Найти
27.05.2019 / 09:451РусŁacБел

Прятки, догонялки, карла и пикар: детские игры 1970-х

Миллиарды детей хороводами прошли по земле и ушли в нее, передавая правила тем, кто играет сейчас, и тем, кто еще придет из небытия, чтобы поиграть и уйти. Пишет Светлана Курс.

Агова, Іванаўскі раён. 1990-я. Фота: Анатоль Кляшчук.

Дзецям нашага пакалення давялося гуляць у рэальным свеце без нагляду дарослых. Нуль гаджэтаў. Зямля, вада, лес, дом, сад, школа, чужыя гарышчы і падвалы. Эрас і Танатас. Дзявочае і хлапечае. Мы выходзілі з дому раніцай, а вярталіся тады, калі прыганялі кароў або на вуліцах запальваліся ліхтары.

Гульні дзяліліся на «хлапечыя», «дзявочыя» і мяшаныя. Дзяўчынкі гулялі адчувальна меней — ім трэба было кожныя два-тры дні праць, прасаваць і падшываць каўнерыкі і падрукаўнікі на школьную сукенку, глядзець малодшых, прыбіраць хату. Іх радзей адпускалі з дому, стараліся аберагаць.

Класікі

Таму групкі дзяўчатак часта збіраліся ля дамоў і гулялі, напрыклад, у класікі. Малявалі на асфальце квадрацікі з «зямлёй» і «небам» і скакалі, падбіваючы нагой шкельца, каменьчык, бляшанку з-пад ляндрынак, вазеліну ці халвы, напоўненую пяском.

Скакалкі і рызіначкі

Дзве дзяўчынкі нацягваюць на сябе 2—4-метровую бялізнавую гумку, трэцяя праз яе скача. Спачатку нацягваюць на костачкі, потым на каленкі, потым на клубы. Скакаць трэба на розныя спосабы: крыжыкам, банцікам, канверцікам, караблікам і г. д.

Гульня ў рызіначкі вельмі падабалася дзяўчатам. Фота: fotology.info.

Скакалку можна было купіць за 5—15 капеек. Тую, што за пяць, браць няварта: яна занадта лёгкая, каб добра свістаць у паветры. Скакухі спаборнічалі па хуткасці кручэння — скрыжаваныя рукі, скрыжаваныя ногі, ногі напераменку, на адной назе, упрысядку…

Фота: shutterstock.com, by vyntage visuals.

Дзяўчаткі і хлопчыкі аб’ядноўваліся дзеля гульняў у клёка, карлу, штандар, выбівалы, картошку ці казакоў-разбойнікаў.

Карла, або Чыж

Для карлы, або чыжа, патрэбная біта (большы кій) і кіёчак — уласна «карла», «чыж». На ўскрайку поля выкопваецца ямка або ставяцца дзве цагліны, і над імі кладачкай кладуць карлу. Вакол карлы колам акрэсліваюць «базу». Вядучы падкідвае карлу ўгару і моцна адбівае, каб ён паляцеў як мага далей, вышэй і пакручасцей. Другі гулец стараецца падбіць карлу бітаю альбо злавіць рукою. Калі ўдаецца, яму налічваюцца ачкі. Пасля пэўнай сумы ён становіцца вядучым.

Штандар

У штандар гулялі так. Удзельнікі становяцца ў кола, вядучы з мячом у цэнтры. Падкідваючы мяч высока ўгару, вядучы выкрыквае імя гульца, так, каб захапіць знячэўку («Штандар-штандар … Іра!»). Названы павінен выбегчы ў цэнтр кола і злавіць мяч, а вядучы заняць ягонае месца. Калі гулец зловіць мяч, ён вядзе рэй, а калі мяч паспявае крануцца зямлі, астатнія гульцы бягуць у розныя бакі, пакуль ён не падыме мяч і не крыкне «Штандар!». Усе заміраюць там, дзе іх заспела каманда, а вядучы павінен патрапіць мячом у любога застылага гульца. Гульцы пры гэтым стаяць на месцы, але маюць права ўхіляцца. Вядучы не мае права пакідаць кола. Той, у каго трапілі, становіцца вядучым або выбывае з гульні. Штандар доўжыцца, пакуль не надакучыць ці пакуль мацяркі не закрычаць: «Вася-Люда, дадому!»

