhetoric, and style will pay off in the end. I suggest that you begin building a small library on these subjects.

Невялікую бібліятэку пра сваю мову мусілі б мець і беларускія інтэлектуалы. Мусілі б вучыць і іншыя мовы, бо гэта дужа праясняе сваю ўласную, дае магчымасць убачыць яе як бы староннім вокам.

А вынік гэтай работы прыдасца, каб прынамсі абгрунтаваць, чаму беларуская мова важная. Давесці ейнае хараство, багацце, патэнцыял. Замест таго, каб чарговы раз расказваць пра «матчыну мову», тысячагоддзі гісторыі, пра містычныя сувязі. Ці пагатоў пра тое, чаму носьбіты гэтай мовы лепшыя за іншых. 

Гэта не канечне пераканае, не канечне мецьме поспех. Але ж і замнога патрабаваць ад інтэлігенцыі не выпадае. Самае важнае, каб пасля ўсяго мець магчымасць сказаць: уся работа, якую мы мелі зрабіць, была зробленая.

Націск на слове работа.

NN.by

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера