Написать новость
Найти
21.07.2019 / 18:21 10

Столин vs Шумилино: путешествие вглубь Полесья и на север Витебщины разорвало шаблоны

Увеличить изображение

Дом у Століне, вуліца вымашчаная трылінкай. Тут і далей — фоты аўтара.

Мая нядаўняя вандроўка ўглыб Палесся і на поўнач Віцебшчыны разарвала шаблоны, зруйнавала міфы, піша гісторык Павел Булаты.

Я — беларус заходні. Паходжаннем з ваколіц Нясвіжа, вандраваў і збольшага ў жыцці час бавіў «па той бок» рыжскай мяжы. Бачыў ты̀я вёскі, побыт і традыцыі таго̀ рэгіёна, чуў і размаўляў на то̀й мове. Не асабліва ўдаваўся ў сваіх падарожжах і на поўдзень — наша таямнічае Палессе. Наіўна думаў, што так, як у нас, на захадзе, усюды, што так ва ўсіх куточках нашай Беларусі. Хіба якія мясцовыя не істотныя адрозненні… Але ж! Нядаўняя вандроўка ўглыб Палесся і на поўнач Віцебшчыны разарвала шаблоны, зруйнавала міфы. Натуральна, што гарадское жыццё не асабліва і розніцца, а вось вясковае… Там, дзе захавалася штосьці спрадвечнае, адрозненні адчуваюцца. Ты нібыта трапляеш на іншую планету, але дакладней — у іншую цывілізацыю, хоць таксама беларускую.

Першае і самае прыкметнае, што трапляе на вока дасціпнага вандроўцы, гэта адрозненне ў хатах і надворках. Вось у нас (пад «нашым» я разумею ваколіцы Нясвіжа) хаты выцягнутыя, а да жылых пакояў прыбудаваныя гаспадарчыя памяшканні. У нашай вёсцы на іх кажуць «тыя сені». Не гэ̀тыя, праз якія ўваходзяць, а тыя, дзе майстэрня, дзе захоўваюцца прылады… І іншае ўсё гаспадарчае — хлявы, буды, скляпы —пабудаваныя па надворку ў розных месцах. Хоць і кампактна, але троху без сістэмы. І ўсе навідавоку. Палессе да нас у гэтым плане крыху падобнае, надворкі там амаль такія ж. Хаты іншыя. Квадратныя. І сустракаецца шмат сціплых хацін, куды меншых за нашы. Ёсць і на падмурках высокіх. Як ад мясцовых чуў, каб змеі і вужакі не лазілі… А вось на Віцебшчыне інакш усё! Хаты — вялікія, як бы ў нас сказалі — «панскія». А што, лесу не бракуе, зямлі хапае! І надворкі. Яны закрытыя, найперш ад чужынскіх вачэй. Глухі плот, шмат хадоў, брамак… Стаяў я такі на дарозе і думаў, а дзе ж у іх хлявы, куратнікі, свінушкі? Нічога ж не відаць! Аказваецца, з хаты праз сенцы вядуць дзверцы на маленечкі панадворак, а там — усе патрэбныя гаспадарчыя пабудовы.

***

На поўначы вокны з аканіцамі… Амаль ва ўсіх хатах тыя ставенкі прыкрываюць вокны. У нас калі ў вёсцы і сустрэнеш дзе аканіцы на вокнах, то гэта — рэдкі выкапень народнага дойлідства. І жывуць там прыезджыя з іншага краю гаспадары. Бываюць, вядома, але надта зрэдку. А на Палессі на франтонах сонейкі… Шмат драўляных сонейкаў зіхацяць з хат палешукоў, упрыгожваючы наваколле сваім нябачным светам і цеплынёй.

***

Ці ж не на кожным падворку віцебскіх вёсак маецца ўласная лазня. Маленькія, сціплыя з кругляка ці бруса пабудовы, ад якіх цягне цёплым водарам зёлак і чысціні, туляцца на тамтэйшых падворках. Лазня, у нас? Не, не чулі… Не было такой традыцыі ў нас! Дзе мыліся? А ў дзежках вялікіх. Грэлі ваду на печы, налівалі ў бочкі і мыліся. Ужо потым там-сям пачалі тыя лазні будавацца. А каб раней, то не было такога.

***

«А тут наш калодзезь…» — кажа мне мая віцебская спадарожніца, паказваючы крыніцу вады. Нда, думаю, калодзезь… На выгляд ён такі ж — звычайная шахта з брусу… Але як далёка ён ад хаты! Надта далёка. А побач з ім даўгая палка з круком, якой вычэрпваюць вядром ваду. Ох, колькі вёдзер патапілі тут з такой ненадзейнай прыладай! У нас ваду выкручваюць… Вядро на ланцугу, накручваецца на бервяно… Так і выкручваем. А на Палессі шмат калодзежных журавоў на вока траплялася… Птушыны край!

***

Краявіды. Натуральна, што поўнач, Палессе і захад — розныя прыродныя, рэльефныя, кліматычныя зоны, як вучыць нас настаўніца геаграфіі ў школе… Але не адзначыць гэтага нельга. Палессе — роўнае. Вось сапраўды, як стол. Такі вялікі абшар, далягляд якога сягае ў неверагодную далечыню, якая перарываецца сцяною лесу. Заліўныя лугі, балоцістасць… І сярод гэтага вялікія вёскі. Малой грамадой на Палессі складана, сухой і ўрадлівай зямлі не так шмат сярод балот і рачулак, каб паасобку жыць… Наш краявід — узгорысты. Там уздым, там нізінка… Далягляд шырокі, але ўдалечыню не сягае, бо перарываецца ўзгоркам якім. І ўсё засеянае. Глеба шчыра адорвае збожжам тутэйшых хлебаробаў. І сярод гэтых неабсяжных палёў там-сям віднеюцца самотныя ліпы, купкі бяроз, ігрушы-дзічкі ці старыя раскідзістыя яблынькі. Гэта маўклівы напамін аб былым хутарскім жыцці, аб шляхецкіх засценках і фальварках… На Віцебшчыне краявід таксама ўзгорысты. Але яго ўпрыгожваюць шкельцы азёрнай роўнядзі, раскіданыя па абшары сярод лясоў і вёсачак… Што адметнага тут? Дык гэта спадчына былых калгасаў — пачварныя кароўнікі, гаражы, мехдвары — якая пакрысе знікае з маляўнічага краявіду Віцебшчыны…

***

А ў тых ваколіцах і цэрквы розныя. На Віцебшчыне не шмат храмаў. Даюць знаць пра сябе першыя пяцігодкі бязбожнай савецкай улады. Касцёлаў амаль няма, старадаўніх цэркваў — вобмаль. Але тыя, што захаваліся ўражваюць неверагодна! Уражваюць усім — стылем (гэта так званы неарускі, хоць і не ўласцівы нашым землям, але тут ён з відавочным мясцовым уплывам), прывабнай недагледжанасцю (іх не кранала рука сучаснага добраўпарадкавання!), манументальнасцю, самотай… Храмы (мы бачылі цэрквы ў Лескавічах і Лоўжы) вялікія ў сваіх памерах, для сотні малітоўнікаў… але ваколіцы пустыя, людзей амаль няма для іх велічы і ўзнёсласці. У нас храмы (і цэрквы, і касцёлы) сустракаюцца па вёсках і мястэчках, а то і ў полі паміж імі, часта. Невялічкі, утульныя сельскія бажніцы. Наш край — край рознай архітэктуры, але пераважна — барочнай. Можна ўбачыць храмы з класічнымі рысамі, дзесьці з даўнімі рэнесанснымі, а можна і «мураўёўку» запрыкмеціць… На Палессі цэрквы драўляныя. Ну яшчэ б, каб у лясным краі дый з каменю ўзводзілі! Ад спрадвечных палескіх храмаў цягне ўтульнасцю. Ёсць у іх нешта такое, што насычае цеплынёй і прастатой. Без пышнасці, але са шчырай любоўю.

Увеличить изображение

Лескавічы.

***

Дзівам было, што на Віцебшчыне нешта ад паноў захавалася. Для нас гэта звычайная справа — там жыў той пан і захаваўся яго сад, там сядзіба пад клуб прыстасаваная, там стаіць закінуты маёнтак з тузінамі аўтэнтыкі, а там і адраджаецца панскае гняздзечка… Здавалася, што за першыя савецкія пяцігодкі на поўначы ўсё, што звязанае ў ненавіснымі «панані-крывасмокамі» працоўнага сялянства было знішчана, разбуранае, сцёртае з твару зямелькі і памяці народнае… Але ж не! Ёсць і былыя сядзібы, і закінутыя пабудовы. І ў народнай памяці невялічкае возера панскім назавуць. Хоць і гіне спадчына, як і паўсюль у Беларусі, але рэштачкі яе праз віры часу да нас даходзяць і прабіваюцца.

***

А мястэчкі вось аднолькавыя. Сапраўды, местачковая забудова, старасвецкія камяніцы, былыя хаты-крамы — усё гэта не розніцца па рэгіёнах. У палескім Століне ўразіла міжваенная брукаванка. Так, у раённым цэнтры некалькі цэнтральных вуліц забрукаваныя! Іх не крануў утульны асфальт сучаснага добраўпарадкавання. І гэта файна!

Увеличить изображение

Столін

А ў паўночным мястэчку Шуміліне мы паглыбіліся ў атмасферу старога беларускага мястэчка… Недалёка ад вакзала стаіць мураваны дом на моцным падмурку са склепам-крамаю, драўляная прыбудова… Абрысы і прапорцыі — нібы з палатна Шагала. Адкрываем старыя рыпучыя дзверы і бачым арыгінальныя драўляныя прыступкі… і водар старой крамы… і начынне… Вось нібыта ў былыя часы зайшоў у краму якога нашчадка Абрагама… Але ў мястэчках па рэгіёнах толькі розніцца паняцце «даваенны». І ў жыцці, і ў архітэктуры. На поўначы згадваюцца першыя 20 год савецкай ўлады, паказваючы даваенны канструктывізм, на Палессі і ў нас — згадваюцца часы, калі там была Польшча з закапанскімі дамкамі і тамтэйшым функцыяналізм…

Увеличить изображение

Увеличить изображение

Увеличить изображение

Увеличить изображение

Шуміліна.

Увеличить изображение

Столькі цэркваў у ваколіцах Шуміліна… Вёска Лоўжа… але такі гаротны стан. Камуністы зладзілі тут зернесклад, а цяпер вёска памірае, помнік гіне…

Увеличить изображение

Котачка на печцы… Ідылія ўсіх вясковых хат

***

І людзі, што насяляюць гэтыя куточкі. Вядома, усё залежыць ад уласных якасцей чалавека, яго выхавання і жыццёвых каштоўнасцей. Але рэгіянальныя рысы запалі. Хоць па адной, але адзначыць хочацца. Віцебскія беларусы — адкрытыя. Хоць і надворкі ў іх схаваныя, сэрцы ў людзей адкрытыя. Яны шчырыя, імгненна адкрываюць свае душы, кажуць пра сакральнае. Нічога не ўтойваюць, калі запытаеш. І пагаманіць любяць, задаючы шмат пытанняў са шчырай зацікаўленасцю. А вось у нас, на захадзе, народ скрытны. Мы — хутаране, адасобленыя ад свету сваім утульным кутком. Але скрытныя не значыць ганарлівыя ці фанабэрыстыя. Не, да нас трэба знайсці падыход і мы раскрыемся, праявім увесь букет сваіх сціплых пачуццяў. І абавязкова прыйдзем на дапамогу да кожнага. На Палессі сустрэліся людзі простыя. Не прымітыўныя, не! Ні ў якім разе не прымітыўныя. Простыя. Без нейкіх складаных схем у адносінах. Так — так, не — не. І гасцінныя. Можа і вее тут ментальным штампам, але яно так сапраўды. І гасціннасць шчырая адчуваецца.

***

Мова. Па-беларуску размаўляюць паўсюль. Натуральна,што не па акадэмічным слоўніку. Па-свойму, па-просту… Пра мову палешукоў і казаць не выпадае — зразумела, што гэта самабытная гаворка, яка носіць у сабе процьму цікавостак. А вось пра Віцебшчыну колькі слоў дадаць хочацца. Скажу шчыра, калі ехаў туды, думаў, ну якая там беларушчына будзе! Гэта ж Віцебшчына, зрусіфікаваны дашчэнту край… Але ж! Але ж па вёсках усё не так! Жывая беларуская гаворка тамтэйшых вёсак уражвае. І словы такія сакавітыя, і мілагучнасць у мяккасць вымаўлення, і ўсё такое беларускае… І, дарэчы, на Віцебшчыне няма хлопцаў, там — мальцы! Глядзіце, не пераблытайце як трапіце. Карацей, з нашай мовай там усё добра, яна жыве. 

NN.by

6
Максим Дизайнер / ответить
22.07.2019 / 16:49
Огонь фото!Видно, что по пьяни делались. Трезвый никогда не заметит такие мелочи.
0
УладзимирL / ответить
23.07.2019 / 07:02
- "Шуміліна ... поўнач Віцебшчыны...".А Дрыса тады дзе?
https://nn.by/?c=ar&i=234101&lang=ru

1
Юзик з Дворышча / ответить
26.07.2019 / 15:43
мальцы - так ад Полацку i на захад называюць, а калi быць дакладным то на пауночна-заходней частцы Паазер"я
Показать все комментарии
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
2018 2019 2020
июль август сентябрь
ПН ВТ СР ЧТ ПТ СБ ВС
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31