Найти
12.06.2019 / 12:078РусŁacБел

Историк: Беларусь войдет в Евросоюз, а Россия будет дружить с Европой

Брытанскі гісторык Тымаці Гартан Эш даследуе вызваленне Усходняй Эўропы ад камуністычнай ідэалёгіі. У 1980-я ён часта наведваў Польшчу і Усходнюю Нямеччыну, сустракаўся з дысідэнтамі. У канцы 1990-х Эш атрымаў доступ да сваёй асабістай справы з архіву Штазі — таемнай паліцыі ГДР. Ён сустрэўся з былымі афіцэрамі і сакрэтнымі інфарматарамі. У выніку з'явілася кніга «Файл: асабістая гісторыя». Падчас міжнароднай канферэнцыі ў пытаннях бяспекі Globsec2019 у Браціславе Эш адказаў на пытанні Радыё Свабода пра месца Беларусі ў будучай Эўропе, пра важнасць свабоды слова і пра тое, як варта развітвацца з таталітарным мінулым.

«Расея — цудоўная краіна, якая мае месца ў будучай Эўропе»

— Сёлета спаўняецца 30 гадоў хвалі рэвалюцыяў ва Ўсходняй Эўропе. Вы называлі 1989 год адным з найлепшых у эўрапейскай гісторыі, але таксама казалі пра непрадбачаныя наступствы тых падзеяў. Ці можаце вы назваць найлепшае і найгоршае з таго, што караніцца ў тым часе?

— 1989 год быў пакуль што ўвогуле найлепшым годам у эўрапейскай гісторыі. Мірная рэвалюцыя паклала канец ядзернай пост-таталітарнай імпэрыі і дала нам найлепшую Эўропу за ўсе часы — адзіную і свабодную. Большасьць краін Эўропы цяпер лібэральныя дэмакратыі і ўваходзяць у адны і тыя эканамічныя і палітычныя супольнасьці і арганізацыі бясьпекі. Для людзей гэта азначае магчымасьць бесьперашкодна падарожнічаць ад краю да краю Эўразьвязу, жыць, працаваць, кахаць у кожным месцы Эўропы. І гэта фантастычнае дасягненьне.

Але былі і непрадбачаныя наступствы, які спарадзілі моцную рэакцыю. Спэцыфічная форма фінансавай і эканамічнай глябалізацыі, магчыма, неабходная для эканамічных рэформаў, прывяла да моцнай няроўнасьці. З боку лібэральнага Захаду — Злучаных Штатаў і Эўразьвязу — была некаторая самаўпэўненасьць, што прывяло нас да шэрагу праблемаў, напрыклад, у зоне эўра, да напружанасьці паміж Поўначчу і Поўднем.

І, вядома ж, мы сутыкнуліся з рэваншысцкай Расеяй, што можна назіраць у Крыме і на ўсходзе Ўкраіны. Плюс Кітай, які застаецца ленінісцкім, але зрабіўся вельмі багатым і магутным і ўсё больш дыктуе парадак дня ўсясьветнай палітыкі.

— Вы сказалі пра «адзіную і свабодную» Эўропу, але ёсьць Беларусь, ёсьць Украіна, дзе працягваецца вайна, у Малдове чарговы палітычны крызіс. Ці пагодзіцеся вы з тымі, хто лічыць, што гэтыя краіны ня змогуць стаць часткаю агульнай Эўропы, пакуль не адбудуцца радыкальныя зьмены ў Расеі?

— Вядома ж, вы маеце рацыю — ня ўся Эўропа агульная і свабодная. Бачу вельмі пазытыўныя зьмены ва Ўкраіне, і вельмі значны прагрэс у Малдове, а таксама пэўныя зьмены ў Беларусі. Аднак лічу, што можна зрабіць яшчэ шмат чаго ў цяперашнім геапалітычным кантэксьце.

У доўгатэрміновай пэрспэктыве што да Расеі я аптыміст. Расея — цудоўная краіна, якая мае месца ў будучай Эўропе. У кароткатэрміновай пэрспэктыве нам трэба захоўваць цьвёрдасьць, бо пэўныя рэчы, якія ўчыніла пуцінская Расея, абсалютна непрымальныя для міжнароднай супольнасьці. Але трэба сказаць цалкам ясна, што стратэгічна мы лічым Расею краінай, якая мае важнае месца ў Эўропе і агулам у сьвеце.

Зьмены ў краінах цэнтральнай і ўсходняй Эўропы, такіх, як Славаччына, пачаліся зьнізу. Калі прыехаць цяпер у Беларусь, дык можна пабачыць, наколькі моцна яна адрозьніваецца, напрыклад, ад Усходняй Нямеччыны, калі я жыў там у 1980-я. Пэўныя людзі маюць уяўленьне пра Беларусь як пра краіну, замарожаную ў часе. Магчыма, калі правесьці там толькі паўгадзіны, дык яна так і выглядае. Але неўзабаве чалавек разумее, што там моцная грамадзянская супольнасьць, шмат добра адукаваных людзей, і нават урад хоча мець добрыя дачыненьні з Захадам, таксама як і з Усходам.

Тымаці Гартан Эш

«Важна, каб людзі, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіўным апараце, не атрымалі доступу да найвышэйшых пасадаў»

— У канцы 1990-х, калі адкрыліся архівы ўсходненямецкіх спэцслужбаў, вы напісалі кнігу, грунтуючыся на дакумэнтах Штазі. Вы тады гутарылі з былымі афіцэрамі спэцслужбаў і інфарматарамі, якія пісалі справаздачы пра сустрэчы з вамі. Гледзячы зь сёньняшняга дня — якая мадэль разьвітаньня з таталітарным мінулым і яго асэнсаваньня вам падаецца найлепшай?

— Як абыходзіцца зь цяжкай мінуўшчынай — вельмі важная рэч для краіны, якая хоча зрабіцца ўстойлівай дэмакратыяй. Людзі ў гэтай частцы сьвету кажуць пра «люстрацыі», пра «дэкамунізацыю». Для мяне гэта не галоўнае.

Так, важна, каб людзі, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіўным апараце, не атрымалі доступу да найвышэйшых пасадаў. Але найважнейшае — мець адкрытае грамадзкае падвядзеньне рахункаў мінулага, як адбылося ў Паўднёвай Афрыцы з дапамогай «Камісіі праўды».

Трэба, каб несправядлівасьці і рэпрэсіі зь мінулага былі прызнаныя. Каб факты былі публічна агучаныя. Гэта дазваляе нам правесьці ясную лінію паміж мінулым і будучыняй. Інакш новую дэмакратыю ўвесь час перасьледуюць прывіды мінулага. І мы гэта бачым сёньня ў Польшчы.

— Вы назвалі сябе гістарычным аптымістам што да Расеі. Але ваш калега, амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, кажа, што ў 1990-я гісторыя цякла з захаду на ўсход, але апошнія 10 гадоў усё было наадварот. Ці вы пагодзіцеся з гэтым?

— Не, не пагаджуся. Я згодны, што мы ў Эўропе верылі, быццам гісторыя ідзе нашым шляхам, але цяпер можам паглядзець на Расею, на Турэччыну, нават на Вугоршчыну — і ўсе яны робяцца больш аўтарытарнымі, з моцнымі папулісцкімі і нацыяналістычнымі тэндэнцыямі.

Але калі паглядзець на Марын Лё Пэн у Францыі, на Найджэла Фаража ў Брытаніі ці на партыю «Альтэрнатыва для Нямеччыны» — усе яны маюць уласныя карані ў досьведзе і гісторыі самых гэтых заходніх краін.

Таму, калі сфармуляваць максымальна сьцісла, я не лічу, што можна патлумачыць Трампа, гледзячы на Пуціна.

У чым пагаджуся з маім добрым сябрам Тымаці Снайдэрам — мы сапраўды можам атрымаць пэўную карысную навуку, як супрацьстаяць аўтарытарызму, гледзячы на Ўсходнюю Эўропу. Але гэта ня значыць, што мы сутыкаемся з аднолькавымі зьявамі, якія маюць аднолькавыя прычыны.

— Вы шмат працавалі над праектам, прысьвечаным свабодзе слова, Freespeechdebate. Ці зьмянілася неяк за час гэтай працы вашае разуменьне межаў свабоды слова?

— Не. Але пачынаеш разумець, наколькі складанае пытаньне свабоды слова ў эпоху інтэрнэту. Напрыклад, трэба ўдакладняць базавае правіла пра тое, што не павінна быць заклікаў да гвалту, калі ў выніку гвалт імаверны і непазьбежны. Але што такое «непазьбежны» ў інтэрнэце? Трэба браць пад ўвагу новыя рэаліі. Але базавыя прынцыпы застаюцца ў сіле, і старыя праўды часта найлепшыя.

— Вы некалі ўжылі выраз «Асьветніцкі фундамэнталізм». Ці дагэтуль лічыце яго прыдатным?

— Я яго скарыстаў у кніжнай рэцэнзіі ў The New York Review of Books і даволі хутка прыйшоў да высновы, што гэта не было карыснае вызначэньне. Дарэчы, я сапраўды ўжыў яго толькі аднойчы, а мяне крытыкавалі так, быццам я пра гэта напісаў тры тамы [сьмяецца].

Выраз «фундамэнталізм» успрымаецца як абразьлівы, бо ўзьнікаюць асацыяцыі з ісламскім фундамэнталізмам, таму ён сапраўды ня дужа прыдатны. Але я дагэтуль абсалютна ўпэўнены, што некаторыя людзі маюць даволі спрошчанае ўяўленьне пра Асьветніцтва. Яны малююць мысьляроў XVIII стагодзьдзя ў абліччы навуковых атэістаў XX стагодзьдзя. А гэта, відавочна, зусім ня так.

«Я не люблю словы «зьмена рэжыму»»

— Вы былі пасьлядоўным прыхільнікам уцягваньня Беларусі і Ўкраіны ў эўрапейскую супольнасьць. Адным з такіх праектаў ёсьць «Усходняе партнэрства», якое цяпер адзначае 10-годзьдзе. Ці яно выканала сваю місію, ці праваліла яе, і чаму?

— Перадусім я вельмі рады, што мы маем нешта кшталту «Ўсходняга партнэрства». Гэта вельмі разнастайны набор магчымасьцяў, хоць, відавочна, недастаткова было намаганьняў, недастаткова вылучана грошай і ўзята абавязаньняў. Фундамэнтальная праблема ў тым, што праз «Усходняе партнэрства» Эўразьвяз спадзяваўся зьмяніць краіны, а насамрэч краіны могуць зьмяніць самі людзі, і гэта немагчыма звонку. Каб гэта адбылося — неабходная сур’ёзная пэрспэктыва сяброўства ў Эўразьвязе. Навука гісторыі апошніх 40 гадоў паказала: пакуль вы ня маеце такой пэрспэктывы сяброўства — вы мала як можаце зьмяніць сытуацыю.

— Але вы і надалей лічыце, што Беларусі і Ўкраіне месца ў Эўразьвязе?

— Абсалютна. Веру, што Беларусь і Ўкраіна маюць шанец сяброўства ў Эўразьвязе. Гэта будзе доўгі шлях. У Эўразьвязе ёсьць пэўная стомленасьць ад пашырэньняў, гэта затрымлівае і ўступ Паўночнай Македоніі і Альбаніі. Але калі Эўразьвяз акрыяе, уздымецца, узмоцніць веру ў сябе, гэта будзе лягічны шлях — рухацца ў бок Беларусі, Малдовы, Украіны, і будзе вельмі цяжка сказаць «не».

Вядома ж, Беларусь павінна спачатку выканаць Капэнгагенскія крытэры (крытэры ўступленьня ў Эўразьвяз. — РС) і вам трэба стаць сапраўднай дэмакратыяй.

— Што Захад можа зрабіць для Беларусі сёньня, каб адбылася зьмена рэжыму?

— Я веру, што сёньня нам трэба істотныя зьмены ў адносінах паміж намі і Беларусьсю. Зьмены, якія пазытыўна паўплываюць на беларусаў. Не люблю словы «зьмены рэжыму», бо іх ужываюць, калі ідзецца пра амэрыканскае ўварваньне ў Ірак. Хоць і відавочна, што нам трэба рухаць Беларусь у бок праўдзівай дэмакратыі.

Ключавы гулец тут — Эўразьвяз, але зараз шмат ад яго не чакайце, бо ён заняты сваімі ўласнымі праблемамі. Ключавы інструмэнт для зьменаў — пэрспэктыва сяброўства ў Эўразьвязе.

Аляксей Знаткевіч, Франак Вячорка. Радыё Свабода

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930