Найти
12.05.2019 / 14:53РусŁacБел

Родители и дети: как воспитывались дети великих президентов и как сложилась их жизнь

Насколько де Голль был образцовым семьянином, настолько Миттеран жил двойным жизнью. Пишут историки Евгения Ясько и Николай Кудласевич.

Помнік генералу дэ Голю на Елісейскіх Палях у Парыжы. Фота: shutterstock.com, by nikonaft.

Шарль дэ Голь (1890—1970) быў выключным палітыкам, які вярнуў Францыі статус супердзяржавы — гэтым разам ядзернай. У асабістым жыцці гэта быў чалавек вельмі кансерватыўны.

У 1921 годзе дэ Голь сустрэў каханне свайго жыцця, шэравокую красуню Івону Вандру — дачку кандытара. У той жа год Шарль і Івона згулялі вяселле, а неўзабаве з’явіўся на свет іх сын Філіп. Услед за ім у сямейнай пары нарадзіліся і дзве дачкі: Элізабет (1924) і Анна (1928).

Дачка дэ Голя Элізабет пражыла са сваім мужам 60 гадоў. Звярніце ўвагу на яе стыль адзення. Яна была такая ж кансерватыўная, як і яе бацькі. Фота: Getty images.

Не такая, як усе

Нараджэнне Анны спыніла бясхмарнае жыццё гэтай сям’і. Лекары паставілі дзіцяці дыягназ — сіндром Даўна. Небарачка так і не навучылася гаварыць, не магла сама есці і хадзіць, часта білася ў канвульсіях.

Дзіця з такой хваробай можна было здаць у інтэрнат, але будучы прэзідэнт умеў годна прымаць выклікі лёсу. Анна засталася з бацькамі.

Прыклад любові тут падаваў сам галава сям’і. Анна не магла заснуць без таты, і 40-гадовы афіцэр планаваў свой дзень так, каб абавязкова пакалыхаць малую. Адданасць бацькі знайшла водгук у сэрцы дзяўчынкі: адзінае слова, якое яна навучылася выразна вымаўляць, было «тата».

У сваіх мемуарах дэ Голь пасля пісаў: «Гэтае дзіця было для мяне Божай ласкай, яно дапамагло мне стаць вышэйшым за людскія зрывы, паглядзець на іх іншымі вачыма».

У студзені 1948 года Анна захварэла на моцны грып, ён перайшоў у бранхіт, даў ускладненні. Пасля гэтага слабое сэрца дзяўчыны спынілася.

Сціплая пахавальная цырымонія скончылася словамі несуцешнага бацькі: «Цяпер яна стала такой, як усе».

Праз 22 гады і самога дэ Голя пахаваюць побач з любай, няшчаснай дачкой.

Жыццё і смерць Анны дэ Голь паўплывалі не толькі на яе бацьку, але і на ўсё французскае грамадства. Сям’я дэ Голь стварыла фонд для дзяўчат з абмежаванымі магчымасцямі. Скарбнікам фонду доўгі час быў чалавек, які стане наступнікам дэ Голя на найвышэйшай пасадзе Францыі, — Жорж Пампіду.

Філіп дэ Голь застаўся без медаля

Здаровым дзецям Шарль дэ Голь столькі ўвагі не надаваў. Гадаваў іх сурова. У сям’і было не прынята жаліцца на частыя пераезды і рэдкія гульні з бацькамі (чым не была абдзелена Анна). І нават задаваць лішнія пытанні было не прынята. Аднойчы Філіп спытаўся за сталом, колькі зарабляе бацька. Яму адказалі, што такія рэчы яго не тычацца.

Філіпа назвалі ў гонар маршала Анры Філіпа Петэна. Апошні стаў бы і хросным бацькам малога, калі б каталіцкая царква дазваляла разведзенаму чалавеку быць за хроснага. Іронія лёсу ў тым, што Петэн узначаліць калабарацыйны з Гітлерам рэжым, а дэ Голь пераедзе ў Лондан і стане кіраўніком руху Супраціву, а пасля вайны аддасць Петэна пад трыбунал.

Філіп быў узорным вайскоўцам і ва ўсім раўняўся на знакамітага бацьку. Ён браў удзел у бітве за Атлантыку і ў вызваленні Францыі. Але ў выніку Філіп застаўся без медаля Супраціву: сям’я прэзідэнта пабаялася абвінавачання ў кумаўстве. Затое пасля за доўгія гады службы Філіп быў удастоены прэстыжнага ордэна Ганаровага легіёна. Пасля ўдалай вайсковай кар’еры Філіп дэ Голь збудаваў не менш паспяховую і палітычную: з 1986 па 2004 год ён быў сенатарам ад Парыжа.

Сямейныя каштоўнасці

У дэ Голя-малодшага, як і ў ягонага бацькі, была вялікая і дружная сям’я: з 1947 года ён быў жанаты з Генрыетай дэ Монталямбэр дэ Керс (яе брат насіў тытул маркіза). У пары было чацвёра дзяцей. З жонкай Філіп пражыў амаль 70 гадоў, і толькі яе смерць у 2014 годзе іх разлучыла. А ён усё яшчэ жыве, цяпер яму 96 гадоў.

Што тычыцца старэйшай дачкі Шарля дэ Голя, Элізабет, то яна падчас вайны пазнаёмілася з афіцэрам (будучым генералам) Аленам дэ Буасьё, які неўзабаве стаў яе мужам. Вяселле маладыя згулялі ў 1946 годзе, а разам пражылі 60 гадоў. Ален памёр у 2006 годзе, Элізабет у 2013-м. Яна таксама ўсё жыццё захоўвала цёплую памяць пра малодшую сястру, у 1979—1988 гадах нават узначальвала фонд імя Анны дэ Голь.

Мітэран і яго сыны

Шарль дэ Голь быў у сям’і ўзорным хрысціянінам, а вось ягоны вялікі праціўнік Франсуа Мітэран (1916—1996) зусім не такі. Дэ Голь быў лідарам правых, кансерватыўных колаў, тады як Мітэран паўстагоддзя ўзначальваў левыя, сацыялістычныя сілы. Ён быў палітык да мозгу касцей і выходзіў сухім з вады з самых розных скандалаў. Пры канцы 50-х нават замовіў «замах» на сябе, што выявілася. Але нават гэта не стала прысудам ягонай кар’еры. 

Жонкай Мітэрана стала ягоная сяброўка па ваенным руху Супраціву Даніэль Гузэ, з якой будучы прэзідэнт ажаніўся ў 1944 годзе. У гэтым шлюбе нарадзілася трое сыноў: Паскаль (нарадзіўся ў 1945 і памёр маленькім), Жан-Крыстоф (1946) і Жыльбер (1949).

Франсуа Мітэран і ягоная жонка Даніэль. 1992 год. Фота: bestimage.

Калі дзеці былі малыя, Мітэрану было не да іх. Можа быць, таму ён пасля спрабаваў кампенсаваць гэта спрыяннем у іх кар’еры. У выніку старэйшаму сыну гэты «блат» вылез бокам.

Жан-Крыстоф Мітэран пачаў сваю кар’еру ў паўдзікай Маўрытаніі ў якасці афрыканскага журналіста агенцтва Франс Прэс. (Афрыка для Францыі — гэта як постсавецкая прастора для Расіі. Гэта і зона ўплыву, і крыніца даходаў. Там Францыя здабывае нафту і ўран.) Калі тата стаў прэзідэнтам, праз два гады Жан-Крыстоф зрабіўся дарадцам па справах Афрыкі ў яго адміністрацыі.

Афрыканцы далі Мітэрану-малодшаму мянушку Papamadi, «Папамадзі», ад французскага papa m’as dit, перакладаецца «тата мне сказаў».

Як толькі Мітэран-прэзідэнт аслаб, пайшлі скандалы — адзін, другі. «Анголагейтам» празвалі незаконны продаж зброі ў ахопленую грамадзянскай вайной Анголу… Было даказана, што Жан-Крыстоф браў хабары, ён трапіў у турмы, маці сплаціла за яго заставу…

Малодшы сын Мітэрана ехаў цішэй. Яго тройчы абіралі дэпутатам ад Сацыялістычнай партыі і мэрам невялічкага горада Лібурн. Жыльбер Мітэран выкладае ва Універсітэце Парыж XIII і ўзначальвае Інстытут Франсуа Мітэрана, задача якога — захаваць архівы гэтага прэзідэнта. Пасля смерці маці ён працягнуў і яе справу на пасадзе прэзідэнта дабрачыннага фонду яе імя.

Двайное жыццё

Вернасцю жонцы Мітэран не адзначаўся. Ягоны кіроўца ўспамінаў, што яму здаралася наведваць нават трох жанчын за вечар. Шведская журналістка Крысціна Фарснэ сцвярджае, што ў 1988 годзе нарадзіла ад Мітэрана сына. Але сапраўдная сенсацыя здарылася ў 1994 годзе, калі адкрылася галоўная сямейная таямніца прэзідэнта.

З 18-гадовай Аннай Пенжо Франсуа Мітэран упершыню перасёкся на багемнай вечарынцы ў 1961 годзе, яму тады было 45 гадоў. Пенжо — дачка інжынера і ўнучка вынаходніка запальнічкі.

Сакрэтнае каханне прэзідэнта Анна Пенжо (справа) і іх дачка Мазарын на пахаванні Франсуа Мітэрана. 1996 год. Фота: rtl.fr.

Знаёмства хутка перарасло ў раман, які доўжыўся больш за 30 гадоў. У 1974 годзе ў каханкаў нарадзілася дачка Мазарын. Мама з дзяўчынкай жылі ў маленькай кватэрцы ў Парыжы, а Франсуа патаемна прыязджаў да іх у госці.

Сакрэтны тата

Дзяўчынцы было 6 гадоў, калі яе тата стаў прэзідэнтам, і яны з мамай пераехалі ў кватэру, што знаходзілася зусім блізка ад Елісейскага палаца і дбайна ахоўвалася. Дачка нават мела права наведваць бацьку на працы, заходзячы ў палац з чорнага ўвахода.

Калі «сакрэтны тата» стаў прэзідэнтам, Мазарын спрабавала жыць звычайным жыццём, напрыклад, сама хадзіла ў школу. Аднак за ёй заўсёды прыглядаў чалавек са спецслужбаў, і ў той жа час ёй забаранялася расказваць пра свайго бацьку. Гэта часам прыводзіла да казусаў. Так, настаўніца Мазарын узгадвала выпадак, калі яна вяла першакласнікаў па калідоры, дзе вісеў партрэт французскага прэзідэнта, і раптам нейкая дзяўчынка выгукнула: «Гэта мой тата!» Праўда, на яе словы вялікай увагі тады ніхто не звярнуў, падумалі: выдурняецца малое.

Мазарын узгадвае, як непрыемна ёй было ў школьных і ўніверсітэцкіх анкетах ставіць прочырк у графе «бацька». А яшчэ больш ёй было непрыемна, што ёй забаранялася проста гуляць. Нават пацалавалася яна ўпершыню ў жыцці пад пільнымі поглядамі накачаных мужчын з машыны, прыпаркаванай непадалёк.

У 1984 годзе Мітэран, ужо прэзідэнт, падпісаў у прысутнасці натарыуса дакумент, у якім афіцыйна прызнаваў дачку, але патаемнае для грамадства прыватнае жыццё ён працягваў яшчэ 10 гадоў. Спецслужбы спынялі ўсе спробы апублікаваць інфармацыю пра другую сям’ю прэзідэнта. Толькі ў 1994 годзе папарацы знялі, як прэзідэнт з дачкой ад каханкі выходзіць з кавярні.

Фота Франсуа Мітэрана і Мазарын Пенжо, зробленае фатографам-папарацы і змешчанае па першай старонцы выдання «Paris Match» у 1994 годзе. Фота: snippetofhistory.files.wordpress.com.

Публікацыя гэтага фота спыніла шматгадовую змову маўчання французскіх СМІ пра другую сям’ю прэзідэнта.

Пераломным стаў момант, калі Мітэран канчаткова перабраўся жыць да другой сям’і — перад смерцю.

Жонка і каханка Мітэрана сустрэліся першы раз на яго пахаванні — у 1996 годзе.

Мазарын стала пісьменніцай — не самай папулярнай — і дацэнтам філасофіі ва Універсітэце Парыж VIII, а таксама аглядальніцай прадметаў культуры ў Інстытуце Франсуа Мітэрана. У сваіх раманах яна рэгулярна разглядае тэмы сям’і і дзяцінства.

У кожнага свая драма

У паплечніка дэ Голя і пераемніка Мітэрана на пасадзе прэзідэнта, Жака Шырака (нар. 1932), была свая драма. Яго дачка Ларанс з 15 гадоў пакутавала ад анарэксіі. Гэтая цяжкая хвароба развілася ў дзяўчыны пасля таго, як яна перахварэла на менінгіт. Ларанс з’явілася на публіцы толькі два разы: на бацькавай інаўгурацыі ў 1995-м і на ягоным 80-годдзі ў 2012-м — і рана памерла.

У Шырака яшчэ адна родная дачка, якая цяпер займаецца яго фондам, і трэцяя дачка, прыёмная, — бежанка з Паўднёвага В’етнама.

А Бернадэт Шырак запісала ў сваіх мемуарах: «Я заўсёды нагадвала мужу: у той дзень, калі Напалеон кінуў Жазэфіну, ён страціў усё».

Евгения Ясько, Николай Кудласевич

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера