Найти
14.12.2019 / 09:5414РусŁacБел

«Мужики рыдают, а мы нет». Чем шляхта от мужиков отличается?

Память о белорусском шляхетстве не исчезла до сих пор. Даже люди, рожденные во второй половине ХХ века, не говоря о стариках, свидетельствуют одно и то же: «У нас была деревня, там шляхта жила, они резко от всех отличались, даже языком», «Это совершенно другая культура». Какими же они были, шляхтичи и шляхтянки ХХ века? Рассказывает писательница Татьяна Борисик, которая успела увидеть последнее поколение нашей шляхты собственными глазами.

Ліштвы і вінаград у шляхецкай хаце.

— Што лежыцё? Не сварыцеся! Наеліся зямлі? Усяго вам хапае? І ты ціха ляжыш, і ты… — гэтак, прыйшоўшы на кладбішчы, некалі вітала сваіх продкаў і аднавяскоўцаў адна мая штукаватая суседка, таксама ўжо нябожчыца. Яны сапраўды ляжалі ціха. Ды і пры жыцці пра іх нідзе асабліва было не чуваць.

Дробную шляхту пахавалі задоўга да яе фізічнага скону. Чалавек, які не сутыкнуўся з яе нашчадкамі ва ўласным жыцці, лічыў, што гэты немалы слой колішняга грамадства канчаткова згінуў калі не ў 1864-м, дык у 1917-м дакладна. Такіх вёсак, засценкаў існавала па некалькі ў кожным сельсавеце, але пра іх гісторыю, асаблівасці побыту нідзе не пісалі, не распавядалі ані ў друку, ані на ўроках, ані ў размовах на людзях. Спярша было небяспечна, потым неяк не прынята, пасля мо ўжо і хацелі б распавесці, але толкам нічога не ведалі.

Мне пашчасціла правесці ладную частку дзяцінства і маладосці сярод апошняга пакалення дробнай шляхты: ля бабулі, яе аднавяскоўцаў, суседзяў, сяброў, жыхароў вёсак Круглоніва, або Кругланіва (некаторыя вымаўлялі гэтак), і суседніх Фартунаў Бабруйскага раёна. Яны ўмелі распавядаць, а мне хацелася слухаць і назіраць.

 

Таццяна Барысік. Гэту шафу ў Першую сусветную яе сям'я абмяняла на хлеб.

Шляхецкія хаты

Якімі ж былі яны, апошнія шляхціцы і шляхцянкі ХХ стагоддзя?

Найперш заможнымі і гаспадарлівымі. Зразумела, што лёс складаўся па-рознаму, але сярэдні ўзровень дабрабыту быў усё ж вышэйшы, як у суседніх сёлах. Амаль усе хаты былі вялікімі, з печкамі цаглянымі ад самай падлогі, высокай столлю, ліштвамі, аканіцамі, з драўляным мостам нават у сенцах, з чатырохскатнымі, крытымі гонтаю стрэхамі. Хлявы, ток, варывенькі і свірны ўрослыя ў зямлю ад часу, збудаваныя з тоўстых бярвёнаў. Гаспадарчыя пабудовы звычайна аддзеленыя ад чалавечага жытла, адгароджаныя плотам і месцяцца за хатай.

На шляхецкім гарышчы.

Бабуля з дзядулем пасля вайны збудавалі новую хату наогул цераз вуліцу ад хлява, свінуха і курасадні. Сады, гародчыкі пад вокнамі хат з кветкамі, кустоўем парэчак і агрэсту. Вялізныя смароднікі — з’ява другой паловы ХХ стагоддзя. Ягады з іх, як тыя агуркі ў Шклове, абіралі па два тыдні, пасля прадавалі ў горадзе, здавалі перакупшчыкам, пры патрэбе выкарыстоўвалі як дробны хабар доктару ці супрацоўніку якой канторы.

Лапці

Уражвалі мяне таксама старыя фотаздымкі на сценах. У нас былі нават партрэты бабулі і яе бацькі, намаляваныя дзядулем. Па фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя немагчыма дакладна вызначыць, хто на іх — вяскоўцы, местачкоўцы, гараджане. Ніякіх світак, вышываных фартухоў, спалоханых позіркаў з-пад насунутых на лоб хустак. Нават замужнія, сталыя ўжо кабеты не фатаграфаваліся ў хустках, пра дзяўчат няма чаго і казаць! Косы, валасы скручаныя на патыліцы ці роўна падрэзаныя па плечы, нават з моднаю грыўкаю, аздобленай бліскучымі зажымамі.

Бабуля Аляксандра Клімовіч, яе муж, дзядуля аўтаркі — Палавінка Гурый, яе маці, прабаба Марыя Клімовіч. 1940 год.

Ніхто не ў лапцях. Лапці — гэта тое, чым заўжды папракалі дробную шляхту. Бабуля ўжо не памятала, каб з іхняй сям’і хто ў іх хадзіў. Хадзілі басанож, у ботах, балетках, чаравіках і шлэпах.

Апошнія шляхцюкі і шляхцянкі засталіся гэткімі ж, як іхнія бацькі і дзяды. Ля хаты малыя ўнукі маглі бегаць басанож, але, ідучы ў чужы двор ці суседнюю вёску, чулі загад: «Абуйце хоць шлэпы якія, а то скажуць — у іх на ногі нічога няма!». У маладосці ніводзін мой ад’езд з вёскі ў Магілёў не абышоўся без бабулінага: «Пакажы, як ты ўстроілася» — і далейшых ухвальных каментароў. Як былі апранутыя дзеці і ўнукі суседзяў, таксама заўважалася і абмяркоўвалася. Старыя і самі заўжды любілі прыбрацца ці, інакш кажучы, устроіцца (ад слова «строй»), ідучы ў людзі ці якую бяседу. Але харошае адзенне шкадавалі, баючыся памазаць, дома — і так «добра будзе».

Людзі пісьма

Бабуля казала, што яе бацькі, 1887 і 1902 гадоў нараджэння, умелі чытаць і пісаць. Прабаба нават адвучылася ў школе чатыры гады, а пасля яе бацька, мой прапрадзед, сказаў: «Хопіць навукі». Ёй было наканавана ўзяць прымака ў хату, застацца пры бацьках працаваць на гаспадарцы. Але надышлі іншыя часы.

Прадзед Мікалай Клімовіч з жонкай Марыяй і сястрою. 1919—1920 гады.

Ужо ў 30-я сваіх унукаў, маю бабулю і яе братоў, прадзед вучыў, нягледзячы на тое, што засталіся сіротамі. Параіў унучцы пакінуць дашкольнае аддзяленне педтэхнікума і перайсці на рабфак, а пасля ў настаўніцкі інстытут, бо «дашкольнікі — не пачотна». Дакараў, калі выклікі з медыцынскага і настаўніцкага інстытутаў доўга ішлі, вырашыўшы, што ўнукі не паступілі.

Пазней высветлілася: дасланыя выклікі скрала мясцовая паштарка з крыўды, бо ці то яе сын, ці то брат таксама некуды паступаў, але, у адрозненне ад сірот-аднавяскоўцаў, не паступіў.

Вучыцца хацелася многім.

Мова і імёны

У Круглоніве даўней жылі праваслаўныя, большая частка Фартунаў лічылася каталікамі. Фартунскія каталікі ХХ стагоддзя, паводле бабуліных словаў, адрозніваліся тым, што па памерлых правілі трыццаць дзён, а не сорак. У Фартунах жылі не толькі Алесі ды Марыі, але і Адальфіны, Міхаліны, Гвідоны, Франусі ды Леакадзіі, некаторыя нават палякамі сябе лічылі. Але і праваслаўныя, і каталікі цалкам маглі быць нашчадкамі ўніятаў. Бо пасля скасавання ўніяцкай царквы вернікаў гвалтам пераводзілі ў праваслаўе. А ў 1905 годзе расійскія ўлады дазволілі пераходзіць з праваслаўя ў іншае веравызнанне, і некаторыя колішнія ўніяты, некалі гвалтам загнаныя ў праваслаўе, ішлі ў каталіцтва.

Беручы шлюб, звярталі ўвагу не на веравызнанне, а на пасаг і паходжанне. Міжканфесійных шлюбаў, тым больш у ХХ стагоддзі, было багата. Аднак некаторыя нашыя сучаснікі перакананыя, што шляхцюкі вызнавалі толькі каталіцтва, на поўным сур’ёзе прамаўляюць «Шляхта не працуе», распавядаюць показку пра шляхціца, што ў воз гною шаблю ўтыркаў. Што тут дзівіцца? Старое пакаленне адышло, архіўныя дакументы ці навуковыя працы — справа ўсё ж такі спецыялістаў. У навучальных праграмах і ў інтэрнэце прасцей знайсці інфармацыю пра буйных магнатаў часоў Рэчы Паспалітай, чым пра штодзённы побыт дробнай шляхты пазнейшага часу.

А вось розніца ў мове паміж колішнім засценкам і сялом з адлегласцю ў адзін-два кіламетры — не міф. Ды нават і ў канцы ХХ стагоддзя, услухаўшыся ў мясцовыя гаворкі, гэтага хіба глухі не пачуў бы. Розніцу ў вымаўленні між сваім і суседнім паселішчам шляхцюкі звычайна тлумачылі іхнім мужыцкім паходжаннем. Пісьменніца Алена Васілевіч у аповесці «Расці, Ганька» так пісала пра родную Случчыну, супрацьпастаўляючы «мужыцкае» мястэчка свайму шляхецкаму засценку: «У Паўстыні наогул усе гавораць смешна — «сакаюць» (бо, вядома, мужыкі). І кажуць не «яшчэ», а «шчэ», і боты завуць чобатамі, а світку — халацікам…»

Ведама, мужыкі

«Конь з валом не часаўся, а шляхціч з мужыком не знаўся». Людзі доўга памяталі, хто яны і адкуль. Недзе на мяжы 70-х і 80-х адна фартунская бабка не пайшла на ўнукава вяселле, бо той «мужычку ўзяў». Дзядок- аднавясковец, праціраючы чарачку, прыгаворваў: «Паводле нашага шляхетнага звычаю». Выпадкі, калі ў сварцы адна суседка другую мужычкаю абзывала, неаднаразова здараліся нават і ў 90-я. Дазнаўшыся пра гвалт з ахвярамі ў «мужыцкай вёсцы» ці пасёлку, старыя доўга разважалі над навіною, а пасля рабілі выснову: «Ведама, мужыкі».

Аднойчы, надта ўсердзіўшыся на суседку праз вуліцу, з якой на той час яна была ў стане халоднай вайны, бабуля ў размове са мною прамовіла: «Вера — мужык». Тая сапраўды раней жыла недзе на пасёлках непадалёк, а хату праз вуліцу купіла ўжо пасля.

Практычнасць і павага да асабістага

Нашчадкі дробнай шляхты ў ХХ стагоддзі, гэтак жа як іхнія бацькі і дзяды, жылі з земляробства ў аддаленай вёсцы, але азначэнне «простыя людзі» падыходзіла ім менш за ўсё. Не магу ўявіць, каб, закалоўшы свінчо, яны гулялі ўсёй вёскаю за адным сталом ці разносілі свежыну па хатах. Каб на людзях за бяседным сталом мацюкаліся ўголас ці пад гармонік спявалі непрыстойныя прыпеўкі. Называлі старэйшых за сябе памяншальнымі імёнамі, а гасцей частавалі сырымі яйкамі і ўчорашнім супам, у якім лыжка стаіць. Каб зранку пасварыліся-пабіліся, а ў абед ужо памірыліся-абняліся і разам сто грамаў выпілі. Такога ў нас я не чула, не бачыла. Светапогляд і ментальнасць былі прасякнутыя павагаю да ўсяго асабістага, не толькі свайго, але і чужога: асабістай прасторы і чалавечай годнасці, уласнай маёмасці і працы.

Практычнасць, ашчаднасць, уменне абыходзіцца з грашыма заўжды шанавалі. Яшчэ прапрадзедава «Скупы — не дурны» гучала штодня. Аднавяскоўца прадражнілі Дудкаю. Чаму Дудкаю? «Бо ўсё прасвішча!»

Цягацца па чужых сядзібах, аказваючы дробныя паслугі, замест таго, каб пільнавацца свайго двара і рабіць сваю работу, мог хіба толькі пітушчы або блазнаваты. Ніхто дарэмна працаваць на чужых людзей не будзе, за ўсякую падмогу, паслугу ці рэч трэба заплаціць або ўдружыць у адказ.

Талака наогул у маладосці падавалася мне прыдумкаю фалькларыстаў. Ніколі не чула ад старых, каб некаму такім чынам будавалі новую хату. Затое чула пра шкляныя бутэлькі, якія незадаволеныя аплатаю цесляры ды муляры замуроўвалі ў кутах хаты. Пасадка ці капанне бульбы гуртам таксама ніколі не былі талакою: патрабавалі і грашовага разліку, і не абы-якога застолля са страў, якія гаспадары наўмысна ашчаджалі для такіх выпадкаў.

Не хвалі сябе сам, няхай людзі пахваляць — гэта таксама не пра шляхту. Ім пасаваў выраз «Я ж не абы-што!». У гэтым быў перакананы кожны, мала таго, імкнуўся давесці гэта суседзям, выглядаць трохі багацейшым і шчаслівейшым, чым быў насамрэч. Усякая праўдзівая ці ўяўная ганьба накшталт здохлага цяляці, беспрацоўя ўнукаў ці разводу дзяцей хавалася ад старонніх вачэй. Але вось калі ўжо ў хаце два халадзільнікі стаяць ці сын машыну купіў — пра гэта мусілі ведаць усе. Пахваліцца і паказаць сябе яны любілі. Аднак празмерная, хлуслівая ці занадта навязлівая пахвальба таксама асуджалася. Выслухоўваючы такое ад іншых, шляхцюкі пасміхаліся, а прышкрэбаўшы дадому, казалі родзічам:

«Чым большае гаўно — тым больш сябе ставіць».

Беднае застолле з любой нагоды ганьбіла гаспадара. Бяседа патрабавала паважнага стаўлення да госця. Людзей трэба прыняць. Людзі глядзяць па стале, а не па вуглох. Госцю з далёкага краю, чаканаму ці неспадзяванаму, выставяць на стол усё найлепшае, запросяць да стала аднавяскоўца, які завітаў выпадкова, загадаўшы маладзейшым: «Падай цёці стула». Але наўмысна ісці на бяседу, калі цябе туды не запрасілі або запрасілі, ды не так, як трэба, тым больш і валачы з сабою радню, было не прынята. «Па малако сёння не едзь, бо Ілля — у іх кірмаш — і свае госці», — адгаворвала бабуля ад паездкі ў суседнія Дворышчы.

Паданні і забабоны

Мясцовыя сямейныя гісторыі і паданні таксама мелі адмысловую скіраванасць. Часцей пра тое, як «была ў нас залатая пяцёрка ці дзясятка», «як я малы ў печы керанкі паліў», «як дзядзька Петра старую хату разбіраў, а зверху гаршчок з золатам зваліўся, дык ён усім дзецям машыны пакупляў». Пэўна, не было ніводнага ўнука, які б у маленстве не спрабаваў адшукаць скарб на дзедавай сядзібе. Старыя адно пасміхаліся: яны дакладна ведалі, куды колішняе багацце падзелася. Але ж хіба дрэнна, калі ўнукі лішні раз гарод ці смароднік перакапаюць?

Показак пра чарцей і злога пана не было, але гэта кампенсавалася расповедамі пра разнастайныя ведзьміны чары і іх наступствы: чорны пясок на парозе, жменьку клубніц у мяшочку, знойдзеных у садзе напярэдадні смерці гаспадара. Амаль усе бабулі незалежна ад адукацыі ці веравызнання ведалі замовы і забабоны на любы выпадак жыцця. З’язджаючы ў дарогу, трэба было перакуліць вілкі ля печы і тройчы прамовіць «Шчаслівага пуці», каб знайсці згубленую рэч — утыркнуць нож у вушак дзвярэй.

«Гэта ж трэба — за лапату ўзяўся, бацьку роднаму магілу капаць!»

У вёсцы святкавалі Вялікдзень і Каляды. У святыя вечары нельга было нічога рабіць, пад асаблівай забаронай — вязанне і шыццё. Калі зашываць нешта ўсё ж такі давялося — тады неабходна было на Хрышчэнне зрабіць некалькі швоў на тканіне і спаліць яе. Верылі, што, пахадзіўшы ў каляднай чарадзе, перакупляеш у бога жывёлу і яна хварэць не будзе.

А вось наконт Купалля… У Круглоніве Купалле было проста адным з царкоўных святаў. Згодна з народнымі звычаямі яго не святкавалі. Бабуля, з якой гаварылі пра ўсё на свеце, ніколі не ўспамінала ані вогнішча, ані вянкоў на Купалле, адзінае зазначала: «Папараць — не цвіце, бо размнажаецца спорамі».

Што наконт вяселляў у вёсцы — дык я ўжо іх не паспела пабачыць, вакол толькі паміралі. Але старэйшыя згадвалі, што калісьці кожны госць мусіў прынесці з сабою стравы на трох-пяці талерках, нявеста на працягу двух вясельных дзён хадзіла ў шлюбным убранні, ніякіх хустак ёй не завязвалі, вялікая колькасць падушак была прычынай пасватацца да дзеўкі. Бацькі прыгадвалі, як падчас іх вяселля «лавілі зайца»: аднавяскоўцы не проста перагарадзілі шлях, а пад вярбою паставілі стол, накрыты белым абрусам, спярша дасталі сваю пляшку гарэлкі і толькі пасля запатрабавалі ў вясельнай дружыны паставіць пляшкі на ўсе чатыры вуглы.

Пра пахаванні я і мае аднагодкі ўжо ў маладосці і дзяцінстве ведалі куды больш. У нашых мясцінах грунтоўна клапаціліся пра годны адыход у лепшы свет. Рыхтавалі тканіну і дошкі на труну, збіралі грошы, гналі сваю гарэлку і запасілі куплёную. Хацелі, каб і стол па іх справілі багаты, і пахавалі па тутэйшых законах, і людзі не абгаворвалі, кажучы: «Рабіў, рабіў — а лапы склаў і пахавалі як сабаку». Здаралася, што, падрыхтаваўшыся як след, жылі на зямлі па 20—25 гадоў. Самагон, гнаны на смерць, вычыхваўся, а знаёмы цясляр, што ўмеў рабіць труны, слеп ці паміраў.

Пахавальны абрад істотна адрозніваўся ад навакольных сёлаў. Першае, што казала бабуля: «Мужыкі галосяць, а мы не. Як завядуць на кладбішчы, дык ажно на вуліцы чуваць». «Перажываем гора моўчкі. Як па чарзе галосяць, дык часам жаласна, часам смешна», — гэтак каментавалі землякі і аднавяскоўцы.

«У нас такі закон, — вучыла мяне бабуля, — свае не мыюць, свае не капаюць, свае не выносяць. Калі хочаш каго з другой дзярэўні на сталы пазваць, трэба на кладбішчах падысці і сказаць».

Сваякі нябожчыкаў, каторыя ці то наўмысна, ці то па няведанні парушалі нешта, — асуджаліся горш чым якія зладзеі ці п’яніцы. «Гэта ж трэба — за лапату ўзяўся, бацьку роднаму магілу капаць! Добра, што тады яго з нашай пляменніцай не пазнаёмілі!»

На жалобны стол ніхто не ішоў з пустымі рукамі — абавязкова меў далікатна закручаную ў газету пляшку крамнай ці сваёй. Калі ішлі ўдвох — прыносілі і нешта з закускі. Нягледзячы на тое, што звычайна ў спіртным недахвату не было, паводзілі сябе на такіх бяседах вельмі прыстойна. Любыя спевы падчас пахавання і памінання забараняліся. «Спяваў на жалобным стале» — гэта як прысуд. Гэткім чынам узгадвалі аднаго такога «спевака» нават праз 20 гадоў пасля ягонай смерці.

Жанчыны з нябожчыкавай сям’і, асабліва выходзячы на людзі, і ў ХХІ стагоддзі павінны былі завязваць чорныя хусткі. На саракавіны і гадавіны запрашалі словамі: «Просім на жалобны стол», і кожнага асабіста. Запрашэнне, перададзенае праз кагосьці, лічылі непавагаю і маглі не пайсці зусім, нягледзячы на жаданне добра пад’есці і выпіць. Старым, каторыя ўжо не маглі хадзіць, абавязкова перадавалі трохі ежы на сподачку з жалобнага стала. Раніцай наступнага дня пасля пахавання, на Радаўніцу налівалі гарэлку ў чарачку для нябожчыкаў, клалі ежу, але самі на могілках не елі.

Бабуля

Мая бабуля Аляксандра Мікалаеўна Клімовіч, 1920 года нараджэння, працавала настаўніцай біялогіі і хіміі, пайшла замуж перад вайною. Перацягнула на бацькаўшчыну мужа і пражыла ўсё жыццё, дзе нарадзілася. Дзявочае прозвішча яна захавала, гэтак жа як і сядзібу, і амаль усё нажытае продкамі. Усё, апроч залатой пяцёркі і вянчальных пярсцёнкаў сваіх бацькоў. Спярша, патрабуючы тую пяцёрку, яе ставілі да сценкі партызаны. Аднак яна пажалілася нейкай сваячцы камандзіра атрада. Тая прысароміла словамі: «Яны ж сіроты. У яе муж на фронце». Нарабаванае кінулі на стол з папрокам: «На! Не паспелі зброю купіць!»

Бабуля Аляксандра Клімовіч. 1939 год.

Пазней бабуля аддала сама і пяцёрку, і пярсцёнкі меншаму брату Костусю, калі таго забралі ўжо немцы, спадзеючыся, што брат зможа адкупіцца. Але цуду не адбылося: некаторыя знаёмыя, забраныя разам з ім, павярталіся, а Костусь — не. Бабуля казала, што, каб тады зрабіла іначай, — дакарала б сябе ўсё жыццё. У старасці яна дужа журылася, што няма родных братоў побач з ёй.

Цудоўна разбіралася ў сваяцкіх сувязях, прыгадвала жывых і памерлых ажно да чацвёртай стрэчы і з сумам прамаўляла: «Звялося наша вялікае кодла». Гэтак жа, як і яе дзед, была працавітай, ашчаднай, умела за сябе пастаяць.

Раіла мне спяваць, як на душы кепска, і суцяшала словамі: «У Бога дзён многа».

Тлумачыла мне малой, што зваць яе можна Шурай, Сашай або Алесяй. Ішла праз вуліцу, замест кіёчкаў абапіраючыся на матыкі, каб думалі, што не хварэе, а рабіць ідзе. Я да сёння часам гляджу на свет яе вачыма. Бабулі на свеце няма ўжо пятнаццаць год.

Ад прапрадзеда да бабулі і дзядулі — усе мае продкі пахаваныя на вясковых могілках разам з раднёю і землякамі. Я ім нават зайздрошчу, калі чую пра сучасныя гатункі яблыняў, што родзяць толькі пяць-шэсць гадоў, ці бачу гарадскія могілкі, падобныя да спальных раёнаў.

Клімовічы, Леановічы, Туркі, Глебкі, Замбжыцкія, Шыкеры, Кожычы, Грыбоўскія і Сцепановічы ляжаць непадалёк ад сваіх спусцелых сядзібаў, побач з тымі, з кім жылі, працавалі, сварыліся за зямлю і гулялі на бяседах. Успаміны маёй маладосці — толькі слабое водгулле спрадвечнай спадчыны, іхніх словаў і лёсаў. І як па мне, дык без іх і Беларусь — не Беларусь.

Татьяна Борисик

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930