Найти
08.06.2019 / 22:536РусŁacБел

Не плакал по жене, плакал по Сталину: Константин Симонов

О тонком таланте и душевной глухоте знаменитого писателя рассказывает историк Алексей Батюков.

Канстанціну Сіманаву 25 гадоў. Ён батальённы камісар, ваенны карэспандэнт, і ім паступова авалодвае адчай.

Некалькі дзён таму ён бездапаможна хаваўся ад бамбёжак, кіламетры за кіламетрамі адступаў па беларускіх дарогах у натоўпе, які цяжка было лічыць войскам. Назіраў, як няўклюдныя савецкія бамбардзіроўшчыкі загараюцца і падаюць ад кулямётных маланак імклівых «месершмітаў» — загараюцца і падаюць, падаюць…

Яму нават прыйшлося страляць у свайго. Чырвонаармеец ашалеў і, вырачыўшы вочы, кідаўся на афіцэраў з крыкам «Бяжыце! Акружылі немцы! Прапалі!». Сіманаў і астатнія будуць паліць па салдаце са сваіх наганаў, нарэшце, лепш трэніраваны афіцэр прыкончыць панікёра трыма трапнымі стрэламі.

Сіманавым авалодвае адчай тым больш, чым больш ён удзельнічае ў гэтай горкай катастрофе 1941 года. У мемуарах ён прастадушна запіша, што ўсе першыя тыдні вайны шукаў тое месца, дзе Чырвоная армія — як пра гэта пішуць у газетах — стаіць на сваіх рубяжах непахісна і б’е немца.

«Дыверсанты?»

І нарэшце такое месца знайшоў. У бясконцых паездках па Магілёўшчыне ён разам з выпадковым спадарожнікам, фотакарам Паўлам Трошкіным, атрымае скупую вестку: зусім блізка, пад Магілёвам, толькі што добра так далі немцам па зубах. Не асабліва разлічваючы на ўдачу — колькі ўжо было гэтых пыхлівых і самазаспакаяльных гісторый, далёкіх ад рэчаіснасці, — яны проці ночы выпраўляюцца на паўднёвы захад ад Магілёва, трымаючыся на правым, высокім беразе Дняпра.

Пасля бою на Буйніцкім поле. Фота: П. Трошкіна.

Гэта будзе поле бою, на якім Сіманаву не давялося змагацца. Калі яны з Трошкіным познім вечарам 12 ліпеня прыехалі да зямлянкі камандзіра 388-га стралковага палка, што вёў абарону на Буйнічах, усё ўжо было скончана. Камандзір, палкоўнік Сямён Куцепаў, спачатку паклаў карэспандэнтаў тварам у зямлю: «Якія яшчэ карэспандэнты мне тут? Дыверсанты? Будзеце так да раніцы на зямлі ляжаць!» Гэты прыём моцна адрозніваўся ад усяго, што дагэтуль Сіманаў бачыў на фронце. Пасля праверкі дакументаў Куцепаў палагаднеў і, разам з карэспандэнтамі чакаючы світанку, сказаў некалькі рэчаў, якія перавярнулі ўспрыманне Сіманавым вайны.

Па-першае, вайна — гэта ніякая не мешаніна з панікі, дыверсантаў, хаосу і бездапаможнасці. Вайна — гэта парадак і дысцыпліна, і калі яно так — то не будзе ні панікі, ні дыверсантаў, ні іншага. Па-другое, калі пяхота акапалася і вырашыла стаяць, то ніякія танкі яе выкалупаць не змогуць. «А мы іх б’ём! І будзем біць!» Незалежна ад таго, што робіцца справа і злева ад нас.

Сіманаў потым узгадваў у сваіх мемуарах, што Буйніцкае поле дало яму галоўнае, што патрабавалася ў першыя дні вайны, — пункт апоры. Толькі намацаўшы яго, ён змог вярнуцца да сваёй журналісцкай місіі. Настане раніца, і Сіманаў з Трошкіным папросяцца да краю лініі фронту, каб пабачыць нарэшце гэтыя самыя падбітыя танкі. Цяпер ім ёсць пра што пісаць. Сіманаву трэба распытаць байцоў, але ён кідае гэтую справу: нямецкая тэхніка магнетызуе карэспандэнтаў. Яны падыходзяць зусім блізка, фатаграфуюць, пакуль Трошкін не нарываецца на абстрэл з нямецкага самалёта.

Мы не ўмеем манеўраваць

Справа зроблена, і цяпер назад, у Маскву. Неўзабаве на старонках газеты «Красная звезда» выйдзе артыкул «Гарачы дзень», які зробіць несмяротным подзвіг салдат на Буйніцкім полі. Але рэфлексіі Сіманава па тэме вайны і ўсяго ўбачанага ў гэтыя першыя дні толькі пачнуцца.

Спрабуючы самастойна прааналізаваць падзеі вакол сябе і самога сябе, ён потым падыме такое пытанне. Нямецкія генералы ў пасляваенных мемуарах нярэдка з пагардай ставіліся да тактычных рашэнняў савецкіх камандзіраў — ператварыць падраздзяленне ці ўчастак фронту ў пэўную цытадэль сярод усеагульнага адступлення. Маўляў, яны насамрэч ператвараліся ў лёгкую здабычу. Усяго толькі трэба было цяпер — абысці іх з бакоў і, акружыўшы, знішчыць у катле. Менавіта так адбудзецца і з абаронай Магілёва.

«Дык ці трэба было вось так стаяць і біцца насмерць?» — задаецца пытаннем Сіманаў у мемуарах. І сам жа адказвае, што, на яго адчуванне, трэба было.

Але чаму? Чаму трэба было гераічна паміраць, замест таго, каб гераічна выжываць і перамагаць? Тут трэба ўлічваць наступныя акалічнасці. Калі калектыўны нямецкі генерал разважаў у межах дыхатаміі «стаяць насмерць» ці «манеўраваць», то відавочна, што першы варыянт выглядаў дурасцю. Але савецкі калектыўны военачальнік гэтага часу разважаў у межах іншай дыхатаміі — «стаяць насмерць» альбо «панічна і дэзарганізавана адступаць». У межах гэтай дыхатаміі Сіманаў выбірае першы варыянт. Мы не ўмеем манеўраваць — як бы дае зразумець ён, — то нам цяпер трэба проста ўсім стаць.

Але чаму мы не ўмеем манеўраваць? Гэтая другая рэфлексія працінае ўсю свядомасць Сіманава, калі ён зноўку і зноўку думае аб вайне. І як праз туман, праз дробязі акалічнасцяў, праз куродым прыватных назіранняў і асабістых ацэнак, перад ім вырастае глабальная фігура, якая фарміруе гарызонт разумення ўсяго таго жыцця, якім жыў Сіманаў і людзі яго пакалення, — Сталін.

Зачараваны сучаснасцю

Сіманаву 25 гадоў, зусім хутка стане 26. Зараз ён пакіне перадавую, вернецца ў Маскву, і ўжо напрыканцы ліпеня 1941-га на лецішчы пісьменніка Льва Касіля ў Перадзелкіне напіша верш «Жди меня»: «Жди меня, и я вернусь. Только очень жди…».

Той Сіманаў, якога мы цяпер ведаем, таленавіты пісьменнік, паэт і драматург, кан’юнктурны публіцыст і рупар лініі партыі ў цэнтральнай прэсе, чыноўнік у літаратуры — ён пачнецца адгэтуль. Кім ён быў раней? «Дваранскі отпрыск» — як пісаў пра сябе сам, сын афіцэра царскай арміі, што загадкава знік на самым пачатку Грамадзянскай вайны недзе ў Польшчы. Пасынак савецкага ваенспеца і просты хлопец з заводскіх ускраін Саратава. Студэнт-фэзэушнік і токар. Яго ранняя маладосць прыйшлася на самыя змрочныя часы краіны, часы рэпрэсій другой паловы 1930-х гадоў, якія суб’ектыўна ім перажываліся зусім іначай, як часы неверагоднага ўздыму — рамантычнае юнацтва, першыя пяцігодкі, індустрыялізацыя.

У сваіх успамінах Сіманаў не хавае дваістасці гэтага адчування. Ён бачыў, ведаў, разумеў тое выродлівае, што адбывалася ў грамадстве. Айчыма на некалькі месяцаў арыштавалі і прымушалі прызнаць віну (не прызнаў, вытрымаў), цёткі па маці былі выселеныя з Ленінграда з-за дваранскага паходжання, і дзве з іх памерлі ў Арэнбургскай вобласці. Нешта не тое адбывалася, адчуваў ён, калі савецкая дэлегацыя браталася з немцамі ў 1939-м, ды і вайна з Фінляндыяй не пакідала празрыстага адчування справядлівасці. Але гэта ўсё трывожыла ледзь-ледзь.

Юная душа была зачараваная сваёй каласальнай сучаснасцю.

Пазней ён і сам будзе ствараць такую самую каласальную сучаснасць, пяром, а пакуль што падобнага граху ён не адчувае і з чыстым сумленнем кідаецца ў вір падзей сваёй эпохі.

Як прадстаўнік рабочай моладзі, што праявіў інтарэс да літаратуры, ён быў тым самым матэрыялам, з якога савецкая ўлада ляпіла новы прадукт — творчую інтэлігенцыю, якая павінна была ствараць новае культурнае поле.

У 1934 годзе 19-гадовы Сіманаў, учорашні токар, адпраўляецца ў творчую камандзіроўку на Беламорканал. І бачыць там перавыхаванне. Ва ўспамінах «Вачыма чалавека майго пакалення» ён потым са скрухай будзе прызнавацца: сапраўды ўспрымаў гэта як агромністую школу перавыхавання. І перажываў, што так мала яе пабачыў, не дабраўся да самай сутнасці. Чакаў, на якую яшчэ падобную грандыёзную будоўлю яму ўдасца патрапіць неўзабаве. Можа, пачнуць новы канал?

Літаратурны інстытут патрабаваў менавіта такіх студэнтаў, ад станка. Сіманаў вучыцца, публікуецца, спакваля становіцца модным маладым паэтам. Дадаткова атрымлівае спецыялізацыю ваенкара і неўзабаве праходзіць баявое журналісцкае хрышчэнне на Халхін-Голе.

Яго жанчыны

У гэты самы час ён жэніцца першы раз, з пісьменніцай Наталляй Гінзбург, якой у 1938 годзе прысвеціць паэму. У 1939 жэніцца другі раз, з рэдактаркай Яўгеніяй Ласкінай родам з Оршы. Ад другога шлюбу ў яго народзіцца адзіны сын, Аляксей. І Сіманаў закахаецца зноўку.

Першая жонка Наталля Сакалова (Гінзбург). Фота: livelib.ru.

Другая жонка Яўгенія Ласкіна і сын Аляксей. Фота: jewage.org.

У другой палове 1930-х краіна жыла навінамі з іспанскай вайны. Савецкія ваенспецы, што ваявалі на баку Народнага фронту Іспаніі, на радзіме станавіліся героямі масавай свядомасці і масавай культуры. Такім героем быў лётчык-ас Анатоль Сяроў. Актрыса, харкаўчанка Валянціна Палавікова ўжо праз восем дзён знаёмства з героем пагадзілася выйсці за яго замуж. Маладая сям’я была шчаслівай менш за год — Сяроў гіне падчас выпрабавальнага палёту. Адначасова ўзыходзіць зорка ягонай жонкі — Валянціна Сярова грае галоўную ролю ў камедыйным фільме «Дзяўчына з характарам». Удава Героя Савецкага Саюза і героя іспанскай вайны, зорка кіно становіцца прадметам захаплення маладога моднага паэта.

Сіманаў зноў разводзіцца. Не прапускае ніводнага спектакля ў Тэатры працоўнай моладзі, дзе выступае Сярова, на кожным ён сядзіць у першым шэрагу з агромністым букетам у руках. Сярова становіцца прататыпам галоўнай гераіні, а яе нябожчык-муж — прататыпам галоўнага героя ў папулярнай п’есе Сіманава «Хлопец з нашага горада».

У гэтай п’есе малады і ўпарты хлопец абірае сабе ў нявесты суседку-прыгажуню, патрабуе, каб чакала яго два гады, едзе вучыцца на танкіста і становіцца героем грамадзянскай вайны ў Іспаніі. А ў гэты самы час суседская прыгажуня робіцца знакамітай актрысай.

Сярова не змагла граць галоўную ролю ў гэтай п’есе, пастаўленай яе тэатрам напярэдадні вайны, — не адпускала памяць пра мужа.

Лёгкі, імпульсіўны, модны, папулярны — такім Сіманаў уваходзіць у новы, ваенны этап свайго жыцця. Маладая гарэзлівасць сочыцца і з яго франтавых лістоў бацькам, апублікаваных зусім нядаўна.

«Давялося бачыць: авіябамбёжку, падчас якой былі немцамі разбомбленыя шарсцяныя кальсоны і кашуля вашага сына і ў дзіравым выглядзе закінутыя на тэлеграфныя правады. Сын ваш застаўся цэлым з прычыны сваёй прыроджанай ахайнасці, паколькі ў гэты час ён мыўся ў лазні, а разбамбіла прылазнік…

Сын ваш меў гонар пазнаёміцца з марскімі разведчыкамі, якія пасля ваганняў з прычыны таго, што ён пісьменнік і можа нагадзіць, усё ж узялі яго з сабой у выведку ў глыбокі тыл немцаў, дзе ён, не хаваючы глыбокага задавальнення, асабіста падпальваў нямецкія склады з правіянтам і боепрыпасамі…»

Трэцяя жонка Валянціна Сярова. Фота: kino-teatr.ru.

Валянціна Сярова пагодзіцца стаць жонкай Сіманава ў 1943 годзе. Яны пражывуць разам пятнаццаць гадоў, і гэта будзе не бясхмарны час. У канцы вайны Валянціну Сярову звяжуць рамантычныя адносіны з военачальнікам Канстанцінам Ракасоўскім. Энкавэдысты паведамілі Сталіну пра сувязь і спыталі, што цяпер рабіць — хацелі атрымаць санкцыю на арышт, у іх да Ракасоўскага былі свае рахункі. Але Сталін адказаў: «Што рабіць будзем? Зайздросціць будзем». Яшчэ пазней, ужо далёка пасля вайны, Сіманаў не раз заспеў яе са спеваком Маркам Бернэсам.

Не па-людску

Не па-людску абышліся зорныя сужэнцы з дзецьмі.

Сына Сяровай ад першага мужа Сіманаў не прыняў і прымусіў адправіць яго ў інтэрнат, за Урал. Там Анатоль (названы ў гонар бацькі) сап’ецца, стане крымінальнікам і памрэ ў 36 гадоў.

Іх супольную з Сяровай дачку Марыю возьме сабе на выхаванне маці Валянціны, знакамітая актрыса Маскоўскага тэатра драмы Клаўдзія Палавікова. Клаўдзія Палавікова даб’ецца, каб Валянціна Сярова не бачылася з дачкой, «пакуль не перавыхаваецца». У 1957 годзе Сярову кіне і Сіманаў.

Гэтыя пятнаццаць год падзення іх шлюбу прынята лічыць часам імклівага падзення самой Сяровай. Шумныя і вясёлыя кампаніі ў гасцінным доме Сіманава і Сяровай перапыняліся на час частых і доўгіх камандзіровак паэта. І тады Сярова піла адна. І не адна.

Рука партыі

Сіманаву дваццаць пяць гадоў. Зараз ён напіша свой самы знакаміты верш, а следам за ім яшчэ, і яшчэ — цэлую кнігу франтавой лірыкі, прысвечаную Валянціне Сяровай. Гэта чыстая і шчырая паэзія, сапраўдная літаратура. Так ён пісаў у тыя часы, калі заставаўся шчырым сам з сабой, калі яго яшчэ не тачыла пачуццё віны. Сярова ў гэты час у Сярэдняй Азіі, у эвакуацыі, у Фергане. Іх адносіны жывуць у ліставаннях, у гарачых і інтымных прызнаннях, у гэтых вершах. Вершы з кнігі «З табой і без цябе» стануць глытком такой неабходнай, асабістай пяшчоты для мільёнаў салдат па ўсіх франтах, для мільёнаў іх жанок і каханых дзяўчат, што чакалі ў тыле.

Сіманаў і сын Аляксей. Фота: gazeta-licey.ru.

Першапачаткова верш «Жди меня» савецкая прэса не наважвалася публікаваць.

Лічылася, што такая яркая індывідуальная лірыка будзе перашкаджаць савецкаму чытачу з дастатковай доляй сур’ёзнасці ўспрымаць цяжкасці часу. А высветлілася, што менавіта такая лірыка і патрэбная ўсёй краіне падчас вайны. Потым, калі Сіманаў у складзе пісьменніцкай дэлегацыі будзе наведваць ЗША, амерыканскія журналісты натоўпамі будуць хадзіць паглядзець на яго — на паэта, які сваім адным вершам удыхнуў прагу да жыцця і перамогі ў душу савецкага салдата.

Адразу пасля вайны Сіманава набліжаюць да найвышэйшага кіраўніцтва краіны. Пакуль што як аднаго з найлепшых паэтаў і драматургаў, паступова — як выдатнага — у сэнсе прыдатнага — функцыянера ў літаратуры.

Ён выконвае свае функцыі бліскуча. Ездзіць па ЗША і Канадзе, па Еўропе, каб з усёй пераканаўчасцю заявіць, што рускія вайны не хочуць.

Сталін ставіць задачу — трэба змагацца з пакланеннем перад Захадам. Неабходна літаратурнымі сродкамі высмеяць і раскрытыкаваць гэтае ганебнае інтэлігенцкае нізкапаклонства. Выкараніць яго. І Сіманаў піша п’есу. Яе галоўны герой — самазакаханы вучоны-бактэрыёлаг, які цешыў сваю ганарыстасць публікацыямі ў заходніх навуковых часопісах і нават не заўважыў, што адна з публікацый дала заходнім вучоным магчымасць стварыць новую бактэрыялагічную зброю. Ганьба такому вучонаму — вырашае Сіманаў і фіналізуе п’есу жорсткім выракам бактэрыёлагу. Але Сталін супраць. У тэлефоннай размове ён тлумачыць Сіманаву, як павінна закончыцца п’еса: найвышэйшае кіраўніцтва краіны навукоўцу даравала. Мудрае і гуманнае кіраўніцтва.

Югаслаўскі лідар Іосіп Броз Ціта стаў дрэнна сябе паводзіць — заўважае Сталін падчас аднаго з пасяджэнняў, прысвечаных уручэнню Сталінскіх прэмій. І Сіманаў піша востры памфлет супраць Югаславіі ў «Літаратурную газету», галоўным рэдактарам якой нядаўна стаў. Памфлет, за які яму будзе сорамна потым усё жыццё. І не толькі за яго. Сорамна будзе за словы, за маўчанне, за тэксты, за падпісаныя яго рукой у друк нумары газеты.

З чацвёртай жонкай Ларысай. Фота: rg.ru.

Сіманаў бачыць: штогадовыя літаратурныя прэміі — як дырыжыраванне аркестрам. Сталін чытае амаль усё, што друкуецца ў краіне, і адорвае, адорвае многіх і многіх, прыгаворваючы, што трэба больш такой літаратуры — пра побыт працоўных, пра савецкую вёску, пра жыццё нацыянальных ускраін, і іншае, і іншае.

Сіманаў у Магілёве. 1970-я гады. Фота: ross-bel.ru.

Сталін, як дырыжор, кіруе гэтым аркестрам і ўсімі іншымі — і ўся краіна грае яго музыку, штосекунды азіраючыся на кіраўніка, — ці правільна ўгадаў ты ноту. «Ты іграй, іграй, — усміхаецца Сталін, — а я паслухаю», — кажуць яго вочы.

Жахлівы і вялікі

Кім быў Сталін для Сіманава? У дзень смерці правадыра народаў наш «дваранскі отпрыск» будзе рыдаць. У дні развітання па некалькі разоў будзе ціснуцца ў ганаровую варту. Праз некалькі месяцаў пасля смерці, калі астатнія паступова пачнуць здымаць партрэты Сталіна са сцен у кабінетах, Сіманаў пабачыць цудоўную фатаграфію — здымак аднаго з помнікаў Сталіну. І павесіць яго ў сваім кабінеце, падкрэсліваючы такім чынам: калі ў вас вісеў, дык у мяне не вісеў, а калі вы ўсе здымаеце партрэты, я, бачыце, наадварот, вешаю.

Сталін быў для яго космасам. Так, гэта тая фігура, якая як цень ляжала пад нагамі ўсяго грамадства. Ірацыянальны страх і тэрор 30-х гадоў, развал арміі перад вайной, паказуха і хлусня ва ўсіх сферах — гэта ўсё ён, Сталін. «Жахлівы і вялікі» — такім эпітэтам некалькі разоў прапячатвае яго Сіманаў. Жахлівы — і вялікі. Для яго ён сапраўды быў вялікім. Чалавекам, які акрэсліў небакрай яго жыцця.

Пяцьдзясят трэці год, сакавік. Калісьці токар-фэзэушнік, цяпер знакаміты паэт і пісьменнік, Сіманаў плача. Багемны, багаты, элітны партфункцыянер, ён зачыняецца ў кабінеце, каб напісаць на смерць Сталіна верш, але рукі не слухаюцца яго і ўсё цела скаланае плач. Пазней, калі адыдзе ў лепшае жыццё Валянціна Сярова, яго самая знакамітая і яркая муза, ён не будзе праліваць слёзы, і нават не прыедзе на пахаванне, толькі адправіць 58 ружаў — па колькасці пражытых ёю, паводле пашпарта, гадоў.

Фота: liveinternet.ru.

Калі будзе паміраць ён сам, то распарадзіцца, каб яго прах вярнуўся туды, у яго 25 гадоў — на Буйніцкае поле, у яго шчырыя і чыстыя 25 гадоў.

Пасля яго

У апошнія гады жыцця Сіманаў больш не быў аблашчаны, як пры Сталіне. Пры Хрушчове яго кляймілі як сталініста, але нічога не маглі зрабіць з яго аўтарытэтам. Па смерці паэта прадстаўнікі партыі і чуць нічога не хацелі пра захаванне праху на нейкім Буйніцкім полі. У некралогу выразна значылася, што Сіманаў будзе пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве. Ёсць звесткі, што ўдава Сіманава, яго чацвёртая жонка Ларыса Жадава, выкрала прах і разам з дочкамі Сіманава ад розных жанчын, роднымі і няроднымі, разам з сынам Аляксеем — будучым кінарэжысёрам і дзеячам дэмакратычнага руху— паехала выконваць апошнюю волю паэта.

 Попел яго развеяны на Буйніцкім полі пад Магілёвам.

Алексей Батюков

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930