Найти
04.05.2020 / 19:566РусŁacБел

Национальная география. Бершты

Бершты (Щучинский район, Гродненская область). Вид с дрона. Фото Игоря Кулея.

Бершты, Берштовская пуща — это место, где уникальная природная красота сочетается с уникальным историческим наследием. Здесь находился загородный двор великих князей литовских. И здесь сохранилось уникальные памятники совсем другой истории — ХХ века.

Многие провинциальные белорусские активисты первой половины ХХ века до сих пор ждут даже не увековечения своей памяти, а просто открытия собственных имен. А именно эти люди создавали региональные структуры белорусского национального движения, выписывали и распространяли белорусские издания, создавали белорусские школы. Неудача проекта Белорусской Народной Республики предопределила для большинства личную жизненную трагедию, притом по обе стороны границы, проведенной по Рижскому мирному договору. Драматическая судьба братьев Синило из-под Гродно выглядит в этом отношении достаточно типичной. Пишет доктор исторических наук Сергей Токть.

Некалькі гадоў таму адзін мой калега, гарадзенскі гісторык, пасля паездкі ў Вільню падзяліўся сканам дакумента, які ён зрабіў у тамтэйшым архіве. Гэта была анкета для паступлення на пасаду беларускага настаўніка, запоўненая на беларускай мове 2 лютага 1940 года ў літоўскім Каўнасе. На той час у Літву ўжо былі ўведзеныя савецкія войскі, а ў яе складзе знаходзіліся Вільня з Віленскім краем. Запоўніў анкету грамадзянін Літвы, ураджэнец вёскі Бершты Гарадзенскага павета Уладзімір Сініла.

Да таго часу я ўжо выдаў цэлую кнігу пра гэтую вёску, але ўсё адно заставалася нямала неразгаданых таямніц. Да іх ліку належала і гісторыя братоў Аляксандра, Уладзіміра і Юрыя Сінілаў, якія сталі актывістамі беларускага нацыянальнага руху ў сваёй мясцовасці ў 1920-я гады. А гэты падараваны скан анкеты з біяграфічнымі звесткамі яе аўтара акурат дазволіў знайсці адказ і на шэраг пытанняў адносна лёсу ўсёй гэтай сям’і.

Заможныя і адукаваныя

Браты Сінілы не належалі да карэнных берштаўцаў. Іх бацькі, Васіль Сініла і Караліна з Сядлецкіх, паходзілі з мястэчка Краснасток (Ружаны Сток) у Сакольскім павеце Гродзенскай губерні (цяпер гэта Падляшскае ваяводства ў Польшчы). Там, як сведчылі пазнейшыя дакументы польскай паліцыі, у сямейнай пары ў 1891 годзе нарадзіўся старэйшы сын Аляксандр. Другі сын, вышэйзгаданы Уладзімір, нарадзіўся ў маі 1892-га, а месца нараджэння ў анкеце акрэсліў агульна — Гарадзеншчына. Наймалодшы сын, Юрый, прыйшоў на свет у 1903 годзе.

Сям’я Сінілаў не была беднай. Якраз наадварот, яна належала да ліку самых заможных у Берштаўскай воласці. Пра гэта сведчыць наступны факт. Васіль Сініла працаваў аб’ездчыкам у Берштаўскім дзяржаўным лясніцтве. Калі ў 1910 годзе ён памёр, старэйшыя сыны Аляксандр і Уладзімір звярнуліся да ўладаў з просьбай прадаць ім на льготных умовах надзел зямлі ва ўрочышчы Засады непадалёк ад вёскі Бершты, дзе знаходзілася леснічоўка Сінілаў. Васіль з сынамі ачысцілі там ад зараснікаў і пераўтварылі ў ворыва 12 дзесяцін казённай зямлі. Улады вызначылі кошт надзела ў 760 рублёў, што было ў той час для мясцовых сялян вялізнай сумай. Тым не менш зямлю Сінілы набылі, значыць, грошы мелі.

Уладзімір Сініла да таго часу скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і ў 1910-м паступіў на працу малодшым настаўнікам у Берштаўскае двухкласнае народнае вучылішча. У 1914 годзе ён стаў яго кіраўніком. І ў тым жа самым годзе выбухнула Першая сусветная вайна, якая назаўсёды зламала ранейшы свет, асабліва для жыхароў гэтага рэгіёна, якія летам 1915 года мусілі масава выправіцца ў бежанства ўглыб Расіі. Сям’я Сінілаў разам з іншымі сваякамі выехала ў Яраслаўль. Уладзіміра там прызвалі ў войска. Ён скончыў у 1916-м у Маскве Аляксандраўскае вайсковае вучылішча і быў накіраваны ў Бронніцкі пяхотны полк, дзе даслужыўся да чыну штабс-капітана. Cтарэйшы ж брат Аляксандр пазней пісаў, што ў бежанстве працаваў у Яраслаўлі ў земстве, удзельнічаў у правядзенні сельскагаспадарчага перапісу, а таксама вучыўся на таксатарскіх курсах.

Далучэнне да палітыкі

У 1918 годзе Сінілы вярнуліся з рэвалюцыйнай Расіі ў Засады. Уладзімір зноў пачаў настаўнічаць у Берштах, а Аляксандр далучыўся да палітычнага жыцця. Ён уступіў у «Беларуска-Літоўскую арганізацыю» (так абцякальна пра гэта пісалася ў дакументах) і да канца нямецкай акупацыі працаваў па яе заданні ляснічым у Берштаўскім лясніцтве. У гэты час ён удзельнічаў у з’ездзе сялян Гарадзеншчыны. Калі на кароткі час у 1920-м годзе ўсталявалася савецкая ўлада, Аляксандр Сініла ўладкаваўся на працу ў Берштаўскі рэвалюцыйны камітэт, дзе стаў справаводам зямельнага і ляснога аддзела.

Школы ў Берштах была збудаваная на пачатку ХХ стагоддзя, тады гэта было двухкласнае народнае вучылішча. Пазней школа дабудоўвалася пры польскай і савецкай уладах. Фота Ігара Кулея.

Уладзімір таксама пры бальшавіках напісаў заяву ў павятовы аддзел народнай адукацыі з просьбай даць яму працу настаўніка, адзначыўшы, што ўжо выкладаў у 1919-м у Берштаўскай школе беларускую мову, але ў тым жа годзе гэтая школа была зачыненая польскімі ўладамі, а ўсе кнігі і маёмасць канфіскаваныя.

Відаць, у тым ліку і ў святле такога стаўлення да беларусаў з боку польскіх уладаў супрацоўніцтва з бальшавікамі не лічылася тады ў асяроддзі мясцовай беларускай інтэлігенцыі нечым заганным.

У новай айчыне

Пасля канчатковага ўсталявання польскай улады браты Сінілы страцілі магчымасць працаваць па сваіх неземляробчых спецыяльнасцях і жылі толькі з уласнай гаспадаркі. Для беларускай інтэлігенцыі гэта тады была тыповая сітуацыя, бо палякі намагаліся не дапускаць прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў ні ў адукацыйную сферу, ні ў сферу лясной гаспадаркі.

Будынак гміны міжваеннага часу. Дэпутаты гміны (аналаг цяперашняга сельсавета) са свайго небагатага бюджэту пералічвалі штогод 300 злотых на Віленскую беларускую гімназію. Фота Ігара Кулея.

Такая сітуацыя натуральна штурхала пакрыўджаных беларусаў у палітыку. У Берштаўскай гміне ў 1922—1923 гадах актыўна дзейнічала беларуска-літоўская партызанка. Дзясяткі маладых хлопцаў перайшлі літоўска-польскую мяжу і ўступілі ў шэрагі беларускага батальёна, які дыслакаваўся ў мястэчку Мерач. Непасрэдных фактаў пра датычнасць братоў Сінілаў да партызанскага руху пакуль не выяўлена, але сувязі гэтыя, улічваючы папярэднія іх біяграфіі, выключаць нельга. Увосень жа 1922 года, падчас парламенцкіх выбараў, Аляксандр Сініла ўступіў у Беларускі выбарчы камітэт і ўвайшоў у спіс кандыдатаў у Сейм ад Блока нацыянальных меншасцяў па Гродзенскай выбарчай акрузе. У барацьбе за галасы беларускага сялянства гэты блок (больш падрабязна пра яго можна прачытаць у артыкуле Аляксандра Пашкевіча «Як немцы з яўрэямі аб'ядноўвалі славян» у самым першым нумары «Нашай гісторыі» (1/2018)) канкураваў з камуністамі і польскімі нацыянальнымі партыямі левай арыентацыі. Беларускія дзеячы павялі выбарчую кампанію пад лозунгамі: «Хочаш, каб уся тутэйшая зямля дасталася тутэйшаму працоўнаму сялянству? Хочаш школы ў роднай мове? Хочаш, каб уся адміністрацыя была свая, тутэйшая, каб урадоўцамі былі нашы людзі? Хочаш служыць у войску ў сваім родным краю? Хочаш быць гаспадаром на сваёй зямлі, хочаш аўтаноміі нашага краю са сваім Соймам у Вільні?». Такія лозунгі найлепшым чынам адпавядалі амбіцыям такіх вясковых інтэлігентаў, як Сінілы.

Каплічка на падворку ў вёсцы Бершты. Міжваенны час. Фота з калекцыі археолага Юзафа Ядкоўскага.

Дэпутатам Аляксандр Сініла, праўда, не стаў, на ягонае месца ў спісе мандатаў не хапіла. Ад Гродзенскай акругі з беларусаў у Сейм прайшоў вядомы ў той час дзеяч з Гродна Сяргей Баран (Баранаў). Але ён быў непасрэдна звязаны з беларуска-літоўскімі партызанамі, таму ў маі 1923 года стаў адным з абвінавачаных на працэсе над імі ў Беластоку, будучы асуджаным на 6 гадоў турмы. На яго месца ў Сейм павінен быў прыйсці акурат Аляксандр Сініла, аднак улады тут жа абвінавацілі і яго ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Праўда, доказаў ягонай «злачыннай» працы паліцыі сабраць не ўдалося, аднак дэпутацкі мандат ён так і не атрымаў.

Тым часам страціў пасаду настаўніка беларускай школы ў вёсцы Матылі Берштаўскай гміны і брат Аляксандра Уладзімір. Яшчэ ў канцы лютага 1922-га браты Сінілы прапанавалі матыльскім сялянам заснаваць на ўласныя сродкі беларускую школу. І гэта ўдалося зрабіць, хоць Матылі лічыліся самай беднай вёскай у гміне. Вясковы актывіст Клімук Грымута прывёз з Вільні падручнікі на беларускай мове, і Уладзімір Сініла зноў пачаў настаўнічаць. На той час гэта была адна з нямногіх прыватных беларускіх школ на Гарадзеншчыне, і праіснавала яна да вясны 1925 года. Акрамя настаўніцтва, Уладзімір Сініла пісаў вершы, дасылаючы іх у Вільню ў беларускія часопісы, дзе яны друкаваліся пад псеўданімам Уладзімір Сыч.

Калі школу ўсё-такі зачынілі, Уладзімір Сініла, паводле справаздачы мясцовага паліцэйскага каменданта, «пачаў пашыраць агітацыю сярод беларускага насельніцтва, каб жадалі беларускіх школ і навучання дзяцей толькі на беларускай мове, а як былы настаўнік і мясцовы жыхар мае ўплыў на тутэйшых людзей». А 28 красавіка, паводле інфармацыі паліцыі, ён нелегальна эміграваў у Літву.

У сваёй аўтабіяграфіі Сініла згадваў, што пасля пераходу ў Літву арганізаваў у мястэчку Мерач Беларускае культурна-асветнае таварыства. Затым, аднак, ён адышоў ад актыўнай грамадскай працы і пасяліўся з сям’ёй у Коўне. Да 1940 года ў яго ўжо было чацвёра дзяцей.

Разгром

А старэйшы і малодшы браты Уладзіміра Сінілы, Аляксандр і Юрый, засталіся на бацькоўскай гаспадарцы. У гэты час па ўсёй Заходняй Беларусі магутнай хваляй разгарнуўся масавы грамадоўскі рух, які да канца 1926-га ахапіў і большасць вёсак Берштаўскай пушчы. Але браты Сінілы да яго чамусьці не далучыліся. Больш за тое, калі напярэдадні чарговых парламенцкіх выбараў у 1928 годзе дзяржаўныя ўлады пачалі арганізоўваць мясцовыя суполкі праўрадавай арганізацыі Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам (ББСУ), скарбнікам яго гміннага камітэта Берштаў стаў Аляксандр Сініла. Увайшлі ў яго і іншыя мясцовыя беларускія актывісты, у тым ліку і колішні грамадоўскі лідар Мікалай Касцевіч. А адзін з сяброў камітэта, Аляксандр Мілінкевіч, 6 лютага 1928 года нават паслаў віншавальную тэлеграму Юзафу Пілсудскаму ад імя сыноў і ўнукаў паўстанцаў 1863 года. Хутчэй за ўсё, з боку беларускіх актывістаў уваход у праўрадавую арганізацыю быў тактычным крокам, каб ва ўмовах урадавых рэпрэсій захаваць магчымасць легальна займацца беларускай дзейнасцю.

