Найти
16.11.2019 / 11:39РусŁacБел

Сигналом к бунту была тарелка со студнем

Фотография Борисовского тюремного замка (на заднем плане). 1910-е годы. Фото из частной коллекции Вл. Лиходедова.

Борисовская тюрьма была перестроена из старого замка. В ней и произошло одно из самых страшных происшествий в истории города, пишет архивист Дмитрий Кишкилевич.

16 кастрычніка 1911 года. Нядзеля, 6-я гадзіна раніцы. У Барысаўскім турэмным замку пачаўся чарговы дзень. Гучным басам малодшыя наглядчыкі пабудзілі арыштантаў. Сны пра волю канчаюцца, на пад’ём даецца некалькі хвілін.

Большасць арыштантаў маюць моцнае жаданне, каб іх выпусцілі ў прыбіральню. Бляшанае вядро, ці «параша», што стаіць у камерах, запаўняецца вельмі хутка. На паверсе ёсць два пакоі для спраўлення фізічных патрэб. Таму арыштантаў з кожнай камеры па чарзе выпускаюць на калідор у прыбіральні. Акрамя гэтага, трэба аднесці свой матрац з пасцеллю ў «матрацную». Дзесяць хвілін, якія адведзеныя на выкананне ўсяго гэтага, — вялікае выпрабаванне для навічкоў.

А 8-й у камеры прыносяць сняданак: чай ды прасяную кашу. Таксама выдаюць 800 грамаў хлеба на цэлы дзень.

А 14-й — час спатканняў са сваякамі. У вязня ёсць паўгадзіны, каб даведацца апошнія навіны з «вялікай зямлі» ды атрымаць перадачы: свежую бялізну і хатнюю ежу.

Крык

У той дзень начальнік турмы Міхаіл Парамонаў выехаў па справах у губернскі Мінск, таму атмасфера была разняволеная. На турэмным двары размаўляюць ды смяюцца наглядчыкі. Сярод іх 55-гадовы Іосіф Аўчук, які неўзабаве ідзе выконваць абавязкі на другі паверх. Яму дапамагае Герасім Іванькоў.

А 16-й гадзіне старшы наглядчык турмы Ігнат Кручынскі зайшоў ва ўнутраны двор, правяраючы працу падначаленых. У гэты момант цішыню скалануў жахлівы крык. А ўслед за ім прагучаў і сігнал трывогі.

Кручынскі хутка падняўся на другі паверх, адкуль даносіўся лямант. Уваход на калідор з камерамі зачынены. Старшы наглядчык пагрукаў у тоўстыя драўляныя дзверы. Мітусня ў калідоры сціхла, навісла трывожная цішыня. Зазірнуўшы ў невялікае дзвярное акенца, Кручынскі скалануўся: на яго глядзела дула рэвальвера. Наглядчык кінуўся ўбок, і толькі гэта яго выратавала. Стала зразумела: у турме бунт.

Падыдзі да «ваўчка»

Палова на 18-ю. На месца падзей прыбыў малады, энергічны памочнік барысаўскага спраўніка Дзмітрый Данілаў. Прамінуўшы вартаўнікоў з ружжамі, ён рашуча падышоў да дзвярэй у калідор другога паверха. На іх ужо было шмат скразных слядоў ад куляў.

— Навошта вы гэта робіце? Што вы хочаце? — паспрабаваў наладзіць кантакт з арыштантамі Данілаў.

— Выйсці хочам.

— Што вы зрабілі з наглядчыкамі?

— Схавалі, — смяецца нехта з бунтаўнікоў.

— Кідайце зброю ды адчыніце дзверы! — заклікаў Данілаў. — Будзем размаўляць адносна вашых патрабаванняў.

— Хто гэта кажа? — пытаюцца праз дзверы.

— Памочнік спраўніка Данілаў!

— Не чуем. Падыдзі да «ваўчка» [акенца з кратамі ў дзвярах]!

Не дачакаўшыся адказу, бунтаўнікі зноў пачалі страляць.

— Ты дзе, Данілаў?! — чуецца рогат з-за дзвярэй.

Так скончылася першая спроба перамоў.

Нас тут сорак чалавек!

17 кастрычніка, 1-я гадзіна ночы. Прайшло ўжо 9 гадзін з таго часу, як арыштанты забарыкадаваліся на другім паверсе. Ужо вядома, што актыўнымі ўдзельнікамі і, магчыма, завадатарамі бунту з’яўляюцца катаржнікі з камеры № 3: 31-гадовы Іван Абрамовіч, 20-гадовы Калістрат Косаў і 33-гадовы Канстанцін Сівец. Менавіта яны кантактуюць з аховай. Пра лёсы наглядчыкаў Аўчука ды Іванькова нічога невядома. Іхніх галасоў не чуваць, пытанні пра наглядчыкаў бунтаўнікі ігнаруюць. Вакол турмы выстаўленыя ўзброеныя вартавыя і чальцы канвойнай каманды.

Запіска, схаваная ў хлебным мякішы, якую кінулі з акна арыштанты: «Слушайте, все камеры на замке. Одне которжане где-то в том конце, но мы сами не знаим. Но мы сцым и серым в камеры и просим вас не допустите нас невиных погибнут». Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Неўзабаве на падмогу барысаўскім турэмшчыкам прыехала падмацаванне з губернскага цэнтра. На паўторныя перамовы з бунтаўнікамі выйшаў прыстаў 1-й часткі Мінска Уладзімір Лапцеў, былы начальнік мінскіх сышчыкаў. Ён настойліва ўгаворвае арыштантаў выкінуць зброю праз акно і паразмаўляць пры адчыненых дзвярах.

— Ды нас тут сорак чалавек! — нервова адказаў яму Абрамовіч і ўпершыню выставіў ультыматум: — Калі вы нас не вызваліце, турма будзе знішчана: у нас ёсць бомба!

Пасля таго арыштанты змоўклі і перасталі ісці на кантакт. Пасля доўгіх спрэчак было прынята рашэнне адкласці актыўныя дзеянні да раніцы.

Штурм

А 8-й раніцы да вокнаў калідора з абодвух канцоў паставілі пажарныя драбіны, а на пляцоўцы ля дзвярэй сабраліся паліцэйскія чыны. Памочнікі прыстава Іван Рамашоў і Стафан Будагоўскі, гарадавыя Завальнікаў, Шаблоўскі і вартавы Акуліч апранулі на сябе жалезныя панцыры і ўзялі ў левыя рукі шчыты, а ў правыя — рэвальверы-«наганы». Уладзімір Лапцеў апошні раз прапанаваў бунтаўнікам здацца. У адказ — цішыня.

Панцыры і шчыты, якімі былі ўзброеныя паліцыянты. 1910-я гады. Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Вартавыя залезлі на пажарныя драбіны ля калідорных вокнаў. Праз некалькі секундаў яны па камандзе пачалі абстрэльваць калідор з двух бакоў, прымушаючы арыштантаў схавацца ў камеры. З дапамогай сякер і ламоў паліцэйскія высадзілі зачыненыя дзверы і ўварваліся ў калідор. Сярод раскіданай мэблі, якой арыштанты забарыкадавалі дзверы, ляжаў знявечаны труп наглядчыка Іванькова.

Штурмавая група адкрыла агонь па бунтаўніках. Рамашоў з Завальнікавым абстрэльвалі левы бок калідора. Нязручны шчыт не дазваляў арыентавацца ў прасторы, таму Рамашоў на імгненне высунуў галаву з-за шчыта. І тут жа яму ў правае вока патрапіла куля.

План верхняга паверха Барысаўскага турэмнага замка. Чырвонымі плямамі пазначаныя лужыны крыві. 1911 год. Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Але калег Рамашова гэта не спыніла. Частка паліцэйскіх заняла правы бок калідора і забегла ў камеру № 3, дзе месціліся катаржнікі. Тыя ад адчаю сталі кідаць у паліцыю драўляныя нары. Паліцыя ў адказ страляла па нагах, каб узяць бунтаўнікоў жывымі.

У левай частцы калідора знаходзіліся некалькі гарадавых і начальнік турмы Парамонаў. У дальнім куце Парамонаў пабачыў падазроныя рухі. Ён наблізіўся да матрацнага пакоя і адкрыў агонь па неахайна складзеных матрацах. Катаржнік Храпавіцкі памёр на месцы, а Сівец, які хаваўся разам з ім, атрымаў раненне.

А як толькі Парамонаў апусціў зброю, невядома адкуль выскачыў катаржнік Абрамовіч і стаў цэліць рэвальверам яму ў твар. Начальнік турмы паспеў выбіць пісталет, але катаржнік схапіў яго за шыю і стаў душыць. Завязалася бойка. Абрамовіч перамагаў, але яго спынілі некалькі стрэлаў.

Пасівеў за адну ноч

Штурм і зачыстка паверха занялі ўсяго 15 хвілін. Калі дым ад стрэлаў рассеяўся, адкрылася жудасная карціна: паўсюль была кроў. Забітымі аказаліся два катаржнікі, паліцэйскі Рамашоў і малодшы наглядчык Іванькоў.

Ніякай бомбы на паверсе не знайшлі.

А малодшы наглядчык Іосіф Аўчук, перапужаны, але цэлы, сядзеў ля ганка турмы ды калаціўся. Ад перажытага за адну ноч ён пасівеў.

Расследаванне было даручана следчаму па найважнейшых справах Мінскага акруговага суда Піманаву. Дзякуючы ягонай працы захаваліся падрабязныя паказанні амаль трыццаці сведак, у тым ліку наглядчыка Аўчука. Падчас першых гутарак Аўчук дрыжаў, плакаў ды страчваў прытомнасць. І толькі праз тыдзень змог распавесці падрабязнасці.

Па шыі нажом

Аўчук пачаў дзяжурства на другім паверсе а 15-й. Праз паўтары гадзіны павінен быў прыйсці яго напарнік, каб дапамагчы камерам падрыхтавацца да сну: унесці парашы, матрацы ды ваду. Калі ў прызначаны час наглядчыкі сабраліся па чарзе адчыняць камеры, арыштанты з камеры № 9 пачалі грукаць у дзверы і прасіць, каб іх адчынілі першымі. Іванькоў, пашкадаваўшы іх, вырашыў парушыць звычайны парадак (першай заўсёды адчынялася камера № 16). У гэты час у правым канцы калідора Аўчук адчыніў камеру № 3 і выпускаў арыштантаў-катаржнікаў.

Як толькі з камеры выйшаў апошні катаржнік, пачуўся гучны крык Іванькова: «Ратуйце! Ратуйце!» Аўчук паспеў пабачыць, як група арыштантаў акружае яго напарніка. Тут нехта нацягнуў на галаву Аўчука мяшок, паваліў і пачаў душыць.

— Нож! Хутчэй сюды, дайце нож! — пачуў Аўчук.

Але прагучаў сігнал трывогі, а следам за ім тры стрэлы. Апошні стогн Іванькова — гукі барацьбы сціхлі.

— Усё, прапала наша справа! — пракрычаў вязень Абрамовіч і некалькі разоў стукнуў Аўчука па галаве. — Ляжы ціха!

Ціха наглядчык праляжаў 16 гадзін, звязаны і прыціснуты матрацамі. Ноччу арыштанты здзекаваліся з яго, праводзячы па шыі акрываўленым нажом. Калі на калідор уварваліся паліцэйскія, Аўчук, падняўшы рукі ўгору, закрычаў: «Не забівайце, я наглядчык!» Яго заўважыў ды вывеў адзін з вартавых.

Ідэя з газеты

Сведкі з ліку арыштантаў пацвердзілі паказанні Аўчука, а таксама раскрылі тое, чаго наглядчык ведаць не мог. За пару тыдняў да бунту ў рукі катаржніка Канстанціна Сіўца патрапіла газета з артыкулам пра нейкую расійскую турму. Вязні там забілі наглядчыкаў і ўцяклі.

Артыкул так узрушыў Сіўца і ягоных сукамернікаў, што яны пачалі планаваць уцёкі. Ім дапамагалі арыштанты з камеры № 9: Іосіф Белякоў, Аляксандр Скурат, Іван Буднік. Камеры № 3 і № 9 павінны былі зрабіць усё магчымае, каб у калідор іх выпусцілі разам. Планавалася забіць двух малодшых наглядчыкаў, дачакацца старшага наглядчыка і забіць яго таксама. Потым пераапрануцца ў іх вопратку, адчыніць турэмную браму і выпусціць усіх арыштантаў на волю.

За гадзіну да бунту з дазволу Аўчука Абрамовіч праз сукамерніка перадаў у камеру № 9 падарунак — талерку з халадцом, які далі яму сваякі на спатканні. Гэта быў сігнал.

Нападнікі спадзяваліся на хуткую расправу, але Іванькоў пачаў моцна крычаць і клікаць на дапамогу. Паранены, ён здолеў дапаўзці да дзвярэй і з апошніх сіл пацягнуў за вяроўку трывожнага званка. Правал бунту пасля гэтага быў прадвызначаны. У катаржнікаў хапіла разважлівасці пасля гэтага праявіць «міласэрнасць» і не забіваць другога захопленага наглядчыка.

Малюнак унутранага боку ўваходных дзвярэй на другі паверх турмы. Чырвоным колерам пазначаныя сляды крыві на ручцы трывожнага званка. 1911 год. Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Павешанне

Падчас допытаў падазраваныя сваёй віны не прызналі, блыталіся ў сведчаннях і скідалі ўсю адказнасць на загінулых. Але гэта не дапамагло. Арганізатараў бунту (Сіўца, Косава, Белякова, Скурата) мінскі ваенна-акруговы суд прысудзіў да смяротнага пакарання. Іх павесілі ў двары Мінскага турэмнага замка (зараз тэрыторыя следчага ізалятара № 1 па вуліцы Валадарскага) пад кіраўніцтвам ката Піліпа Ласянка. Астатнія асуджаныя атрымалі па дзесяць гадоў катаржных работ.

Мінскі паліцмайстар (1907—1914 гады) Дзмітрый Аляксандравіч Сакалоў. Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

А жыццё барысаўскай турмы працягвалася. Падчас вайны з палякамі ў 1920 годзе, калі лінія фронту праходзіла па Бярэзіне, сцены і дах турмы былі моцна папсаваныя снарадамі. Потым будынкі аднавілі і выкарыстоўвалі па прызначэнні яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў, у тым ліку і ў часы сталінскіх рэпрэсій. Да нашага часу ад турэмнага замка засталася толькі частка будынка і цаглянай агароджы.

Рэшткі Барысаўскага турэмнага замка. Фота: Olexandr Miniailo.

Дмитрий Кишкилевич

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930