(не)жаночая работа
«Мужчынамі кіраваць нескладана». Канстанцінаўна і яе ўзвод: як жанчына-прараб кіруе брыгадай дарожнікаў
«Я з дзяцінства бойкая, завадная, з хлапчукамі ў «Казакі-разбойнікі» бегала, па дрэвах лазіла. Як мама казала: трэба было нарадзіцца хлопчыкам, а не дзяўчынкай. Усё гарэла», — з гумарам расказвае пра сябе Ірына Швед з Крупак. Яна працуе прарабкай на будаўніцтве дарог. Калісьці прыйшла ў гэту прафесію, каб пракарміць дзяцей, а цяпер не ўяўляе, як сыдзе на пенсію і пакіне любімую справу.
__________

Наш цыкл «(не)Жаночая работа» — пра беларусак, якія працуюць у нестандартных для жанчын прафесіях. Чаму? Яны раскажуць самі.

_________
«Мама абшывала ўвесь генералісімус»
Канстанцінаўну заспяваем у Барысаве. Тут рабочыя пад яе началеннем пракладаюць дарогі ў дварах. Пад шум асфальтаўкладчыкаў Ірына расказвае, як яе занесла ў будаўнікі.
Вырасла яна ў Віцебску.

— Нас з сястрой гадавала маці, па маладосці яны з бацькам развяліся. Мама працавала на фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі» краўчыхай у цэху індывідуальнага пашыву — абшывала ўвесь генералісімус! У яе заяўкі былі сур'ёзныя — яна рабіла адзенне менавіта для ўрада.
Ірыніна мама была ўзнагароджана ордэнам «Знак гонару».
У Іры ў дзяцінстве крамных сукенак амаль не было: усё майстравала мама. Але сама дзяўчына ў швачкі не збіралася. «Мама сказала: «Толькі праз мой труп. Сляпіцца?» І я не ўседлівы чалавек, люблю рух».
Быў час, калі Іра марыла стаць цырульніцай. Стрыгла родных, потым дзяўчат у тэхнікуме — аднакурсніцы не баяліся ёй даверыць сваю галаву. Малодшую дачку жанчына і цяпер стрыжэ.
Але замест таго, каб вучыцца на цырульніцу, пайшла ў індустрыяльна-педагагічны тэхнікум — на аддзяленне прамыслова-грамадзянскага будаўніцтва. Сястра параіла: «Гэта тваё». Па размеркаванні выпускніцу адправілі ў Крупкі інжынерам у ПМК. У Віцебску тады месцаў для маладых спецыялістаў не знайшлося, усіх у асноўным рассылалі па раёнах.
Ці не крыўдна было мяняць вялікі горад на правінцыю?

— Адразу перажывала, — прызнаецца жанчына. — А цяпер, ведаеце, як прыеду ў родны Віцебск — падаецца, так шумна. А ў Мінску я наогул не магу. Прывыкла да нашай цішыні — трамвай не брынькае, нічога не грукае, свежае паветра. Вельмі добра.
«Іншы раз толькі зірну — мужчыны ўжо ведаюць, што зрабіць»
У ПМК Ірына адпрацавала 25 гадоў. У кабінеце сядзець і весці дакументы доўга не магла: бегала па аб'ектах. А потым сышла ў будаўніцтва дарог.

— Шчыра скажу: дзеці выраслі, вучыць трэба было. А ў ДРБУ (дарожна-рамонтнае будаўнічае ўпраўленне. — Nina) заробкі былі ў тры разы большыя. Уявіце: у ПМК загадчыцай вытворчасці я атрымлівала 160 рублёў, а прыйшла ў ДРБУ майстрам — у мяне адразу аклад быў 453 рублі, як цяпер памятаю.
Прарабкай жанчына працуе ўжо 14 гадоў. Работы хапае. Яе брыгады рамантавалі дарогу Калодзішчы — Заслаўе, будавалі частку дарог у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку, у Зацані праводзілі святло, сувязь і каналізацыю, добраўпарадкавалі двары ў Крупках і Барысаве.

— Калі прыязджаю ў санаторый Лукомльскай ГРЭС, усе мне дзякуюць: пабудавалі ім чатыры кіламетры дарогі. Там раней быў страх божы — насып нейкі: як толькі дажджы, наогул не праехаць, — успамінае Ірына.

Цяжкасці? Усміхаецца: пасля будаўніцтва дамоў пракласці дарогу не праблема.
У яе падначаленні 20 чалавек. Усе мужчыны.

— Мяне паважаюць. Іншы раз толькі зірну — яны ўжо ведаюць, што ім зрабіць, — жартуе. — Мужчынамі кіраваць нескладана. Наогул, калектыў добры, дружны. А калі яшчэ і спецыялісты з галавой, працуецца цудоўна.
Адзіную жанчыну ў брыгадзе віншуюць прыгожа.

