Найти
14.07.2019 / 18:443РусŁacБел

Доктор Клумов. Сердце на ладони

Евгений Клумов, врач-гуманист и герой-подпольщик, чье имя сегодня носят улица и сквер в столице Беларуси, а также 3-я городская клиническая больница, стал прообразом доктора Савича в знаменитом романе Ивана Шамякина, который так и назывался — «Сердце на ладони». О жизни и мученической смерти этого неординарного человека пишет Анна Северинец.

Яўген Клумаў з жонкай Галінай. 1910-я гады. Разам яны і загінуць.

У 1913 годзе, калі Яўген Клумаў быў яшчэ земскім доктарам на Лоеўшчыне — а ён вёў тры велізарныя ўчасткі, Суткоўскі, Лоеўскі і Холмецкі, цяперашнім участковым такая нагрузка і не снілася, — яму давялося аперыраваць студэнта з нажавым раненнем у сэрца.

Невядома, хто асісціраваў Клумаву, хто быў побач і бачыў, як на далоні хірурга пульсуе жывое, уратаванае сэрца, але менавіта ён у жаху і захапленні пераказаў раніцай тое, што пабачыў.

Расповед пра жывое сэрца на далоні доктара жыў на Лоеўшчыне больш за паўстагоддзя — і менавіта тут пачуў яго народны пісьменнік Іван Шамякін.

Земскі доктар

Хто такі быў земскі доктар? Гэты доктар лячыў усё. Ён быў адзін на ўсе хваробы і балячкі. Ён і тэрапеўт, і хірург, і акушэр, і педыятр, і зубы рваў, і вочы ратаваў.

Да яго ехалі і ўдзень, і ўначы, везлі цяжарных і шалёных, выклікалі да паміраючых і параненых. Працаваць яму даводзілася ў невялікім памяшканні, дзе і прыём хворых, і стацыянар, і радзільная зала, і аперацыйная.

Яўген Клумаў. 1890-я.

Да Суткова Клумаў меў ужо досвед працы ў палявых шпіталях — падчас расійска-японскай вайны ён быў вайсковым хірургам. Таму ў бедным, але пакуль што мірным Суткове ён лёгка прызвычаіўся да мясцовых умоў. Па звестках, сабраных гісторыкам Мікалаем Анісаўцом, у 1910 годзе ў Суткове Клумаў зрабіў 65 аперацый, у 1911-м — 142, у 1912-м — 145.

Як жа сын маскоўскага адваката, бліскучы выпускнік медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта апынуўся ў тым богам забытым беларускім Суткове? Адказ просты: «паехаў на каўтун». Менавіта так ён патлумачыў свой ад’езд сваякам, менавіта так кажуць і сёння пра тое рашэнне маладога таленавітага доктара нашчадкі, што жывуць у Маскве. Гэта значыць — падаўся лячыць малавывучаную хваробу туды, дзе яе і не лячылі ніколі, бо лічылі варыянтам нормы, асвечаным да таго ж фальклорнымі забабонамі і прымхамі.

Каўтун (па-лацінску plica polonica, польская каса) — запаленне тлушчавых залоз на галаве, якое ўзнікае ў выніку недахопу пэўных рэчываў у арганізме, нервовых расстройстваў, занядбання правілаў гігіены. Праз тое, што хворыя залозы выдзяляюць шмат тлушчу, валасы на галаве зліпаюцца, у іх збіраецца розны бруд і пыл. У выніку ўтвараецца валасяная збітая маса, падобная на лямец. У народных вераваннях лічылася, што каўтун — вынік дзеянняў злых духаў і калі яго зрэзаць, то можна наклікаць на сябе яшчэ большыя беды. У Беларусі ў старыя часы каўтун быў шырока распаўсюджаны. Пра яго нават ёсць згадка ў апісанні беларуса ў вершы Мікалая Някрасава «Чыгунка», напісаным у 1864 годзе:

Губы бескровные, веки упавшие,

Язвы на тощих руках,

Вечно в воде по колено стоявшие

Ноги опухли; колтун в волосах.

Дарэчы, пра сваякоў і нашчадкаў. Доктар Яўген Клумаў меў трох братоў і трох сясцёр. Адна з сястрычак, Соф’я, скончыла кансерваторыю па класе фартэпіяна і амаль адразу пасля выпуску выйшла замуж за доктара-псіхіятра Пятра Ганнушкіна, які неўзабаве стаў «айцом» расійскай псіхіятрычнай школы. Унучка ж Пятра і Соф’і, Святлана Аляксееўна Ганнушкіна, — вядомая сёння расійская праваабаронца. Менавіта яна распавяла сямейныя легенды Клумавых: і пра «каўтун», і пра выдатныя дыягнастычныя здольнасці доктара Клумава, і пра ягоную маці Даратэю Клумаву.

Даратэя была этнічнай немкай, і ад яе Клумаў выдатна засвоіў нямецкую мову — яна была для яго другой роднай. Падчас акупацыі ён падпадаў пад нямецкія крытэрыі «фольксдойча», яму прапаноўвалі кафедру ў Лейпцыгскім універсітэце. Доктар адмовіўся.

Не менш цікава і тое, што жонка Яўгена Клумава, Галіна Мікалаеўна, — родная пляменніца знакамітага пісьменніка Уладзіміра Караленкі. У Суткове, у невялікай кватэрцы пры бальніцы, яна таксама ўжо была з ім: «Цёця Галя была бясконца адданай Яўгену Уладзіміравічу», — кажа Святлана Ганнушкіна.

Вера суткоўскіх, лоеўскіх і холмецкіх сялян у бясконцую, нават містычную моц свайго земскага доктара была непахіснай. «Бацька мой памёр у 48 гадоў, і нават доктар Клумаў не змог яго выратаваць», — у словах жыхаркі Лоева Марыі Адамаўны Равянок, хоць і горкіх, гучыць гэтая вера і сёння.

Кажуць, вельмі любіў Клумаў гутарыць з «дзядамі» — так ён называў вясковых старых. «Ну як можна не любіць беларусаў? — прыводзіць словы Клумава Мікалай Анісавец. — Як можна быць абыякавым да іх пасталоў, кажухоў з латкамі, да іх гаротнага лёсу? Высакародныя, сумленныя людзі, шчырыя працаўнікі… Яны маюць права на лепшае жыццё, і мы павінны дапамагчы ім у гэтым».

У 1916 годзе Мінскае губернскае праўленне прысвоіла Клумаву званне тытулярнага саветніка — слава пра выдатнага хірурга даўно ўжо перакрочыла межы земскіх участкаў, гарадоў і паветаў.

Вайна, рэвалюцыя, ізноў вайна

У 1914 годзе доктара Клумава перавялі ў губернскі горад, але ў рэчаіснасці ён паехаў на вайну. Адразу з пачаткам ваенных дзеянняў Першай сусветнай хірург Яўген Клумаў — у мінскім шпіталі Чырвонага Крыжа. Вайна разгараецца, і Клумаў надта патрэбен побач з акопамі — ён едзе ў паходныя шпіталі, аперыруе там салдат і афіцэраў, прывезеных наўпрост з поля бою.

Тут, на пярэднім краі, Клумаў вырашае для сябе далучыцца да бальшавікоў — з 1917 года ён працуе ў франтавых шпіталях Чырвонай Арміі. Маючы «бронь» супраць мабілізацыі на франты Грамадзянскай вайны (існавала адпаведная пастанова СНК, згодна з якой загадчыкі хірургічных аддзяленняў бальніц павінны былі заставацца ў горадзе), доктар усё ж зноў едзе ў палявыя шпіталі Смаленска, Талачына, Барысава. І толькі пасля адраснага запыту Мінскай губернскай бальніцы ў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт і Камісарыят аховы здароўя Клумаў, адзіны хірург-гінеколаг у штаце бальніцы, вяртаецца ў Мінск.

Вяртанне ягонае — таксама легендарнае. Са слоў мастака Яўгена Ціхановіча, зяця рэжысёра Уладзіслава Галубка, вядома, што менавіта Клумаў уратаваў у 1921 годзе старэйшага Галубковага брата, Браніслава Голуба. Браніслаў быў афіцэрам польскай арміі, атрымаў цяжкія раненні пры наступе чырвонаармейцаў. Клумаў жа якраз уваходзіў у горад разам з часткамі асобага прызначэння (ЧОН) Чырвонай Арміі. Малодшы брат Галубка, Сяргей Асановіч, таксама служыў у ЧОНе — ён і прывёў доктара да брата. Два чырвонаармейцы, Клумаў і Асановіч, перавязалі пілсудчыка Голуба, далі яму выратавальных парашкоў, паклалі на падводу, накрылі коўдрамі і ціхенька вывезлі з Мінска наўздагон адыходзячым палякам.

«Персавецкая бальніца»

З 1921 года Яўген Клумаў стала працуе ў той бальніцы, якая сёння носіць ягонае імя. Тады яна звалася «Першая Савецкая», ці, як яе называлі дзеці, «персавецкая» бальніца. Менавіта тут месцілася база для падрыхтоўкі дактароў медфака БДУ, з 1930-га ў бальніцы практыкавалі і навучаліся прафесары і студэнты Мінскага медінстытута.