Аляксандр Мілінкевіч, адзін з лідараў беларускага руху ў Берштах, дапамагаў беларускай антыпольскай партызанцы, у 20-х разам з Сінілам ствараў мясцовы Беларускі камітэт, а пазней, з 1927 года — Таварыства беларускай школы. На фота ён са сваёй жонкай Лідзіяй Мілінкевіч, якая працавала настаўніцай у Ліпніках (5 км ад Берштаў), была выпускніцай Дзямідаўскай жаночай гімназіі ў Пецярбурзе, свабодна валодала беларускай, расейскай, польскай, нямецкай, французскай мовамі.

Аднак калі такія надзеі існавалі, то ім не суджана было спраўдзіцца. Рэальнасць была суровая. Калі ў канцы снежня 1929-га Мікалай Касцевіч, які быў войтам гміны, атрымаў ліст з Цэнтральнай управы Таварыства беларускай школы з заклікам актывізаваць беларускую культурна-асветніцкую працу, то мясцовыя актывісты пастанавілі правесці сход у хаце Сінілаў у Засадах. Але паліцыя, даведаўшыся пра гэта, адразу правяла ператрусы з прэвентыўнымі арыштамі.

Сядзіба Мілінкевічаў у Берштах. Фота Ігара Кулея.

А канчатковы ўдар беларускай справе ў Берштаўскай гміне нанёс судовы працэс супраць членаў «шпіёнскай арганізацыі». У пачатку студзеня 1930 года былі арыштаваныя 9 мясцовых жыхароў беларускай і літоўскай нацыянальнасцяў, у тым ліку Аляксандр і Юрый Сінілы. Усіх іх абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Літвы. Падставай для арышту паслужыла тое, што ў канцы снежня 1929-га паліцыя затрымала ў Горадні Юрыя Сінілу. У яго была знойдзена шыфраваная запіска, якая, па звестках паліцыі, нібыта ўтрымлівала інфармацыю для літоўскіх спецслужбаў пра тое, колькі моладзі ў Берштаўскай гміне ўступіла ў шэрагі «Стралецкага саюза» — праўрадавай моладзевай арганізацыі. Паліцыя сцвярджала, што ў Берштаўскай гміне працавала цэлая шпіёнская сетка на чале з Аляксандрам Сінілам, які падтрымліваў сувязь са сваім братам Уладзімірам. Апошні, па версіі паліцыі, нібыта нелегальна перайшоў спачатку ў БССР, а адтуль быў накіраваны ў Літву, дзе працаваў для літоўскай разведкі ў Мерачы.

У польскі час Бершты былі цэнтрам гміны, тут працавала школа. Цяпер па рацэ Котра прайшла мяжа паміж Беларуссю і Літвой. Вёска Засады, каля якой стаяла леснічоўка Сінілаў і дзе нават працавала пасля вайны пачатковая школа, знікла ў 1950-я гады ў выніку будаўніцтва вайсковага палігона. Месца, дзе яна калісьці была, цяпер знаходзіцца каля самай мяжы Беларусі з Літвой.

У пачатку чэрвеня 1930 года арыштаваным жыхарам Берштаўскай гміны былі вынесены прысуды. Лідары арганізацыі (зноў жа паводле версіі паліцыі) Аляксандр Сініла і Мікалай Касцевіч атрымалі па 6 гадоў турмы. Сінілу, апрача таго, было забаронена вяртацца ў Бершты, і ён пасля вызвалення пасяліўся дзесьці пад Беластокам. Малодшы ж з братоў, Юрый Сініла, памёр падчас следства.

Уладзімір Сініла, як вынікае з анкеты 1940 года, ведаў пра лёс сваіх братоў. У анкеце ён даваў такую параду арганізатарам беларускага школьніцтва: «Перад усім аберагайце беларускую школу ад вучыцялёў-наймітаў, каторыя за грошы прыкінуцца беларусамі, а пасля, пусціўшы глыбокія карані, будуць таптаць беларускую справу».

Нічога не засталося

Далейшы лёс братоў Сінілаў, на жаль, ахутаны таямніцай. Невядома, які адказ на сваю заяву атрымаў Уладзімір. Набліжалася інкарпарацыя Літвы ў склад СССР, і можна меркаваць, што з увагі на палітычнае мінулае яму пагражала вялікая небяспека. Але што з ім пасля таго сталася, пакуль цяжка сказаць: сляды проста абрываюцца. Не ўдалося пакуль знайсці нават фотаздымкаў ні яго, ні братоў.

А сямейнаму гнязду Сінілаў у Засадах таксама не суджана было доўга пратрымацца. У Кнізе ўліку аднаасобных гаспадарак Берштаўскага сельсавета за 1949—1950 гады пазначана гаспадарка Караліны Антонаўны Сінілы ў вёсцы Засады, да якой належала больш за 6 га зямлі. Але ў той жа кнізе было дапісана, што яна пераехала ў Гродна. У пагаспадарчай кнізе Берштаўскага сельсавета за 1949—1951 гады ўласнікам гэтай гаспадаркі пазначана Настасся Васільеўна Соін (магчыма, родная сястра братоў Сінілаў). Разам з ёй жыла пляменніца Марыя Аўхімень з дачкой Аляксандрай. Паводле гэтай кнігі, гаспадарка налічвала 12 га і была самай вялікай у сельсавеце. У пагаспадарчай кнізе на 1952—1953 гады ўласніцай гэтай гаспадаркі пазначана ўжо Марыя Аўхімень, але адзначана, што у ліпені 1952-га яна разам з дачкой Аляксандрай выехала ў Літоўскую ССР. Вёска ж Засады, у якой нават працавала пасля вайна пачатковая школа, знікла ў 1950-я гады ў выніку будаўніцтва вайсковага палігона. Так сямейнае гняздо і расцерушылася па белым свеце.

 ***

Берштаўскае (Бярштанскае) возера — любімае ў вялікіх князёў

Упершыню ў гістарычных крыніцах Бершты згадваюцца каля 1460 года. У XV—XVI стагоддзях тут месціўся двор вялікіх князёў літоўскіх, якія часта прыязджалі сюды на паляванне. Тут жа яны абмяркоўвалі розныя дзяржаўныя пытанні. Гэтыя абмеркаванні ў дакументах Літоўскай Метрыкі нават называліся соймамі. Вялікі князь прымаў на гэтых соймах розныя пастановы, надаваў прывілеі асобам і населеным пунктам. Так, у 1496-м у Берштах атрымала Магдэбургскае права Горадня. Двор вялікага князя, праўдападобна, месціўся на паўднёва-заходнім беразе Берштаўскага возера.

 ***

Котра — унікальная, раздвоеная рака

Спачатку Котра і Вула фармуюць адну раку. Мінуўшы мяжу Беларусі і Літвы, рака разбягаецца на дзве незалежныя рэчкі: Котру — прыток Нёмана, і Вулу — прыток Мерачанкі. Так склалася ў ХІХ стагоддзі, калі рэчышча Вулы знянацку перасякло водападзел Котры. У выніку два ранейшыя прытокі Котры цяпер належаць да Вулы. Праз тое панізіўся ўзровень грунтавых водаў і амаль зніклі некалькі тутэйшых вялікіх азёраў. Але найбольшае з іх, Бярштанскае, захавалася ва ўсім сваім харастве. Рэха б’ецца ў берагах аточанага лясамі, як сінім ружанцам, возера, нібы ў гарах. У самім мястэчку галоўнай цікавосткаю ёсць старасвецкая царква Параскевы Пятніцы, збудаваная ў 1816‑м.

Дарога ў Берштаўскай пушчы. Фота Сяргея Токця.

Бярштанскае возера злучанае двума пратокамі з рэчкай Котрай. Праз адну пратоку вада з ракі трапляе ў возера, а праз другую, каля выселку Бераставіца, вяртаецца ў рэчку.

Сяргей Харэўскі. Маршруты па Беларусі: Котра. Рака і пушча. «Наша Ніва», 2009 год

 ***

Бершты далі свету нямала вядомых людзей

Берштаўскія карані мелі паэты Макар Краўцоў і Міхась Васілёк. Краўцоў, нагадаем, напісаў нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Дзяды Краўцова і Васілька — у іх абодвух сапраўднае прозвішча было Касцевіч — у сярэдзіне ХІХ стагоддзя выселіліся з Берштаў і заснавалі новую вёску Баброўня.

Таксама берштаўскія карані маюць экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч і гісторык Вячаслаў Швед.

Паходзяць з Берштаў мовавед Мікалай Даніловіч, паэткі Любоў і Вольга Русілкі, Святлана Варапаева (Васілевіч), а таксама Галіна Лепешава — малекулярны біёлаг, прафесарка Універсітэта Вандэрбільта ў Нэшвіле (ЗША). 

Сергей Токть

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера