Найти
07.05.2020 / 21:3968РусŁacБел

«Это не власть, если она уничтожает своих людей ни за что». О чем партизаны писали в своих дневниках

Дневники партизан и подпольщиков? Не всем верится, что такие люди позволяли себе вести записи. Они же могли себя разоблачить, если бы написанное попало в руки врага или предателя. Но таких дневников сохранилось немало, и в них можно найти много правды о реалиях войны, пишет Антон Рудак.

У дзённіках, у адрозненне ад газет ці рапартаў, людзі пісалі праўду. Яны нібы выгаворваліся самі сабе. Прыгадваюцца цікавыя дзённікі палітыка Канстанціна Езавітава, менскага школьніка Дзмітрыя Сямёнава, падлетка-партызана з Самахвалавіч Браніслава Шпакоўскага, кіраўніка падпольнай групы ў Калінкавічах Канстанціна Ярмілава, партызанскага камандзіра, а пазней пісьменніка, сябра Быкава, дысідэнта Аляксея Карпюка…

Пасля вайны тая праўда часам калола вочы. Таму пераважная частка дзённікаў перыяду нацысцкай акупацыі надалей пыліцца ў фондах Нацыянальнага архіва. Спецыфіка камплектавання абумовіла аўтарства сабраных тут запісаў — пераважна гэта партызаны і падпольшчыкі. Пра цікавыя лёсы шараговых падпольшчыкаў, брата і сястры Якубеняў, я ўжо распавядаў у «Нашай гісторыі» № 3 за 2018 год (артыкул «Жыццё і смерць на мяжы з Рэйхам»). Але не менш цікавымі бывалі і дзённікі партызанскіх камандзіраў.

«Усё начальства чамусьці аказваецца баязліўцамі»

Іван Купрэеў з вёскі Зборск Асіповіцкага раёна пачаў весці дзённік у першы дзень вайны. У той час ён вучыўся ў настаўніцкім інстытуце ў Рагачове і апісваў рэчаіснасць: мітынгі, святломаскіроўка, капанне супрацьтанкавага рова, паніка падчас эвакуацыі, дэзерцірства…

Рагачоў улетку 1941 года. Такім яго бачыў Іван Купрэеў. Фота: pinterest.com

Купрэеў крытыкаваў партыйныя вярхі: «Усё начальства ўвогуле чамусьці аказваецца ў большасці выпадкаў баязліўцамі, паводзіць сябе ганебна цяпер». У той жа час юнак пераасэнсоўваў многае з таго, чаму раней верыў. Гітлераўская армія, на ягоную думку, аказалася на самай справе не зграяй зброду, а небяспечным ворагам, перамога над якім будзе патрабаваць вялікіх высілкаў і ахвяраў.

Захаваліся ў яго дзённіку і сведчанні пра дзейнасць дыверсантаў — рэальных ці ўяўных: «Бачыў, затрымалі чалавека старога, з дагледжаным тварам і ўжо падсівелымі вусамі ў форме маёра РСЧА. Мабыць, шпіён і рускі белагвардзеец. Затрымліваюць часта дыверсантаў, адзін залез у падвал Дома піянераў, страляў. У падвал кінулі некалькі гранат. Нягледзячы на ачапленне, яму ўдалося выслізнуць».

Купрэеў дапускаў непрыхільныя выказванні пра яўрэяў, абвінавачваючы іх у баязлівасці: побытавы антысемітызм уласцівы большасці аўтараў дзённікаў з Усходняй Беларусі. У той жа час асоба юнака была прадуктам савецкага выхавання і рускай культуры. Рыхтуючыся да сыходу ў партызаны, Купрэеў адзначае: «У адборы рэчаў патрэбна прадуманасць. Не хацелася развітвацца з Фетам. Лермантава ўсё ж такі захапіў з сабой».

Аўтар дзённіка піша: «Я хацеў змяніць рускую мову тваю [дзённіка] на беларускую, родную, але ў сувязі з тым, што зараз разам з германскім нашэсцем у Беларусь вярнулася ўсё нацдэмаўскае здрадніцкае ахвосце, якое выганяе рускую мову з ужытку… [далей частка тэксту, на жаль, страчаная]», — аўтар вырашыў, што працягне дзённік па-руску.

Апошнія запісы прысвечаныя стварэнню і нядоўгай баявой дзейнасці падпольнай арганізацыі ў Зборску. Абрываецца дзённік увесну 1942 года: падпольшчыкаў выкрылі, а Іван Купрэеў загінуў.

«Нашы вашых пераловяць»

Васіль Корж, народжаны ў 1899 годзе ў вёсцы Хорастава на Старобіншчыне, на момант пачатку нямецка-савецкай вайны быў вядомы як удзельнік партызанскага руху ў Заходняй Беларусі ў 1921—1925 гадах і грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў 1936—1939-х. У ліпені 1941-га ён зрабіўся камандзірам аднаго з першых партызанскіх атрадаў на Палессі.

Для запісаў Корж выкарыстоўваў нататнік у скураной вокладцы з металічным замком і надпісам Tagebuch, здабыты ў якасці трафея. Дзённік распачынаецца запісам пра баі падчас абароны Пінска (запіс ад 4 ліпеня 1941 года). Вартыя ўвагі першыя назіранні за немцамі: як яны прызначаюць старастаў з ліку мясцовых жыхароў, раздаюць бясплатна соль, хаваюць забітых партызанамі салдат: «Пахаванні, адзначаюць, былі вельмі добрыя, з папом. Немцы казалі… мы хутка прывязём сваіх партызанаў з Заходняй, яны вашых пераловяць».

Васіль Корж быў праўдарубам і, пасля таго як у 1938-м вытрымаў месяц у турме НКВД ды так і не «сознался» ў шпіянажы на Польшчу, нічога не баяўся. Фота: warheroes.ru.

Корж занатоўвае таксама думкі людзей пра савецкую рэчаіснасць.

Вось селянін з Заходняй Беларусі кажа пра сваё бачанне становішча ва Усходняй Беларусі: «Там, дзе былі бальшавікі, не засталося ніводнага мужыка, каля мяжы ўсіх пабілі. Хіба гэта ўлада? Так, гаворыць, робіць цяпер Гітлер, расстрэльвае людзей ні за што. Гэта, кажа, не ўлада, калі яна знішчае ні за што сваіх людзей».

Вось у вёсцы Залючыцы Жыткавіцкага раёна партызаны не бачаць ніводнага мужчыны. Пытаюцца ў жанчын. Тыя расказваюць, што ўсіх мужчын «забралі гадоў з 5—3 таму».

Піша Корж і пра ўласнае стаўленне да сталінскіх рэпрэсій: «Я прыйшоў да пераканання, што столькі праціўнікаў савецкай улады не было і не магло быць, інакш яна не трымалася б і не мела такіх поспехаў». Прычынай жа рэпрэсій ён называе шпіёнаманію і недавер.

Атраду Каржа даводзіцца сутыкацца з калабарантамі: солтысамі, бурмістрамі і паліцэйскімі. Іх лёс вырашаецца ў залежнасці ад сітуацыі: часта паліцэйскіх, якія яшчэ не паспелі актыўна ўзяцца за справу, проста раззбройваюць. У мястэчку Пагост бургамістр быў нават узяты ў атрад, бо аказаў партызанскай групе дапамогу (запіс ад 18 мая 1942 года). Але найбольш актыўных памагатых нацыстаў чакала смерць: ляснік, які выдаў партызан немцам, што зладзілі на іх засаду, на загад камандзіра быў утоплены ў рацэ (запіс ад 23 мая 1942 года).

«Прывезлі 16 парсюкоў»

Канстанцін Казакоў нарадзіўся ў 1918 годзе. Падчас акупацыі, хоць зусім юны, ён быў камандзірам партызанскага атрада імя Суворава брыгады «Савецкая Беларусь» Брэсцкай вобласці. Пра ягонае даваеннае жыццё вядома няшмат: Казакоў служыў пагранічнікам і ў 1941-м трапіў у акружэнне. Пры перавозцы з Менска ў Германію пад Беластокам ён здолеў уцячы.

Канстанцін Казакоў стаў камандзірам партызанскага атрада ў 23 гады. Фота: nikolajkalko.blogspot.com.

Партызаны ў ваколіцах Белавежскай пушчы не заўсёды маглі спадзявацца на падтрымку мясцовых людзей — так, напрыклад, было ў роднай вёсцы каталіцкага святара і палітыка Вінцэнта Гадлеўскага, што ў цяперашнім Свіслацкім раёне: «Народ у большасці ў вёсцы Шурычы настроены супраць партызанаў. Пры з’яўленні ў вёсцы [партызанаў] антысавецкія элементы выбягаюць з хат на вуліцу і падымаюць свіст, крык, звон і ўцякаюць у пастарунак заяўляць немцам пра з’яўленне партызанаў» (запіс ад 24 чэрвеня 1943 года).

Магчыма, людзі проста баяліся партызанскіх дыверсій, якія спрычынялі нямецкія рэпрэсіі. Напрыклад, 11 ліпеня 1943 года ў 2.30 уначы атрад Казакова здзейсніў выбух на чыгуначным палатне на перагоне Чаромха — Гайнаўка каля Арэшкава, а ўжо ў 8.00 уранку немцы спалілі недалёкую вёску Клепачы разам з насельніцтвам.

Немцаў вяскоўцы таксама ненавідзелі — толькі абіралі пасіўныя спосабы супраціву, сабатаж: «У мястэчку Хомск сяляне разбіраюць усе хаты, прыдатныя для размяшчэння нямецкіх гарнізонаў» (запіс ад 9 лістапада 1943 года).

Камандзір атрада імкнуўся з мясцовым насельніцтвам сябраваць, але часам для падтрымання дысцыпліны і караў: «Арыштаваў і пасадзіў на суткі селяніна за тое, што мяняў з партызанамі гарэлку на сала» (запіс ад 24 сакавіка 1944 года).

Актуальнымі заставаліся праблемы марадзёрства і непрыстойных паводзін: «Прыбыў з задання кам. аддзялення Гамошкін. Задання не выканаў. Спачатку займаўся п’янкай і […] з жанчынамі. За невыкананне задання і п’янку т. Гамошкіна раззброіць і ўключыць у штрафную роту па падрыве чыгуначнага палатна» (запіс ад 1 мая 1944 года).

Аўтарам дзённіка шмат увагі нададзена апісанню побыту ў атрадзе. Частка партызан у складзе дыверсійных груп выходзіла на баявое заданне, частка — займалася пошукам зброі і пажывы. У вольны час партызаны любілі збірацца ля вогнішча, спявалі, танчылі: «Прывезлі 16 парсюкоў, каля 60 булак хлеба і каля 3-х пудоў солі.

Увечары ля вогнішча спявалі песні: «Степь да степь кругом», «Волочаевские дни», «Ермак». Душой усяго гэтага з’яўляюцца Баланец, Карповіч. П. Баланец не расстаецца з гітарай. Ён вельмі часта марыць: вось бы паслухаць Бетховена, яго якую-небудзь санату» (запіс ад 31 ліпеня 1943 года).

З забеспячэннем зброяй і боепрыпасамі сітуацыя часам была цяжкай: «Толу ў атрадзе няма ані грама, патронаў таксама няма, і баявых спраў чыніць няма чым» (запіс ад 3 чэрвеня 1944 года).

Заключныя старонкі дзённіка прысвечаныя вылету Казакова на лячэнне ў савецкі тыл 17 чэрвеня 1944 года і ягоным першым дням на вольнай ад гітлераўцаў тэрыторыі. У тыле ён нудзіўся, бо за вайну ўжо зусім адвык ад спакойнага жыцця: «Знаходжуся ў нашых хлопцаў на базе ўзбраення і боепрыпасаў нашай вобласці. Без звычкі вельмі сумна»; «Нуда жудасная, ходзіш без справы, як дурань»; «Сёння ў 17.00 мяне паклалі ў шпіталь у г. Гомель. Жудасна сумна» (запісы адпаведна ад 19, 20 і 29 чэрвеня 1944 года).

16 ліпеня 1944 года атрад імя Суворава злучыўся з часткамі Чырвонай арміі, і неўзабаве камандзір наведаў сваіх байцоў. У запісе ад 28 ліпеня, дня вызвалення Брэста, Казакоў занатаваў, што атрымаў накіраванне на пасаду загадчыка брэсцкага раённага зямельнага аддзела. Дзённік заканчваецца аптымістычным запісам, які выразна кантрастуе з тонам усяго папярэдняга тэксту: «Праца закіпела… Катаюся на кані».

Казакоў знойдзе сябе ў мірным жыцці. Ён стане дырэктарам і выкладчыкам розных устаноў адукацыі ў Пінску.

Антон Рудак

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930