Найти
05.02.2020 / 20:4311РусŁacБел

Недостаточно демократии, нужна еще и дисциплина. Какие ошибки признал Фукуяма

В своей новой книге американский ученый Фрэнсис Фукуяма приходит к выводу, что демократия сама собой не делает страну успешной. Нужно еще строгое уважение к законам и чтобы люди были приучены дисциплинированно подчиняться власти, пишет Максим Маханьков.

«Канец гісторыі» не адбыўся

У пачатку 1990-х амерыканскі філосаф Фрэнсіс Фукуяма атрымаў вялікую вядомасць, напісаўшы кнігу «Канец гісторыі і апошні чалавек». Нагадаем, у гэтай культавай кнізе аўтар пісаў, што гісторыя дасягнула свайго фінальнага пункту і што сучасныя ліберальныя дэмакратыі і капіталізм — пікавы момант развіцця чалавецтва, бо ліберальная дэмакратыя — гэта і ёсць той лад, які найлепш адпавядае самой прыродзе чалавека.

Прайшло некалькі дзесяцігоддзяў, і ліберальная дэмакратыя ды капіталізм усё яшчэ застаюцца прывабнымі і эфектыўнымі. Але, з другога боку, ідэя «канца гісторыі» прадугледжвала, што ўвесь свет будзе маршыраваць за Захадам на сваю фінальную стадыю — да капіталізму і ліберальнай дэмакратыі. Але гэтага не адбылося. Неліберальныя аўтакратычныя дзяржавы працягваюць існаваць, сярод іх магутныя Расія і Кітай. Прытым тая ж Расія — і не толькі яна — свядома адступіла далёка назад, ужо прайшоўшы немалы кавалак, здавалася б, цвёрда наканаванага гісторыяй шляху.

Каб знайсці адказ на пытанне, чаму адны краіны перайшлі да дэмакратыі, а іншыя — не, Фрэнсіс Фукуяма напісаў кнігу «Вытокі палітычнага парадку: ад старажытных часоў да Французскай рэвалюцыі». Аўтар разважае над тым, што такое паспяховая дзяржава і адкуль яна бярэцца.

Тры слупы, эфектыўныя толькі ў камплекце

На думку Фукуямы, кожная развітая стабільная дэмакратычная дзяржава мае тры кампаненты: моцную іерархічную структуру ўлады, выбарнае кіраўніцтва і вяршэнства права. Але чаму не ўсім дзяржавам удаецца прайсці гэты шлях? Чаму некаторыя дзяржавы так і застаюцца аўтарытарнымі? Якія гістарычныя перадумовы для гэтага? Ці можна ператварыць Самалі ў Данію?

Амерыканскі навуковец бязлітасна крытыкуе прапановы ліквідацыі дзяржаўных інстытутаў. Як сярод некаторых левых, так і сярод некаторых правых інтэлектуалаў па ўсім свеце распаўсюджана мара пра аслабленне дзяржаўных інстытутаў — нібыта гэта дапаможа пазбавіцца ад бюракратыі і дыктату. Сапраўды, кожны з нас сутыкаўся з недасканаласцю дзяржаўных механізмаў. Але, адзначае Фукуяма, жыхары шматлікіх развітых краін лічаць існаванне дзяржаўнай адміністрацыі настолькі само сабой зразумелай з’явай, што проста пачынаюць забываць, як цяжка яна стваралася і якім было жыццё без яе. Мы крытыкуем дзяржаву за неэфектыўную сістэму медыцыны і разбітыя дарогі, але забываемся, што без дзяржавы ўвогуле не было б ні першага, ні другога. Мы ўспрымаем інстытуцыі як паветра, не задумваючыся пра іх.

Досвед некаторых краін (Украіна) паказвае, што адных толькі дэмакратыі і энергічнай грамадзянскай супольнасці недастаткова для будавання эфектыўных дзяржаўных інстытутаў. А як выглядае свет без дзяржаўных інстытутаў, сапраўдны «лібертарыянскі рай», кожны можа пабачыць на прыкладзе шматлікіх афрыканскіх краін на поўдзень ад Сахары.

Дэпутат Вярхоўнай Рады зносіць прэм’ер-міністра Украіны Арсеня Яцанюка з трыбуны. Ва Украіне з трох слупоў, якія мусяць быць у аснове сучаснай паспяховай дзяржавы, пакуль ёсць толькі выбарнасць, а іншыя два адсутнічаюць.

Ключавая ідэя кнігі — што сучасны палітычны лад развітай паспяховай дзяржавы трымаецца на трох слупах. Адзін з іх — гэта іерархічная моцная структура ўлады з кампетэнтнымі і сумленнымі чыноўнікамі, не схільнымі да кумаўства і карупцыі. Другі — гэта вяршэнства закона з яго абавязковымі абмежаваннямі для кіраўнікоў. А трэці — гэта выбарнасць, прычым спалучаная з пачуццём адказнасці перад людзьмі, выхаванымі сістэмай маралі і школай.

Гэтыя тры слупы ў розных краінах могуць суадносіцца па-рознаму. Напрыклад, у Даніі, Швецыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі тры пункты шчасліва супадаюць, таму яны такія развітыя, стабільныя і ўстойлівыя. У Кітаі і Расіі ёсць моцная дзяржава, але няма сапраўднай выбарнасці і вяршэнства закона. У Індыі ёсць і выбарнасць, і нават вяршэнства закона, а вось моцная дзяржаўная ўлада не склалася. Ва Украіне з трох пунктаў ёсць толькі выбарнасць, іншыя два адсутнічаюць.

Жывёла палітычная

Чалавек — істота сацыяльная, і ад пачатку ён быў такім. Людзі — палітычныя жывёлы, і чалавечая натура мае непасрэдны ўплыў на палітыку. Раннія грамадствы былі збудаваныя на сямейных повязях. Людзі былі гатовыя на ўсё дзеля сваіх сваякоў, а да людзей з іншага клана, роду, племені літасці не мелі — згвалтаванне, рабаванне, забойства «чужых» доўгі час былі абсалютнай нормай.

Адзіны спосаб скончыць з гэтым — замяніць родавыя і племянныя адносіны на дзяржаўныя, стварыць дзяржавы (цэнтралізаваную палітычную ўладу), якія б замянілі родавую сацыяльную арганізацыю.

Іерархічная цэнтралізаваная ўлада, звычка падпарадкоўвацца загадам і ўстаноўкам — гэта, паводле Фукуямы, адзін з трох слупоў палітычнага ладу. Але наяўнасці такой дысцыпліны недастаткова для стабільнасці, бо без выбарнасці, без вяршэнства права праблема кумаўства, кланавасці, узурпацыі ўлады не вырашаецца.

Таму дысцыпліна дзяржаўнай адміністрацыі павінна дапаўняцца вяршэнствам закона, якое абмяжоўвае носьбітаў палітычнай улады. А каб здольнасць дзяржаў прымаць рашучыя меры для навядзення парадку і дысцыпліны ўспрымалася грамадзянамі як законная, паспяховай дзяржаве патрэбная і трэцяя аснова: магчымасць свабодна і кампетэнтна выбіраць і перавыбіраць кіраўніцтва (тое, што мы цяпер называем дэмакратыяй).

У паспяховых дзяржавах апораў заўсёды тры. Сама сабою дэмакратыя без вяршэнства закона, без павагі да закона можа проста ўзмацніць сацыяльныя канфлікты. Без моцнай, дысцыплінаванай дзяржаўнай адміністрацыі, без выканання загадаў зверху данізу дзяржавы пагружаюцца ў нестабільнасць, а пры дэмакратыі ўзнікае фактычнае безуладдзе.

На працягу ўсёй кнігі Фукуяма пераконвае, што празмерна моцныя родава-сямейныя сувязі, «трайбалізм» проста несумяшчальныя з дзяржаўным будаўніцтвам. Пакуль яны не выкараненыя, дзяржаўныя інстытуты будуць працягваць заставацца слабымі і прымітыўнымі, як у Лівіі ці Афганістане.

Карані — у гісторыі

Першым, піша Фукуяма, да моцнай цэнтралізаванай дзяржавы ў сучасным сэнсе гэтага слова прыйшоў старажытны Кітай — значна раней, чым еўрапейскія дзяржавы. Моцная цэнтралізаваная дзяржава там узнікла як рэакцыя на бясконцыя міжусобіцы. Менавіта ў Кітаі ўпершыню ў гісторыі з’явіліся прафесійныя чыноўнікі-бюракраты, якіх набіралі на аснове іх кампетэнтнасці, а не паводле спадчыннага прынцыпу. Але не толькі стомленасць людзей ад войнаў падвяла іх да думкі, што патрэбная такая дзяржаўная адміністрацыя. Гэта быў таксама вынік развіцця кітайскай культуры: рацыянальная бюракратыя можа ўзнікаць толькі сярод насельніцтва з пэўным узроўнем ведаў, з якога могуць выходзіць здольныя чыноўнікі.

Старажытная кітайская дзяржава была празмерна моцнай: яна трымала пад кантролем мясцовых князькоў, але пры гэтым, нібы тыя бінты на нагах кітайскіх прыгажунь, таксама не давала развівацца грамадзянскай супольнасці. Нават моцная рэлігійная арганізацыя з незалежным слоем святароў у такой моцнай дзяржаве ўзнікнуць не магла. Менавіта гэтая гістарычная спадчына, лічыць Фукуяма, тлумачыць і асаблівасці сённяшняй кітайскай аўтакратыі.

Прынцып вяршэнства закона развіўся спярша ў тых краінах, у тых культурах, дзе свецкая і рэлігійная ўлады існавалі асобна адна ад адной. Не ў Кітаі з яго надзвычай моцнай дзяржаўнай адміністрацыяй, а ў Еўропе — дзякуючы хрысціянству, піша Фукуяма.

А вось трэці слуп стабільнай дзяржавы — выбарнасць і падсправаздачнасць улады выбарцам, узнікла канкрэтна ў Брытаніі і Скандынавіі. Ва ўсёй сярэднявечнай Еўропе існавалі соймы, вечы, парламенты, картэсы. Але толькі англійскі і скандынаўскія парламенты здолелі стаць рэальнай сілай. Чаму? Фукуяма бачыць прычыну ў росце пісьменнасці пад уплывам пратэстантызму і згуртаванасці англійскага парламента.

Пераломнымі эпохамі, на якіх засяроджваецца Фукуяма, сталі Старажытны Кітай пасля эпохі міжусобных войнаў, сярэднявечная Еўропа і раннемадэрная Англія. Менавіта яны стварылі дзяржавы такімі, якімі мы іх ведаем сёння.

Стварыць сучасную паспяховую дзяржаву ў грамадстве, у якім няма для таго гістарычных традыцый, вельмі цяжка, прызнае навуковец. Гэта выснова, да якой Фукуяма прыйшоў і праз досвед уласных памылак. Ён падтрымліваў амерыканскую інтэрвенцыю ў Ірак у 2003 годзе, але калі пабачыў, да чаго гэта прывяло, змяніў сваё меркаванне. Сілавое насаджэнне дэмакратыі працуе з цяжкасцю — вось выснова з кнігі.

* * *

Фрэнсіс Фукуяма — 66-гадовы амерыканскі палітолаг і палітэканом. Ён нарадзіўся ў Чыкага ў сям’і з японскімі каранямі. Вывучаў палітычную філасофію ў Карнельскім універсітэце, пасля — параўнальнае літаратуразнаўства ў Ельскім універсітэце, нарэшце — паліталогію ў Гарвардзе і стажыраваўся ў Парыжы. У 1990-я і 2000-я ён быў адным са значных прадстаўнікоў плыні «неакансерватызм», пасля адышоў ад іх.

Максим Маханьков

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930