Пікар

У пікара гулялі ад снегу да снегу, на адкрытай зямлі. Патрэбныя 3—13 чалавек і не менш за гадзіну часу. На зямлі вызначалі «пікара», падкінуўшы нагою кій даўжынёй каля 1 метра. Адным канцом кiй ставiш на нагу, другi канец прытрымліваеш рукой; разгайдаўшы, падкідваеш у поле як мага далей. Той, чый кій адляціць найбліжэй да вызначанага месца, і будзе «пікарам». Яго паставяць сцерагчы «базу» — кола, у цэнтры якога — цагліна, а на ёй — бляшанка. Гульцы шпурляюць кіем па бляшанцы, каб яна зляцела, але строга ў межах базы. Інакш пойдзеш у пікары.

Пікар падчас гэтага шпурляння стаіць убаку ад базы. Гулец, якому ўдаецца збіць бляшанку, павінен забраць з базы свой кій, а пікар — яго не пусціць, «замарозіўшы» сваім кіем. «Замарожаны» сам робіцца пікарам. Іншыя гульцы могуць яму дапамагаць, але так, каб і іх не замарозіў пікар. Калі ніхто не патрапіць па бляшанцы, усе кідаюцца падбіраць кіі, а пікар іх замарожвае. Асабліва ўдалыя гульцы пасля трох збітых бляшанак падыходзяць бліжэй да базы на два крокі. Ім збіваць лягчэй, але і пікар не дрэмле.

Картошка

Стаяце ў кола і перакідваецеся мячом хутка і рэзка, нібыта ў руках гарачая бульбіна. Той, хто не адбіў, сядае ў цэнтар кола — «кацёл». З часам у катле набіраецца ніштавата «бульбін». Не прыўстаючы з кукішкаў, яны ловяць мяч над катлом. Зловіш — вылазіш з катла разам з іншымі сядзельцамі, а той, хто няўдала кінуў мяч, ідзе ў кацёл. Стаячыя ў коле могуць вызваліць кагосьці з катла, як след улупіўшы ў яго мячом.

Снежкі

Вялікую ролю ў дваровых гульнях гралі снежкі і сумёты. Снежкамі збівалі мішэні, напрыклад «карону» з галавы снежнай бабы. Трэба было трапіць з дзесяці «веліканскіх» крокаў ды яшчэ не разваліць тае бабы. Усё гэта, перабягаючы ад аднае кучы снежак да другой, наперагонкі з супернікамі.

Набегаешся так, што ледзь валачэш «плюндры» — мокрыя ногі, брудную ваду і снег. Вопратка ў 70-я была невыгодная, цяжкая, непрыстасаваная. Не было непрамакальных куртак, нагавіц, рукавіц, выгодных шкарпэтак і шапак. Ваўняныя шалікі кусаліся, калготкі і рэйтузы спаўзалі, цяжкая шапка мокла ад поту і глушыла гукі. Маткі лаяліся, бо вопраткі мала, трэба было штодня праць і сушыць, каб было ў чым выйсці.

Выбівалы

Ад гульні пад назваю «выбівалы» дзіцячыя галовы трашчалі як качаны пад дажджом. Два чалавекі ставалі адзін насупраць другога па розныя бакі пляцоўкі. Паміж імі — тыя, каго яны будуць выбіваць з поля. Калі застаецца апошні гулец, ён павінен вылузнуцца ад мяча столькі разоў, колькі яму год. Калі ўдалося — дабрадзей вяртае на поле выбітых і гульня ідзе наноў.

Ад «выбівалаў» дзіцячыя галовы трашчалі як качаны пад дажджом. Фота: veinternet.ru.

Хованкі і лованкі

Адзін са шматлікіх відаў хованак — апанас. Апанасу завязваюць вочы, раскручваюць і крычаць «Апанас-апанас, лаві дурня, а не нас». Разбягаюцца на ўмоўленай, абмежаванай тэрыторыі. Апанас ловіць гульцоў і стараецца ўгадаць, каго злавіў. Этнографы лічаць, што «жмуркі» — гульня, якая нагадвае пра слепату і няўмольнасць смерці. Каго схопіць лавец?

Гэты матыў марозіць жылы і ў дзіцячых казках. Уначы дзяўчынка з навязаным званочкам хаваецца ў хаце ад мядзведзя. Урэшце дзяўчынку ратуе добрая мышка — бегае і звоніць званочкам, пакуль мядзведзь не кідае ў яе каменем і не забівае. У жмурках і хованках страшна перайсці мяжу паміж родным, будзённым і побытавым і незнаёмым, бясконцым. Часам схаваешся ў шафе за матчыным футрам і з заміраннем сэрца чуеш, як лавец усё бліжэй да твае схованкі. Ты марыш, каб шафа сталася безразмернай, ёй жа гэта так проста — яна хавае ў сябе і лета, і зіму, і будні, і святы. Лісіную шапку мамы, святочны касцюм бацькі, выхадныя чаравікі, сумачку са старымі дакументамі — чаму б не схаваць у нетрах і цябе? Недарэмна Нарнія пачыналася менавіта ў шафе. У страшных гісторыях аднаго са схаваных не знаходзяць ніколі або знаходзяць праз многія гады.

Лованкі — варыянт хованак, але ў іх няма наканаванасці. Ты можаш уцячы ад лаўца, калі будзеш спрытны і разумны. Былі нават лованкі з «домікам» (бяспечнай зонай, дзе лавіць нельга). Можна было крыкнуць «чай-чай, выручай», і табе на дапамогу рынуцца сябры. Але лавец можа дотыкам «замарозіць» і іх.

Піянербол

Любілі мы і савецкую гульню піянербол — спрошчаны валейбол. Для яго дастаткова мяча і нацягнутай сеткі альбо вяроўкі. Мяч тут не адбіваюць, як у валейболе, а ловяць. Піянербол не патрабуе асаблівай сілы, навыкаў і спрыту, таму гуляюць усе, хто выйшаў на двор.

Фота: shutterstock.com.

Гульні з зямлёй: ножычкі

Два гульцы малявалі на зямлі вялікае кола, падзеленае напалову. У палову суперніка кідалі сцізорык. Па ягоным становішчы вызначалі, які кавалак зямлі адкроіць суперніку. Гулялі датуль, пакуль аднаму з гульцоў не заставалася месца, каб змясціўся ступак.

Хлопчыкі гуляюць у ножычкі. Фота: aeslib.ru.

Гульні ў хаванне і пахаванне: сакрэцікі

Ножыкі, каменьчыкі, качанне і «мацакаванне» яек — радасныя, вясновыя гульні, у іх гулялі, як толькі пачынала «дыхаць зямля».

А калі зямля ўжо не толькі дыхала, але і красавала, надыходзіла пара «сакрэцікаў». Для іх кожная дзяўчынка збірала хараство: пацеркі, гузікі, каменьчыкі, каляровыя кавалачкі пластыку, медныя, нацёртыя да чырвонага жару капейкі, «золаткі» (фольгу з цукерак). Асабліва цаніліся сінія, пурпуровыя і зялёныя золаткі. Усё гэта плюс кветкі выкладалася ў маленькую ямку. Спачатку «золатка», на яго тле ўзоры з памянёных скарбаў. Зверху «сакрэцік» прыкрывалі кавалкам шкла (найлепей каляровага) і абрамлялі зямлёй. Зрабіць сакрэцік трэба так, каб ведала блізкая асоба, але не знайшлі варвары, якія любяць «бурыць» чужыя сакрэцікі.

Сакрэцікі, бадай, самая рытуальная гульня, «з дрыжыкам», знітаваная з паняткамі «скарб», «таямніца», але і «пахаванне». Што робяць час і сырая зямля з «сакрэцікам»? Кветкі і фанцікі ссыхаюцца, гніюць, выцвітаюць; каменьчыкі і шкло зацягваюцца пяском. Вечнага нічога няма, чалавек прывыкае да глебы і часу.

Асаблівым жанрам «сакрэцікаў» было перажыванне і пахаванне «маленькай смерці» — птушак, жабак, мышак, кацянят. Іх хавалі ў каробачках, усцеленых ватай і шматкамі атласу, ядвабу, карункаў. Ад таго неаднойчы цярпелі мацерыны адрэзы й сукенкі. На магілу прыносілі кветкі і вяночкі, ставілі маленькі крыжык. Часам у магілку клалі капейкі — як на дарослым пахаванні. Старэйшыя «варвары» маглі падгледзець ды раскапаць потым тую магілку, выкарыстаўшы манеты на булачку ці газіроўку.

Разумовыя і фантазійныя гульні: «Мора хвалюецца»

Вядучы або гульцы хорам прамаўляюць словы: «Мора хвалюецца раз, мора хвалюецца два, мора хвалюецца тры, марская фігура на месцы замры». І тут гульцы прымаюць розныя пацешныя і дзіўныя паставы і не павінны рухацца, пакуль на іх глядзіць вядучы. Калі нехта паварушыцца, ён сам пераходзіць у вядучыя. А гэта нудна. Таму вядучы стараецца вывесці гульца з раўнавагі: «лепіць» з яго розныя скульптуры, згінаючы ногі і рукі, казыча і смешыць.

«Я знаю пяць імёнаў»

Б’еш мячом і кажаш: «Я знаю пяць імёнаў дзевачак» (хлопчыкаў, гарадоў, кветак, краін, колераў і г. д.). Называеш тыя пяць імёнаў, пры кожным б’ючы мячом аб зямлю. «Таня — раз, Люда — два, Света — тры» і г. д. Збіўся — перадай мяч. Ад пяці даходзяць да дзесяці. Выйграе той, хто першы дабраўся да дзясяткі імёнаў.

«Ядомае-неядомае»

Гульцы становяцца ў шэраг. Вядучы кідае мяч і адначасова называе які-небудзь прадмет. Калі прадмет «ядомы», гулец ловіць мяч. Калі не — адбівае. Задача — заблытаць гульца, напрыклад, у ланцужку «яблык-рэпа-бульба-гарбуз» укруціць «камень». Калі гулец памыліцца і «з’есць» неядомае, ён сам становіцца вядучым. Вядучыя паскараюць тэмп і называюць прадметы, якія могуць быць ядомыя ці неядомыя. Напрыклад, «слон». Яго не ядуць у Беларусі, але ядуць у Афрыцы, як мы вычыталі з кніг Луі Бусэнара і Жуля Верна.

Былі яшчэ «Калечка-калечка», «Глухі тэлефон», «Я садоўнікам радзіўся». Правілы гэтых гульняў вядомыя бадай кожнаму дзіцяці 1970—1980-х.

Войны і партызаншчына

«Беларусьфільм» у тыя часы слушна звалі «Партызанфільмам». Студыя дзясяткамі выпускала кіно пра «нашых і немцаў», чым вызначыла галоўную ролевую гульню вуліц і падворкаў. Дзяўчат бралі максімум у «санітаркі». Затое хлопцам было раздолле.

