Найти
06.09.2019 / 15:101РусŁacБел

Здесь не осталось средневековых храмов, но зато какой модернизм! Оцените красоту архитектуры Бреста ФОТО

Тысячелетний Брест в XIX веке был разрушен до основания и перенесен. В центре здесь не найдешь ни старинных каменных, ни средневековых храмов: новому Бресту меньше двухсот лет. Зато нигде в Беларуси не сохранилось столько архитектуры в стиле конструктивизма и модернизма. Гайд для туристов предлагает историк из инициативы «Брестский конструктивизм» Ирина Мороз.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Канструктывізм пачаў распаўсюджвацца ў 20-я гады ХХ стагоддзя разам з ідэямі новага прагрэсу і аптымізацыі. Пасляваенны заняпад, сышоў у нябыт перанасычаны дэкорам ар-нуво. Новыя ўмовы дыктавалі: рэчы павінны быць функцыянальнымі, жытло — практычным. Ад формулы «карысць — трываласць — прыгажосць» грамадства перайшло да формулы «канструкцыя — функцыя — форма».

У будаўніцтве запанавалі сталь і жалезабетон. Архітэктары пачалі ствараць будынкі, якія адпавядалі канкрэтным патрэбам карыстальнікаў. Дзейнічала правіла: форму вызначае функцыя. Архітэктары адмовіліся ад былых дэкаратыўных прыёмаў, але не перасталі шукаць хараства. Таму архітэктурны мадэрнізм — гэта эпоха адначасова прыгожых, выразных і функцыянальных будынкаў.

Прайшло сто гадоў, а гэта архітэктура выглядае ўсё такой жа сучаснай. Яна лаканічная і строгая, рацыянальная і функцыянальная. Але ў ёй ёсць і свая экспрэсія, яна ў чыстых геаметрычных формах і дэталях: кругі, вострыя дэталі, гарызантальныя лініі на фасадах, высокія стужачныя вокны, закругленыя рогі, пляскатыя дахі. Адсутнасць дэкору кампенсуе выразная форма.

Чаму ў Брэсце?

З 1921 года Брэст знаходзіўся ў складзе Польшчы. Пры цару цэнтрам губерні было Гродна, а пры паляках Брэст стаў цэнтрам Палескага ваяводства. Горад моцна пацярпеў у выніку Першай сусветнай і польска-савецкай войнаў. У 1921 годзе магістрат, абследаваўшы жылы фонд, атрымаў несуцяшальныя падлікі: каля 80% яго было разбурана, з 3 670 будынкаў пацярпела каля 2 500. Між тым трэба было размяшчаць адміністрацыю і яе супрацоўнікаў. У красавіку 1925-га польскі ўрад выдаў указ «Аб адраджэнні гарадоў усходніх ваяводстваў», згодна з якім выдзяляліся сродкі для крэдытна-будаўнічай кампаніі. Аснову сумы складаў крэдыт жыхарам гарадоў на аднаўленне, рамонт і будаўніцтва дамоў. Акрамя таго, сродкі вылучаліся на рамонт нерухомасці, рэканструкцыю вуліц, плошчаў, паркаў, мастоў, каналізацыі, на азеляненне. Да 1929 года ў Брэсце было адноўлена 725 дамоў.

Паралельна ажыццяўлялася праграма будаўніцтва дамоў для афіцэраў сіламі спецыяльнага фонда раскватаравання (Fundusz Kwaterunku Wojskowego). Афіцэрскія дамы распрацоўваліся вядучымі архітэктарамі. Акрамя афіцэрскіх сядзіб, у той час з’явіліся канструктывісцкія казармы ў Брэсцкай крэпасці і асобны раён для вайскоўцаў — Траўгутава. У савецкі час вакол яго размясціўся Паўднёвы вайсковы гарадок. Да сёння польскія будынкі стаяць там вакол вуліцы — іронія лёсу — Суворава.

