Найти
02.09.2019 / 17:131РусŁacБел

Слонимский детдом: недетские испытания

Многие дети советских военнослужащих, не успев в июне 1941-го эвакуироваться, на четвертый день войны оказались в глубоком тылу. Пишет слонимская учительница Светлана Брайчук.

У гэтым будынку па вуліцы Доўгай ў 1941—1944 гадах знаходзіўся дом малечы.

У цёплы суботні вечар 21 чэрвеня 1941 года нішто не прарочыла бяды. На савецкіх пагранзаставах ішоў папулярны фільм «Знішчальнікі», і з кіназалы даносіўся голас Марка Бернэса: «Любимый город может спать спокойно, и видеть сны, и зеленеть среди весны». Гэтая песня для многіх стане напамінам пра мірнае жыццё.

А нядзельная раніца 22 чэрвеня на заходняй мяжы наступіла раней, чым узышло сонца.

Крывавыя дарогі

Лёс усіх дзяцей, якія апынуліся ў слонімскім дзіцячым доме ў 1941—1944 гадах, вельмі падобны, і ўспаміны пра дзяцінства ў іх адныя на ўсіх. 11-гадовыя Валодзя Растаргуеў і Слава Раеўскі пазнаёміліся 6 чэрвеня 1941 года ў піянерскім лагеры каля мястэчка Крынкі на Падляшшы, але адпачынак спыніла вайна. Сёстры Галя і Ніна Бойкі, адыходячы на ўсход разам з маці, схаваліся пад мостам у Слоніме. Калі побач разарвалася бомба, маці прыкрыла сваім целам немаўля і загінула. 10-гадовы Барыс Кантаміраў з братам Алікам трапілі ў Слонім з разбомбленага цягніка пад Ваўкавыскам. У гэтым жа цягніку з-пад Ломжы ехаў 8-гадовы Валік Свадкоўскі з мамай і сястрычкай, але падчас бою ён згубіў родных. Згубілі маці пасля падрыву цягніка 6-гадовы Іван ды 4-гадовы Гена Логінавы. А 9-гадовы сірата Міця Супрун з вёскі Вяценеўка ўзяў у рукі міну, якая пакалечыла яго на ўсё жыццё.

Сёння гэты спіс налічвае 63 імёны. Самым маленькім выхавальнікі мусілі даваць прозвішчы самі: Пчолка, Іскра, Кудзелька, Жарабцоў… Бо сваіх прозвішчаў дзеці не памяталі.

Вязні Слонімскага кіндэрхаўза

У першыя дні вайны дзяцей у Слоніме прытулілі мясцовыя жыхары, але немцы, увайшоўшы ў горад, загадалі здаць дзяцей у арганізаваны імі дзіцячы дом (кіндэрхаўз). У кнізе ўліку паступлення дзяцей у савецкі дзіцячы дом за 1944 год у графе «адкуль прыбыў» так і пазначана: «Здадзены мясцовымі жыхарамі ў 1941 годзе, бацькі невядомыя».

Усіх дзяцей-сірот немцы сабралі ў былым польскім дзіцячым доме па вуліцы Панятоўскага, 36. Ужо на чацвёрты дзень вайны тут жылі 273 дзіцяці. Тэрыторыя з трох бакоў была абнесена шчыльным плотам, за якім знаходзілася нямецкая вайсковая частка.

Немцы ведалі, што сярод сірот шмат дзяцей з сем’яў пагранічнікаў і вайскоўцаў. Яны прыгналі выхаванцаў на тэрыторыю цяперашняй школы № 5, дзе за калючым дротам знаходзіўся лагер ваеннапалонных савецкіх салдат.

Дзяцей вадзілі праз шэрагі параненых і пыталіся, ці пазнаюць яны сваіх бацькоў. Рыма Вашчыліна ўспамінае, як выхавальніца прашаптала: «Пазнаеце тату — маўчыце, інакш расстраляюць».

На вуліцы Доўгай знаходзіўся дом малечы, дзе з пачатку вайны фашысты збіралі дзяцей ад года да пяці.

Частку дзяцей перавялі ў «кіндэрхаўз» — нямецкі дзіцячы дом, абнесены калючым дротам, па вуліцы Шашэйнай. Дырэктарам дзіцячага дома была настаўніца музыкі Вольга Ігнатаўна Пікелка. Нямецкія акупацыйныя ўлады пагадзіліся захаваць жыццё дзецям з умовай, што іх ахрысцяць. Падчас службы святары прасілі слонімцаў стаць хроснымі бацькамі сіротам. Але дзяцей-яўрэяў нацысты выяўлялі і знішчалі. Пастроіўшы дзяцей, яны падымалі некаторым падбародкі і са словамі «юда» адводзілі іх убок.

Папаўненне з Расіі

У 1942 годзе дзіцячы дом папоўніўся дзецьмі са Ржэва, Смаленска, Калініна. Іх было шмат абадраных, брудных, хворых, з вошамі і каростаю. Дзяцей размясцілі пад аховай у будынку былой турмы насупраць вакзала. Спалі яны на цэментнай падлозе, адзін раз на дзень ім давалі баланду. На свой страх дзеці ўцякалі ў горад і прасілі людзей падаць кавалачак хлеба.

Прабылі дзеці ў гэтым лагеры каля месяца. На беразе Агінскага канала немцы паставілі камеры дэзынфекцыі. Усіх дзяцей прагналі праз санапрацоўку, а потым размеркавалі ў дзіцячы дом. Пасля таго, што яны перажылі ў Ржэве, дзіцячы дом у Слоніме ім падаўся раем, але ненадоўга. Лютавалі тыф, дызентэрыя, кароста. Дзеці хадзілі ў лахманах. Прыходзілася ўсё больш галадаць, выходзіць на цяжкія сельгасработы. Пачуўшы сігнал кухаркі пані Васілеўскай «на абед», многія не маглі ісці, а паўзком дабіраліся да сталовай. Там, падставіўшы цяжкую гліняную міску, атрымлівалі апалонік баланды і мізэрны кавалачак хлеба з пілавіннем.

На тэрыторыі цяперашняй школы № 5 знаходзіўся нямецкі шпіталь. Там на смеццевай яме дзеці збіралі бляшанкі ад згушчонкі.

Вываз у Германію

Тройчы партыі дзяцей вывозілі ў Германію. 21 красавіка 1943 года 18 чалавек прывезлі ў таварным вагоне ў Баранавічы і размясцілі ў будынку турмы на размеркавальным пункце. 10-гадовыя Рыма Вашчыліна і Надзя Пчолка былі ў гэтай групе самымі маленькімі. Частку дзяцей адправілі ў Фалькенбург у дзіцячы канцлагер. Целы тых, хто не вытрымліваў штотыднёвай здачы крыві, спальвалі ў печы крэматорыя. У другім канцлагеры знаходзіліся дзеці і дарослыя. Рыма Вашчыліна памятае доўгія баракі і людзей, змардаваных працай і голадам. Быў і трэці канцлагер Берлін-Буг. Барыса Кантамірава разам з іншымі аддалі ў Нюрнбергу ў парабкі.

Рыма, Надзя і Барыс — вярнуліся ў Слонім толькі яны.

Пасляваеннае жыццё дзетдомаўцаў

У 1944 годзе немцы перавялі дзяцей у драўляны дом па вуліцы Студэнцкай. 10 ліпеня пры вызваленні Слоніма ў дом патрапіў снарад, але дзеці цудам засталіся жывыя. Іх прытулілі мясцовыя жыхары, а пасля вызвалення размясцілі ў рабочым пасёлку Альбярцін. Дырэктарам дзіцячага дома была партызанка Марыя Макараўна Шухно (па першым мужу Шахрай).

Лёс дзяцей пасля вайны склаўся па-рознаму: за сёстрамі Галяй і Нінай Бойка прыехаў бацька, Івана і Гену Логінавых мама змагла знайсці толькі ў 1951-м. Забралі сваякі дадому ў Кабардзіна-Балкарыю братоў Кантаміравых, а ў 1964 годзе ў Крычаве адбылася сустрэча Валіка Свадкоўскага з мамай і сястрой. Многія дзеці засталіся на ўсё жыццё без бацькоў.

Але знайсці сваё месца ў жыцці здолелі. Юрый Мінаеў і Марыя Абрамава скончылі Мінскі педінстытут і сталі заслужанымі настаўнікамі. Валянцін Свадкоўскі, адслужыўшы армію, стаў шахцёрам Данбаса. Тоня Бойка, Люся Халадкова і Ніна Пчолка вучыліся ў Слонімскім медвучылішчы, працавалі ў Казахстане. Таня і Ніна Хаевы, Дзіма Супрун паступілі ў Мінскае педвучылішча імя Крупскай, якое скончылі з адзнакай. Інжынерамі караблебудаўніцтва сталі Віктар Прэда і Аляксандр Малышчык, кандыдатам тэхнічных навук Беларускага політэхнічнага інстытута — Сяргей Паўлавіч Баранаў, а Міхаіл Шышыгін скончыў кансерваторыю.

У жніўні 1959 года адбыўся першы злёт дзетдомаўцаў у Альбярціне. Першы дырэктар пасляваеннага слонімскага дзіцячага дома Марыя Шухно ўспамінала: «Якія яны дружныя, вясёлыя! Колькі ўспамінаў, разумных пачынанняў у іх жыцці. Я вельмі хворы чалавек, але сустрэча з імі мне надае сілу, энергію. Колькі слёз ад радасці пры сустрэчы. Я нават забываю пра сваю хваробу…».

***

З успамінаў Аляксея Анатолевіча Кандрацьева

Мой бацька быў зусім маленькім, калі пачалася вайна: яму было ўсяго чатыры гады. Часам ён казаў, што мой дзед і бабуля — гэта не ягоныя родныя бацькі, а яго прозвішча было Зуеў і жыў ён да вайны ў Ленінградзе. Магчыма, гэта проста нейкія дзіцячыя ўрыўкі памяці, карцінкі. А можа быць, Ягор Міхайлавіч проста забраў з дзіцячага дома хлопчыка Толю замест свайго сына, якога так і не знайшоў… Мой бацька не бачыў сваіх бацькоў шэсць гадоў. Для дзіцяці гэта палова жыцця. Таму невядома, ці былі Ягор і Кацярына Кандрацьевы роднымі, ці не былі, але выгадавалі бацьку пасля вайны менавіта яны, і мы ўдзячныя ім.

Анатоль Кандрацьеў у 12 гадоў. 1948 год.

 ***

З успамінаў Юрыя Пятровіча Мінаева (Гарадок, Віцебская вобласць)

Я не магу сказаць, колькі мне гадоў, дзе я нарадзіўся, як звалі маму. Тады ж такіх, як я, збіралі на дарогах вайны. Мой бацька быў вайскоўцам, да вайны мы жылі на заходняй мяжы ў раёне Аўгустова, а перад пачаткам вайны мы з мамай адпачывалі ў вайсковым санаторыі. Памятаю, калі пачалася вайна, як было страшна падчас бамбёжкі, на ўсё жыццё ў мяне застаўся ў руцэ асколак ад нямецкага снарада… Каля Слоніма мяне і яшчэ восем дзяцей пагрузілі на воз, пры ўездзе ў горад стаяў нямецкі рэгуліроўшчык, які паказаў нам рухацца ўніз па вуліцы Доўгай. Так я апынуўся ў дзіцячым доме…

 ***

З успамінаў Рымы Раманаўны Вашчылінай (Слонім)

Я нарадзілася 14 красавіка 1934 года. Хіба я магла тады ведаць, што за кароткае ваеннае дзяцінства ў мяне будзе тры імені — Рыма, Рая і Рыта? У 1941 годзе мой тата, старшы лейтэнант Вашчылін Раман Афінагенавіч, быў памочнікам начальніка штаба 4-й пагранкамендатуры 86-га Аўгустоўскага пагранатрада. Па дадзеных Кнігі Памяці пагранічнікаў, ён значыцца зніклым без вестак ад 23 чэрвеня 1941 года.

Рыма Вашчыліна з мамай Марыяй Мяфодзьеўнай да вайны. 1939 год.

Ранкам 22 чэрвеня 1941 года нам абвясцілі пра пачатак вайны. Бацька быў на заставе, а да нашага дома пад’ехала машына. Мая мама, Марыя Мяфодзьеўна, звязала ў вузельчык самае неабходнае, і нас павезлі на ўсход. У машыне было мала людзей, але з намі былі вайскоўцы. Ехалі мы праз лес, потым цягніком на платформе, ішлі пешшу па балоце. Памятаю, як мяне нёс салдат на руках. Наляцелі нямецкія самалёты і сталі бамбіць. Маму цяжка параніла ў скронь і ў руку. Самалёты ляталі, а мы ляжалі ў жыце, і мама сказала, што памірае…

На дарозе стаяла машына, і жанчына, якая знаходзілася ў ёй, паклікала мяне. Перавязала мне рану, і мы паехалі далей, трапіўшы некалькі разоў пад бамбёжку. Далей памятаю, што мы падыходзілі пешшу да Слоніма. На ўскраіне горада мы ўбачылі шмат забітых рускіх байцоў. Жанчына даведалася, што ў Слоніме ёсць дзіцячы дом, і аддала мяне. Так я засталася без бацькі і маці на ўсё астатняе жыццё на чацвёрты дзень вайны…

Рыма Раманаўна Вашчыліна. 2012 год.

 ***

З успамінаў Івана Аляксеевіча Логінава

Недзе пад восень 1941 года ў дзіцячы дом заявіліся нямецкія салдаты з афіцэрам. Нас паставілі ў два-тры шэрагі і сталі перабіраць дзяцей па ўзросце: хто старэйшы — адводзілі ўбок. Так адабралі каля трыццаці чалавек. Памятаю, што перад строем дзяцей хадзіў то ўправа, то ўлева нямецкі афіцэр у чорнай форме: чорныя, да бляску начышчаныя боты, фуражка з кукардай, у левай руцэ за ланцужок ён трымаў чорную аўчарку, а ў правай у яго быў бізун. Праз некаторы час палову дзяцей пагналі ў бальніцу на донарскі пункт, я трапіў у другую плынь. Як бралі кроў, як потым я аказаўся на бальнічным ложку, я не памятаю, ведаю толькі, што я праляжаў усё роўна як у коме з верасня 1941 года да сярэдзіны красавіка 1942-га. Гэты час я памятаю зусім дрэнна, страціў занадта шмат крыві. Аднойчы ўзімку мяне вынеслі ў калідор, падумалі, што я памёр. У дзіцячым доме я ўвесь час трымаўся рукой за сцены, думаў, што развучыўся хадзіць, на самай справе, я так аслабеў.

 ***

З успамінаў Рымы Раманаўны Вашчылінай

У царкве нас паставілі паўколам, і прыхаджане абралі сабе хроснікаў. Я заставалася адна. Убачыла ўбаку жанчыну, падышла да яе і сказала, што ў мяне ў адной няма хроснай. Так у мяне з’явілася хросная мама, Радзюк Крысціна Васільеўна. Пры хрышчэнні мне далі іншае імя — Раіса. У цяжкія галодныя пасляваенныя гады Радзюк Крысціна Васільеўна, у якой былі свае дзеці, прыняла мяне ў сваю сям’ю…

…Выхавальніца Ева Байрашэўская распавядала нам пасля вайны, што аднойчы ноччу ўсіх яўрэйскіх дзяцей вывезлі і расстралялі за 30 км ад Слоніма ў напрамку Баранавіч.

 ***

З успамінаў Юрыя Пятровіча Мінаева

Толькі адзін яўрэйскі хлопчык, Міша Шафро, застаўся жывы. Калі ў дзіцячы дом прыходзілі немцы, выхавальніцы хавалі трохгадовага малога пад падушкі. 

Светлана Брайчук

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера