Найти
25.03.2019 / 11:42РусŁacБел

В Беларуси основали новую литературную премию «Празрысты ЭОЛ», названы первые лауреаты

22 сакавіка ў Мінску ў Галерэі TUT.BY адбылося ўрачыстае ўганараванне першых у гісторыі лаўрэатаў прэміі «Празрысты ЭОЛ». Прызы аўтарства скульптара Паўла Вайніцкага былі ўручаныя ў шаснаццаці катэгорыях.

Вёў імпрэзу Максім Жбанкоў. Прызы ўручылі сябры Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі Ігар Бабкоў, Зміцер Вішнёў, Аляксандр Фядута, Таццяна Барысік, Віктар Жыбуль, Марыя Роўда, Кацярына Барысенка, Барыс Пятровіч, Ганна Севярынец, Зміцер Бартосік, Артур Клінаў, Уладзімір Арлоў.

Спецыяльны прыз рэдакцыі часопіса «ЛітРАЖ» за ўнёсак у беларускую віртуальную літаратуру атрымала інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат»за шматгадовае спрыянне прысутнасці беларускай літаратуры ў сеціве. Прыз ад рэдактара «ЛітРАЖа» Ўладзіміра Глазава прыняў стваральнік «Камунікату» Яраслаў Іванюк.

У астатніх пятнаццаці катэгорыях пераможцаў вызначала Віртуальная Літаратурная Акадэмія ў тайным электронным галасаванні, якое адбывалася ў два туры.

Найлепшым літаратурным вэб-выданнем паводле меркавання Акадэміі стаў сам заснавальнік прэміі часопіс «ЛітРАЖ».

Найлепшай электроннай кнігай прозы 2018 была абвешчаная кніга Сяргей Календы «Часам панкі паміраюць», дэбют якой таксама адбыўся на старонцы litrazh.org.

У жанры нон-фікшн «ЭОЛа» за найлепшую электронную кнігу атрымала «Клініка кітайскага дантыста» Змітра Бартосіка, а за найлепшы перакладны нон-фікшн — кніга Марціна Полака «Затушаваныя краявіды» ў перакладзе Веры Дзядок.

У катэгорыі «Найлепшы літаратурны вэб-праект года» быў уганараваны Ян Максімюк за стварэнне фейсбук-суполкі «Толькі пра літаратуру». Аўдыёраман Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» атрымаў «ЭОЛа» як найлепшы літаратурны аўдыёзапіс года.

Сеціратурным адкрыццём года было прызнанае вызначэнне дакладнай даты напісання верша Алеся Дудара «Пасеклі край наш напалам», плён даследчыцкай працы пісьменніцы Ганны Севярынец.

У астатніх катэгорыях (онлайн-публікацыі) дамінаваў часопіс «ЛітРАЖ» з чатырма пераможцамі: найлепшая п’еса («Турэмшчык» Змітра Дзядзенкі), найлепшае эсэ («Восеньскі лексікон птушак і рыб» Ігара Бабкова), найлепшы пераклад паэзіі («Спеў пра мяне» Уолта Уітмена ў перакладзе Макса Шчура) і найлепшая празаічная публікацыя («Пенсія» Вінцэся Мудрова).

Былі адзначаныя таксама публікацыі іншых вэб-выданняў і сайтаў. Наста Кудасава (дарэчы, адна з ініцыятарак стварэння прэміі «Празрысты ЭОЛ») перамагла ў катэгорыі «Найлепшая паэтычная публікацыя года» з падборкай вершаў «Бег па няўмольнай вадзе», якая з’явілася на сайце часопіса «Дзеяслоў».

Найлепшым крытычным артыкулам года была прызнаная публікацыя Ірыны Шаўляковай «Любоў (да) чытача як (не)нагода для аптымізму», якая з’явілася ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і на сайце zviazda.by.

Пісьменнік Павал Касцюкевіч быў уганараваны за найлепшы пераклад прозы: акадэмікі ВЛА адзначылі апавяданні Узі Вайля, апублікаваныя часопісам перакладной літаратуры «Прайдзісвет».

Як найлепшы літаратуразнаўчы тэкст года Акадэмія ацаніла артыкул Віктара Жыбуля «ТАВІЗ: па слядах легендарнага літ’аб’яднання», напісаны для часопіса «Полымя».

Пры канцы імпрэзы вядоўца Максім Жбанкоў выказаў ад імя арганізатараў надзею, што і ў наступным годзе «Празрыстыя ЭОЛы» знойдуць свой шлях да лаўрэатаў, і што прапанова беларускіх электронных кніг, онлайн-літаратуры і літаратурных медыя-праектаў будзе больш шырокай і разнастайнай. У такім разе Віртуальнай Літаратурнай Акадэміі ўдасца ўручыць прызы ўва ўсіх прадугледжаных паводле Статуту прэміі катэгорыях.

Праца Сакратарыяту прэміі па адсочванні ў байнэце найцікавейшых э-букаў і онлайн-публікацый і па стварэнні Рэкамендацыйнага спісу прэміі «Празрысты ЭОЛ»-2019 ужо ідзе. Такім чынам, да сустрэчы ў наступным годзе!

premija.litrazh.org

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера