Найти
27.07.2019 / 15:211РусŁacБел

«Михаил Сергеевич, помогите бутылочку без очереди взять»

Пару месяцев после прихода Горбачева к власти, и 7 мая 1985 года ЦК КПСС и Совет Министров СССР выпустили постановления «О мерах по преодолению пьянства и алкоголизма, искоренению самогоноварения». С этого началась самая масштабная антиалкогольная кампания. Пишет кандидат исторических наук Ирина Маховская.

Этыкеткі з калекцыі Ягора Сурскага.

Калі з’явілася чарніла

Гэта была не першая спроба абмежаваць п’янства. У 1958 годзе народныя дружыны патрулявалі вуліцы, каб выяўляць выпадкі незаконнага продажу і п’янага хуліганства. Наступная кампанія пад лозунгам «П’янству — бой!» разгарнулася ў 1972 годзе. Выраслі цэны, гарэлка прадавалася толькі з 11.00 да 19.00, перасталі выпускаць напоі мацункам 50° і 56°. Замест гэтага з’явілася больш віна і піва. Менавіта тады звышпапулярным стала чарніла, «чарлік», «бырла» — «пладова-выгаднае віно». І сёння чарніла вылучаецца яскравымі этыкеткамі і паэтычнымі назвамі: «Зоры ляснічага», «Леташняя кадрыля», «Міраж», «Позняе каханне», «Чароўная флейта»…

У тым жа 1972 годзе з’явіліся лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП). Згадкі пра алкаголь заціралі ў тэлеэфіры, сцэны з ужываннем алкаголю выразалі з кіно. На гадавіну палёту Гагарына ў космас у «Праўдзе» выйшаў фотаздымак, дзе касманаўт з жонкай паднялі рукі ў вітальным тосце, але келіхі на фота замазалі.

Фота: Wikimedia Commons.

Але нягледзячы на ўсё гэта, менавіта ў 1970-я алкагалізацыя дасягнула неверагодных памераў. Спажыванне алкаголю па афіцыйнай статыстыцы дасягнула 10,5 літра ў пераліку на чысты спірт на душу насельніцтва. Савецкі лад увайшоў ў сістэмны крызіс, і многія бачылі галоўную прычыну ў татальным п’янстве.

Лікёра-гарэлачныя сталі выпускаць газіроўку

Антыалкагольная кампанія 1985 года звычайна звязваецца з імем Міхаіла Гарбачова. Больш за тое, для многіх гэта галоўны ўспамін пра перабудову. Але сам Гарбачоў кажа, што ініцыятыва належала не яму, кампанія рыхтавалася шэсць гадоў.

Ужо ў часы Леаніда Брэжнева маштабы п’янства вымагалі нейкіх мер, хоць Брэжнеў доўга не згаджаўся на рэформы: «Рускі народ не можа без гарэлкі».

Барацьбу з п’янствам на працоўных месцах распачынаў і Юрый Андропаў, але, прабыўшы пры ўладзе толькі 15 месяцаў, далёка не прасунуўся. Галоўнымі ідэолагамі антыалкагольнай кампаніі 1985 года разам з Гарбачовым былі Ягор Лігачоў і Міхаіл Саломенцаў — абодва зрабілі партыйную кар’еру як сакратары абкамаў, адзін у Томску, другі — у Чэлябінску і Карагандзе.

На гэты раз мэтай было не абмежаванне, а выкараненне спіртнога. Перад пачаткам кампаніі ў СМІ масава расказвалі пра сем’і, зруйнаваныя алкаголем, паказвалі дзяцей-інвалідаў, якія нарадзіліся ў пітушчых бацькоў. У газетах публікавалі лісты працоўных, дзе тыя патрабуюць «прыняць меры».

Гарбачоў у 1985 годзе. За антыалкагольную кампанію ён атрымаў ад удзячнага народа мянушкі Мінеральны сакратар і Ліманадны Джо (у гонар героя аднайменнага чэхаславацкага вестэрна). Фота: Wikimedia Commons.

Даходы ад продажу алкаголю заўжды складалі адну з асноў бюджэту, але тут урад свядома пайшоў на скарачэнне. Да 1988 года планавалі поўнасцю прыпыніць выраб чарніла. Лікёра-гарэлачныя і спіртзаводы хутка пераабсталявалі — яны сталі выпускаць газіроўку, сокі, варэнне. Лідскі піўны завод стаў вырабляць безалкагольныя напоі «Усходні», «Раніца», «Рабінавы», «Верасок», «Вячэрні Арбат».

Цэны на алкаголь паднялі ў два-тры разы, самая танная гарэлка стала каштаваць 9 рублёў 40 капеек — 5% сярэдняга заробку. Алкаголь перасталі прадаваць паблізу прадпрыемстваў і будоўляў, школ, ПТВ, садоў, бальніц, санаторыяў, вакзалаў і аэрапортаў. «Неаднаразова паўставала пытанне аб закрыцці піўнога бара на скрыжаванні вуліц Сурганава і Якуба Коласа, які абслугоўвае практычна толькі студэнтаў, паколькі побач размешчаныя інтэрнаты трох ВНУ і ПТВ будаўнікоў…». 13 жніўня 1985 года ў Мінску адным махам закрыліся ўсе румачныя і бутэрбродныя.

Большасць вінна-гарэлачных крам змянілі профіль на «Сокі — воды». Тыя адзінкавыя, што засталіся, працавалі з 14.00 да 19.00. Адсюль і прыпеўка: «В шесть утра поет петух, в восемь — Пугачева. Магазин закрыт до двух, ключ у Горбачева». Да крамаў стаялі кіламетровыя чэргі, іх называлі «пятлёй Гарбачова». Хадзіў анекдот: «Абвестка ў аўтобусе: Прыпынак «Вінна-гарэлачная крама». Наступны прыпынак — «Сярэдзіна чаргі»».

Прадавалі толькі па дзве бутэлькі ў рукі, і народ станавіўся ў чаргу па некалькі разоў, набываючы ў запас.

Піць у грамадскіх месцах і нават з’яўляцца ў іх п’яным забаранілі. Гэта каралася штрафам, арыштам на 15 сутак ці 1—2 месяцамі папраўчых работ. За ўжыванне спіртнога на працы пазбаўлялі прэмій, пуцёвак, пераносілі адпачынак на зіму і нават найгоршае — адсоўвалі ў канец чаргі на атрыманне жылля.

«Вечар завяршыўся традыцыйным чаяпіццем»

Паўстала пытанне, чым заняць народ пасля перамогі над п'янствам. Рэкамендаваліся турпаходы, выезды ў грыбы і ягады, кнігаабмен, выставы асабістых калекцый. Прадпрыемствы рапартавалі аб адкрыцці секцый турызму, кінафотааматараў, вязання, кулінарыі, разьбы па дрэве. Ухвалялася калектыўнае садаводства і агародніцтва.

Было створана Усесаюзнае добраахвотнае таварыства барацьбы за цвярозасць. 16 кастрычніка 1985 года прайшла ўстаноўчая канферэнцыя Беларускага рэспубліканскага таварыства. Праз год у Беларусі было ўжо 16,6 тысячы арганізацый. Складаліся планы, ладзіліся мерапрыемствы, пісаліся справаздачы, але сэнс гэтай дзейнасці самі сябры таварыства потым назвалі «папяровай бурай».

У СМІ з’явіліся артыкулы з абвяржэннем таго, што п’янства — старажытная славянская традыцыя. У артыкуле «Вірус… чый?» Іосіф Сярэдзіч пісаў: «Сучасныя заходнія русафобы спрабуюць прыпісаць нашым продкам пальму першынства ва ўжыванні моцных спіртных напояў, сцвярджаючы ўсё тую ж нахабную хлусню пра вечна п’яную Русь. З літаратуры, іншых крыніц мы ведаем, што ў ХІХ стагоддзі п’янства на Русі адзначалася даволі шырока. Але зноў жа трэба адзначыць: развівалася гэтая хвароба пад моцным уздзеяннем Захаду, дзе яна ўжо ўяўляла нашмат большую небяспеку».

Газета «Советская Белоруссия» ў кожным нумары давала матэрыялы пад рубрыкай «Цвярозасць — норма жыцця». Часта ў рубрыцы друкавалі лісты працоўных. Дасведчаныя чытачы ўражвалі ведамі статыстыкі: «У Гомелі я жыву доўгія гады і бачу, як гандаль спіртным арганізаваны. Спіртное прапаноўваюць больш за сто крамаў з 233 прадуктовых, сем рэстаранаў, шэсць кафэ з пятнаццаці, чатыры сталовыя, пяць бараў з шасці наяўных у горадзе», — нібыта піша рабочы Гомельскага завода вымяральных прыбораў. У другім лісце ветэран крытыкуе разнастайнасць і прыгажосць бутэлечных этыкетак і прапаноўвае іх «разэстэтызаваць» і замяніць лаканічнымі злымі тэкстамі і малюнкамі, якія бічуюць п’янства.

Паралельна з крытычнымі рэпартажамі выходзяць тэксты пра поспех безалкагольных святаў. «Традыцыйным чаяпіццем з пірагамі завяршыўся вечар ушанавання перадавікоў вытворчасці ў брыгадзе кавалёў Міхаіла Гамезы з Мінскага аўтазавода. Засядзеліся дапазна: нямала знайшлося тэм для размовы таварышам па працы, пераможцам заводскага спаборніцтва. Не спатрэбіліся майстрам «гарачага» цэха і «гарачыцельныя» напоі, каб сама сабой нарадзілася любімая песня».

Румачныя на гарышчах

Пра што зусім не пішуць тагачасныя газеты, дык гэта пра татальны дэфіцыт алкаголю і даўжэзныя чэргі са сваркамі і бойкамі. Сустракаюцца толькі ўскосныя сведчанні: «Некаторыя кіроўцы, у прыватнасці М. Папоў (вытворчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), свабодна раскатвалі па горадзе на службовых машынах у пошуках чарніла».

Расказваюць, што на адной з сустрэч з народам хтосьці паскардзіўся Гарбачову на гарэлачныя чэргі, а той прапанаваў: «Дык вы не стойце!»

Праблемы з продажам адкрылі новыя бізнэс-схемы. Адна з такіх абкатвалася ля піўнога ларка непадалёк ад мясакамбіната на мінскай вуліцы Казінца. Побач былі рыбная база і хлебазавод. Працоўныя выносілі дэфіцытную закуску, а каля ларка іх сустракалі тыя, каму ўдалося набыць ці выгнаць спіртное. Адбываўся абмен.

Іншы сэрвіс працаваў на гарышчах пад’ездаў. Туды са сваім алкаголем прыходзілі ахвочыя ўжыць, ім выдаваўся посуд і закуска. Узамен — пустыя бутэлькі. Здачай пустой тары зараблялі нямала, прычым сярод «прадпрымальнікаў» было шмат дзяцей.

Тым часам дзяржаўны гандаль цярпеў страты. Раней спіртное давала 25% паступленняў у бюджэт, а дзе-нідзе, напрыклад у вакзальных буфетах, — каля 75% даходу. Пры гэтым ніхто не адмяняў план, сфармаваны без уліку алкагольных страт. Прыйшлося тэрмінова ствараць безалкагольную альтэрнатыву: напрыклад, у Мінску пачалі прадаваць слаістыя кактэйлі «Мазаіка», «Вячэрні», «Асвяжальны». Урад разлічваў, што павышэнне цэн на гарэлку кампенсуе 80% бюджэтных страт, але не — толькі вырасла самагонаварэнне, гнаць пачалі літаральна ў кожнай савецкай сям’і, нават у кватэрах членаў Кампартыі. У 1986-м бюджэт страціў 22 мільярды рублёў, у 1987-м — 25 мільярдаў.

Быў у лесе ў Баянічах завод…

За выраб самагону пагражала крымінальная адказнасць, за набыццё — штраф. Але народ гнаў: аб’ёмы продажу толькі дражджэй і цукру выраслі на 13—28%. А гналі і з хлеба, мукі, бульбы, варэння, мёду, цукерак, кефіру, яблык, сліў, таматнай пасты. Вельмі хутка ўсе гэтыя прадукты трапілі ў разрад дэфіцытных.

