Найти
06.10.2019 / 00:4419РусŁacБел

Почему поссорились Мицкевич и Пушкин

В истории нередки случаи, когда представители имперского народа и порабощенного в спокойное время дружат. Но в переломные моменты жизнь разводит их по разные стороны баррикад. Как в случае Александра Пушкина и Адама Мицкевича, пишет Анна Северинец.

Аляксандр Герасімаў. Аляксандр Пушкін і Адам Міцкевіч. 1956 год.

Сяброўства геніяў

Пушкін сябраваў з Міцкевічам, калі той у 1820-я гады жыў у Пецярбургу. У сяброўстве двух геніяў не было ані зайздрасці, ані суперніцтва, кожны з іх падкрэсліваў веліч іншага. «А ведаеш, брат, гэты паляк заткне цябе за пояс», — сказаў аднойчы Пушкіну паэт Васілій Жукоўскі. «Ён ужо заткнуў мяне», — адказаў Пушкін.

Іншым разам, сустрэўшы Міцкевіча ў модным салоне, Пушкін прыціснуўся да сцяны і ўсклікнуў: «З дарогі, двойка, туз ідзе!» — на што Міцкевіч імгненна зрэагаваў: «Казырная двойка і туза б’е».

А неяк пасярод салоннай гутаркі Міцкевіч спытаўся ў Пушкіна, ці чытаў ён тагачасных літаратурных аўтарытэтаў. Пушкін нікога з названых не чытаў, таму цішком збег з салона. «Не тое дзіўна, што ён нічога не чытаў, а тое дзіўна, што стварыў тое, што стварыў, не чытаўшы», — дзівіўся Міцкевіч. Пушкін праз два дні прыйшоў да яго дадому і папрасіў скласці яму спіс абавязковага чытання.

Але кранальнаму сяброўству прыйшоў канец, калі сябры не паразумеліся ў прынцыповых палітычных пытаннях.

«Паклёпнікам Расіі»

У верасні 1831 года Пушкін быў, здавалася б, цалкам шчаслівым. Паўгода, як ён законны муж першай прыгажуні Пецярбурга і Масквы Наталлі Ганчаровай. Яны здымаюць дачу. Спакойная і гаспадарлівая Наталля захоўвае творчую цішу вакол мужа. Нарэшце скончаны «Яўгеній Анегін» — восем гадоў працы! Маецца дзяржаўная замова на «Гісторыю Пятра І». Ёсць і служба — гістарыёграфам. Бурлівая маладосць саступае месца цвярозай спеласці. Колішні паэт-бунтар п’е на сняданак каву з вяршкамі і ад коркі да коркі прачытвае афіцыйную прэсу.

Тым часам на захадзе імперыі палае радзіма Адама Міцкевіча. Паўстанцы церпяць паразу, у чэрвені расійскія войскі ўрываюцца ў Вільню, у жніўні яны дасягаюць Варшавы.

Аблога Варшавы выклікала актыўную рэакцыю Еўропы. Усё гучней выказвалі «заклапочанасць» еўрапейскія салоны, лідары меркаванняў падтрымлівалі паўстанцаў. У іх ліку быў і Міцкевіч, які яшчэ ў 1829-м выехаў з Пецярбурга ў Еўропу.

А ў расійскім друку ў гэты час з’яўляецца рэзка антыеўрапейскі верш Пушкіна «Паклёпнікам Расіі». Паэт у катэгарычнай форме адмовіў еўрапейскім палітыкам у праве ўмешвацца ў «спор славян между собою», сцвярджаючы, што для Расіі гэта пытанне жыцця і смерці («славянские ль ручьи сольются в русском море? оно ль иссякнет? вот вопрос»). Калі ж Еўропа вырашыць умяшацца, паслаўшы на дапамогу палякам войскі, то, маўляў, «есть место им в полях России, среди нечуждых им гробов».

«Пушкін мне так згідзеў»

У пачатку 1830-х расійская інтэлектуальная эліта не была суцэльна праімперскаю. Таму і пазіцыя Пушкіна ў «польскім пытанні» не была прынятая з безумоўным захапленнем. Палова пецярбургскіх салонаў зачыніла перад ім дзверы. Унучка фельдмаршала Кутузава Дар’я Фікельмон дэманстратыўна адмовілася вітацца з ім. Былыя дзекабрысты Грыгорый Рымскі-Корсакаў і Мікалай Тургенеў заявілі, што больш не будуць набываць кніг паэта. А публіцыст Мікалай Мельгуноў з горыччу ўсклікнуў: «Пушкін мне так згідзеў як чалавек, што я страціў да яго павагу нават як да паэта».

Нават найбліжэйшы сябар Пушкіна, князь Пётр Вяземскі, напісаў яму: «Як засмуцілі мяне гэтыя вершы! Улады, дзяржаўны парадак часта павінны выконваць сумныя, крывавыя абавязкі, але ў Паэта, дзякуй Богу, няма абавязку іх апяваць».

Праўда, не менш было ў Пецярбургу і тых, хто ў захапленні пляскаў Пушкіну ў ладкі. «Вось вы, нарэшце, і нацыянальны паэт», — напісаў яму легендарны філосаф і скандаліст Пётр Чаадаеў. Лагодна нарэшце паглядзеў на былога ліцэіста-хулігана і імператар Мікалай І.

Пушкін і Міцкевіч: ідэалагічная дуэль

Брашура з антыпольскімі вершамі Пушкіна і Жукоўскага з’явілася ў верасні 1831-га. Неўзабаве ў Пецярбургу пачалі хадзіць па руках вершы Міцкевіча «Аляшкевіч» і «Помнік Пятру Вялікаму», напісаныя ў адказ. У іх паэт абрынуўся на рускую імперскасць з усёй горыччу літвіна: «Бог зрынуў колісь асірыйскі трон, змяшаў з зямлёю грэшны Вавілон». Пецярбург ён называў горадам, дзе кіруе сатана.

Пушкін не замарудзіў з рэакцыяй, напісаўшы знакаміты верш «Ён паміж намі жыў». Паэт наўпрост звяртаўся да Міцкевіча і заклікаў яго марыць пра тое, як «народы, распри позабыв, в счастливую семью соединятся». Міцкевічу такая ідэя не была чужой. Але для яго яна была марай аб усеагульнай роўнасці народаў, для Пушкіна ж — марай пра тое, як усе славянскія ручаі зліюцца ў адзіным рускім моры.

Дый славутая паэма Пушкіна «Медны коннік» была фактычна разгорнутым адказам Міцкевічу. На старонках яе чарнавікоў трапляецца намаляваны профіль Міцкевіча, паміж старонак закладзеныя пераклады Міцкевічавых паэм і рукапісы тых самых «антырускіх» вершаў, прысвечаных «сябрам-маскалям», найперш самому Пушкіну.

Выява Міцкевіча, зробленая рукой Пушкіна на палях рукапісу. Фота:rvb.ru

Маладое сяброўства геніяў перарасло ў напружаную спрэчку панславіста з нацыяналістам. Асабістых адносінаў між імі больш не было. У 1830-я Міцкевіч стаў палітычным уцекачом: парушыўшы рэжым высланага, ён збег з Расіі ды жыў у Парыжы. Ліставацца з ім Пушкін, пошта якога заўсёды перлюстравалася ледзь не самім імператарам, не мог. Адзіным спосабам абмеркаваць несупадзенне поглядаў для іх засталіся вершы. Яны імгненна рабіліся вядомымі, кожны з паэтаў ведаў: думка, выказаная вершам, абавязкова дойдзе да іншага.

Гэта было важна як для Пушкіна, так і для Міцкевіча: абмяняцца думкамі і пераканаць адзін аднаго.

Але паэты ўсё далей разыходзіліся светапоглядна. Пушкін разважаў над пытаннямі даўнейшай гісторыі славян і ўсё глыбей схіляўся да панславізму і манархізму. Сакраментальнае «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць» цяпер было для яго прымальнай формулай існавання моцнай дзяржавы рускіх — і астатніх славянскіх народаў. Міцкевіч таксама эвалюцыянаваў у сваіх поглядах: колішні палымяны патрыёт «Літвы», завяршаў жыццё ён зацятым польскім нацыяналістам.

Але калі ў 1837 годзе да Францыі данеслася трагічная вестка пра смерць расійскага генія, іншы геній адгукнуўся на яе прачулым некралогам. А падпісаны ён быў: «Сябар Пушкіна». Паміж геніямі — свае рахункі.

Чаму так сталася?

У гісторыі бывае, што юны бунтар і пясняр свабоды праз гады апынаецца ля трона, каб складаць «шынельныя оды». Кагосьці ламаюць, а да некага каштоўнасці моцнай патрыярхальнай улады прыходзяць негвалтоўна, разам з дарослым, кампрамісным і няпростым жыццём.

Пушкін усё жыццё трымаў руку на пульсе «польскай праблемы». Не толькі з-за Міцкевіча. Пытанне было на вастрыі часу: Пушкін нарадзіўся праз чатыры гады пасля паўстання Касцюшкі, а загінуў паміж яшчэ двума паўстаннямі. Ды і сур’ёзная цікавасць Пушкіна да гісторыі Расіі непазбежна выводзіла яго на «літоўска-польскае» пытанне: з нескаронаю Літвой ён сутыкнецца, калі будзе пісаць «Барыса Гадунова». Праблема зусім не братэрскіх адносін паміж славянамі паўстане перад ім і падчас працы над паэмай «Палтава».

Сваёй «рускасцю», крэўнай уключанасцю ў рускую гісторыю праз продка, імператарскага ўлюбёнца Абрама Ганібала, Пушкін надзвычай ганарыўся. Ён быў сапраўды рускім патрыётам — і сёння не задумаўся б, адказваючы на пытанне, «чый Крым». Ён дбаў пра веліч і моц Расіі і ў творчасці. Жанравая і тэматычная беднасць, другаснасць тагачаснай рускай літаратуры былі ягоным штодзённым клопатам.

Пушкін усведамляў сябе нацыянальным геніем — без аніякай сарамлівасці. Таму, думаецца, для яго было важна ва ўсіх замежнапалітычных пытаннях займаць «прарускую» пазіцыю.

Адзначым яшчэ: доўгая праца ў архівах з пугачоўскай і пятроўскай тэмамі, досвед галавы вялікай сям’і, памятныя з маладосці няўдачы рамантычнага супраціву ўладам і досвед кампрамісаў з імі (за паслухмянасць Пушкін атрымліваў адносную свабоду выказвання) — усё гэта, відаць, і вызначыла кірунак ягоных «польскіх» думак. У сваім панславізме Пушкін быў абсалютна шчырым — і ў той жа час «паднявольным»: адчуваць сябе выразнікам думак і спадзяванняў цэлага народа няпроста.

 ***

Клеветникам России

О чем шумите вы, народные витии?
Зачем анафемой грозите вы России?
Что возмутило вас? волнения Литвы?
Оставьте: это спор славян между собою,
Домашний, старый спор, уж взвешенный судьбою,
Вопрос, которого не разрешите вы.
Уже давно между собою
Враждуют эти племена;
Не раз клонилась под грозою
То их, то наша сторона.
Кто устоит в неравном споре:
Кичливый лях, иль верный росс?
Славянские ль ручьи сольются в русском море?
Оно ль иссякнет? вот вопрос.

Бессмысленно прельщает вас
Борьбы отчаянной отвага —
И ненавидите вы нас…

Иль русского царя уже бессильно слово?
Иль нам с Европой спорить ново?
Иль русский от побед отвык?
Иль мало нас? Или от Перми до Тавриды,
От финских хладных скал до пламенной Колхиды,
От потрясенного Кремля
До стен недвижного Китая,
Стальной щетиною сверкая,
Не встанет русская земля?..
Так высылайте ж к нам, витии,
Своих озлобленных сынов:
Есть место им в полях России,
Среди нечуждых им гробов.

 ***

«О, як гэты раз’юшаны шавініст ненавідзеў непакорныя Расіі народы! Як ён марыў прыбраць іх пад скіпетр расейскага цара!..

I ніхто з абаронцаў гэтага «Цуда-юда» не мае права сказаць, што ён сапраўды не такі, што гэта выпадковыя радкі ў яго творчасці. Не, далёка не выпадковыя! Выпадковымі можна лічыць у яго якраз такія думкі, якія мы называем дэмакратычнымі, свабодалюбівымі».

З дзённікаў Міхала Дубянецкага, аднаго з вядучых беларускіх інтэлектуалаў 1970—1980-х, які працаваў інструктарам сектара друку ЦК КПБ, а пасля дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».

 ***

Не толькі Пушкін трапляў у скандалы, звязаныя з «польскім пытаннем». Шырока вядомы выпадак з Мікалаем Някрасавым, які публічна чытаў оду Мураўёву-вешальніку, апяваючы «разумную» жорсткасць віленскага генерал-губернатара. Часопіс Някрасава «Современник» знаходзіўся пад пастаяннай пагрозай закрыцця. Магчыма, так рэдактар хацеў яго ўратаваць. Пасля оды Някрасаву зладзілі абструкцыю: студэнты рвалі на кавалкі яго партрэты, сябры публічна асуджалі. На думку біёграфа Някрасава Карнея Чукоўскага, выпадак з одай Мураўёву скараціў жыццё паэта.

Анна Северинец

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930