Гульні ў вайну пладзілі неймавернае багацце зброі: рагатак, лукаў, аўтаматаў, самапалаў, ружжаў, што стралялі на каменьчыкі, гнутыя кулькі з дроту, пістоны, стрэлы і бог ведае яшчэ што.

Казакі-разбойнікі

Затое ў казакі-разбойнікі прымалі ўсіх. Каманда «разбойнікаў» выдумляла пароль і ўцякала, пакідаючы знакі, каб «казакі» разгадвалі і шукалі пароль. Знакі рабіліся цэглаю, вугалем ці крэйдаю на асфальце, сценах, дрэвах. Разбойнікі ўцякалі разам альбо раздзяляліся, каб заблытаць ворага. Казакі маюць права выпытваць пароль у палонных разбойнікаў — валакуць у турму на «катаванні». Казычуць, даюць шчаўбаны і пстрычкі, круцяць скуру на запясцях («крапіўка»), круцяць нос («сліўка»), сякуць дубцамі і крапівой. Не хочацца думаць пра гістарычнае паходжанне гэтай вясёлай гульні.

Казакі-разбойнікі. Фота: onliner.by.

Важнымі і маштабнымі былі сезонныя войны — вадзяныя і снежныя. Вадзяных пісталетаў тады не было, затое можна зрабіць «пырскалку» з пластыкавай пляшкі, прабіўшы дзірку ў корку. З прэзерватываў і гумовых пальчатак атрымліваліся выдатныя вадзяныя бомбы.

Камень-нажніцы-папера

На выпадак, калі мусіш сядзець у школе ці дома, існавалі шыбеніца, «камень-нажніцы-папера», гульня ў гарады і словы, марскі бой, лато, дыяфільмы, жаўнерыкі, замкі і ваенныя базы, лялькі, дочкі-маткі, «слон» і «пеўнікі». У «пеўнікаў» мы гулялі нават на праполцы школьных градаў і ля кабінета дырэктаркі. Двое акрэслівалі кола, станавіліся на адну нагу, хавалі рукі за спінай і спрабавалі, штурхаючыся грудзьмі і плячыма, пазбавіць суперніка раўнавагі ці выштурхнуць з кола.

Зноў «хлапечае» і «дзявочае»

Час ішоў, дзяўчынкі і хлопчыкі падрасталі. Дзяўчаткі дарасталі да «спеўнікаў» і «альбомаў», куды перапісвалі душараздзіральныя гісторыі ды вершы пра каханне. Пачыналася і «варажба» на «суджанага» ды «судзьбу». Як з горыччу пісаў Клайв Льюіс, «С’юзэн перастала жыць у Нарніі. Яе больш не цікавіла нічога, апрача памады, панчох і кахання».

Адны хлопчыкі заставаліся Пітэрамі Пэнамі, іншыя варожа ўспрымалі жаночае, губляліся ў супярэчлівых імпульсах цягі і адпрэчання. Гэта выклікала брудныя гульні — калектыўнае абмацванне злоўленай дзяўчынкі, міжгендарны булінг і г. д. Аднак існаваў і легальны спосаб выразіць наваяўленую сэксуальнасць, навучыцца «дружыць» з супрацьлеглым полам.

Да прыкладу, «Бутэлечку» ведаюць усе, а вось «Кіс-кіс-мяў» — падзабытая гульня, заснаваная на мове колераў.