— Неяк мы ехалі з Кітай-парку, у мяне быў не юбілейны дзень народзінаў, і тут аўтобус заехаў на стаянку. Думаю: можа, хто ў туалет, на перакур. Завуць мяне: «Канстанцінаўна, выйдзі і ты з намі пакуры». Выходжу — а мне ахапак ружаў. Я расплакалася. Ім букет прывезлі наўпрост на стаянку! Гэта, канечне, было кранальна.
«Да трох гадоў Аксана не размаўляла, ездзілі па ўсіх бальніцах»
Пасля змены рабочыя загружаюцца ў старэнькі жоўты аўтобус.

— Школа яго спісала, а мы купілі, — смяюцца.

Лета для дарожнікаў — гарачая пара. У прараба пад'ём а пятай раніцы, а сёмай ужо планёрка. Дадому ў некаторыя дні вяртаецца толькі пасля 10 вечара.
Дзеці Ірыны таксама жывуць у Крупках. Старэйшы сын працуе ў дрэваапрацоўчай фірме, сярэдняя дачка ў банку, малодшая — адміністратарам у спартыўна-аздараўленчым комплексе.

— Я багатая бабуля, у мяне пяцёра ўнукаў, — хваліцца жанчына. — У сярэдняй дачкі трое дзетак. Кажу: «Ты што, мамін подзвіг вырашыла паўтарыць?» Памятаю, калі яна скончыла інстытут у Мінску, дадому прыехала і ўздыхнула: «Мама, якая ж ты дурнічка, навошта ты нас так многа нарадзіла? Гэта ж такі клопат, столькі трэба грошай». А калі сама мне паведаміла, што трэцім цяжарная, я адказала яе ж словамі: «Юлечка, якая ж ты дурнічка» (смяецца).
Калі дзеці былі меншымі, Ірына, каб пракарміць усіх, трымала вялікую гаспадарку: індакачкі, трусы, куры. Завяла коз: малодшай Аксане, у якой ДЦП, раілі піць казінае малако.
— Да трох гадоў Аксана не размаўляла, ездзілі па ўсіх бальніцах. На некалькі месяцаў я яе аддавала ў цэнтр паталогіі слыху і маўлення ў Мінску. Якая была радасць, калі я прыехала і пачула, што маё дзіця запела! Гэта вам не перадаць словамі. У дачкі трэцяя працоўная група. Яна скончыла Барысаўскі дзяржаўны каледж па спецыяльнасці «менеджмент». У Крупкі вярнулася, працавала прадаўцом, але цяжкавага было. Потым месца адміністратара знайшла.
З малодшай дачкой Аксанай.
Пра мужа Ірына ўспамінаць не любіць.

— Не хачу нават гаварыць. Я з ім не жыву. Развяліся мы даўно, для мяне яго няма. Дзеці з мамай былі, я ўсё жыццё аддала ім.
«Калегі смяюцца: ты на пенсіі доўга не зможаш»
— Я не магу без працы, — дзеліцца Ірына. — Бывае, кажу: «Усё, надакучылі вы мне, кіну, пайду на пенсію». Калегі смяюцца: «Не, ты доўга не зможаш».

У адпачынак жанчына ідзе ўзімку, калі працы становіцца менш. Садзіцца за вязанне або едзе ў санаторый у Новалукомль на два тыдні падлячыцца.

— Як я кажу, на тэхабслугоўванне. Я шмат дзе была, але апошнія пяць год толькі ў гэты санаторый езджу. Па-першае, побач. Па-другое, усе працэдуры, што ў нашых хвалёных цэнтрах, робяць і там. Яшчэ адзін плюс — ніякіх чэргаў. Там ужо ведаюць мяне: «Прыязджайце, Канстанцінаўна, не пытанне, падрамантуем вас».
Ірына паказвае яшчэ адну сваю гордасць — агарод.
Ірына сама кіроўца, але за стырно не сядала гадоў 15 — як дзеці вадзіцельскія правы атрымалі, так маму і катаюць. У паездках яна заўсёды звяртае ўвагу на стан дарог — заўважае ўсе недахопы.

— У мяне і дзеці гэта бачаць: «Мама, паглядзі, вунь там ямка». А калі ехалі па Украіне, там наогул дарогі кашмар. Якраз рабочыя клалі асфальт, і мае дзеці крычалі: «Мама, давай спынімся, пакажаш ім, як гэта робіцца!»

Што яе трымае ў прафесіі? Ірына задумваецца: прыемна пакідаць пасля сябе парадак і прыгажосць.

— Цяпер і матэрыяльнае становішча крыху кіруе. Трое дзяцей, і кожны будуецца, хочацца дапамагчы. Ну хто, калі не мама? Мне сэрца будзе балець, калі не дапамагу.
Аўтар: Наталля Лубнеўская
Фота і відэа: Воля Афіцэрава