Найти
07.03.2020 / 20:58РусŁacБел

Чья власть — того и время

О приключениях белорусского календаря пишет доктор исторических наук Светлана Куль-Сельверстова.

Скульптура папы Грыгорыя XIII у Балонні, Італія. Ён кіраваў касцёлам ад 1572 да 1585 года. Грыгарыянскі каляндар — самы вядомы вынік яго пантыфікату. Фота: shutterstock.com, by Kizel Cotiw-an

У нашым календары ёсць не афіцыйнае, але народнае свята, якое мае парадаксальную назву — Стары Новы год. Яно, бадай што, найлепш характарызуе сітуацыю ў беларускім летазлічэнні апошніх чатырох з лішкам стагоддзяў. На працягу гэтага перыяду на нашых землях ва ўжытку былі два хрысціянскія календары — юльянскі і грыгарыянскі. Абодва яны жывыя і сёння.

Юльянскі каляндар

Юльянскі каляндар прыйшоў на беларускія землі разам з хрысціянствам. Па ім акрэсліваліся дні хрысціянскіх святаў і прысвяткаў, даты пастоў, парадак набажэнстваў.

Стваральнікам юльянскага календара быў егіпецкі астраном і матэматык Сазіген, які на даручэнне рымскага дыктатара Гая Юлія Цэзара займаўся распрацоўкай каляндарнай рэформы. У календары былі аб’яднаныя ў адно старажытнарымскія традыцыі адліку часу (назвы месяцаў, іх колькасць) і астранамічныя веды егіпцян (працягласць астранамічнага года, суадносіны месячнага і сонечнага календароў). За падставу каляндарнага цыкла Сазіген узяў вядомую ў той час працягласць астранамічнага года ў 365 дзён і 6 гадзін. Для зручнасці адліку ён прапанаваў тры гады лічыць па 365 дзён, а чацвёрты — па 366 дзён, каб пазбыцца дробнай часткі сутак і ўраўнаважыць астранамічны і каляндарны гады.

Каляндарная рэформа была праведзена Гаем Юліем Цэзарам у 46 годзе да н. э., а адлік па юльянскім календары вядзецца з 1 студзеня 45 года да н. э.

З’яўленне грыгарыянскага

Пры ўсёй зручнасці і матэматычнай дасканаласці юльянскага календара ў ім адразу была закладзена істотная недакладнасць, якая ўрэшце прывяла да неабходнасці яго рэфармавання. Сапраўдная даўжыня астранамічнага года роўная не 365 дням і 6 гадзінам, а 365 дням 5 гадзінам 48 хвілінам і 46 секундам. Розніца ў 11 хвілін і 14 секунд спачатку была непрыкметнай, але за 128 гадоў яна склала цэлы дзень, а за 1 280 гадоў — 10 дзён. Адстаючы ад астранамічнага года, каляндарны юльянскі год з цягам часу ўсё меней стаў адпавядаць сонечнаму рытму.

Пра неабходнасць дапрацоўкі юльянскага календара пачалі гаварыць ужо ў XIV стагоддзі. Але паколькі ён быў асвечаны рэлігійнай традыцыяй, то на змены ў ім на працягу некалькіх стагоддзяў не адважваліся. Толькі ў часы агульнага рэфармавання Каталіцкай царквы прыйшоў час і на змену календара. На пачатку 1570-х па ініцыятыве папы Грыгорыя ХІІІ пачала працаваць каляндарная камісія. Першынство ў ёй належала астраному і матэматыку Хрыстафору Клавіюсу.

Новы каляндар уводзіўся ў жыццё папскай булай «Inter gravissimas» ад 21 лютага 1582 года. Згодна з ёй, адлік па грыгарыянскім календары павінен быў пачынацца ў каталіцкіх краінах у кастрычніку гэтага года. Пасля 4 кастрычніка наступала адразу 15 кастрычніка — выключаліся дні, якія назапасіліся з-за недасканаласці высакоснай сістэмы.

Папа Грыгорый XIII кіруе пасяджэннем камісіі па рэфармаванні юльянскага календара. Фота: Wikimedia Commons.

У грыгарыянскім календары, у адрозненне ад юльянскага, высакоснымі былі не ўсе гады з двума нулямі на канцы, якія пачыналі новае стагоддзе, а толькі тыя, у якіх лічба тысяч і соцень гадоў была кратнай чатыром. Такім чынам, калі ў юльянскім календары высакоснымі былі 1600, 1700, 1800, 1900 і 2000 гады, то ў грыгарыянскім з пералічаных — толькі 1600-ы і 2000-ы. На працягу стагоддзяў розніца паміж календарамі павялічвалася: у час рэформы яна складала 10 дзён, цяпер — 13, а з 2100 года будзе 14.

Роля Баторыя

За працай над новым календаром зацікаўлена сачыў кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый. У гэты час ён праз свайго брата вёў ажыўленыя перамовы з ордэнам езуітаў і з папам аб адкрыцці езуіцкіх школ і калегіумаў на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Дзякуючы пасярэдніцтву караля першыя матэрыялы каляндарнай рэформы былі адпраўленыя для разгляду ў Кракаўскі ўніверсітэт. У знак удзячнасці Хрыстафор Клавіюс прысвяціў Баторыю сваю выдадзеную ў 1581-м працу «Gnomonices libri octo» («Восем кніг пра гнамоніку»), у якой разглядаліся інструменты і тэхнікі для вымярэння часу.

Рэч Паспалітая была, разам з Папскай вобласцю і Іспаніяй, сярод першых еўрапейскіх дзяржаў, якія прынялі новы каляндар.

Спецыяльнага загаду ці соймавай пастановы адносна гэтага, хутчэй за ўсё, не было. Ва ўсякім разе, крыніцы пра гэта не згадваюць. Але папская була была аўтарытэтным дакументам і сама па сабе, бо каляндарныя пытанні знаходзіліся ў кампетэнцыі святароў. Таму ў дакументах сойма, які ў кастрычніку 1582-га адбываўся ў Варшаве, з’явіліся даты паводле грыгарыянскага календара без дадатковага тлумачэння. У найбліжэйшыя тыдні пасля гэтага на грыгарыянскі каляндар перайшлі таксама канцылярыі Кароны Польскай і ВКЛ, а затым — недзе на працягу наступнага года — дзяржаўныя ўраднікі і гарадское самакіраванне.

Праваслаўныя і пратэстанты супраць

Але распаўсюджанне новага календара ў нашай краіне не было лёгкім. Рэч Паспалітая з’яўлялася поліканфесійнай дзяржавай. Найбольш выразна гэта праяўлялася ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе большую частку насельніцтва тады складалі праваслаўныя. Ды і ў Кароне на ўкраінскіх землях актыўна баранілі праваслаўную веру. Моцнымі былі таксама пазіцыі пратэстантаў.

Гравюра англійскага мастака Уільяма Хогарта, выкананая ў 1754 ці 1755 годзе. На ёй выяўлены сход перад выбарамі ў англійскі парламент, і сярод іншага відаць лозунг «Вярніце нам нашыя адзінаццаць дзён!». Вялікабрытанія перайшла на грыгарыянскі каляндар за некалькі гадоў да таго, у 1752-м, і з карціны відаць, што далёка не ўсе да гэтага ставіліся з захапленнем.

Праваслаўныя патрыярхі, да якіх звярнуліся вернікі з Рэчы Паспалітай, адмовіліся ад выкарыстання новага календара, палічыўшы яго ерассю, якая парушае каноны хрысціянскай царквы. На такіх пазіцыях стаялі і пратэстанцкія святары. Каляндарнае пытанне такім чынам станавілася прычынай канфліктаў. Каталікі, найперш шляхта, настойваючы на тым, што новы каляндар з’яўляецца агульным для ўсіх жыхароў краіны, спрабавалі гвалтам прымусіць праваслаўных і пратэстантаў змяніць парадак літургій і даты святочных набажэнстваў. Праваслаўныя і пратэстанты ў адказ пачалі са зброяй бараніць свае цэрквы і зборы. У Львове, Полацку, Вільні, Рызе каляндарная праблема вылілася ў асабліва зацятыя бойкі паміж жыхарамі.

Улады мусілі пайсці на саступкі. Цягам 1584—1586 гадоў Стэфан Баторый надаў права праваслаўным і надалей карыстацца юльянскім календаром. А пасля Брэсцкай уніі 1596-га юльянскі каляндар стаў таксама літургічным календаром уніятаў.

Выкарыстанне адначасова двух хрысціянскіх календароў стварыла на нашых землях вельмі спецыфічную карціну штодзённага жыцця. Праваслаўныя, пратэстанты і ўніяты жылі па двух календарах, пішучы ў дакументах грыгарыянскую дату, але молячыся паводле юльянскага календара.

Падвоілася і колькасць святаў: нават сёння ў нас Хрыстос двойчы на год нараджаецца і ўваскрасае, двойчы нараджаецца і памірае Маці Божая; двойчы на год адзначаюцца Тройца і іншыя рухомыя і нерухомыя святы.

Каляндарныя арэлі

А вось у Маскоўскай дзяржаве, а затым Расійскай імперыі грыгарыянскі каляндар не прынялі ўвогуле. Да канца яе існавання адзіным афіцыйным календаром там быў юльянскі. У сувязі з гэтым кожны прыход маскоўскіх, а затым расійскіх уладаў на нашую зямлю адзначаўся зменай каляндарнай сітуацыі. Першая такая змена адбылася ў час вайны 1654—1667 гадоў. Пад маскоўскай акупацыяй у справаводстве зноў пачаў ужывацца юльянскі каляндар. А ўжо трывалае вяртанне юльянскага календара да статусу афіцыйнага і дзяржаўнага адбылося праз паўтара стагоддзя, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Па меры пасоўвання расійскай мяжы на захад разам з ёй пасоўваўся і юльянскі каляндар, змяняючы свой статус з календара літургіі на каляндар справаводства і свецкага жыцця. Гэты працэс завяршыўся ў 1799-м, калі спецыяльным указам Паўла І юльянскі каляндар прадпісвалася ўжываць з 1 студзеня 1800-га ў якасці дзяржаўнага на землях былой Рэчы Паспалітай.

Усё ХІХ стагоддзе юльянскі і грыгарыянскі календары раз-пораз мяняліся месцамі. У залежнасці ад таго, у чыіх руках была ўлада, то адзін, то другі каляндар панаваў у справаводстве. Першая такая замена адбылася ў час вайны 1812-га. Разам з войскамі Напалеона на Беларусь у якасці афіцыйнага вярнуўся грыгарыянскі каляндар. Але гэта працягнулася ўсяго некалькі месяцаў, да адступлення французаў.

Наступны раз змена календароў прыйшла ў перыяд паўстання 1830—1831 гадоў. Цэнтральныя паўстанцкія ўлады знаходзіліся ў Варшаве, дзе грыгарыянскі каляндар з’яўляўся афіцыйным календаром Царства Польскага. Таму ўсе адозвы і дэкрэты паўстанцкіх улад мелі грыгарыянскую дату. Адпаведным чынам датавалі свае дакументы і паўстанцы ў Беларусі і Літве.

Мост, цераз які ехалі два тыдні

Суіснаванне ў адной прасторы і часе двух календароў прыводзіла да разнастайных калізій і парадаксальных на першы погляд выпадкаў. Жыхары беларускіх земляў мусілі ўвесь час рабіць храналагічныя вылічэнні, трымаць у памяці падвойныя даты. Прывядзём некалькі каларытных прыкладаў.

Дзякуючы таму, што ў Царстве Польскім быў грыгарыянскі каляндар, а на беларускіх землях — юльянскі, паўстаў самы «доўгі» на свеце мост. Мяжа паміж гэтымі часткамі Расійскай імперыі праходзіла па Нёмане да Гродна, а пасля, пакідаючы ўвесь горад на расійскім баку, па невялікай рэчцы Ласасянка.

Перасячэнне моста цераз гэтую рачулку «працягвалася» ў ХІХ стагоддзі 12 дзён, бо калі выязджалі з гродзенскай часткі, да прыкладу, 1 сакавіка, то на польскую частку прыязджалі нібыта амаль праз два тыдні — 13 сакавіка.

Увесь час існавала праблема суаднясення двух календароў пры датаванні дакументаў, лістоў, дзённікаў. Вядомы кампазітар і палітычны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі, да прыкладу, занатоўваючы падзеі расійска-французскай вайны, тое, што адбывалася ў лагеры французаў або ў Заходняй Еўропе, пазначаў грыгарыянскай датай, а калі апісваў сітуацыю на расійскім баку, то мусіў ставіць падвойную дату па двух календарах праз нахіленую рыску. Лісты ў польскія губерні ці ў Еўропу з беларускіх земляў мелі юльянскую дату, а тыя, што ішлі ў адваротным кірунку, — грыгарыянскую. Часам выходзіла, што адказ пісаўся паводле даты раней, чым сам ліст.

Блытаніна ў датах дастаткова часта сустракаецца ў следчых справах паўстанцаў як у 1830—1831 гадах, так і ў 1863—1864-х. Дата пад пратаколам допыту магла быць ранейшай, чым даты ў саміх паказаннях, бо інсургент карыстаўся грыгарыянскім календаром, а следчы — юльянскім.

Вузел рассеклі бальшавікі

Неабходнасць каляндарнай рэформы ў Расійскай імперыі пачала абмяркоўвацца ў другой палове ХІХ стагоддзя. Але супраць каляндарнай рэформы рашуча выступала Праваслаўная царква. І меркаванне Сінода пераважыла аргументы навукоўцаў — рэформа не адбылася.