Вядучы і гулец становяцца перад групай удзельнікаў. Вядучы — тварам, гулец — спінай. Вядучы паказвае на аднаго з удзельнікаў і кажа: «Кіс!» Калі гулец, які стаіць спінай, адказвае «брысь», вядучы працягвае выбіраць. Як толькі гулец кажа «мяў», вядучы пытаецца ў яго: «Які колер?» Гулец выбірае колер і паварочваецца тварам да ўдзельнікаў. У залежнасці ад названага колеру гулец і абраны ўдзельнік выконваюць заданне. Адмовіцца нельга. Белы колер азначае, што гэтыя двое павінны схавацца разам. Што яны там робяць — іх справа. Зялёны — тры пытанні, адказаць на якія гулец можа толькі «так». Звычайна пытанні падступныя. «Ці цалаваўся ты з дзяўчынкай?», «Ці любіш ты Андрэя?» (гыгыгы!) Чырвоны — пацалунак у вусны, ружовы — у шчаку, сіні — у руку. Жоўты — тры пытанні сам-насам (хлусіць ці змаўчаць — нельга). Аранжавы — прагуляцца па вуліцы пад ручку. Фіялетавы — зрабіць прыкрасць: крапіўку, сліўку, шчаўбана, тузана ці хоць якую заколку адабраць.

Былі і прыгожыя, старыя гульні.

Баяры і яшчар

«Баяры», «Яшчар», «Ручаёк», «Явар». Баяры дзвюма камандамі станавіліся адна насупраць другой, трымаючыся за рукі, на адлегласці 10—15 м. Адна каманда — хлопцы, другая — дзеўкі. Хлопец разбягаецца і стараецца парваць ланцуг у дзявок. Не ўдасца — яго бяруць за рукі царэўны. Удасца — бярэ царэўну і вядзе да баяраў. Так два шэрагі змешваюцца. Такая слодыч — легальна абраць і ўзяць за руку сваю сімпатыю. На жаль, гэтая гульня давала і шмат падстаў для пакут і несупадзенняў.

«Ручаёк», «Цяцерка», «Яшчар» і «Явар» сутнасна падобныя да «Баяраў», але там хлопцы і дзяўчаты гуляюць у парах ці карагодах, утвараюць шарэнгі і калідоры, мяняючы пары і выкрадаючы «фанты».

Бумбалка

Апрача Эрасу, дзіцячымі гульнямі кіраваў і Танатас. Вясковыя дзеці лазілі ўсюды, рабілі ўсё, што ўзбрыдзе ў галаву. Жавалі гудрон, слівовую смалу і сасновую жывіцу, елі дзікія расліны, скакалі ў ваду з самаробных тарзанак і са шлюзаў, коўзаліся з высокіх гор, каталіся на самаробных вазках і самакатах без тармазоў, на роварах «без рук», набягалі на чужыя сады і падворкі, кралі чужыя брамкі на Купалле, уначы ставілі «бумбалкі» самотным старым. Бумбалка — гэта навязаная да акна бульбіна. Хаваешся ў кустах, цягнеш за вяровачку, а бумбалка стукае ў шыбу, палохае самотнага дзівакаватага старога, а ён так смешна лаецца.

Былі і тыя, хто перасёк мяжу з краінай вечных гуляў. Адзін няўдала скочыў са шлюза, другі заблукаў і замерз, гуляючы зімой у вайнушку, трэці павесіўся, бо яго байкатавалі. Яшчэ нехта трапіў пад машыну, спрабуючы зрабіць зачэпу.

Рагаткі, лукі, арбалеты, самапалы, выбухпакеты, дымавухі, пістоны, вадзяныя бомбы, шыфер і карбід, душылачкі, крапіўкі, шчаўбаны, сліўкі, зачэпы, шалашы і домікі на дрэвах, тарзанкі і скоканкі.

Нават вырастаючы, дзеці гуляюць у гульні, бо баяцца нуды болей, чым смерці. Для кагосьці вайна становіцца варыянтам хованак і лованак.

Ёсць і лепшы спосаб пераадолець нуду — арэлі. Яны дазволяць схапіць рытм жыцця і смерці, узнясення і падзення, цыклічнасці, каляндарнасці і паўтаральнасці.

Ад рэдакцыі. Дарагія чытачы, а ці гулялі вы ў гэтыя гульні? Якія гульні былі ў вашым дзяцінстве? Якім вучыце сваіх дзяцей? Дзяліцеся з намі, пішыце на [email protected].

Святлана Курс

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера