Найти
08.10.2019 / 23:198РусŁacБел

Кто и как бомбил белорусские города в войну: правда и мифы

Фронт Второй мировой прокатился по Беларуси дважды, а по некоторым местам — даже трижды. Но на войне гибли не только на фронте, пишет историк Антон Рудак.

Руіны мінскай гасцініцы «Еўропа», разбуранай нямецкімі бомбамі ў першыя дні вайны. Фота з visualhistory.livejournal.com

Яе адбудуюць толькі праз 60 гадоў і трохі ў іншым месцы: там, дзе стаяў колішні гатэль, пасля вайны правялі вуліцу Леніна. Фота з booking.com.

1939-ы: па сігналах з Мінска

Другая сусветная пачалася для Беларусі не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939-га. Акурат тады на беларускія гарады ўпалі першыя бомбы. Нямецкая авіяцыя бамбіла Гродна, Кобрын, Пінск, Ганцавічы, Баранавічы, Ліду — бамбавікі арыентаваліся па радыёсігналах, якія транслявала мінская радыёстанцыя.

Асабліва моцна ўсю першую палову верасня немцы бамбілі Брэст. Першыя ўдары былі нанесеныя яшчэ 2 верасня па казармах у крэпасці. 7 верасня бамбілі ўжо цэнтр горада, куды перабралася з Варшавы камандаванне польскай арміі, у тым ліку галоўнакамандуючы, маршал Эдвард Рыдз-Сміглы.

А Брэсцкая крэпасць яшчэ раз моцна пацярпела ад нямецкіх снарадаў і бомбаў улетку 1941 года. Але не горад: немцы занялі Брэст практычна без бою. Не стаў горад арэнай баёў і ў 1944-м. Буг працякаў на захад ад горада, таму немцы не здолелі стварыць тут лінію абароны.

1941-ы: бамбёжкі і падпалы

Першыя нямецкія бомбы ў 1941-м упалі 22 чэрвеня на Беласток (тады ён быў беларускі), Гродна, Ліду, Наваградак.

У Гродне ў першыя дні вайны былі зруйнаваныя палац Радзівілаў і Сянны рынак, многія іншыя будынкі ў цэнтры горада. Страты забудовы ацэньваліся ў 30% (да канца акупацыі гэты паказчык вырасце да 43%).

Ліду працягвалі бамбіць да 25 чэрвеня — калі 26-га сюды ўвайшлі нямецкія войскі, цэнтр горада ляжаў у руінах.

Наваградак бамбілі да 28 чэрвеня, асабліва пацярпела цэнтральная плошча. Былі зруйнаваныя нямецкімі бомбамі гандлёвыя рады (тая іх частка, што стаяла пасярэдзіне плошчы), дом-музей Адама Міцкевіча з усімі зборамі, палац Радзівілаў. Драўляную забудову горада моцна панішчыў пажар.

З 23 чэрвеня нямецкая авіяцыя бамбіла Мінск. У сталіцы Савецкай Беларусі першымі цэлямі былі аэрадром і таварная чыгуначная станцыя. Але ўжо на наступны дзень з самага ранку быў атакаваны цэнтр горада, і да вечара адбылося каля дваццаці налётаў па 35—40 самалётаў кожны. Бамбардзіроўкі працягваліся і ў наступныя два дні, але менавіта 24 чэрвеня сведкі называюць адным з самых страшных дзён у гісторыі Мінска. Падчас нямецкіх бамбардзіровак 23—26 чэрвеня 1941 года наймацней пацярпела забудова цэнтральнай часткі горада — кварталаў паміж вуліцамі Інтэрнацыянальнай і Карла Маркса.

Сярод найбольш адметных і даўніх помнікаў, якія страціў Мінск у тыя дні, — палац Сапегаў на колішняй Юр’еўскай вуліцы (ішла паміж сучаснымі праспектам Незалежнасці і вуліцай Інтэрнацыянальнай ад Леніна да Янкі Купалы) і будынак гродскага суда на Замчышчы. Ад пажараў, выкліканых бомбамі, згарэла таксама зарэчная частка горада, забудаваная пераважна драўлянымі дамамі — прыкладна ад сучаснай вуліцы Багдановіча да Першамайскай, ад Свіслачы і да Камароўкі. Паводле нямецкіх падлікаў, страты мінскай забудовы склалі 80%, жыллёвы фонд быў знішчаны на 65%.

Нацысцкая прапаганда сцвярджала, што Мінск быў знішчаны ў выніку падпалу бальшавікамі пры адступленні, і гэтая версія трапіла нават у заходнюю прэсу. Але гэта няпраўда.

Такія падпалы насамрэч практыкаваліся пазней на ўсходзе Беларусі і ў Кіеве, пра што захаваліся адпаведныя сведчанні — але ў Мінску такога не было. У мемуарах захаваліся згадкі, што асобныя «энтузіясты» спрабавалі падпальваць дамы, «каб немцам не дасталося», але іх спынялі самі жыхары. З Мінска савецкія ўлады ўцякалі ў такой паніцы, што арганізаваць знішчэнне будынкаў у іх проста не было ні часу, ні магчымасці.

Руіны на вуліцы Карла Маркса. Будынак справа — цяпер Гістарычны музей. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Савецкая авіяцыя вайну ў небе ўлетку 1941-га прайграла — большасць самалётаў, размешчаных ля мяжы, былі знішчаныя немцамі проста на аэрадромах яшчэ ў першыя дні вайны. Тым не менш былі і спробы контрудараў — напрыклад, 26 чэрвеня савецкая авіяцыя бамбіла нямецкія войскі ў раёне Радашковіч — тады здзейсніў знакаміты таран экіпаж Мікалая Гастэлы, накіраваўшы свой падбіты самалёт на калону нямецкай тэхнікі. Але пацярпела падчас тых налётаў і гарадская забудова — акурат 26 чэрвеня ад пажару, выкліканага савецкімі бомбамі, згарэла ў Радашковічах хата, дзе жыла ўдава Браніслава Тарашкевіча з сынам Радаславам. Самім жыхарам удалося ўратавацца, а вось багаты архіў Тарашкевіча быў страчаны. 26 чэрвеня савецкія зенітныя часткі пакінулі Мінск, а 28 чэрвеня сталіца БССР была ўжо ў нямецкіх руках.

На наступны дзень, 29 чэрвеня 1941-га, з’явілася дырэктыва савецкага ўрада з указаннямі вывозіць альбо знішчаць усю маёмасць, якая можа трапіць у рукі ворага на акупаваных тэрыторыях. Гэта стала сігналам для стварэння знішчальных атрадаў, якія мусілі, сярод іншага, руйнаваць будынкі. Захаваліся сведчанні ўдзельнікаў падпалаў у Віцебску: тут спальвалі дом за домам — і цагляныя, і драўляныя, — аж да 11 ліпеня, калі ў горад увайшлі нямецкія войскі. Рабілі гэта партыйныя ды камсамольскія актывісты, а таксама простыя навучэнцы, якім выдалі запальныя сумесі. Тое самае рабілася і ў Полацку ды Оршы, пакуль яны не былі захопленыя немцамі 16 ліпеня.

У той жа час цярпелі ўсходнебеларускія гарады і ад нямецкіх бомбаў. Не прайшла бясследна для гарадской забудовы абарона Магілёва, якая доўжылася амаль месяц. У ліпені — жніўні 1941-га нямецкая авіяцыя бамбіла таксама Гомель, знішчыўшы да 50% гарадской забудовы. Агулам у 1941-м немцы, наступаючы, бамбілі дзясяткі гарадоў і мястэчак — ад Жабінкі, Кобрына, Пружанаў і Ваўкавыска — да Слоніма, Баранавічаў і Слуцка, ад Маладзечна і Дзісны — да Барысава і Жодзіна, ад Асіповічаў і Бабруйска — да Лепеля, Віцебска і Оршы. Аднак цэлямі гэтых бамбардзіровак часцей за ўсё былі толькі чыгуначныя вузлы ды вайсковыя гарадкі і ўстановы. Так, напрыклад, у Лепелі бомбу скінулі дакладна на ваенкамат, дзе загінула каля сарака чалавек.

1942—1943-ці: налёты і зондэркаманды

У 1942 годзе акупаваныя нацыстамі беларускія гарады пачала бамбіць савецкая авіяцыя. У сакавіку 1942 года адбыўся не надта ўдалы налёт на Мінск. Лётчыкі цэлілі ў Дом урада, дзе размяшчаліся розныя нямецкія вайсковыя ўстановы, але замест гэтага бомбы амаль цалкам знішчылі забудову прылеглай да шматпавярховага гмаху вуліцы Берсана. Савецкія бамбёжкі, як і нямецкія раней, прыводзілі да шматлікіх выпадковых ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Так, у Віцебску 28 кастрычніка 1942 года ад савецкай бомбы загінуў на электрападстанцыі адзін з кіраўнікоў падполля Уладзімір Казлоўскі з бацькам.

У 1943 годзе савецкія бамбёжкі ўзмацніліся. 4 мая 109 самалётаў бамбілі Мінск, 190 бамбавікоў адпрасавалі Оршу. 22 і 28 мая 1943-га савецкая авіяцыя моцна панішчыла ў Магілёве кварталы драўлянай забудовы, а пры канцы зімы 1944-га — цэнтральную частку горада, забудову вуліцы Першамайскай і Савецкай плошчы (цяпер — плошча Славы). Цэлямі савецкіх бамбавікоў былі вайсковыя аб’екты і ўстановы акупантаў.

У Мінску адна з савецкіх бомбаў пацэліла дакладна ў будынак на вуліцы Карла Маркса, дзе месцілася штаб-кватэра абверу (цяпер тут філалагічны факультэт БДУ), а другая трапіла ў тое крыло Дома афіцэраў, дзе знаходзіўся кінатэатр для нямецкіх вайскоўцаў.

Савецкія налёты на Мінск працягваліся аж да сыходу немцаў з горада.

Пакуль авіяцыя палявала на цягнікі і казармы, за горадам ішла вайна партызанская.

Партызаны падрывалі рэйкі, нападалі на паліцыю. У адказ эсэсаўцы бязлітасна знішчалі вёскі каля партызанскіх зон. Хатынь, Дальва — такіх вёсак былі сотні. Нам цяжка сабе сёння ўявіць гэта — як можна паліць людзей жывымі!

Што ў савецкі час замоўчвалася — гэта тое, што партызаны таксама палілі маёнткі, школы, нават храмы. Так, менавіта партызаны спалілі сядзібу Касцюшкаў у Мерачоўшчыне ля Косава, палацы і сядзібы ў Малачэўшчыне і Тулічах на Кобрыншчыне, Аранчыцах на Пружаншчыне, Велікарыце Маларыцкага раёна, Залессі на Глыбоччыне, у Сёмкаве, Забашавічах і Дукоры пад Мінскам, Кабыльніку каля Нарачы. Спаленыя партызанамі былі таксама цэрквы ў Гарадку на Маладзечаншчыне, Сваротве, Ятве і Пачапаве на Баранавіччыне, касцёлы ў Чарэі на Аршаншчыне, Камені ля Валожына. Сядзібы гінулі, бо ў іх немцы размяшчалі свае гаспадаркі, але спальванне храмаў практычнымі патрэбамі патлумачыць цяжка. Гэта былі проста акцыі запалохвання.

Беларусь была ў тыя гады пеклам на зямлі. У мястэчку Налібакі на Стаўбцоўшчыне савецкія партызаны спалілі касцёл 8 мая 1943 года — тады ж імі былі забітыя 128 жыхароў мястэчка, западозраных у супрацоўніцтве з немцамі. А варвары немцы 23 ліпеня таго ж года ў царкве ў Дорах на Валожыншчыне спалілі жыўцом 146 чалавек. Дорам не дапамагло нават тое, што з іх паходзіў адзін з кіраўнікоў беларускіх дзеячаў, што супрацоўнічалі з немцамі, Францішак Кушаль. А 8 жніўня нацысты спалілі ўжо і Налібакі, у тым ліку і частку жыхароў.

Зрэшты, нацысты ды іх памагатыя вёскі не толькі палілі — часта нямецкая авіяцыя яшчэ і бамбіла паселішчы ў партызанскіх зонах. У сваім зверстве даходзілі да таго, што практыкавалі нават вучэбныя бамбардзіроўкі вёсак.

1943—1944-ы: ізноў падпалы і бамбёжкі

Вызваленне Беларусі ад нацыстаў пачалося ўвосень 1943-га з паўднёвага ўсходу краіны. У Гомелі акупанты абвясцілі ў сярэдзіне кастрычніка эвакуацыю насельніцтва, а з канца месяца распачалі планамернае знішчэнне будынкаў. Да 26 лістапада, перш чым у горад увайшлі часткі Чырвонай арміі, было знішчана 80% гарадской забудовы.

Не было горшых знішчэнняў, як калі праходзіў фронт. Напрыклад, у Глыбокім частка гарадской забудовы была спаленая нямецкай знішчальнай камандай, а частка страчаная падчас пажару, які пачаўся ад савецкіх бомбаў 2 ліпеня 1944-га.

Так і ў суседняй з Глыбокім Плісе немцы перад адступленнем спалілі дом, дзе вырас мой дзед — і пазней ён дужа сентыментальна ўспрымаў вядомую песню Міхаіла Ісакоўскага і Мацвея Блантэра «Враги сожгли родную хату».

Саветы падчас наступлення, як і немцы ў 1941-м, бамбілі збольшага чыгуначныя вузлы — у Оршы, Полацку, Магілёве, Асіповічах, Баранавічах, Брэсце… Часам пасля заняцця саветамі гэтых станцый па іх паспявалі адбамбіцца яшчэ раз і немцы — як у Оршы і Маладзечне. Часта забудова гарадоў разбуралася таксама падчас вулічных баёў.

Апошнім часам распаўсюджваюцца плёткі, нібыта Мінск савецкая авіяцыя бамбіла ў ліпені 1944-га ўжо пасля таго, як немцы сышлі з горада, але гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасці.

Насамрэч, да 30 чэрвеня з Мінска эвакуіраваліся ўсе цывільныя немцы, але вайсковыя часткі заставаліся на месцы. 1 ліпеня пачалі дзейнічаць падрыўныя каманды, якія знішчалі абсталяванне заводаў, мініравалі або падрывалі будынкі.

Замініраваныя былі Дом урада, Оперны тэатр і іншыя вялікія гмахі — закладзеныя тут бомбы і выбухоўку пасля з рызыкай для свайго жыцця абясшкодзілі савецкія сапёры.

Так пасля сыходу нацыстаў выглядаў цяперашні праспект Незалежнасці. Дрэвы зверху — гэта Аляксандраўскі сад. За ім праглядаюцца вежы Дома афіцэраў. Справа зверху — тэатр імя Янкі Купалы і будынак ЦК Кампартыі, у якім пры немцах размяшчаўся Генеральны камісарыят. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Не ўдалося знайсці толькі адну бомбу, якая выбухнула 3 ліпеня і выклікала пажар у Доме Чырвонай арміі (цяпер — Цэнтральны дом афіцэраў).

2 ліпеня ў Мінск увайшлі дадатковыя нямецкія вайсковыя аўтакалоны, але разгарнуць і арганізаваць абарону гэтыя часткі ўжо не паспелі — занадта імклівым быў тэмп савецкага наступлення. Зранку 3 ліпеня ў Мінск уварваліся савецкія танкі, а ўвечары заняты Чырвонай арміяй горад бамбіла ўжо нямецкая авіяцыя, налёты працягваліся аж да 23 ліпеня. Акурат у гэты час была пашкоджаная нямецкімі бомбамі, напрыклад, забудова плошчы Свабоды — у тым ліку адметны будынак са званіцай, які стаяў побач з архікатэдральным касцёлам. Пашкоджаны, ён прастаіць да 1951 года, а пасля саветы яго знясуць.

Драўляныя дамы згаралі цалкам, а ад мураваных будынкаў пасля бамбардзіравання заставаліся «каробкі». Пасля вайны танней было пазбавіцца рэшткаў і збудаваць на іх месцы новыя будынкі. Так было давершана руйнаванне таго, што яшчэ заставалася стаяць.

У той вайне абодва бакі вялі татальную вайну, а Беларусь была адной з галоўных яе арэн. Але большасць будынкаў, зруйнаваных падчас вайны ў Мінску, пацярпелі ўсё ж ад нямецкіх бамбёжак, і наша сталіца, разам з іспанскай Гернікай і польскай Варшавай, стала адным з сімвалаў нацысцкага варварства.

***

Гінулі ад бомбаў і пажараў не толькі людзі і дамы, але і культурныя каштоўнасці. Агент савецкай разведгрупы, журналіст і пісьменнік Рыгор Мурашка ў 1944-м сведчыў у сваім аглядзе ваенных стратаў Мінска: «У цэнтры горада, галоўным чынам, змяшчаліся шматлікія і багатыя прыватныя бібліятэкі навуковых работнікаў, пісьменнікаў, мастакоў і інжынераў, каштоўнасць якіх вызначалася ў мільёны рублёў. Агонь пажараў знішчыў іх цалкам. Згарэў у агні пажару Дом пісьменнікаў са сваёй выдатнай і вялікай бібліятэкай».

Нямецкія бамбардзіроўкі Мінска знайшлі адлюстраванне і ў мастацкіх творах. Іван Шамякін у рамане «Гандлярка і паэт», які выйшаў у 1976-м, першым у беларускай літаратуры згадаў не толькі пра разбурэнні, нанесеныя бомбамі, але і пра безуладдзе ды марадзёрства першых дзён вайны пасля сыходу з горада савецкіх уладаў і міліцыі.

У літаратараў з іншага палітычнага лагеру рэакцыі на бамбардзіроўкі Мінска дыяметральна адрозніваліся. Так, Масей Сяднёў, які ў чэрвені 1941 года сядзеў пад следствам у мінскай турме НКВД і вызваліўся дзякуючы прыходу немцаў, пакінуў аб тых днях верш, ён успрымаў падзеі зусім інакш:

Збамбілі ля турмы ўвесь квартал,
і я пайшоў у свет раскутым.
Як радасць для сябе, вайну я прывітаў
радкоў маіх лірычнейшым салютам.

Маліўся сіле агнявой
і дню, што лёс мой перайначыў.
Я самалёту кожнаму над галавой
жадаў найлепшае ўдачы…

***

Савецкая авіяцыя наносіла немцам адчувальныя страты. Захаваліся, напрыклад, сведчанні з «агентурных звестак па выніках савецкай бамбардзіроўкі Мінска», датаваныя першымі днямі траўня 1943-га, за подпісам упаўнаважанага асобага аддзела партызанскага атрада імя Кірава П’янкова: «Знішчаныя і разбітыя… вагонапаравознае дэпо і падвесны мост. Упалі чатыры бомбы на завод імя Мяснікова. [Пацярпелі ад бомбаў] 2-гі савецкі шпіталь і клінічны гарадок, 4 карпусы з параненымі немцамі. Разбітая хлебапякарня, на Грушаўскім пасёлку — школа, у якой знаходзіліся немцы, у пасёлку Камінтэрн — 10 карпусоў, у якіх таксама знаходзіліся немцы, радыёстанцыя… ваенна-палявая камендатура і склад са снарадамі. [Колькі] загінула немцаў — пакуль не ўстаноўлена. Загінула цывільнага насельніцтва каля трох тысяч».

Звесткі пра страты сярод мірнага жыхарства ў гэтым партызанскім данясенні, верагодна, перабольшаныя — але нельга адмаўляць, што такія ахвяры былі.

Налёты савецкай авіяцыі выклікалі сярод жыхароў акупаванай Беларусі супярэчлівыя рэакцыі. Згаданае ў данясенні П’янкова бамбардзіраванне Мінска ў маі 1943 года стала штуршком да напісання Антонам Адамовічам завязкі рамана «Каханы горад». Аўтар, які да вайны выйшаў з савецкай турмы, бо пагадзіўся стаць сексотам НКВД, а падчас акупацыі ўзначальваў у Мінску пранямецкую «Беларускую газэту», пісаў свой твор ужо ў Германіі, куды быў высланы нацыстамі з Мінска ў выніку палітычных інтрыг. Апублікаваць тэкст падчас вайны ўдалося таксама толькі ў Германіі — нацысцкая цэнзура ў Мінску яго не прапускала. «Каханы горад» — гэта гісторыя пра беларуса, савецкага лётчыка, які браў удзел у налёце на Мінск, і пра выбар, зроблены ім у гэтай цяжкай сітуацыі.

Вітаўт Кіпель, які падчас акупацыі Мінска быў падлеткам, узгадвае: «Пасля траўня 1943-га бамбёжкі бывалі досыць часта, яны наляталі на вакзал, на розныя ваенныя аб'екты, майстэрні, склады. Бамбёжкі ўвайшлі ў штодзённае жыццё… Цярпела і цывільнае насельніцтва, людзі гінулі, былі паховіны. І хоць людзі былі незадаволеныя, плакалі — чаму гэта на нас? — але ніхто нікога не вінаваціў, гэта ўспрымалася як стыхійнае бедства, непазбежная частка ваенных дзеянняў».

Антон Рудак

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930