Сюды найперш прыходзіла новае абсталяванне, сюды запрашаліся вядомыя навукоўцы для кансультацый і семінараў, тут працавалі тагачасныя выдатныя вучоныя-медыкі: афтальмолаг Сямён Камінскі, тэрапеўт Сяргей Мелкіх, хірург Юрый Іргер і іншыя. Яўген Клумаў сярод іх — бясспрэчны аўтарытэт. Студэнты, зачараваныя манерай і выхаваннем настаўніка, пачалі нават пераймаць ягоную манеру размовы. Клумаў прыкметна расцягваў галосныя пасярод слоў і крыху заікаўся, гэтаксама сталі рабіць і самыя апантаныя з ягоных вучняў.

3-я бальніца імя Клумава ў Мінску знаходзіцца па вуліцы Леніна, каля стадыёна «Дынама». Цікава, што першыя будынкі бальніцы, якая спачатку была Яўрэйскай, былі збудаваныя ў маўрытанскім стылі. Будынак захаваўся, але цяпер затынкаваны. Першае фота — «Мінск стары і новы», другое — imedicaby.

Пераймалі не толькі гаворку — пераймалі манеры ў аперацыйным пакоі. А. Пузанава, якая працавала з 1936 па 1941 год у прафесара Клумава ардынатарам хірургічнай клінікі, успамінае: «З Клумавым было прыемна працаваць нават пры самых працяглых аперацыях — ні вокрыкаў, ні сярдзітага погляду; спакойная роўная праца, цішыня ў аперацыйнай. Пасля аперацыі прафесар заўсёды дзякаваў за асісціраванне, ніколі не пакідаў аперацыйную перш, чым пакладуць хворага на насілкі, а ў сур’ёзных выпадках ішоў побач з насілкамі да палаты».

Кажуць, што і тады, калі Клумава прыйшлі забіраць немцы, ён не адарваўся ад аперацыі. «Жэня, па нас з гестапа прыйшлі!» — крыкнула, уварваўшыся ў бальніцу, Галіна Мікалаеўна. «Не з гестапа, а з СД. Няхай пачакаюць, у мяне аперацыя», — адказаў ёй Клумаў.

«Самарын»

Пад немцамі яны засталіся выпадкова: як і шмат якія іншыя мінчукі, не здолелі эвакуіравацца. А ў 1942 годзе Клумаў аднавіў прыём у «персавецкай» бальніцы.

Ларыса Глебка, прыёмная дачка Пятра Глебкі, што была ўратавана з гета жонкай паэта і перажывала акупацыю дзіцём, успамінае: «Мне падаецца, кожны раз, калі нешта адбывалася са мной, мама вадзіла мяне менавіта да Клумава. Яны сябравалі. Лішай быў, страшны, стрыгучы, — Клумаў лячыў. Зуб балеў — зноў да Клумава. Ён усё ўмеў, мама яму ў кожным слове давярала».

Сам жа Клумаў давяраў не кожнаму.

Як толькі аднавілася праца ў бальніцы, ён адразу выйшаў на сувязь з партызанамі. Праз Клумава — ён быў вядомы партызанам пад псеўданімам Самарын — ішлі ў лес медыкаменты, бінты, хірургічныя інструменты, пад наглядам і кіраўніцтвам Клумава былі разгорнутыя два палявыя шпіталі ў лясах. У бальнічнай лабараторыі, у печцы, быў схаваны радыёпрыёмнік — з самага ранку Клумаў слухаў зводкі Інфармбюро, запісваў галоўныя навіны з франтоў і перадаваў праз сувязных. Ён выпісваў «ліпавыя» даведкі аб заразных хваробах пацыентам — і гэтым ратаваў іх ад пільнай увагі карных органаў. Доктар запісваў у карткі маладзёнаў няісныя дыягназы — і тых не чапалі, збіраючы чарговы эшалон у Германію.

Выдаць Клумава магло паў-Мінска. Таму ён асцерагаўся. Скульптар Вольга Бембель успамінала: калі аднойчы да Клумава звярнулася жонка Глебкі Ніна — яна таксама была звязаная з партызанамі, але для прыкрыцця супрацоўнічала з акупацыйнымі ўладамі, — ужо не як перапалоханая мама маленькай дзяўчынкі, а як партызанская сувязная, прапануючы Клумаву перабрацца ў атрад, а адтуль у Маскву, Клумаў асцярожна адказаў: «Нашто мне, Ніна, у Маскву? Там бальшавікі, жыды».

Калі праз некалькі месяцаў з такой самай прапановай да Клумава звярнуўся іншы чалавек — як аказалася, правакатар, — доктар мо ўпершыню ў жыцці памыліўся. Ён пагадзіўся на ўцёкі да партызанаў у кастрычніку 1943-га. Згоду ён нібыта даваў свайму сябру, таксама прафесару, якога ведаў шмат-шмат гадоў. А той яго выдаў немцам.

Трасцянец

У канцлагеры Трасцянец пад Мінскам, куды прывезлі Клумавых, іх адразу ж пазналі. Лагерны доктар прыбег у барак, дзе Клумавым дастаўся куточак на агульных нарах, і забраў іх да сябе, ва ўласны пакойчык пры медпункце.

Клумаў быў ужо немалады, да таго ж хворы на дыябет, дык хто мог і як толькі мог даставаў славутаму доктару праз вольнанаёмных інсулін. Але як было яго з жонкай зберагчы? «Клумавы выглядалі зусім спакутаванымі, асабліва Галіна Мікалаеўна. Пасля допытаў і катаванняў у турме яна трызніла і мала каго пазнавала. Ды і яе цяжка было пазнаць. Ад голаду ў Галіны Мікалаеўны сталі танчэць валасы, яны вылазілі цэлымі пасмамі. Гэта мучыла яе, і яна бясконца папраўляла на галаве дзіравую пуховую хустку», — успамінае відавочца ў апавяданні Уладзіміра Карпава «О, гэтая шчырасць».

Калі ўзімку ў Трасцянцы пачалі рыхтаваць вялікі этап у Германію для працы на нямецкіх заводах, Клумаў упісаў у сваю лагерную картку не толькі наяўныя ў яго хваробы, але і такія, якіх не было. Гэта значыла — усе ведалі, — што ў Германію яго не павязуць, а знішчаць тут: альбо ў машыне-душагубцы, альбо ў расстрэльнай яме. Але кажуць, што нават з такімі запісамі лагернае начальства прапаноўвала яму выехаць у Германію, каб працягваць там лячыць. Клумаў адмовіўся.

Калі па іх прыйшлі з загадам грузіцца ў машыны, Галіна Мікалаеўна заплакала. Клумаў узяў яе за руку і сказаў: «Галя, мы пражылі не самае кепскае жыццё, і гэта — не самы кепскі спосаб яго скончыць».

Доктар Клумаў загінуў 13 лютага 1944 года ў душагубцы, што везла людзей да загадзя пабудаванай печы, у якой палілі целы вязняў Трасцянца. Ён не дажыў да вызваленчай аперацыі «Баграціён» усяго чатыры месяцы.

Удзячнасць і няўдзячнасць

Адразу пасля вайны доктара Клумава залічылі ў «ворагі». Пра гэта ў нас не прынята казаць, бо цяпер Яўген Клумаў — герой-падпольшчык. Але гэта добра памятаюць у сям’і. «Яму не адразу далі ордэн, спачатку запісалі ў ворагі, менавіта таму, што Клумаву давяралі немцы», — тлумачыць Святлана Ганнушкіна. Сапраўды, пасмяротнае званне Героя Савецкага Саюза Яўгену Уладзіміравічу Клумаву далі толькі ў 1965-м.

Зрэшты, і сучаснікі не заўсёды былі ўдзячныя. Чым больш славуты лекар — тым большых цудаў ад яго чакаюць. А не дачакаўшыся, робяць без віны вінаватым. Пісьменнік Валянцін Тарас у мемуарах «На выспе ўспамінаў» распавядаў, як была расчараваная няўсёмагутнасцю Клумава ягоная бабуля — бо той не здолеў уратаваць яе дачку, якая памерла ад заражэння крыві пасля няўдалай цяжарнасці:

«На пачатку чэрвеня 1941 года я ўбачыў чалавека, чыё імя, калі мама ляжала ў бальніцы, паміналася ў нашым доме кожны дзень — прафесара Клумава. Мы з бабуляй ехалі некуды ў трамваі. На адным з прыпынкаў у трамвай увайшоў мажны дзядзечка з сівымі вусамі, у акулярах, у лёгкім шэрым касцюме, у блакітнай кашулі, пры гальштуку; у руцэ ён трымаў саламяны залацісты капялюш. Азірнуўся па баках і сеў насупраць нас, паслабіў вузел гальштука, стаў абмахваць капелюшом успацелы твар. А бабуля раптам учэпіста ўзяла мяне за локаць, сціснула і нягучна, але нейкім дзіўным, напружаным голасам сказала: «Патш, Валюсь, тэн чловек — мордэрца твоей мамусі! Запаментай его тваж!» («Глядзі, Валік, гэты чалавек — забойца тваёй матулі! Запомні ягоны твар!») Дзядзечка глядзеў на нас невідушча, думаючы пра сваё, і раптам прыжмурыў вочы, утаропіўся на бабулю і няўпэўнена кіўнуў ёй галавою — так ківаюць, калі некага і пазнаюць, і не пазнаюць, калі няма ўпэўненасці, што не абазнаўся. Я зірнуў на бабцю і ўбачыў, што яна кусае губы, каб не заплакаць, і слёзы дрыжаць у вачах».

Што ж, нават багоў не памінаюць адным толькі ўдзячным словам. А што ўжо казаць пра доктара, які па сваіх якасцях мусіў быць богам, а быў усяго толькі чалавекам.

Анна Северинец

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930