Найти
07.04.2019 / 09:1711РусŁacБел

Дашкевич сформулировал шесть идей, что нужно делать ради Куропат

Калі 4 красавіка я а 10:30 прыехаў у Курапаты, я быў проста шакаваны, а сэрца напоўніла роспач. Роспач, перадусім, ад таго, як мы бяссільны перад абліччам зла і беззаконня, — піша ў сябе ў фэйсбуку Зміцер Дашкевіч. — Каб мяне, без ніякіх на тое маіх рухаў, не пасадзілі ў аўтазак, то трэба было б папрасіцца туды. Пасадзіце мяне ў камеру — я не магу глядзець на гэты вандалізм, на вашыя нахабныя, задаволеныя лычы. Так, можна ад роспачы кінуцца на якога прадстаўніка «закона», — і ўсе зразумеюць, за што ты сядзіш, — але гэта нічога не вырашыць. Тое, што мы сваімі чалавечымі сіламі маглі вырашыць, мы вырашылі: усталявалі крыжы і сказалі «не» злачынству, калі іх зносілі. Цяпер тым, што вышэй за нашыя сілы, будзе займацца Творца неба і зямлі. А нам ізноў трэба засяродзіцца на тым, што ў нашых сілах. Напрыклад.

1. Цяпер штодня а 19 гадзіне ў Курапатах, на Галгофе, адбываецца малітва. Можаце падыходзіць туды. Не верыце ў Бога? Не бяда — можна пастаяць, паглядзець на крыжы, глянуць у верх і сказаць што-небудзь Нябёсам.

2. Штодня з 16 да 21 гадзіны адбываецца варта ля забаўляльнага рэстарана ў ахоўнай зоне Курапатаў. Вам не падабаюцца тыя ці іншыя рухі некаторых людзей на варце? Не бяда — мне таксама не падабаюцца некаторыя рэчы, але штопятніцу я прыходжу на варту, уздымаю сцяг і мірна раздаю буклеты — ніводнага пратакола. Давайце ў пятніцу пасля працы стаяць разам і задаваць наведнікам адно толькі пытанне: «Ці ведаеце вы, што такое Курапаты?» Цягам зімы кожны дзень адзін-два чалавекі дзякуюць за гэтае пытанне, разварочваюцца і з'язджаюць — гэта і ёсць галоўнай мэтай варты, для гэтых людзей асабіста я там і стаю.

Апроч гэтага, ёсць безліч спосабаў без ніякіх звышнатуральных высілкаў узвысіць свой голас супраць хлусні. Патэлефануйце ў кабак ля Курапатаў (8 029 105-66-66) і запытайце, ці ня сорамна ім там працаваць? Я толькі што патэлефанаваў і мне сказалі: «Нет, не стыдно». Няхай такіх званкоў будзе 10, 100, 1000 на дзень і няхай нарэшце нехта з іх скажа «Так, сорамна!»

Патэлефануйце ў Мінкульт (8 017 203-95-91), — прапануе Дашкевіч. — Патэлефануйце ў Бараўлянскі спецлясгас (8 017 264-79-72, дырэктар Мірановіч Аляксандр), — прапануе ён таксама.

Пад хэштэгамі #Курапаты і #Курапаты2019 напішыце пра нацыянальны некропаль ва ўсіх акаўнтах сваіх сацсетак — няхай людзі, якія ніколі не чулі пра гэтае месца, пачуюць і задумаюцца.

І самае важнае. Хто можа папрасіць у Бога мудрасці, папрасіце, каб тое, што мы робім, прыносіла плён і натхняла іншых. Бо мы 20 год запрашалі людзей на мерапрыествы, якія расчароўваюць, а не натхняюць; падстаўлялі акцыямі, якія памяншаюць нашыя сілы, а не павялічваюць. Цяпер усё трэба рабіць наадварот. Трэба прапаноўваць прыхільнікам пераменаў такі фармат мерапрыемстваў, да якога патрыёты маглі б далучыцца і які натхняў бы людзей добрай волі ды хоць троху, але павялічваў нашыя шэрагі.

Я выказаў некаторыя свае думкі, як гэта можна зрабіць. Хто мае яшчэ ідэі — выказвайцеся. Таксама мы пачынаем цяпер рыхтаваць «Ноч расстраляных паэтаў», распрацоўваем інфармацыйную кампанію і некаторыя іншыя захады. Вельмі шмат людзей зьвяртаецца да мяне з просьбаю ахвяраваць на абарону Курапатаў — я даўно не бачыў такой прагі далучыцца да справы. І гэтая прага, сябры, павінна быць спатолена. Хто мае магчымасць, ахвяруйце на Курапаты ў крамах «Сымбаль.бай» (Машэрава, 18), і «Мой модны кут» (Незалежнасці, 58 — 333). Хто хоча ахвяраваць безнаяўным чынам, адпісвайцеся мне прыватна — і няхай наша з'яднаная праца будзе адказам тым злачынцам, якія падумалі 4 красавіка, што яны перамаглі.

Магчыма, яны і цяпер думаюць, што перамаглі. Як дзве тысячы год таму некаторыя, укрыжаваўшы Хрыста, таксама думалі, што перамаглі. Але на трэці дзень Збаўца свету ўваскрос — Ён перамог смерць. І вось на трэці дзень я гляджу на вынікі дзяржаўнага вандалізму, і маё сэрца замест роспачы напаўняе натхненьне.

Як напісаў мне сёння адзін Божы чалавек: паглядзі, маўляў, нават прадстаўнікі сістэмы выказваюцца негатыўна пра знос крыжоў. Дык не сумуй, Зьміцер, стаяць тыя крыжы. Усе 70. На тым самым месцы. Палак няма, а крыжы — яшчэ вышэйшыя. Нешта ў гэтым ёсьць, сябры. Хоць роспач па знесеных крыжах напоўніла нашыя сэрцы, але крыжы стаяць — духова яны яшчэ вышэй. А фізічныя, прыйдзе дзень, і мы вернем на месца. Дзеля гэтага будзьма яднацца і дзеля гэтага будзьма працаваць.

Зміцер Дашкевіч, facebook.com

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930