Сітуацыя пачала мяняцца пасля пачатку Першай сусветнай вайны. Тады зноў спрацавала звыклая для нашых земляў формула: чыя ўлада — таго і час. Грыгарыянскі каляндар у якасці афіцыйнага пасоўваўся на Беларусь разам з кайзераўскімі войскамі, якія займалі ўсё новыя тэрыторыі. У 1915-м, калі фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск — Паставы — Баранавічы — Пінск, гэта адначасова была лінія размежавання дзвюх каляндарных традыцый. На захадзе Беларусі жылі па грыгарыянскім календары, а на ўсходзе афіцыйным заставаўся юльянскі. А потым грымнуў рэвалюцыйны 1917 год.

Каляндарная рэформа была адной з першых, якую правялі бальшавікі пасля прыходу да ўлады. Правесці яе было лёгка, бо былі выкарыстаныя напрацоўкі камісій, якія дзейнічалі яшчэ ў царскі час. Дэкрэтам ад 26 студзеня 1918-га абвяшчалася, што на ўсёй тэрыторыі Расіі з 1 лютага пачынае дзейнічаць еўрапейскі (грыгарыянскі) каляндар. Пасля 1 лютага адразу ішло 14 лютага. І гэтая рэформа аказалася канчатковай — больш спробаў вярнуцца да юльянскага календара на афіцыйным узроўні ніколі не рабілася.

Руская праваслаўная царква, аднак, на грыгарыянскі каляндар так і не перайшла. Быў нядоўгі перыяд, калі такая спроба рабілася, але ўрэшце традыцыйны каляндар у РПЦ вярнуўся і выкарыстоўваецца аж да сёння.

 ***

Акрамя юльянскага і грыгарыянскага календароў, якія з большай ці меншай інтэнсіўнасцю канкуруюць паміж сабой апошнія амаль паўтысячагоддзя, у гісторыі Еўропы былі спробы ўвядзення замест іх альтэрнатыўных календароў. Як правіла, гэта адбывалася ў выніку грамадскіх пераломаў, калі на хвалі рэвалюцыйнага энтузіязму новыя ўлады імкнуліся разбурыць стары свет да самых асноваў, мяняючы ў ім абсалютна ўсё, не выключаючы і сістэмы летазлічэння.

Самая вядомая спроба такога кшталту — афіцыйнае ўвядзенне французскага рэспубліканскага календара ў ходзе Вялікай Французскай рэвалюцыі. Ён быў афіцыйна ўведзены дэкрэтам Нацыянальнага канвента ад 5 кастрычніка 1793 года і мусіў сімвалізаваць разрыў з традыцыямі, дэхрысціянізацыю і «натуральную рэлігію», асацыяваную з прыродай. Пачаткам новай эры, ад якой пачынаўся адлік часу, быў абвешчаны першы дзень існавання рэспублікі — 22 верасня 1792-га. Год дзяліўся на 12 месяцаў па 30 дзён, замест тыдняў уводзіліся дэкады. Назвам месяцаў даваліся арыгінальныя назвы, сканструяваныя з французскіх, лацінскіх і грэчаскіх каранёў, кожны дзень таксама меў сваю назву, якая паходзіла ад назваў прыродных з’яваў, раслін, жывёл і г. д. Па такім календары французы жылі больш за 10 гадоў, а адменены ён быў імператарам Напалеонам І з 1 студзеня 1806 года. Пасля гэтага Францыя вярнулася да грыгарыянскага календара, хоць падчас Парыжскай камуны 1871 года была зроблена спроба аднаўлення рэспубліканскага.

Менш вядомая спроба распрацоўкі альтэрнатыўнага календара, якая мусіла непасрэдна тычыцца Беларусі, — савецкі рэвалюцыйны каляндар, які спрабавалі ўвесці ў СССР з 1 кастрычніка 1929 года. Ён быў звязаны са спробамі перавесці ўсе савецкія прадпрыемствы і ўстановы на бесперапынную вытворчасць. У каляндарным годзе прадугледжвалася 360 дзён і, адпаведна, 72 пяцідзёнкі. Тыдзень у СССР у 1929—1930 гадах складаўся з пяці дзён, пры гэтым усе супрацоўнікі былі падзеленыя на пяць груп, названых па колерах. Кожная група мела свой уласны выходны дзень у тыдні, а іншая ў той дзень працягвала працаваць (так званая «бесперапынка»). Але гэты каляндар, які дзейнічаў паралельна з грыгарыянскім, быў занадта складаны і поўны супярэчнасцяў, таму не прыжыўся. Ужо з 1 снежня 1931 года ён быў часткова адменены, а 26 чэрвеня 1940-га краіна цалкам вярнулася да традыцыйнага грыгарыянскага календара.

Светлана Куль-Сельверстова

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930