Найти
09.03.2019 / 17:591РусŁacБел

Хорошо и для многих: новый роман Гапеева «Пазл»

Пазл: раман / Валер Гапееў. — Мінск: Галіяфы, 2018. — 330 с. 

Наталка Бабіна: Класная кніжка! Асноўная думка рамана простая: за ўсё і ўсялякае зло, якое творыць чалавек, ён будзе неадваротна пакараны. 

Паўліна Скурко: Мне вельмі спадабалася, што ў кнізе персанажы жывыя, добра ўяўляюцца. Чытаеш — нібы фільм глядзіш. Ёсць пакручасты сюжэт, ёсць атмасфера. З першых раздзелаў з’яўляецца адчуванне, што «неба цямнее». І ўжо чакаеш гэтых сюжэтных паваротаў.

Фота Сяргея Гудзіліна

НБ: Гапееў працягвае радаваць. Гэта ж не першы яго такі ўдалы, дынамічны твор. Мне добра помніцца «Ноч цмока».

А ў «Пазле» найбольш зачапілі пазітыўна два моманты. Першы — вельмі пазнавальны, тыповы раённы цэнтр, дзе адбываецца дзеянне. І як добра ён умее апісаць жыхароў свайго гораду. Начальнік райвыканкама, суддзя, журналіст апазіцыйны… Верыш ва ўсё гэта.

Другі — форма прыўкрасная, калі раман складаецца з невялікіх фрагментаў, кожны з якіх — самадастатковы аповед, і кожны хвастом чапляецца за шыю наступнага. Класічны прыём, і аўтар ідэальна яго выкарыстаў.

А не, тры моманты парадавалі. Трэці: поўная адсутнасць аўтарскага снабізму. Гапееў не любуецца сабой, і, больш таго, стараецца ніяк не праяўляць сябе як асобу. Толькі як аўтара. Больш за тое, ён не думае: «Для каго я пішу? Якая мая мэтавая аўдыторыя?» А думае: «Ці важная тэма, пра якую я пішу?» Гапееў піша пра сэнс жыцця. Пра нешта галоўнае. Пры гэтым — у правільнай форме.

Наша бабуля не магла адарвацца і прачытала кнігу за 2 дні. «І разумею, — казала, — што трэба брацца за хатныя справы, — а адарвацца не магу». Думаю, што такіх чытачоў, якія не маглі адарвацца, — нямала. Нікога з тых, хто стане чытаць «Пазл», гэтая кніга не дематывуе чытаць па-беларуску.

ПС: Гэтая кніга якраз для шырокай аўдыторыі. Звычайных, паспалітых людзей. Такія кнігі павінны ў супермаркетах прадавацца, бо там кожны так ці інакш пабачыць сябе.

Феміністкі толькі будуць незадаволеныя…

НБ: Так, феміністычны сход там апісаны як секта мужчынаненавісніц. Апісаў, як бачыў. Увогуле, выклікае вялікую сімпатыю, што ў гэтым творы аўтар не пісаў пра сябе любімага, на што хварэюць многія беларускія аўтары. Ён пісаў пра іншых, пра жыццё. І пісаў з вялікай надзеяй, прытым што ніводнага светлага персанажа у яго рамане няма! На першы погляд: дзе тут надзея?! Але, відаць, у яго карціне свету няма канчатковага дабра, таму яно і не можа перамагчы.

Але так бачыць аўтар. І не давяраць яму ў мяне падстаў няма. Яму, з Івацэвічаў, відней. Кажу гэта без іроніі.

Фота: haveaniceread.com

ПС: За досыць лёгкім сюжэтным палатном у рамане паўстае пытанне: ці можам мы змяніць сістэму, ці не можам. Для мяне гэта моцнае месца, развагі не банальныя — адчуванне, нібы аўтар балюча шукае адказ. І ты шукаеш з ім.

НБ: А мне падалося, што гэтыя спасыланні на «сістэму», якая ёсць чымсьці чужынным — якраз найбольш слабы, найбольш «агіткавы» бок тэксту. Аўтар лічыць, што людзі мяняюцца на рабоце — урастаюць у сістэму і перастаюць быць сабой… Слова «сістэма» ўзгадваецца часта. Але што гэта?

ПС: Гэта нейкія правілы, выконваючы якія ты паспяхова будуеш кар'еру і іншыя сферы жыцця.

НБ: Правілы сістэмы? Гэта калі настаўнікі ў школе (і Антаніна) мусілі фальсіфікаваць вынікі выбараў? Усю рэшту правілаў, як мне падалося, устанаўліваюць сабе самі героі. Ніхто ж іх не прымушае браць хабар, перапісваць медычныя карткі, рабіць аборты… Ці само жыццё прымушае?

І пра Антаніну, галоўную гераіню: за пасылам рамана, яна згубіла сына і сама трагічна загінула таму, што фальсіфікавала выбары. Але ці не занадта прамалінайныя такія прычынна-выніковыя сувязі? Любая бяда, зло ёсць вынікам зла, якое ты сам учыніў?

ПС: Сапраўды, сувязь падзей (а яна і ёсць рухавіком рамана) выглядае магічна, трохі як у страшнай казцы. Можа, такія тлумачэнні свету трохі наіўныя, але цікавыя ж! І несумненна гэта надае патрэбную злавесную атмасферу.

Не пагаджуся, што беды Антаніны ад таго, што яна фальсіфікавала выбары.

Па-мойму, гэта прыклад таго, калі чалавек сваімі дзеяннямі падтрымлівае заганную сістэму — і аднойчы сістэма ўдарае па ім самім. Бумеранг вяртаецца.

НБ: Калі ідзецца яшчэ пра галоўных герояў, то мне няясна, чаму пісьменнік ніяк не прапісаў лёс Ніначкі. Гэта ж яна «выганяла» з сябе зародак, які потым помсціў усім. А сама яна? Як жыла? Ці пацярпела ад свайго выбару? Чаму пра гэта ў рамане ані слова, засталося няясным. Часам дзеўкі не вінаватыя.

ПС: Што ў гэтай кнізе дабро? Хіба, зусім яго няма? Ці можа ўвасабленне дабра — сын галоўных герояў пад кропельніцай?

НБ: А што ў ім такога добрага? Ён працяг роду, але што добрага ў самім гэтым хлопцу? Здаецца, нічога.

Можа, добрае прыходзіць да галоўнага героя і пытаецца парады, ці помсціць яму за сястру? Пры канцы рамана да галоўнага героя прыходзіць невядомы. Ён знае, што галоўны герой жорстка памсціўся ўсім, хто быў вінаваты у яго трагедыі. І вось гэты невядомы распавядае сваю гісторыю: п'яная багачка, у якой «усё схоплена» у органах улады, насмерць збіла машынай яго 12-гадовую сястру, і яе апраўдалі ў судзе — бо ўсё ж схоплена! І вось брат загіблай пытаецца: ці трэба помсціць, ці становіцца лягчэй.

Як табе помніцца, што адпавядае галоўны герой — і аўтар?

ПС: Адказаў ён тыпова, стэрэатыпна: кожны вырашае за сябе. Выглядае, нібы аўтар самаўхіліўся.

НБ: Так! А мне як чытачу хацелася б больш выразнага адказу.

Але, з другога боку, якімі быць героям?! Гэта ж не Тэрмінатары.

Гапееў апісвае жыццё беларускай правінцыі. І гэтыя людзі выклікаюць сімпатыю, бо яны вельмі арганічныя.

ПС: Гэта праўда, яны выклікаюць сімпатыю, нягледзячы на тое, што слабыя, бязвольныя, хітрыя… Парадаксальна.

Але чытаючы, усё чакаеш, што нехта з герояў праявіць прынцып. Унутраную сілу. Хоць нехта. Але ніводзін не праяўляе. Чаму? Таму што няма салідарнасці, ніхто б яго не падтрымаў? Але з другога боку, калі адчуваеш праўду — трымайся за яе, хай і будзеш адзін. Але тут усе аказаліся занадта слабыя. Усе, акрамя галоўнага героя, які ўсё страціў. Выснова такая выходзіць: пакуль чалавек не страціць усё, ён сябе сапраўднага не знойдзе? Не стане адстойваць сваю праўду?

Пра гэта думаю, прачытаўшы.

Наталка Бабіна, Паўліна Скурко

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930