«Пачалі ўсе людзі гнаць самагонку і на гэтым рабіць бізнэс. Раз у краме няма, значыць, ёсць у мяне. На гэтым бізнэсе некаторыя зарабілі яшчэ большыя грошы, чым тыя, што цягалі шмоткі з Польшчы ці Турцыі», — успамінае сельская фельчарка.

У кожнага былі свае рэцэпты. Па адным трэба было сем дзён вытрымліваць, былі і хуткія рэцэпты — за суткі. Якаснай лічылася самагонка з цукру (цукроўка) ці з зерня (хлебная). Для ўнутраных патрэб рабілі ў асноўным такую.

У пушчах разгарнуліся цэлыя заводы-бровары. Яны з цягам часу набылі вядомасць і рэпутацыю. Успамінае намеснік старшыні калгаса на Любаншчыне: «Я ведаю ў Баянічах завод, два разы прыходзілася яго бачыць. Адзін раз знішчыў гэты завод. Другі раз то не знішчыў, бо сам быў датычны. Для рашэння вытворчых пытанняў. Адзін чалавек замуж выдаваў дачку, папрасіў, карацей, добраахвотна-абавязкова: «Дапамажы — бітон самагону». Ну што, я пайшоў да дзеда, папрасіў, выпісаў яму, канечне, зерня. Ён завёз, змалоў. Я пакаштаваў. Даволі-такі складаная тэхналогія. І якасць! Дасць фору любой дзяржаўнай, акрамя брэсцкай і «Крышталя». Градусаў 60, нават паху няма, галава на наступны дзень не баліць. Спецыялісты!»

Хто жыў у 1980-я, памятаюць: ні адной побытавай праблемы, ад рамонту водаправоднага крана да капання бульбы, нельга было вырашыць без бутэлькі. «Паказваеш бутэльку — і табе за пяць секунд ускапалі агарод, напрыклад. Гэта так і называлася — «вадкая валюта». У тыя часы грошы ніхто не прызнаваў, бутэльку давай — зробім». Успамінае рабочы-будаўнік: «І я, быў грэх, гнаў. Час такі быў. Калі трэба дапамога, хто ў цябе грошы будзе браць? Толькі за бутэльку. Грошай ва ўсіх сваіх хапала».

«Ален Дэлон не п’е адэкалон»

«Раней чалавек ідзе з работы, зайшоў у магазін, 150 выпіў, закусіў і пайшоў дадому. Не п’яны і не цвярозы. А калі яны зрабілі сухі закон, народ пачаў упівацца да ўпаду. Бо трэба сёння напіцца: раптам заўтра не будзе», — расказвае сведка.

Мінск, 1987 год. Фота Юрыя Іванова.

Спачатку ў ход пайшлі медпрэпараты: настойкі валяр’яны, глогу, півоні. Далей — адэкалоны. «Трайны» адэкалон стала не дастаць, лічылася, там большае ўтрыманне спірту. Хадзіў анекдот: «Чалавек у краме набывае адэкалон. Яму даюць з крыва наклеенай этыкеткай. Пакупнік: «Замяніце мне гэтую бутэльку, тут этыкетка крывая». Прадавачка: «Якая вам розніца?!» — «Гэта вам няма розніцы! А мне на стол ставіць!»». Тым часам «Наўцілус Пампіліус» спяваў, а ўся краіна падпявала: «Ален Делон, Ален Делон не пьет одеколон. Ален Делон, Ален Делон пьет двойной бурбон…» У 1986 годзе на 150% павялічылася рэалізацыя адэкалону, на 30% — клею. Страшнымі наступствамі антыалкагольнай кампаніі стала таксікаманія.

Пілі шклоачышчальнікі, марылкі для апрацоўкі дрэва, распушчальнікі для фарбаў. Расказваюць, што пасля марылкі людзі па некалькі дзён хадзілі з чорнымі тварамі. Спірт здабывалі нават з гуталіну: гуталін мазалі на хлеб, спірт яго насычаў, тады гуталін счышчалі і елі хлеб. Клей замарожвалі, і так выдзялялі з яго спірт. «З 200-літровай бочкі 5 літраў спірту выходзіла», — успамінае прапаршчык пра тое, як здабывалі спірт у войску. З’явіўся кактэйль «Муха», ці «Тры пшыкі», — у бакал піва тройчы пырскалі сродак ад насякомых «Дыхлафос» для ўзмацнення ап’янення.

Успамінае доктар раённага шпіталя: «Пілі шклоачышчальнік, блакітны такі. Ёд пілі. Ёдам нават некалькі чалавек атруціліся. Не выратавалі, ёд — гэта ж страшна. Пілі ўсё, што гарыць ці пахне алкаголем. Шмат алкаголікаў загінула, яны ж не разумелі, што п'юць. Гемалітычныя яды прымалі, хапалі воцат замест гарэлкі. Потым ныркі адмаўлялі. Не было дня, каб не паступалі, асабліва пасля шклоачышчальніка. Гэта самае моднае было. І марылка».

Бюджэт не вытрымаў

За год продаж спіртнога ў крамах знізіўся на 50%, але рэальнае спажыванне з улікам самагону зменшылася ў лепшым выпадку на чвэрць. Некаторыя дэмографы кажуць, што антыалкагольная кампанія выратавала прыкладна мільён жыццяў. Фіксаваўся рост працягласці жыцця ў мужчын, нарадзілася на 8% меней дзяцей з захворваннямі, скараціліся смяротнасць, колькасць аварый і няшчасных выпадкаў. Але ўжо ў 1987 годзе зноў фіксуецца рост спажывання алкаголю, а з улікам распаўсюджання таксікаманіі казаць пра станоўчыя вынікі антыалкагольнай кампаніі не выпадае.

Антыалкагольны ўказ заканадаўча быў скасаваны толькі ў ліпені 1990 года, калі Савет Міністраў СССР адмяніў усе абмежаванні на продаж алкаголю. Але фактычна кампанія была спынена ўжо ў 1987-м, пакінуўшы горкую спадчыну ў выглядзе высечаных вінаграднікаў, мільёнаў новенькіх самагонных апаратаў і досведу піцця адэкалону.

Да канца 1986 года дзяржаўны бюджэт абрынуўся. Ураду прыйшлося дадрукоўваць грошы, пачалася інфляцыя. Антыалкагольная кампанія прыспешыла распад Савецкага Саюза, але трагедыю п’янства не вырашыла.

 

 ***

Румачная — савецкі бар. Тут на разліў, чаркамі прадавалі моцны алкаголь. У румачных стаялі высокія сталы, за якімі людзі стоячы выпівалі чарку і з’ядалі бутэрброд з каўбасой, сырам, вараным яйкам, селядцом або шпротамі. «Слаўная гэта ўстанова — пах гарэлачкі, цыгарэт, адны мужыкі. Кульнуў стопачку, закусіў бутэрбродам, культурна, каротка», — апісвае Данііл Гранін у рамане «Карціна».

 ***

З успамінаў Васіля Быкава пра Пяты з’езд савецкіх пісьменнікаў (чэрвень — ліпень 1971 года)

На з’ездзе ў зале славутага Крамлёўскага палаца я сядзеў мала, болей бавіў час у кулуарах, а то ў буфеце. Але ў вялізнай зале буфета можна было хіба пад’есці, выпіць жа там не было нічога. I тое абурала шмат каго з прыезджых пісьменнікаў. Асабліва абураўся Віктар Астаф’еў, з якім я ўжо быў знаёмы, і мы займелі намер абмыць сустрэчу. Ды не было чым. I Віктар гучна, бянтэжачы выкшталцоную гэбісцкую абслугу, абвяшчаў, што без гарэлкі не перамаглі б і ў вайну — нават з грымотнымі заклікамі палітрукоў…

Пры шыкоўнай закусі ў Крамлі не было чаго выпіць, а буфеты ў гасцініцах ламіліся ад выпіўкі, ды не было закусі. Як заўжды, з закуссю ў краіне была напруга. Раніцай за снеданнем мы доўга вырашалі задачу: як пранесці на з’езд бутэльку. Бураўкін спрабаваў засунуць яе ў кішэню — выглядала падазрона, нібы там бомба. У маёй нутраной кішэні — яшчэ горш. Спрабавалі пакласці ў імпазантную Гілевічаву папку, з якою той нідзе не расставаўся, — таксама нядобра. Маглі адабраць ды яшчэ што прышыць. Правяралі ж нас не адзін раз, у кожных дзвярах, дзе гэбісты звычайна дзяжурылі парамі: пакуль адзін правяраў дакументы, звяраючы фота з арыгіналам, другі рабіў «візуальны вобыск», пільна азіраючы кішэні і рукі. Выйсце знайшлі самае простае — выпіць у гасцініцы, а закусваць бегчы ў Крэмль.

Васіль Быкаў. «Доўгая дарога дадому»

 ***

Скарачаць вытворчасць віна пачалі з высякання вінаграднікаў у Малдове, Крыме, на Каўказе і Кубані. За гады антыалкагольнай кампаніі знішчылі 30% фонду. У Малдове высеклі 80 тысяч гектараў з 210. Знішчылі некаторыя каштоўныя сарты, напрыклад Экім Кара — складнік знакамітага крымскага віна «Чорны доктар». Гэта мела вынікам нават канкрэтную чалавечую трагедыю: не здолеўшы пераканаць партыйнае кіраўніцтва адмовіцца ад ідэі высякання вінаграднікаў і не могучы перажыць краху справы ўсяго свайго жыцця, скончыў жыццё самагубствам дырэктар Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута вінаробства і вінаградарства «Магарач» (Ялта) Павел Галадрыга.

 ***

Вяселлі з чаем

Пакуль газеты апісвалі ідылічныя безалкагольныя вяселлі і юбілеі, людзі прыдумалі пад выглядам чаю разліваць каньяк, у бутэльках з-пад мінералкі ставілі гарэлку, яе ж, трохі падфарбаваную, падавалі як морс. Ці побач з рэстаранам арганізоўвалі «палявую кухню». Успамінае загадчык клуба: «Ідзе вяселле. Закускі — мора! Усе сядзяць, глядзяць адзін на аднаго. Тады шэпчуць: «Ідзіце!» Чалавек пятнаццаць збіраецца — і за рэстаран. Там аўтобус стаіць: бітон самагонкі, агурок, каўбаса. Джык-джык — гэтыя ўжо павесялелі. Потым наступным ціхенька: «Вы ідзіце»». Звычайна на вяселле выганялі 200 літраў самагону.

 * * *

І з памёту, і з парашку

На продаж выраблялася не толькі «сумленная» самагонка. Пра «несумленную» ходзяць аповеды, адзін страшнейшы за другі. Пры куплі гарэлку раілі правяраць: капнуць на руку і пацерці. Калі пайшлі бурбалкі — значыць, гнаная з пральнага парашку. Для павышэння мацунку дадавалі курыны памёт. Ці бярозавы кол ставілі спачатку ў прыбіральню, а потым у брагу. Дадавалі перцу для ілюзіі моцнасці. Такі самагон называлі «цыганскі» ці «чардачковы».

***

Анекдоты часоў антыалкагольнай кампаніі

Мужык выратаваў жыццё Гарбачову, і той кажа: «Можаш прасіць што хочаш: магу на любую пасаду ўладкаваць, машыну, што толькі хочаш». А мужык кажа: «Ну, калі ўжо такая справа, то дапамажыце мне бутэлечку гарэлкі без чаргі ўзяць».

 ***

Антыалкагольная кампанія, да Гарбачова ўрываецца старшыня гаркама:

— Міхаіл Сяргеевіч, тэрмінова дайце дазвол завезці гарэлку ў крамы!

Той яму: ты, маўляў, з глузду з'ехаў?

— Мужыкі працверазелі, пытаюцца, куды падзелі цара.

 ***

Чыноўнік бярэ хабар і просіць: «Прыадчыніце, калі ласка, дзверы, а то людзі падумаюць, што мы тут з вамі выпіваем».

Ирина Маховская

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930