У мэтах аптымізацыі будаўніцтва некалькі тыпавых праектаў былі ўніфікаваныя, а вокны, дзверы, памеры бэлек і іншыя элементы праектаваліся ўзаемазаменнымі, каб пры патрэбе ім лёгка было знайсці замену. Усяго Фонд вайсковага раскватаравання рэалізаваў у Брэсце 22 праекты.

Брэсцкі стыль, палескі стыль

Архітэктура мадэрнізму ў Брэсце мела асаблівыя рысы. Па-першае, брэсцкі мадэрнізм — мадэрнізм правінцыйны. Гэта значыць, што найчасцей будаваліся малапавярховыя прыватныя будынкі, акуратныя гарадскія сядзібы — такія дамкі «для жыцця», з кветнікамі і невялічкімі агародчыкамі.

Адметнай рысай берасцейскага мадэрнізму з’яўляецца яго «пераходнасць», эклектычнасць. Тутэйшыя архітэктары спалучалі міжнародны досвед з традыцыйнымі мясцовымі формамі. Так і ўзнік «брэсцкі канструктывізм», ён жа «класіцыруючы канструктывізм», ён жа «палескі мадэрнізм».

Таксама для берасцейскай архітэктуры характэрная імітацыя ці стылізаванне пад пляскаты дах. Насамрэч, у большасці мадэрнісцкіх сядзіб горада дах скатны, хоць з фасада дамкі выглядаюць «чыста па-мадэрнісцку». Звычайна невысокія схільныя дахі хаваюцца за парапетамі і атыкамі ды заўважныя толькі збоку.

 ***

У навуцы архітэктура першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя атрымала назву «міжнародны стыль» і ўключае ў сябе і функцыяналізм, і канструктывізм, і стрымлайн, і мадэрнізм, і шмат іншых -ізмаў. У розных краінах яна мела свае асаблівасці, адценні, школы і назвы: функцыяналізм, рацыяналізм, канструктывізм, «Новая архітэктура», «Эспры-нуво», «Баўгауз», «Стыль», «Аснова». У міжваеннай Польшы атрымала назву «Варшаўская школа».

 ***

А хто будаваў?

Мадэрнісцкі Брэст праектавалі як варшаўскія, віленскія, так і мясцовыя архітэктары. Часта за будаўніцтвам па праектах вядучых архітэктараў назіралі мясцовыя будаўнічыя кампаніі.

 

Мікалай Сінкевіч — карэнны берасцеец. У 1913—1919 гадах — вайсковы інжынер, працаваў на вайсковых аб’ектах: крэпасць Брэст-Літоўск, Львоў, Бярдзічаў, Кіеў, Масква. Адзін з найбольш плённых архітэктараў міжваеннага горада — яму належыць палова праектаў. У гады нямецкай акупацыі выконваў абавязкі галоўнага архітэктара Брэста, уратаваў яўрэйскую дзяўчынку. У 1944 годзе выехаў у Польшчу.

Дом Трачука, 1938 год. Архітэктар Мікалай Сінкевіч з Брэста. Фота з калекцыі Я. Марозава.

***

 

Юзаф Баранскі нарадзіўся ў польскім горадзе Ярослаў, навучаўся ў Львоўскай палітэхніцы, з сярэдзіны 1920-х працаваў у Брэсце настаўнікам начартальнай геаметрыі ў Тэхнічнай школе (сучасны каледж чыгуначнікаў). Быў амбідэкстрам — умеў аднолькава лёгка ўпраўляцца абедзвюма рукамі, і прыводзіў у захапленне навучэнцаў, малюючы геаметрычныя фігуры адначасова правай і левай. Юзаф Баранскі меў асабістую гербавую пячатку, гэта значыць быў упаўнаважаным праектаваць будынкі любой складанасці.

Дом Юзафа Баранскага, спраектаваны ім самім у 1938 годзе. Фота А. Малейкі.

У лютэранскім храме пасля вайны быў кінатэатр, а цяпер офісы. Год пабудовы — 1938-ы. Архітэктар Юзаф Баранскі. Фота Я. Марозава.

***

Будынак падатковай інспекцыі, 1928 год. Архітэктар Вітольд Малкоўскі з Вільні. Фота з калекцыі Андрэя Далгоўскага.

***

 

Казімір Талочка (1886—1960)

Выпускнік Львоўскай палітэхнікі, выкладчык Варшаўскай палітэхнікі, які, імаверна, паходзіў з мясцовага берасцейскага роду Талочкаў. Аўтар праектаў дамоў для афіцэраў у Брэсце і Варшаве.

Дом для малодшага афіцэрскага складу, 1929 год. Архітэктар Казімір Талочка з Варшавы. Фота А. Малейкі.

***

 

Сямён Сідарчук нарадзіўся ў Кобрыне, скончыў Пецярбургскі інстытут грамадзянскіх інжынераў. Працаваў у Царскім Сяле, праектаваў прыватныя сядзібы, медыцынскія ўстановы, масты, дарогі, школы. Пасля няўдалага шлюбу вярнуўся на Брэстчыну, стаў галоўным архітэктарам Брэста, потым Роўна і Ковеля. У Брэсце стварыў праект «Новага раёна» для дзяржслужбоўцаў.

***

 

Дом доктара Звежа на плошчы Свабоды. Фота Р. Чмель.

Віктар Гарныш распрацаваў праект будынка для паліцэйскіх сем’яў — цяпер частка Абласнога грамадска-культурнага цэнтра па вуліцы Энгельса, 1. Прыстасоўваў для мясцовых умоў праекты драўляных школьных каркасных будынкаў. З’яўляецца аўтарам праектаў некалькіх прыватных сядзіб, сярод іх — вілы доктара Звежа на плошчы Свабоды, 12.

 ***

Уладзіслаў Камінскі — аўтар шэрагу маляўнічых прыватных вілаў. На жаль, дом Фурса па вуліцы Будзённага, 3 выключаны з дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей, бо «не ўпісваецца ў ландшафт горада» пасля значнай перабудовы гістарычнага цэнтра.

 

Дом Фурса, пабудаваны ў 1937 годзе, архітэктар Уладзіслаў Камінскі (цяпер вуліца Будзёнага, 3). Фота Р. Чмель.

Віла Ладанчукоў, пабудаваная ў 1938-м, архітэктар Уладзіслаў Камінскі (сучасная вуліца Камуністычная, 14). Фота Р. Чмель.

***

Дом Відэльскага аўтарства архітэктара Барталамея Новака мог называцца «чорнай камяніцай» Берасця, бо да капітальнага рамонту 2009 года быў аздоблены цёмна-шэрай, «шляхетнай» тынкоўкай з дамешкам дробленых перламутравых мінералаў, якія пераліваліся на сонечным святле. На жаль, цяпер будынак звычайнага светлага колеру, а рэшткі «шляхетнага тынку» можна пабачыць толькі на падвальных вокнах дваравога фасада. Фота Я. Марозава.

***

Дом доктара Мілевіча, пабудаваны ў 1938 годзе (цяпер дом 30 на вуліцы Карбышава). Фота А. Малейкі.

***

Будынак Касы хворых (цяпер гарадская бальніца), 1936 год. Архітэктар Шымон Сыркус з Варшавы. Фота А. Малейкі.

***

Будынак Інгбера, 1939 год. Архітэктар Яўгеніуш Пісьменскі, які трымаў у Брэсце сваё праектнае бюро «Enterp», у 1930-х бюро «Odbudowa». Аўтар праектаў шматкватэрных будынкаў на скрыжаванні сучасных вуліц Леніна і Міцкевіча і шэрагу прыватных сядзіб. Фота Я. Марозава.

Ирина Мороз

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930