Найти
21.07.2019 / 01:12РусŁacБел

Кровавый экзамен: 90 лет назад в виленской гимназии произошел случай, как недавно в Столбцах

6 мая 1925 года в математической гимназии Вильно был такой же кровавый случай, как недавно в Столбцах. Пишет Максим Гацак.

Вільня, вуліца Адама Міцкевіча (цяперашні праспект Гедыміна). Дзяржаўная гімназія імя Іаахіма Лялевеля з матэматычна-прыродазнаўчым ухілам. 11-я раніцы, пісьмовы экзамен па матэматыцы. Эдвард Бяганскі, дырэктар і старшыня экзаменацыйнай камісіі, загадвае вучню спыніць размовы. Затым падыходзіць і забірае экзаменацыйны ліст. Наступныя падзеі сталі шокам для ўсіх.

Што адбылося

Станіслаў Лаўрыновіч, у якога дырэктар забраў ліст, выхапіў з кішэні рэвальвер і пачаў страляць у свайго крыўдзіцеля, параніў у нагу і руку. Вучні кінуліся на стралка. Адзін з іх, 20-гадовы Аляксандр Загорскі, беларус з-пад Свянцян, засланіў дырэктара ад куляў і памёр на месцы.

Забойца здолеў вызваліцца і дастаў гранату, але яна ўзарвалася ў руках. Ад выбуху загінуў сам Лаўрыновіч, а таксама 17-гадовы Тадэвуш Даманскі. Цяжкае раненне атрымаў настаўнік фізікі — 32-гадовы Ян Янкоўскі са Случчыны, які ўвечары памёр ад ран. Моцна паранены быў вучань Тачылоўскі, раненні атрымалі Бонч-Асмалоўскі, Студзінскі, Барысевіч, Сымановіч, Вайткевіч, Наўроцкі і Глінскі.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Пасля таго, як ад выбуху загінуў Лаўрыновіч, яго прыяцель Януш Абрампольскі дастаў рэвальвер. Не здолеўшы забіць дырэктара, ён кінуў гранату, якая не разарвалася, і выбег у калідор. Калі яго паспрабавалі абяззброіць, Абрампольскі стрэліў сабе ў галаву. Праз некалькі гадзін ён сканаў.

У час вобшуку ў адным з пакояў гімназіі выявілі выбуховае рэчыва, якое магло знішчыць увесь будынак, і вялікую колькасць штурмавых гранат.

Абрампольскі пакінуў развітальны ліст, у якім прасіў апекавацца ягонай нявестай. Усё гэта сведчыла пра тое, што да нападу Лаўрыновіч і Абрампольскі рыхтаваліся загадзя.

У чым прычына?

Некаторыя выданні паведамлялі, што тэрарысты былі членамі моладзевай камуністычнай арганізацыі, якія за дзень да нападу сустракаліся ў мясцовай карчме, каб абмеркаваць помсту дырэктару Бяганскаму. Як пісала віленская «Беларуская доля», той сапраўды быў вядомы жорсткасцю і дачэпкамі да студэнтаў, а ў 1922 годзе з гэтай нагоды нават здарыўся скандал. Праўда, калі супраць дырэктара разгарнулася грамадская кампанія, за яго заступіліся ягоныя ж вучні.

Абодва нападнікі былі немясцовымі: Лаўрыновіч паходзіў з тэрыторыі Літвы, а Абрампольскі быў з Мінска. Выгадаваліся ў заможных сем’ях. У Вільні былі вядомымі тусоўшчыкамі: раз’язджалі на машынах, падоўгу і з размахам гулялі ў модных кавярнях і шынках. З прычыны ваеннага ліхалецця хлопцы позна заканчвалі школу, да таго ж, заседзеліся ў адным класе на два гады. Ім мусіла споўніцца, адпаведна, 23 і 21. Лаўрыновічу, хоць ён і быў здольным ды актыўным — узначальваў арганізацыю «Братняя дапамога», — цяжка давалася матэматыка. І яму, і ягонаму сябру пагражала адлічэнне.

Многіх хвалявала пытанне, адкуль гімназісты маглі ўзяць зброю. Паводле адной версіі, Лаўрыновіч, як сын высокага ўрадоўца, меў на гэта адмысловы дазвол паліцыі. Паводле іншай — хлопцы, будучы сябрамі праўрадавай арганізацыі «Стралец», схавалі гранаты пасля вучэнняў. Больш за тое, хадзілі чуткі, што гэтымі гранатамі планавалася закідаць удзельнікаў дэманстрацыі чыгуначнікаў 1 мая.

Рэакцыі левых і правых колаў моцна нагадваюць тое, што гаварылася ў нас нядаўна адносна трагедыі ў Стоўбцах.

Віленская кансерватыўная газета «Слова» вінаваціла ў трагедыі куратара віленскай школьнай акругі Зыгмунта Гансяроўскага, а таксама прыезджых выкладчыкаў, якія «не ведаюць душы нашай моладзі». А «Беларуская доля» шукала вінаватых «у тых палітычных колах, якія «ўзгадоўвалі» вучняў у «патрыятычным» духу і ўклалі ў рукі ім рэвальверы і гранаты».

Беларуская хрысціянска-дэмакратычная газета «Крыніца» бачыла прычыны здарэння ў тым, што настаўнікамі ў школах з’яўляюцца матэрыялісты, «не жадаючыя, а часта і сіл не маючыя зразумець жыццё людское ўва ўсёй яго глыбіні». І хоць у школах выкладаецца рэлігія, але «гэта робіцца пераважна па-казённаму, паводле застарэлых падручнікаў і застарэлымі спосабамі».

Версій здарэння было шмат. Але агульная выснова, выкладзеная на старонках «Крыніцы», сумненняў не выклікае: «Вучні Лаўрыновіч і Абрампольскі, страляючыя і кідаючыя бомбы ў дырэктара, вучыцялёў і калегаў, — гэта прадусім дзеці вайны. Вайна ўва ўсей сваей жудасці гадавала іх і заглушала маладыя расткі ахвоты да жыцця, да змагання за сваё пастаяннае маральнае палепшанне, да духовага гарту і вытрымаласці». У выніку ж — крывавая трагедыя, якая скаланула Польшчу і свет.

Над разрытымі магіламі

Пахаванне ахвяр трагедыі адбылося 8 мая. Аляксандра Загорскага пасля жалобнага набажэнства ў манастыры Святога Духа пахавалі на праваслаўных могілках на Ліпоўцы, прафесара Янкоўскага і вучня Даманскага з касцёла Святога Якуба прынеслі на каталіцкія могілкі Роса. Труны памерлых неслі на сваіх руках выкладчыкі і навучэнцы гімназіі. Абедзве жалобныя працэсіі атачалі прадстаўнікі паліцыі.

На развітанне з памерлымі прыбылі прадстаўнікі ўрада і школьных уладаў. Але найбольш запомнілася прамова вучня Бонч-Асмалоўскага, які заклікаў бацькоў больш увагі звяртаць на выхаванне моладзі. І хоць пачалося развітанне з ахвярамі каля восьмай раніцы, апусцелі могілкі толькі познім вечарам.

 * * *

Вайна і рэвалюцыя перарвалі вучобу многім… Не атрымаўшы атэстата, яны запісваліся добраахвотнікамі, а пасля дэмабілізацыі захацелі скончыць вучобу. Гэта былі людзі, якія пару гадоў вялі дарослае жыццё, прытым лагерна-авантурнае, страляючы ў непрыяцеля і чуючы каля сваіх вушэй свіст непрыяцельскіх куляў, заглядаючы ў кілішак, крадучы курэй у сялян, перажываючы танныя любоўныя прыгоды. Можна ўявіць, як няўтульна яны адчувалі сябе, калі іх пасадзілі за парты побач з галавастымі падлеткамі і загадалі вучыць рэчы, якія, на добры лад, былі непрыдатныя не толькі для тых, хто прайшоў суровую жыццёвую школу, але і для такіх, хто вырас у звычайных умовах.

Заўважыўшы, што Лаўрыновіч і Абрампольскі часта прапускаюць заняткі, маюць кепскія адзнакі і часта па-за школай напіваюцца, пан Бяганскі папярэдзіў іх, што атэстат — гэта не жарты і яны павінны «падцягнуцца», бо іначай дакумента не атрымаюць. Папярэджанне мела адваротны вынік. Маладзёны не толькі не падцягнуліся, але затаілі ў душы глыбокую пагарду да дырэктара.

— Як гэта? — скардзіліся таварышам. — Мы пралівалі кроў і нас жэрлі вошы за іх, у тым ліку і гэтага дэбіла… а замест падзякі нас дастаюць з гэтым дурным атэстатам.

Міхал Крыспін Паўлікоўскі. «Вайна і сезон».

Выпадак меў рэха ў Вільні. Мінчук Казімір Лячыцкі, журналіст і пісьменнік, напісаў і паставіў у Вільні п’есу пад назвай «Школа» («Sztuba»). У гэтай п’есе, аднак, рэха «крывавага атэстата» было прыцішанае. Вучань цэліў у настаўніка з рэвальвера, але не стрэліў. Канец быў пазітыўны. Акрамя таго, твор меў «актуальныя» камічныя моманты: вучні пісалі экзаменацыйную працу ў навушніках пад дыктоўку радыё… П’еса мела поспех. Яе паставілі некалькі тэатраў у Польшчы і адзін ці два тэатры за мяжой.

Міхал Крыспін Паўлікоўскі. «Вайна і сезон».

Максим Гацак

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
ПНВТСРЧТПТСБВС
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031