Найти
13.02.2019 / 08:323РусŁacБел

Белоруска из Австрии, специально поехала во Францию, чтобы посмотреть «Озеро радости», и делится своими впечатлениями

Кацярына Хольцапфэль-Варажун, беларуска, што жыве ў Вене, спецыяльна паехала на Фестываль кароткаметражак у Клермон-Феран (Францыя) і апісала пабачанае ў сваім фэйсбуку.

Два з паловай дні мая ўвага была цалкам сканцэнтравана на Clermont-Ferrand Short Film Festival — найбуйнейшым на сёння кінафестывалі, прысвечаным кароткаметражным фільмам. Крыху лічбаў, каб уразіцца маштабам адбору і пачаць ганарыцца нашым суайчыннікам: колькасць фільмаў, што падаюцца на фестываль, — больш за 9000 (!!!), яны праходзяць 4 этапы і ў выніку застаецца толькі 70. Проста ўявіце сабе! «Lake of Happiness» (Возера радасці) трапіў у лік абраных! Ура-а-а-а!

Пачатак майго першага фестывальнага дня быў адзначаны прыемным сюрпрызам: я пазнаёмілася з рэжысёрам і прадзюсарам Аляксеем Палуянам, адкрытым, з прыемнай усмешкай і добрымі вачыма чалавекам, які будзе вас слухаць, каб пачуць. Гутарым, п'ём каву. Але трэба рушыць далей.

Аляксей Палуян — рэжысёр «Возера радасці». 

Да прагляду фільма заставалася колькі часу і яшчэ трэба было паглядзець, дзе я буду начаваць, і пераапрануцца, бо ўвечары мяне чакала першае ўражанне ад прагляду фільма «Lake of Happiness».

Да кінатэатра «Lumiére» мы ішлі невялікай кампаніяй: рэжысёр Аляксей Палуян, відэааператар Бэхруз Карамізадэ, супрадзюсар Ёрн Мёленкамп, галоўная актрыса Насця і яе выхавацелька Святлана, я і Ганна Трафімовіч, без дапамогі якой Насця не здолела б патрапіць на фестываль. Хвалююся, бо не ведаю, што мяне чакае. Вырашыла не чытаць афіцыйную анатацыю да прагляду фільма. Прачытала да гэтага толькі кнігу «Возера радасці» Віктара Марціновіча, бо, як было заяўлена, фільм зняты паводле яго кнігі.

На сцэне фестывалю — частка здымачнай группы. У цэнтры — выканаўца галоўнай ролі Настасся. 

І вось надыходзіць той самы момант. Аляксей з галоўнай актрысай Насцяй, аператарам Бэхрузам і супрадзюсарам Ёрнам выходзяць на сцэну, каб прэзентаваць свой фільм. Расказваюць, што здымкі рабілі ў Беларусі ў 2017 годзе і працягваліся яны два месяцы, што амаль год спатрэбіўся для апрацоўкі і мантажу фільма, што над фільмам працавала міжнародная каманда, што Насця сапраўды жыве ў інтэрнаце, і, самае галоўнае, што ў аснову фільма пакладзена рэальная гісторыя бацькі Аляксея. Апладысменты. Гасне святло — і я занураюся ў свет карціны.

Велізарнае, старое, галінастае Дрэва і маладыя дрэўцы, што толькі пачалі сваё жыццё, — яны прысутнічаюць увесь час. Дрэва — сімвал тваіх каранёў, тваёй сям’і, твая крыніца жыцця, ты сам. Прырода і людзі ідуць поруч. У аснову сюжэта пакладзена сумная гісторыя, і менавіта прыгажосць Прыроды дапамагае трымацца на працягу ўсяго прагляду. Кожны момант, кожны кадр гарманічна і тонка звязаны паміж сабой. Словы, гутаркі, дыялогі — другасныя, часам і не зусім патрэбныя. Гісторыя Ясі наўпрост трапляе ў сэрца, кранае душу. Адчуваю, што вось-вось заплачу, павінна заплакаць, бо падзеі фільма шчымяць мне сэрца; я напятая як струна, напружанне нарастае незаўважна, няспешна, яно быццам бы ахутвае, асцярожна сціскае ў сваіх абдымках, але не, не плачу. Нешта стрымлівае. Гэтае «нешта» супакойвае падчас прагляду і дае ілюзорнае адчуванне, што «ўсё добра». Эстэтыка карціны вабіць і зачароўвае: колеры, фарбы, іх насычанасць і збалансаванасць. Не проста так абрана восень з яе цёплымі і ўтульнымі адценнямі жоўтага ў якасці дэкарацый. Для кантрасту выкарыстоўваюцца варыяцыі блакітнага і сіняга, чырвонага і барвовага. Такая палітра колераў стварае ўнутраны спакой і не дае роспачы разліцца па ўсёй маёй душы, дае надзею, што ўсё будзе добра.

Рэжысёр і Насця (дзяўчынка сыграла галоўную ролю ў фільме). 

Адзначу, што канец фільма для мяне вельмі сімвалічны. Адчуваецца самота, але не безнадзейная, наадварот, бы стук «сэрца» кліча адзінокіх ісці насустрач адно аднаму. «Напэўна, я хачу шкадаваць тых, каго больш няма каму шкадаваць», — піша ў сваёй кнізе Віктар Марціновіч, і вяртанне Ясі паказвае мне, што яна стварае агульнае для ўсіх «возера радасці», метафізічнае месца для такіх жа, як і яна сама. Усё сапраўды добра. Канец.

Нарэшце, канец напружанню — і слёзы павольна коцяцца па маіх шчоках.

Дзякуй, Аляксей, што даруеш нам надзею на асабістае «возера радасці», на шчасце, да якога крок за крокам можна і трэба рушыць.

Акурат цяпер можна пазнаёміцца і з афіцыйнай анатацыяй да фільма: «У адной маленькай беларускай вёсцы, дзе час, здаецца, стаіць на месцы, Яся, дзевяцігадовая дзяўчынка, павінна сутыкнуцца са смерцю сваёй матулі. Бацька Ясі вырашае аддаць яе ў інтэрнат. Але аднойчы яна вырашае збегчы адтуль і вярнуцца дадому».

Раю! Вельмі раю паглядзець «Возера радасці». Дачакайцеся «Лістапада» — і наперад у кінатэатры.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930