Найти
10.10.2019 / 10:53РусŁacБел

Живая и мертвая. Две жены князя Януша Радзивилла на одном портрете

Об уникальном произведении из собраний Национального художественного музея пишет искусствовед Надежда Усова.

«Партрэт дзвюх невядомых княгінь» — пад такой назвай гэты твор трапіў у 1939­м у Дзяржаўную карцінную галерэю БССР у Мінску. Ён быў вывезены з Нясвіжскага палаца, калі Чырвоная армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь.

І мінула сорак гадоў, перш чым удалося высветліць, хто на партрэце. За гэты час твор павандраваў: падчас вайны яго вывезлі ў Германію, пасля з­пад Кёнігсберга ён трапіў у Маскву, адкуль толькі ў 1960­м вярнуўся ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР. Пасля яшчэ на пяць гадоў яго вывозілі ў Маскву на рэстаўрацыю.

Супрацоўніца Эрмітажа Алена Камянецкая высветліла, што на партрэце — Марыя і Кацярына Радзівіл, жонкі гетмана ВКЛ Януша Радзівіла. Адна з іх, Марыя, на час напісання партрэта была жывая. Гэта стала сенсацыяй.

Палатно змяшчае лацінскі подпіс мастака Ёгана Шрэтэра, месца стварэння — Вільня і дату — 1646 год.

Неверагоднае для нас спалучэнне жывых і мёртвых людзей сустракаецца на партрэтах XVI—XVII стагоддзяў, але ў беларускім музейным фондзе такі твор адзіны.

Упершыню партрэт згадваецца ў інвентары 1657 года, складзеным стрыечным братам і спадчыннікам Януша Багуславам Радзівілам: «Абедзве жонкі нябожчыка Януша Радзівіла на адным партрэце». Глядач падумае, што дама ў чорным — першая жонка Януша, памерлая ў 1642 годзе Кацярына з Патоцкіх. І памыліцца. Шрэтэр напісаў на пярэднім плане ў чорнай сукенцы 21-­гадовую Марыю Лупу.

Гэтыя жанчыны ў жыцці не сустракаліся. Але дамы XVII стагоддзя былі прагматычныя і без рэўнасці прымалі суседства памерлай папярэдніцы на партрэце. Быў нават патройны партрэт Радзівіла з жонкамі. Ён не захаваўся, але вядомы нам па акварэлі 1858 года. Януш упарта хацеў бачыць нябожчыцу­-жонку побач з жывой на фамільных партрэтах. Навошта? Ёсць некалькі версій.

Версія першая: інфармацыйная. «Я, Януш Радзівіл, з жалем паведамляю, што жонкай маёй была Кацярына з Патоцкіх, якая адышла ў лепшы свет, а зараз стала Марыя з роду Лупу», — як бы апавядае гэты партрэт. Партрэты выконвалі ролю гістарычнага дакумента, пацвярджаючы нашчадкам тую ці іншую падзею ў жыцці роду.

Версія другая: рэлігійная. «Я, Януш Радзівіл, запэўніваю цябе, Кацярына, што заўсёды буду цябе памятаць як маці маёй спадчынніцы і любімай дачкі Ганны Марыі».

Версія трэцяя: тэрапеўтычная. Кацярына намаляваная ўсмешлівай: яна ў лепшым свеце, дзе няма пакут і смутку. Спакойныя і ўлагоджаныя выявы памерлых нібы даводзілі жывым, што іх родным­-нябожчыкам добра.

У партрэце заўважны кантраст чырвонага і чорнага. Чырвоны колер — гэта і знак вышэйшага стану, і магічны абярэг ад сурокаў. Чорны — колер урачыстасці, але і жалобы, і аскезы. У той жа час чорны і чырвоны — добры дэкаратыўны фон для белых вытанчаных нідэрландскіх карункаў, якія ўвайшлі ў моду пры канцы XVI стагоддзя.

Каханне з першага погляду

Першая жонка Януша Кацярына, дачка брацлаўскага ваяводы Стэфана Патоцкага, паказаная на партрэце ў сукенцы вытанчанага каралавага адцення з вузкім срэбным паяском і вышыванымі срэбнымі галунамі.

З гісторыі іх адносін выйшаў бы куртуазны раман. Януш Радзівіл закахаўся ў Кацярыну з першай сустрэчы. Але вялікі гетман і апора кальвінізму ў ВКЛ Крыштоф Радзівіл быў супраць шлюбу сына з каталічкай, і Януш пайшоў насуперак волі бацькі. Яны з Кацярынай заручыліся ў 1638-­м, пры пасярэдніцтве дзядзькі Януша Альбрэхта Радзівіла. Але той, убачыўшы прыгажуню, сам у яе закахаўся і вырашыў у абыход пляменніка прапанаваць ёй руку і сэрца. Маці нявесты з энтузіязмам успрыняла прапанову багатага, хоць і старога князя і дала згоду, да адчаю закаханых… Але тут умяшаўся кароль — і закаханыя ўз’ядналіся.

Кацярына спрабавала загітаваць мужа ў каталіцтва, але дамаглася няшмат: Януш замяніў кальвіністаў на каталікоў толькі ў яе найбліжэйшым атачэнні. Каталічкай стала і іх дачка Ганна Марыя. Януш пражыў з Кацярынай чатыры гады: у 1642 годзе 23­-гадовая княгіня раптам памерла і была пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Несуцешны Януш паўгода не выходзіў у свет, не наведваў каралеўскі двор.

На партрэце Кацярына ўбраная па модзе 1630­-х. У яе руках веер, твар і рукі аздобленыя белым карункавым каўнерыкам і манжэтамі.

Яе злёгку захінае фігура другой жонкі — Марыі Лупу, якую звалі Ганарлівай.

Шлюб па разліку

19-­гадовую Марыю Януш упершыню пабачыў на вяселлі. Пра пачуцці не было гаворкі, шлюб мусіў умацаваць Радзівілаў: бацькам Марыі быў малдаўскі гаспадар[1], уплывовы Васіль Лупу.

Сватоў да Марыі Януш паслаў, як толькі скончылася жалоба па Кацярыне. Бацька маладой быў згодны, але мусіў спытаць дазволу ў турэцкага султана, васалам якога быў… Справа зацягнулася, але ўрэшце скончылася поспехам: паслам Радзівіла ўручылі партрэт нявесты аўтарства галандскага майстра Абрахама ван Вестэрфельда і каштоўны заручальны пярсцёнак.

Такія партрэты адыгрывалі вялікую ролю ў шлюбных справах. Мастак мусіў дагадзіць і крэўным нявесты, падкрэсліўшы яе прыгажосць, але моцна не перабольшыць, каб жаніх не расчараваўся, пабачыўшы, што нявеста ў жыцці зусім не такая, як на партрэце. Выява Марыі так спадабалася Радзівілу, што Вестэрфельд стаў пасля яго прыдворным мастаком.

Пышнае вяселле Януша і Марыі адбылося ў лютым 1645 года ў малдаўскай сталіцы Ясы і доўжылася 12 дзён. Вянчаў маладых кіеўскі праваслаўны мітрапаліт Пятро Магіла.

Яны пражылі разам дзесяць гадоў. Марыя, працавітая і энергічная, захоўвала і ўсяляк падтрымлівала сваю веру: заснавала Успенскі манастыр у Заблудаве, апекавалася праваслаўнымі цэрквамі. Муж не пярэчыў, нават замалёўваў і апісваў для яе ў паходах праваслаўныя храмы і манастыры.

Марыю мастак паказаў у строгай чорнай сукенцы, але з дарагімі бранзалетамі і пярсцёнкамі. Упрыгожанняў у яе больш, чым у Кацярыны: мастак падкрэсліў яе высокі статус дачкі малдаўскага гаспадара. Яна ўбраная па модзе 1640-­х: сукенка з карункавым каўняром, бранзалеты з каштоўнымі камянямі, страусавае пяро ў валасах.

Калі глядзець на партрэт у бакавым святле, на сукенцы бачныя замаляваныя ўзоры шыкоўнага шыцця. Магчыма, сам мастак прыбраў пачатковую версію багатага дэкору? Або пасля смерці мужа ўдава ў жалобе загадала іх зафарбаваць? Пакуль партрэт не прасвецяць рэнтгенам, адказаць цяжка.

Маці і мачыха

А мо партрэт пісаўся для асірацелай 6-­гадовай дачкі Януша Ганны Марыі? На ім маці і мачыха, аб’яднаныя клопатам пра яе — духоўным, «з неба», і рэальным, на зямлі.

Хоць невядома, ці здолела Марыя, фанатычная праваслаўная, стаць другой маці для прыёмнай дачкі­-каталічкі. Хутчэй за ўсё, іх жыццё ішло паралельна. І нават калі Януш раптоўна памёр, апекуном яго дачкі стала не мачыха, а стрыечны брат Багуслаў.

Марыя Радзівіл перажыла мужа на пяць гадоў. Яна марна судзілася з князем Багуславам, спрабуючы вярнуць каштоўнасці з свайго пасагу, якія захоўваліся ў скарбніцы Радзівілаў. Адчуўшы набліжэнне смерці, Марыя частку тых каштоўнасцяў адпісала падчарцы. Большую ж частку сродкаў перадала праваслаўным манастырам.

Князь Багуслаў Радзівіл апратэставаў яе завяшчанне, якое ўціскала правы Ганны Марыі.

Ад Багуслава — у Нясвіж

А потым старэйшы на 20 гадоў апякун закахаўся ў «сваю Ганусю». Хоць, магчыма, меў для яго значэнне і пасаг, які не хацелася аддаваць у чужыя рукі.

Кальвінізм не дазваляў шлюбу між блізкімі сваякамі. Толькі ў 1665-­м, калі Ганне было ўжо 25, што лічылася амаль непрыстойным векам для нявесты, Багуслаў наважыўся ажаніцца з пляменніцай. Дзеля вяселля нявеста папрасіла яго парушыць строгасць вопраткі кальвіністаў і замовіла модныя строі з Парыжа. «…Адзенне маладой гарэла агнём, а я быў як дзяцел», — з іроніяй пісаў Багуслаў у дзённіку.

Ганна Марыя памерла ў 27 гадоў, пакінуўшы Багуславу дачку Людвіку. З-­за адсутнасці нашчадка мужчынскага полу ўсе фамільныя скарбы біржанскіх Радзівілаў перайшлі да нясвіжскай галіны роду.

Партрэты з галерэі князя Януша дзвесце гадоў захоўваліся ў Нясвіжы нераспакаваныя. Цікавасць да іх праявілі толькі ў канцы ХІХ стагоддзя — рэстаўравалі і вывесілі ў палацы. Астатняе мы ведаем…

Цяпер гэты на выгляд просты, але ідэйна складаны партрэт знаходзіцца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея сярод іншых твораў з Нясвіжскай калекцыі. Ён дагэтуль інтрыгуе мастакоў, якія выкарыстоўваюць яго гісторыю і кампазіцыю для сучасных інтэрпрэтацый.

 ***

Дзякую за дапамогу і парады маім калегам — супрацоўнікам аддзела старажытнабеларускага мастацтва Мастацкага музея Алене Карпенка, Юрыю Піскуну, Станіславу Чавусу, а таксама Марыі Дзенісюк, якая ласкава дапамагла адшукаць неабходныя аналагі.

 ***

Ёган Шрэтэр быў нямецкага паходжання. Ён працаваў у Вільні, Гродне, Караляўцы-Кёнігсбергу. Магчыма, у Рэч Паспалітую прыехаў, ратуючыся ад Трыццацігадовай вайны, якая забрала ў Еўропе 8 мільёнаў жыццяў. У Вільні Шрэтэр ажаніўся, займеў дзяцей. Як прафесіянал займаў ганаровае месца сярод мастакоў: працаваў для буйных магнатаў, аздабляў касцёлы. Невыпадкова князь Януш Радзівіл менавіта яму замовіў партрэт сваіх жонак, што прызначаўся, хутчэй за ўсё, для новага палаца Радзівіла ў Вільні, які будаваў архітэктар Ян Ульрых на ўзор знакамітага палаца Фантэнбло ў Францыі.

 ***

Гетман Януш Радзівіл

Палякі называлі яго здраднікам за жаданне разарваць унію Вялікага Княства з каталіцкай Польшчай ды злучыцца з пратэстанцкай Швецыяй. Ён жорстка змагаўся з казаччынай, руйнуючы цэлыя гарады, але быў талерантны да габрэяў. Януш ведаў еўрапейскія мовы, няблага маляваў, вучыўся ў нямецкіх універсітэтах, быў паслом у Англіі і Нідэрландах, падтрымліваў пратэстанцкія грамады княства, пасылаў мясцовую моладзь вучыцца за мяжу.

 ***

Выявы жывой і памерлай жонкі разам трапляюцца на партрэтах пратэстанцкіх сем’яў XVII стагоддзя. З інвентароў ведаем пра партрэт дзвюх жонак кальвініста Багуслава Ляшчынскага, падканцлера літоўскага. Або гравюра-партрэт нямецкага прынца Атона Гесэн-Касельскага і яго жонак Кацярыны Урсулы і Агнэсы Магдаліны пэндзля Аўгуста Эрыха. Партрэт насычаны сімволікай: жонку-нябожчыцу коле вострай пікай смерць у выглядзе шкілета, побач з жывой жонкай — букет кветак і яблыкі, век якіх, на жаль, таксама непрацяглы.

 ***

Сармацкі партрэт

Гэты мастацкі жанр быў часткай ідэалогіі сарматызму, якая ставіла шляхту Рэчы Паспалітай вышэй за іншыя станы краіны і вакольныя народы. Сармацкі партрэт быў парадным. Чалавек на ім выяўляўся ў найлепшым адзенні, рэчы вакол яго не толькі характарызавалі асобу, але і паказвалі, да якога стану яна належыць, якое месца ў грамадстве займае. 

[1]Гаспадарамі называлі ўладароў Малдавіі і Валахіі. Прозвішча «Лупу» паходзіць ад румынскага слова «воўк».

 

Надежда Усова

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930