Найти
31.08.2019 / 20:3311РусŁacБел

Як правільна: Полацк або Полацак?

Пра напісанне назваў беларускіх гарадоў разважаюць на Радыё Свабода Вінцук Вячорка і Ігар Карней.

Афіцыйная назва — ПолацкНароднае вымаўленьне — Полацак

Тапонім згадваецца ў «Аповесьці мінулых гадоў» 862—865 гадоў, хоць дасьледнікі і лічаць дату прыблізнай — летапіс укладалі праз 200 гадоў пасьля апісаных падзеяў. Найстарэйшы горад крывічоў і сталіца першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыторыі.

Імя, што характэрна для многіх беларускіх айконімаў, паходзіць ад назвы ракі — Палатá (магчыма, балцкага паходжаньня, корань азначае ‘балота’) і ў гістарычных крыніцах мае шмат варыянтаў напісаньня: Полотьскъ, Полътескъ, Полоцьк і інш.

У традыцыйным вымаўленьні мясцовых жыхароў назва гучала як Полацак, у зьбегу зычных дзеля мілагучнасьці зьяўляўся ўстаўны галосны (аналягічна Слуцак, Шацак). Гэта было зафіксавана нарматыўнымі слоўнікамі 1920-х гадоў, аднак русыфікацыйная рэформа беларускага правапісу 1933 году ўніфікавала напісаньне беларускае назвы з расейскаю.

Сафійскі сабор у Полацку, малюнак Напалеона Орды, 1875 год

Аналягічны ўстаўны галосны быў у суфіксах тапонімаў Слуцак і Клецак. Але ва ўскосных склонах ён прападае: у Полацку, у Слуцку, у Клецку.

У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Полацак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.

Як пераймяноўвалі беларускія гарады

Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».

Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.​

Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.

Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.

«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».

Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.

Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.

Радыё Свабода

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера