Найти
24.03.2024 / 11:025РусŁacБел

Костюшко — 278 лет. Герой двух континентов, но не счастливый человек

Последний герой Речи Посполитой только четыре года взрослой жизни прожил в своем доме, хотя всю жизнь воевал за то, чтобы иметь Родину. Публикуем архивный материал об одном из самых известных уроженцев Беларуси.

Казімір Вайнякоўскі. Прыжыццёвы партрэт, дата невядомая.

Падзеі мінулага падаюцца нам прадвызначанымі. Напрыклад, падзелы Рэчы Паспалітай. Раз быў першы, значыць, лагічна мусілі быць і наступныя — аж пакуль краіна не знікне. Але мы вельмі здзівілі б нават караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, прадказаўшы такі лёс ягонай дзяржаве пасля першага падзелу.

Мала хто думаў тады, што за гады застою давядзецца заплаціць незалежнасцю. Тым больш што пасля падзей XVII стагоддзя шляхта паверыла ў несмяротнасць Рэчы Паспалітай. Маскоўскі цар тады дайшоў да Вільні, шведы — да Брэста, Хмяльніцкі адарваў Украіну, — але краіна ўваскрэсла з попелу.

Спробы рэфармаваць дзяржаўны лад рабіліся ад сярэдзіны XVIII стагоддзя. Сойм 1764-га, абраўшы каралём Панятоўскага, пастанавіў абмежаваць шляхецкае самаўпраўства, умацаваць цэнтральную ўладу, наладзіць збор падаткаў і стварыць сучаснае войска. Каб навучаць афіцэраў, Панятоўскі заснаваў Варшаўскі кадэцкі корпус — «рыцарскую школу». Яна рыхтавала вайсковых інжынераў.

Кароль шэфстваваў, а кіраваў «рыцарскай школай» князь Адам Чартарыйскі, яго стрыечны брат. Нібыта да яго і звярнуўся сенатар Юзаф Сасноўскі з просьбай узяць у элітную вучэльню свайго небагатага суседа, 19-гадовага шляхціца Тадэвуша Касцюшку, сына Тэклі, уласніцы маёнтка Сяхновічы пад Брэстам.

Сяхновіцкія

З Сяхновічамі (цяпер ваколіцы Жабінкі) Касцюшкі былі звязаныя ад пачатку. Патрыярх роду, баярын Канстанцін Хведаравіч, згадваецца ў дакументах пад 1509-м, калі вялікі князь падараваў яму Сяхновічы і трох людзей: Кісяля, Перку і Ляховіча. «Касцюшка» — гэта і ёсць памяншальнае ад Канстанціна.

Вядома, што Касцюшка меў брата Гурку (Рыгора) і сястру Ждану, што ён парадніўся з Ягелонамі, узяўшы за жонку ўдаву Ганну Гальшанскую. Яны нажылі дванаццаць дачок і двух сыноў — Івана і Хведара.

Касцюшка меў у наваколлі такі аўтарытэт, што нашчадкі, якія са з’яўленнем прозвішчаў пісаліся Сяхновіцкімі, ужывалі і яго імя. Прозвішчы Радзівілаў, Кішкаў, Гаштольдаў таксама ўтварыліся ад балцкіх імёнаў пачынальнікаў дынастый.

Касцюшкі былі праваслаўнымі і, відаць, мелі славянскае паходжанне. Яны паланізаваліся, разам з усёй шляхтай, у пачатку XVII стагоддзя. У дакументах 1622 года Рыгор Касцюшка ўжо падпісваецца па-польску. А сын Рыгора Ян пакідае праваслаўе.

Сярод продкаў Тадэвуша не было выбітных ваяроў. Віхуры XVII стагоддзя яго прадзед Аляксандр Ян перажыў за мірнымі заняткамі. Тым больш што ні маскоўцы, ні шведы, ні казакі не дапялі да яго маёнтка.

Ваявалі Касцюшкі між сабой. «Року 1656 ліпеня 11 дня маёмасць маю Сяхновічы ад пана Мікалая Тэлятыцкага, брата цётчынага, адабраў… і гаспадаранне пачаў, дай Божа шчасліва!» — занатоўваў Аляксандр Ян.

Да канца жыцця ён нагаспадарыў, апроч Сяхновіч, вёскі Канатопы, Сцяпанкі і Астраўкі ды пляц з домам у Берасці. Яго сын Амбражэй быў падчашым, кобрынскім войтам, брэсцкім земскім пісарам, адзначыўся ў шляхецкіх баталіях: на сойміку ўдарыў у галаву будучага ваяводу віленскага. І гаспадарку занядбаў, ажно яго сыну, Людвіку Касцюшку, давялося прадаць фамільныя Сяхновічы, а потым, пры канцы жыцця, выкупляць іх: валодаць радавым гняздом было справай гонару.

Салей уцёк

Бацькі Тадэвуша валодалі 31 сям’ёй прыгонных — гэта няшмат — у вёсках Сяхновічы, Навасёлкі, Сцяпанкі і Канатопы. У інвентарах захаваліся іх прозвішчы: Цыпурык, Лось, Несцярук, Гень, Яўхімук, Ярошык, Каробка, Кабяха, Кот, Прывіцень, Мазюк, Літвін. А таксама Салей, Максімюк, Белазорык, Саляюк, Амельянюк, Матвяюк, Салівянюк, Гарасімюк, Нічыпарук.

У Рэчы Паспалітай дзейнічалі сярэднявечныя законы ў дачыненні да прыгонных. Але сведчанняў негуманнасці да мужыкоў з боку Людвіка Касцюшкі не захавалася. Наадварот, здаючы ў арэнду маёнтак, ён упісваў усе павіннасці прыгонных, каб арандатар іх не павялічыў. Сяхновіцкія сяляне мелі адносна лёгкую паншчыну, але ўсё ж селянін Андрэй Салей уцёк з Сяхновічаў з пяццю сынамі.

Папуліст Панятоўскі

У кадэцкім корпусе да Касцюшкі прыклеілася мянушка Швед — за гарачы, як у Карла ХІІ, нораў.

Тадэвуш ледзь не выклікаў на дуэль ваяводу, які падчас танцаў штурхнуў аднаго з кадэтаў і не выбачыўся. Справа дайшла да караля. Той, выслухаўшы Касцюшку, змусіў ваяводу прасіць прабачэння.

Тадэвушу тут 15 гадоў. Пра гэты перыяд яго жыцця звестак амаль няма. Аўтар партрэта невядомы.

Панятоўскі любіў прыгожыя жэсты. Тым часам рэформы абараніць не змог. У 1768-м новы сойм пад ціскам Расіі аднавіў «залатую вольнасць». Гэта пазбаўляла Рэч Паспалітую кіраванасці, рабіла яе крызіс бясконцым. Імператрыцы Кацярыне ІІ заставалася толькі чакаць, калі еўрапейская дзяржава сама скоціцца ёй пад ногі. Кароль жа тым часам ездзіў у стан расійскага войска і раздаваў генералам Кацярыны ўзнагароды. Спадзяваўся абхітрыць…

Пераломны момант

Першы падзел Рэчы Паспалітай заспеў Касцюшку ў Францыі. Ён па стыпендыі вывучаў у Парыжы мастацтва ды нудзіўся, што не ўдалося працягнуць вайсковую адукацыю. Тадэвуш не падазраваў, што з малявання будзе есці хлеб, калі не будзе карміць служба.

Войска Рэчы Паспалітай тады налічвала ўсяго 11 тысяч — Расіі і Прусіі важна было, каб суседняя краіна заставалася безабароннай, таму ўладкавацца на службу Касцюшка, які вярнуўся дадому ў 1774-м, не змог. Тут і прыдалося маляванне: Тадэвуш стаў хатнім настаўнікам у дачок свайго дабрадзея, сенатара Юзафа Сасноўскага.

Небагаты юнак Тадэвуш быў пратэжэ сенатара Юзафа Сасноўскага. Сасноўскі зрабіў кар'еру, дзякуючы таму што стаў платным агентам пасла Расіі Рапніна.

Той Сасноўскі быў расійскі агент, але Касцюшка гэтага не ведаў. Яго думкі займала вучаніца, Людвіка Сасноўская. У яе 28-гадовы настаўнік закахаўся. Але Сасноўскі неяк падчас гульні ў карты з князем Любамірскім, ваяводам кіеўскім, дамовіўся выдаць Людвіку за яго сына Юзафа.

Людвіка Сасноўская, дачка сенатара Сасноўскага. Яны з Касцюшкам кахалі адно аднаго, але яе бацькі не далі згоды на шлюб з небагатым Тадэвушам.

Пазней тая гісторыя абрасла легендамі: тут і начное выкраданне нявесты, і збіццё Касцюшкі слугамі Сасноўскага. Паказвалі нават мост, на якім дагналі ўцекачоў. Гэтыя танныя меладрамы капіююцца і ў свежых інтэрнэт-публікацыях.

Княгіня з дочкамі проста выехала ў іншы маёнтак. Касцюшка ж, не заспеўшы Людвікі, зразумеў намёк. Гэта магло адбыцца ўвосень 1775-га, калі Сасноўскі атрымаў, дзякуючы расійскаму спрыянню, пасаду гетмана польнага і зрабіўся персонай цалкам недасяжнай для беднага шляхціца.

Захаваліся пазнейшыя лісты ад Людвікі, княгіні Любамірскай, да Касцюшкі. Яна ўспамінае іх асабістую дату — 21 мая (відаць, дзень прызнання), успамінае іх альтанку. Бацькам яна не даравала да канца жыцця.

Для Касцюшкі гэтая гісторыя стала паваротнай. Узрушаны, ён з’язджае за мяжу, не падзяліўшы нават спадчыну з братам пасля смерці маці.

Вярбоўшчык Бамаршэ

У той самы год амерыканскія калоніі абвясцілі незалежнасць ад Брытанскай кароны. Францыя, даўняя суперніца англічан, заснавала гандлёвы дом, праз які амерыканцам агромністымі аб’ёмамі пастаўляліся зброя і амуніцыя. Кіраваў працэсам чыноўнік і паэт П’ер Бамаршэ, аўтар камедыі «Вяселле Фігара».

Ён дастаўляў у Новы Свет гарматы, вайсковыя караблі, рэкрутаваў афіцэраў. Мусіць, праз яго трапіў на службу ў ЗША і Касцюшка.

Тут прыдаліся інжынерныя веды, атрыманыя ў кадэцкім корпусе. Зброяй Касцюшкі была не шабля, а аловак, нівелір і рыдлёўка.

Герой з алоўкам

Касцюшка амаль не хадзіў у атаку (за сем год вайны быў паранены толькі раз — штыком у ягадзіцу падчас няўдалага штурму форта), ён праектаваў умацаванні.

Цяпер земляныя рэдуты і траншэі падаюцца дробяззю, але паваленыя дрэвы і разбураныя яго камандай плаціны дапамаглі затрымаць наступ брытанцаў на Філадэльфію, а ўдалае размяшчэнне рэдутаў — выйграць бітву пад Саратогай, якая пераламала ход вайны.

Фота: Wikimedia Commons.

Прыехаўшы ў 1796-м у Філадэльфію, змучаны Касцюшка загадаў сакратару Юльяну Нямцэвічу знайсці малыя, танныя і зацішныя апартаменты. Спыніў выбар на гэтым пакойчыку ў пансіёне Эн Рэльф. Выходзіў адтуль вельмі рэдка, але ў яго часта былі госці: віцэ-прэзідэнт Томас Джэферсан, правадыр народа маямі Вялікая Чарапаха, правадыр магаўкаў Джозэф Брант. Музей адкрыты па выхадных, наведванне бясплатнае. Фота: NATIONAL PARK SERVICE.

Сам Джордж Вашынгтон шанаваў экспертнае меркаванне Касцюшкі, падараваў яму два пісталеты, але ніяк не мог запомніць прозвішча. (У адным з лістоў назваў яго нават «Cosiecki».) Такую праблему меў не ён адзін. Французскі інжынер у Вест-Пойнце зваў яго «месье Касці», а правадыр Малая Чарапаха расказваў сваім індзейцам, што стаў сябрам бледнатварага, якога завуць «Касчо». І Касцюшка падараваў правадыру два пісталеты з наказам прымяняць іх супраць кожнага, хто захоча паняволіць яго народ.

За сем гадоў амерыканскай службы Касцюшка атрымаў званне брыгаднага генерала, 12 тысяч даляраў і 500 акраў зямлі (больш за 200 гектараў; нагадаем вам, што тыповая беларуская дача — гэта 0,05 гектара).

Над асабістым па-ранейшаму вісеў фатум. Касцюшка западаў на дзяўчат з занадта высокім статусам. У Вест-Пойнце ён заляцаўся да дачкі генерала, аднак яна выйшла за Аляксандра Гамільтана, без пяці хвілін прэзідэнта ЗША. Зрэшты, Касцюшка не быў абдзелены жаночай увагай. У лісце да сяброў успамінаў, як вясёлыя паненкі з Поўдня, якіх ён забаўляў музыкай і дэкламацыяй, змусілі маляваць іх партрэты. Калі праца была скончаная, папрасілі намаляваць іх яшчэ раз — аголенымі.

Чаму ж ён вярнуўся з Амерыкі, дзе мог, асабліва атрымаўшы ўзнагароду за службу, уладкаваць свой лёс? «У душы яго азвалася цяга да Айчыны», — піша біёграф.

Уласны дом

А ў Айчыне па-ранейшаму не было працы для «генерала замежных войскаў». Касцюшка чатыры гады жыў у Сяхновічах.

Захавалася апісанне яго маёнтка: «Дом стары і крыты саломай. Справа ад увахода ў сені вялікі пакой, за ім другі, падзелены на спальню і гардэроб. У першым пакоі — стол і некалькі драўляных крэслаў, пры дзвярах — старасвецкая адзежная шафа; у спальні — ложак пасярэдзіне і пры ім столік, на якім кніжкі, чарніліца і папера; паднос для падавання кавы, точаны рукой пана Касцюшкі з яблыні, некалькі паўміскаў і талерак яго ўласнай работы складалі ўсю мэблю».

За гаспадыню ў Сяхновічах была старая цётка Касцюшкі Зузана, прыслуга складалася з лёкая і фурмана. «За домам быў садок, у ім пара фруктовых дрэваў і горка, парослая ляшчэўнікам… была і сажалка, зарослая аерам, у ёй пладзіліся дзікія качкі, якіх гаспадар не дазваляў палохаць». У садзе быў уладкаваны, паводле моды тых часоў, раслінны лабірынт. У маёнтку вырабляліся галандскія сыры.

Гэткі быў адзіны ўласны дом, які Касцюшка меў у дарослым жыцці. Астатні час жыў у вайсковых лагерах ды па чужых кутах — ці былі гэта палацы дабрадзеяў, ці месцы зняволення, ці пакоі, прызначаныя для хатняга настаўніка.

«Хіба я не літвін?»

«Пейзанскае» жыццё скончылася ў 1788-м, калі ў Варшаве сабраўся сойм, які пасля назавуць Чатырохгадовым ці Вялікім.

Першай пастановай дэпутаты павялічылі рэгулярнае войска да 100 тысяч чалавек. Касцюшка паступіў на службу ў званні генерал-маёра з жалаваннем 12 000 злотых у год.

Ён быў залічаны ў кароннае войска. У лісце да генерала Несялоўскага Касцюшка напрамілы бог прасіў вярнуць яго ў ВКЛ: «Хіба я не літвін, не зямляк ваш?» Касцюшка наракаў на ганарыстасць тых, з кім даводзіцца сутыкацца на службе ў Польшчы: «Словам няма да каго сказаць… што за гасконцы!» Ён нават пагражаў «штосьці кепскае сабе зрабіць».

Але наступныя падзеі адсунулі праблемы камунікацыі «літвіна» з палякамі на другі план.

Расія ідзе з козыраў

3 мая 1791 года сойм прыняў Канстытуцыю Рэчы Паспалітай. Быў ліквідаваны федэратыўны лад — Карона і ВКЛ станавіліся адзінай дзяржавай. Адмянялася «ліберум вета», уводзіўся падзел уладаў — выканаўчая аддавалася каралю.

У адказ пры ўдзеле графа Грыгорыя Пацёмкіна ды спрыянні Кацярыны ІІ была ўтвораная Таргавіцкая канфедэрацыя (у рэальнасці яна была ўтвораная не ў гэтым прыгранічным мястэчку, а ў Пецярбургу). Мэты яе ўдзельнікаў былі розныя: «алігарх» Шчасны Патоцкі хацеў яшчэ больш узбагаціцца, патрыёт Севярын Ржавускі прагнуў вяртання «шляхецкіх вольнасцяў», а па факце пад прыкрыццём яе Расія ўвяла ў Рэч Паспалітую статысячнае войска.

Станіслаў Аўгуст мог супрацьпаставіць ім усяго толькі 37 тысяч жаўнераў. Пазіцыйныя перамогі пад Зяленцамі і Дубенкай, дзе Касцюшка спыніў корпус генерала Кахоўскага, а таксама пад Міром, Зэльвай, Войшкамі, Брэстам толькі запавольвалі наступ расейцаў, але не маглі яго спыніць.

Кароль пасля перамогі пад Зяленцамі, якая магла натхніць неабстралянае войска, адмовіўся прыехаць у лагер, бо не быў упэўнены, што яму забяспечаць належныя камфорт і харчаванне…

Калі ж войска адышло за Буг і рыхтавалася да абароны, кароль і сам далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. Такая была тактыка Станіслава Аўгуста: узначаліць тое, чаму не можаш супраціўляцца, каб не страціць усё. Але ўрэшце ён усё ж страціў усё і памёр у Пецярбургу… Тая ж вайна скончылася другім падзелам Рэчы Паспалітай.

Французская місія

Касцюшка ў знак пратэсту выйшаў у адстаўку. Пасля Дубенкі за ім ляцела слава найлепшага палкаводца краіны. У маёнтку Чартарыйскіх дамы сімвалічна ўсклалі яму на галаву вянок з лісця дуба, пасаджанага каралём Янам Сабескім. У Львове кабеты натоўпамі хадзілі за ім, мастакі малявалі і прадавалі яго партрэты. Княгіня Замойская паабяцала яму руку сваёй дачкі Ганны, але ксёндз-духоўнік адгаварыў.

Касцюшка зноў наведаў Францыю: патрыёты Рэчы Паспалітай шукалі хаўруснікаў, каб працягнуць барацьбу. З амерыканскага досведу Касцюшка вынес, што Францыя здольная дапамагаць грашыма і зброяй змагарам з «тыраніяй». Але Парыжу, ужо не каралеўскаму, а ахопленаму рэвалюцыйнай неразбярыхай, было не да яго.

Касцюшка быў супраць таго, каб пачынаць у 1794-м непадрыхтаванае паўстанне. Але войска Рэчы Паспалітай раставала. Яго змушалі прысягаць Расіі, у тым ліку праз запалохванне: камандзіра ўланаў Дабрачынскага, што кінуўся з шабляй на прарасійскага генерала, пасля знайшлі нежывым. Ідэолагі паўстання Гуга Калантай і Ігнацый Патоцкі асцерагаліся, што хутка паўставаць не будзе з кім.

Касцюшка прыбыў у Кракаў і 15 сакавіка 1794-га абвясціў на плошчы Рынак Акт паўстання грамадзян.

Сам ён стаў «Найвышэйшым начальнікам нацыянальных узброеных сіл»: каб пазбегнуць жахаў тэрору рэвалюцыйнай Францыі, было вырашана аддаць кіраўніцтва ў адны рукі.

Руціна паўстання

Дзейнасць «Найвышэйшага начальніка» была кіраваннем дзяржавай у экстрэмальных умовах. Касцюшка выдаваў адозвы, якія рыхтаваў разам з сакратаром і земляком Юльянам Урсынам Нямцэвічам (ён таксама быў з-пад Брэста, у Скоках, на поўнач ад горада, захаваўся мілы палац і парк Нямцэвічаў). Універсаламі яны спрабавалі запоўніць прагалы Канстытуцыі 3 мая.

Так, Паланецкім універсалам Касцюшка дэклараваў асабістую свабоду прыгонных сялян ды ўдвая скараціў паншчыну.

У іншай адозве ён абяцаў спрыянне праваслаўнаму духавенству: «Цяпер вы з цэлым народам маскоўскія нявольнікі, з намі будзеце шанаванымі святарамі», — пісаў ён.

Ёсць і кароткі, але праніклівы зварот да жанчын: «Аздоба роду чалавечага!» Касцюшка заклікаў іх натхняць мужчын на барацьбу, бо «такая доля людская нешчаслівая, што ніякіх правоў народу дамагчыся няможна без прыкрых і дарагіх сэрцу ахвяр…»

Выразная палітычная лінія была ў дачыненні да Вялікага Княства Літоўскага. Касцюшка скасаваў Найвышэйшую літоўскую раду на чале з Якубам Ясінскім, утвораную ў Вільні. Тая Рада пачала сваю дзейнасць, павесіўшы на ліхтарным слупе гетмана Сымона Касакоўскага, які прадаўся Расіі. Невядома, чаго больш асцерагаўся Касцюшка: «якабінства», на якое нагледзеўся ў Парыжы, ці самакіраванасці Вялікага Княства. Стварыўшы падкантрольную сабе Цэнтральную дэпутацыю ВКЛ, Касцюшка захаваў і цудоўныя адносіны з Ясінскім, якога ў лістах называў «мой дарагі генерал».

Хто стварыў касінераў

Паўстанне 1794-га не было «народнай вайной». Пад рукой Касцюшкі былі атрады рэгулярнага войска Рэчы Паспалітай. Ён яго рэфармаваў. Пабачыўшы ў Амерыцы атрады дапаможнай міліцыі, Касцюшка арганізаваў касінераў. Узброеныя пікамі і косамі сялянскія дружыны сталі легендай паўстанцкага руху ХІХ стагоддзя і мастацкім вобразам у беларускай і польскай культуры.

Атака касінераў пад Рацлавіцамі вырашыла зыход бою на карысць паўстанцаў. Загінула тысяча рускіх салдат — сяляне не ведалі слова «пардон» і дабівалі тых, хто спрабаваў здацца.

Малюнак-схема з вайсковага трактата «Навука пра пікі і косы», тэарэтычнай распрацоўкі часоў паўстання Касцюшкі, прысвечанай касінерам.

Тактыка паўстанцаў у Кароне і Літве, дарэчы, рознілася. Літвіны аддавалі перавагу партызанскім рэйдам за расійскую мяжу. Міхал Клеафас Агінскі, будучы аўтар славутага паланэза, хадзіў так да Браслава, Мінска і Паставаў, Стафан Грабоўскі — аж да Бабруйска. Яны знішчалі гарнізоны і папаўнялі атрады мясцовай шляхтай. Партызаны не мелі праблемы з правіянтам і фуражом: край карміў іх.

Ці мог Касцюшка выйграць?

У іншай замежнапалітычнай абстаноўцы, магчыма, удалося б захаваць хоць штосьці ад дзяржавы. Але Расія замірылася з Турцыяй, і гэта дазволіла Кацярыне ІІ перакінуць на Беларусь з турэцкай мяжы Аляксандра Суворава…

Мы ўяўляем, што ў часе паўстання Касцюшка заставаўся маладзёнам з каштанавымі хвалістымі валасамі. Але ў 1794-м яму было ўжо 48, ён пачынаў сівець і лысець. 48 гадоў у той час адпавядае біялагічнаму ўзросту гадоў з 60 у нашы часы. Так Касцюшка выглядаў у апошнія гады жыцця.

Апошнім горадам Беларусі, які заставаўся пад кантролем касцюшкаўцаў, было Гродна. Сюды сышліся разбітыя атрады, пераехала з захопленай Вільні Цэнтральная дэпутацыя. Тут Касцюшка ўручаў узнагароды героям паўстанцкіх баёў. Адсюль пашкуматаныя сілы адыходзілі бараніць Варшаву.

Касцюшка здолеў адбіць ад сталіцы расійскія і прускія войскі, але пад гарадком Мацяёвіцы быў разбіты і трапіў у палон. Карнета Лысенку з Харкаўскага гусарскага палка, які, не пазнаўшы, параніў яго шабляй, пасля судзілі.

Касцюшку ж праз Кіеў, Чарнігаў, Гомель, Магілёў, Шклоў, Оршу і Віцебск адправілі ў Пецярбург. Везлі таемна, пад фальшывымі дакументамі.

Варшаву з другога заходу ўзяў Сувораў, выразаўшы ў прадмесці Прага 20 тысяч чалавек.

Пісталет не стрэліў

Пад Мацяёвіцамі паранены Касцюшка спрабаваў забіць сябе. Але ўсунуты ў рот пісталет не стрэліў. У Петрапаўлаўскай крэпасці ён перастаў есці — ці то збіраўся замарыць сябе голадам, ці то даймала дэпрэсія. Ажно Кацярына ІІ, якая называла Касцюшку «бестыяй», загадала перавесці яго з казематаў у палац за высокім плотам.

Смерць паўстанцкага правадыра ў турме была б іміджавым ударам па «імператрыцы-асветніцы».

Сын Кацярыны, імпульсіўны Павел І, Касцюшку вызваліў, падараваў 12 тысяч рублёў, футра і сані. Узамен Касцюшка склаў прысягу імператару, чым «выкупіў» з палону таварышаў. Спрошчана было б думаць, што Павел І выпусціў Касцюшку толькі таму, што ва ўсім дзейнічаў насуперак маці. Імператар бачыў, што Расіі трэба разрадка.

Апынуўшыся ў Францыі, Касцюшка напісаў цару дзёрзкі ліст, адрокся прысягі і нават спрабаваў вярнуць грошы.

Ад «правадыра» да «дурня»

Наступныя дваццаць год Касцюшка, якому было ўжо за 50, шукаў месца ў жыцці. Пабываў у Амерыцы, жыў у Францыі. Палітыкі наступных пакаленняў спрабавалі прыстасаваць яго да сваіх камбінацый.

З ім двойчы сустракаўся Напалеон, ангажуючы ў стварэнне польскіх легіёнаў. Але Касцюшка бачыў, што легіёны выкарыстоўваюцца для чаго заўгодна, толькі не для вызвалення Рэчы Паспалітай. Карсіканец, які называў Касцюшку «правадыром поўначы», змяніў эпітэт на «дурня, які пераацэньвае свой уплыў».

Калі Напалеона выправілі на востраў Святой Алены, пытаннем былой Рэчы Паспалітай заняўся расійскі імператар Аляксандр І. Ён сустрэўся з Касцюшкам і на словах быў згодны аднавіць дзяржаву з усходнімі межамі па Дняпры і Дзвіне. Але па факце стварылі марыянетачнае Царства Польскае на частцы польскіх зямель.

Асвета «русінаў» праз «польскі дух»

Апошнія гады ён пражыў у Швейцарыі, у прыязнай сям’і. Вучыў юных дачок маляванню, але гэта была хутчэй сінекура для 70-гадовага ваяра, якому няма дзе прыхінуцца. Адной з навучэнак, Эміліі, згодна з тастаментам, Касцюшка літаральна аддаў сваё сэрца.

У пачатку кастрычніка 1817-га Касцюшка захварэў на «эпідэмічную нервовую гарачку» і сканаў. Яго цела, пахаванае спачатку ў швейцарскім Залатурне, пасля перанеслі ў Кракаў, у каралеўскую пахавальню.

Параза Касцюшкі, гібель Рэчы Паспалітай запусціла працэсы, вынікам якіх стала з’яўленне на яе абшарах новых нацый: беларускай, украінскай, літоўскай, польскай — са сваімі палітычнымі патрабаваннямі і прагай дзяржаўнага будаўніцтва. Наўрад ці гэта было б магчыма, каб палітычны паляк Касцюшка перамог. Ён лічыў, што асвета «русінаў» магчымая толькі тады, калі «польскі дух у іх увойдзе». Але лёс распарадзіўся іначай, а ХХ стагоддзе скарэктавала яго ідэі, паказаўшы, што поруч з сацыяльным ідзе і нацыянальнае вызваленне.

Але ўсё ж у Купалавым праграмным «Людзьмі звацца!» чуецца водгулле і Касцюшкавых універсалаў. І беларусам не варта аддаваць вялікага чалавека іншым народам. Ён герой і Амерыкі, і Францыі, і Польшчы, і наш. 

 ***

Казімір Вайнякоўскі. Прыжыццёвы партрэт, дата невядомая. Мастак Вайнякоўскі быў удзельнікам паўстання 1794 года. Гэты партрэт найбольш блізкі да рэчаіснасці: Касцюшка быў мініяцюрны, субтыльны, далікатнага выгляду. Мастакі наступных эпох усё больш гераізавалі яго, і на амерыканскім партрэце ХХ стагоддзя ён ужо сапраўдны волат. Ён паўстае прагрэсіўным чалавекам. Мы бачым яго не вусатым шляхціцам у кунтушы (хоць у тую эпоху нямала людзей так хадзіла) — ён апрануты на французскі манер. Цюрбан з лёгкай баваўнянай тканіны быў вельмі модным на хвалі захаплення Усходам, так уяўлялі сабе персідскую чалму. Наперадзе ўстаўлялася пяро і замацоўвалася аграфам — спецыяльнай спражкай. Шаўковая хустка і адсутнасць парыка дэманструюць ягоны дэмакратызм, але і ўвагу да тагачаснай моды. Чамарка на ім — паліто з шарага сукна — простая, шляхецкая, перашытая ў народным стылі. Касцюшка выглядае франтам. Але не ў напудраным парыку, як Сувораў, не зашпілены на ўсе гузікі, а такі крыху расхрыстаны, casual, — мастацтвазнавец Сяргей Харэўскі расказаў, на што звярнуць увагу на Касцюшкавых партрэтах.

Карл Готліб Швайкарт. Каля 1802 года. Касцюшка паказаны з арлом ордэна Цынцыната — арганізацыі найлепшых прадстаўнікоў амерыканскага грамадства. Касцюшка адным з першых атрымаў гэту ўзнагароду. Тады ў модзе былі завітыя валасы. Буклі рабілі спецыяльнымі шчыпцамі, разагрэтымі на вуголлі. Гэтым трэба было займацца пастаянна — больш чым на дзень-два завіўкі не хапала. Людзі той эпохі прысвячалі знешнасці шмат часу.

Мастак невядомы. Каля 1850 года. Гэты партрэт — пераход ад рамантызму да сімвалізму. Касцюшка на фоне неба, і гэта не проста неба — набліжаецца навальніца. Ідуць перамены. Рэмень, які ёсць на ўсіх партрэтах, — гэта партупея. Яна падтрымлівае рэмень, на якім трымаецца шабля. Яе не проста было насіць на баку — кавалерыйскія шаблі цяжэйшыя, чым былі ў папярэднюю эпоху.

Артур Шык, польска-амерыканскі мастак-ілюстратар. 1938 год. Адна з мініяцюр, напісаных для ўпрыгожвання польскага павільёна на Сусветнай выстаўцы ў Нью-Ёрку ў 1939 годзе. Гэта стылістыка ар-дэко, мадэрну. Такое дэкаратыўнае, лубочнае бачанне. Стыль быў модны ў ЗША напярэдадні Другой сусветнай вайны, а для Еўропы ў той час быў ужо састарэлым, несучасным.

Помнік Касцюшку ў Мерачоўшчыне, грошы на які людзі сабралі праз краўдфандынг. Фота: shutterstock, by Sergey Pozhoga.

Помнік у Філадэльфіі стварыў польскі скульптар Мар’ян Канечны ў 1977 годзе. Сюды Касцюшка прыехаў пасля вызвалення з палону. Фота: Wikimedia commons.

Касцюшка ў Вашынгтоне, сталіцы ЗША, з планамі фартыфікацыі ў руках аглядае мясцовасць. Пад бронзавым генералам — чатыры алегарычныя фігуры. Спераду Амерыка — арол з распасцёртымі крыламі, які абараняе сцяг, шчыт і меч. Ззаду Рэч Паспалітая — арол адчайна змагаецца са змяёй. Па баках — амерыканскія салдаты і паўстанцы 1794 года, шляхціц ды селянін. Помнік усталявалі ў 1910-м за народныя грошы. Фота: Wikimedia commons.

Арыгінальная драўляная скульптура ў горадзе Шыдлаў Свентакшыскага ваяводства Польшчы. Фота: Wikimedia commons.

Помнік у Дэтройце — копія кракаўскага, створанага ў 1889 годзе. Копію адлілі ў 1978-м да 200-годдзя ЗША. Фота: Wikimedia commons.

Помнік у Вільямс-парку ў горадзе Сэнт-Пітэрсберг, штат Фларыда — месца тусоўкі байкераў. У парку жывуць гарадскія бяздомныя. Праходзячы паўз Касцюшку, трэба моцна трымацца за кашалёк. Фота: pinterest.com.

Помнік у Чыкага быў створаны ў 1904 годзе на грошы мясцовай польскай супольнасці. Помнік стварыў Казімір Хадзінскі, вучань Матэйкі. На адкрыццё сабралася 50 000 чалавек. Фота: shutterstock, by Mariusz S. Jurgielewicz.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Акадэміі Вест-Пойнт, ЗША. Фота: Wikimedia commons.

Такі знак вітае на ўездзе ў гарадок Касіа´скаў у штаце Місісіпі, названы ў гонар нашага героя ў 1830-я гады. Касіа´скаў трапіў у кнігу «100 найлепшых гарадкоў ЗША» падарожніка Нормана Крэмптана. Жыве тут каля 7 тысяч чалавек. Сярод знаных ураджэнцаў — Опра Уінфры, знакамітая тэлевядучая. Фота: Wikimedia commons.

У горадзе ёсць і помнік Касцюшку, які ніколі не бываў у Місісіпі. Фота: andspeakingofwhich.blogspot.com.

Трафарэтнае графіці з выявай Касцюшкі ў цэнтры Мінска. Фота:jivebelarus.net.

* * *

Грыпі, афрыканскі прынц

Ардынарцам Касцюшкі ў амерыканскай арміі быў 18-гадовы Агрыпа Хал, або проста Грыпі. Хал паходзіў з Масачусетса, але маніў, што ён сын афрыканскага князя. Аднойчы Касцюшка выправіўся ў інспекцыю, а Грыпі запрасіў да яго на кватэру рабоў з наваколля на гулянку. Ён надзеў Касцюшкаў парадны мундзір, віно лілося ракой. Касцюшка нечакана вярнуўся. Госці выскачылі праз вокны, а Грыпі паваліўся ў ногі з лямантам «Merci! Merci!» («Злітуйцеся! Не карайце!»). Касцюшка, смеючыся, падаў яму руку: «Валяцца ў нагах — ніжэй за годнасць афрыканскага князя!» Пасля вайны Грыпі вярнуўся дамоў і на атрыманыя ад урада ЗША грошы купіў зямлю. Захаваўся яго партрэт у сталым веку.

* * *

Амерыканская спадчына Касцюшкі

У 1798 годзе Касцюшка, пакідаючы ЗША, напісаў запавет, загадаўшы ўсю сваю амерыканскую маёмасць і грошы вытраціць на вызваленне і адукацыю чарнаскурых рабоў. Выканаўцам волі ён прызначыў Томаса Джэферсана. Але 77-гадовы Джэферсан перадаручыў маладзейшым. Справа цягнулася да 1852-га. Ільвіная доля грошай сышла на адвакатаў. Рэшткі выплацілі сваякам Касцюшкі ў Польшчы. Яшчэ ў 1847-м маёмасць ацэньвалася ў $43 504, але адшукаць удалося толькі $5 680. Для ХІХ стагоддзя і гэта была агромністая сума, але ж колькі з’елі юрысты!

У запавеце Касцюшка прызначыў выканаўцам сваёй волі амерыканскага прэзідэнта Томаса Джэферсана. Гэты ж партрэт быў напісаны рукой паўстанца.

* * *

Мерачоўшчына

Частка біёграфаў пісала, што Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў Сяхновічах. Аднак на час яго нараджэння бацькі Тадэвуша Людвік і Тэкля валодалі Мерачоўшчынай, што побач з Косавам. На карысць Мерачоўшчыны кажа і тое, што хрысцілі малога Тадэвуша ў Косаве, адкуль з Сяхновіч — больш за сто кіламетраў.

Палаца, які стаіць на гары, у часы дзяцінства Касцюшкі не было. Яго збудаваў багаты прадпрымальнік Вандалін Пуслоўскі ў XIX стагоддзі. Месца ён выбраў не выпадкова.

Арыгінальны маёнтак у Мерачоўшчыне згарэў, але захаваўся на малюнку Напалеона Орды і быў адноўлены ў 2000-я. Цяпер там музей-сядзіба Касцюшкі. У гэтых прыгажэнных — лес на гары і поплаў у даліне — ваколіцах прайшлі яго дзіцячыя гады.

* * *

Асабістае няшчасце Касцюшкі было няшчасцем чалавека саслоўнай эпохі, калі статус і маёмасць мелі большае значэнне за пачуцці.

Не спрыяла спакойнаму стварэнню сямейнага гнязда і абраная прафесія вайскоўца ў гістарычны час, на які прыпала сталасць героя: войны, паўстанне. З гадамі, асабліва пасля раненняў і зняволення, падключыліся хваробы. Касцюшка прапусціў перыяд свайго жыцця, у які мог стварыць сям’ю.

У грашовых пытаннях Касцюшка выглядаў альтруістам, узгадаваным на ідэалах Асветніцтва: чаго вартае яго распараджэнне аддаць амерыканскую маёмасць на справу вызвалення чарнаскурых рабоў. Маёмасцю, што засталася на радзіме, ён не мог карыстацца з прынцыпу, зламаўшы прысягу расійскаму цару. Зрэшты, жыццёвыя звычкі Касцюшкі, апісаныя сучаснікамі, дазваляюць зрабіць выснову пра яго салдацкую сціпласць у побыце, нясхільнасць да назапашвання і раскошы. На жыццё ж яму хапала.

На якой мове гаварыў Касцюшка?

Хоць род і быў спаланізаваны, а ў жыцці і перапісцы Касцюшка карыстаўся польскай мовай, але паразумецца з сялянамі, «канечне, умеў, як умее кожны шляхціц, што жыве сярод рускага люду», адзначаў біёграф Касцюшкі Тадэвуш Корзан.

Цела Касцюшкі пахавалі спачатку ў Швейцарыі, пасля перанеслі ў Кракаў і паклалі ў саборы Святых Станіслава і Вацлава, поруч з каралямі. Яго сэрца, якое ён запавядаў апошняй вучаніцы, Эміліі Цэльтнер, яе нашчадкі таксама перадалі ў Польшчу, урна з ім знаходзіцца ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Унутраныя органы Касцюшкі, вынятыя з цела падчас бальзамавання, пахаваныя на могілках у Цухвілі (Швейцарыя).

* * *

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка

(1746, Мерачоўшчына, Беларусь — 1817, Залатурн, Швейцарыя) — ачольнік паўстання 1794 года, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША. Удзельнік барацьбы Рэчы Паспалітай супраць Расіі і Прусіі, а таксама вайны за незалежнасць ЗША.

Скончыў кадэцкі корпус у Варшаве, вучыўся ў Францыі. Па вяртанні на радзіму быў хатнім настаўнікам у дачок сенатара Сасноўскага. Не атрымаўшы згоды на шлюб з Людвікай Сасноўскай, у 1776-м завербаваўся ў армію ЗША. У якасці вайсковага інжынера займаўся будаўніцтвам умацаванняў, у тым ліку форта Вест-Пойнт, стаўкі галоўнакамандуючага. У 1783-м атрымаў званне брыгаднага генерала.

У 1784—1789 жыў у сваім маёнтку Сяхновічы. У 1789-м паступае ў войска Рэчы Паспалітай у званні генерал-маёра. Удзельнік вайны з Расіяй. Аўтар перамогі пад Дубенкай: маючы 5300 салдат, спыніў 25-тысячны корпус генерала Міхаіла Кахоўскага. Пасля капітуляцыі падаў у адстаўку.

У Лейпцыгу і Парыжы шукаў падтрымкі для далейшага змагання супраць акупацыі Рэчы Паспалітай. 24 сакавіка 1794-га ў Кракаве абвясціў пра паўстанне і стаў «найвышэйшым начальнікам» паўстанцкіх сілаў. Выйграў бітву пад Рацлавіцамі (4 красавіка), выдаў Паланецкі ўніверсал, у якім даў грамадзянскія правы прыгонным. Абараняў Варшаву ад расійскіх і прускіх войскаў. У бітве пад Мацяёвіцамі (10 кастрычніка) паранены і ўзяты ў палон.

Вызвалены імператарам Паўлам І. У 1797—1798 наведаў ЗША. Пасля жыў у Францыі. З Напалеонам не паразумеўся, пасяліўся пад Парыжам і дыстанцыяваўся ад палітыкі. Пасля жыў у Вене (Аўстрыя), Залатурне (Швейцарыя), дзе працаваў хатнім настаўнікам. Памёр 15 кастрычніка 1817-га.

Клас
17
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
3
6
Ашмянец/ответить/
24.03.2024
Касьцюшка ні сном ні духам не ведаў, што яго запішуць у нейкія беларусы. Мала лі хто тут нарадзіўся. Ні Шагал, ні Айзек Азімаў, ні Хаім Суцін не сталі беларусамі ад таго што тут нарадзіліся. Таму сьмешна, калі касьцюшкаўскі ордэн вырабляюць. Прэмію імя Шагала для мастакоў будзем рабіць? :))
0
Iлона/ответить/
24.03.2024
У Залатурне таксама ёсць помнік Касцюшку, ад Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі. Адпявалі Кастюшку ў езуітскай царкве ў Залатурне.
0
водж/ответить/
25.03.2024
Ашмянец, па паходжанню ён быў літвінам-русінам (па сучаснаму - беларусам). Але ж так, паланізаваным.
Показать все комментарии
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930