Найти
14.05.2019 / 23:145РусŁacБел

Кто в Беларуси первым ввел 8-часовой рабочий день

Антоний Стульгинский — директор, который сделал знаменитой Добрушскую бумажную фабрику. О нем пишет историк Витольд Ханецкий.

Антоній Ігнацьевіч Стульгінскі.

Род Стульгінскіх герба «Любіч» здаўна жыў на Ковеншчыне, ды і па ўсёй Літве. У XVII—XVIII стагоддзях прадстаўнікі роду валодалі маёнткамі Майраны, Багузішкі, Жэміголле, Жылаб і Мончы (інакш — Стульгі, Стульгішкі). Такіх родаў былі сотні. Стульгінскія ж вызначыліся найперш дзвюма асобамі. Гэта Аляксандр Стульгінскі (Аляксандрас Стульгінскіс), другі прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі, і наш герой, Антоній.

Антоній-Караль Стульгінскі нарадзіўся 27 красавіка 1851 года (па старым стылі 15 красавіка) у горадзе Цельшы ў Літве. Яго бацькі Ігнацій-Ксаверый і Карнэлія з Люткевічаў выхоўвалі дзяцей у павазе да старых традыцый Рэчы Паспалітай.

Акрамя Антонія-Караля, у іх было яшчэ двое малодшых дзяцей — Тадэвуш-Мар’ян і Войцех-Сільван. Вядома, што Антоній скончыў гімназію ў Шаўлях (цяпер Шаўляй на поўначы Літвы). У 1863 годзе ягоны бацька, чыноўнік канцылярыі старшыні павятовага дваранскага сходу, узяў удзел у паўстанні Каліноўскага, быў асуджаны і высланы ў Сібір.

У такой сітуацыі маладыя Стульгінскія маглі разлічваць толькі на ўласныя сілы і розум. Антоній вучыўся ў пецярбургскім Тэхналагічным інстытуце на хімічным факультэце і скончыў яго ў 1873 годзе. Удзельнічаў у будаўніцтве Бабінскай папяровай фабрыкі, а з 1875 года заняў сціплую пасаду тэхнолага на Краснасельскай папяровай фабрыцы пад Пецярбургам.

Люцыя з Гадлеўскіх Стульгінская (першая жонка) з сынам Уладзімірам, 1878 год.

Падчас аднаго з візітаў на радзіму ён пазнаёміўся з зямлячкай Люцыяй-Вольгай Гадлеўскай, з якой неўзабаве і ажаніўся. Праз год — у 1877-м — у іх нарадзіўся першы сын, якога назвалі Уладзімірам-Фердынандам.

Адмовіць Паскевічу асабіста

Усё часцей Антоній прыходзіў дадому расчараваны. Вось ужо трэці год ён працаваў немаведама кім: не падабаліся яму ні асяроддзе, ні ўмовы. У студэнцкія часы ён марыў зусім пра іншае. Чалавек энергічны, удумлівы і вельмі амбітны, Антоній заўжды хацеў арганізаваць штосьці сваё, стварыць ад самага пачатку альбо паўдзельнічаць у нейкім вялікім праекце. І лёс, відавочна, быў на ягоным баку. Нечакана Стульгінскі атрымаў тэлеграму: «Прашу неадкладна прыбыць у Пецярбург. Палац князя Івана Паскевіча прапануе цудоўнае месца. Горача раю прыняць». Тэлеграма была падпісана старым прафесарам Тэхналагічнага інстытута Зарыбіным.

Прачытаўшы тэлеграму, Антоній з раздражненнем кінуў яе на стол. Не мог дараваць спадчыннай крыўды: некалькі яго сваякоў моцна пацярпелі праз генерала-фельдмаршала Івана Паскевіча, якога многія на беларуска-літоўскіх і польскіх землях лічылі катам. Цяжка было забыцца і на тое, што родны бацька і цесць, імкнучыся да вызвалення свайго краю, трапілі ў Сібір.

Але спрацавала мудрая правакацыя жонкі, якая спакойна заўважыла:

— Так ці інакш, тут ці ў іншым месцы, але ты працуеш у расіян.

— Але не ў Паскевіча! — запярэчыў Антон.

— Мусіш ехаць, — настойвала яна, — хаця б з павагі да свайго прафесара. А прыедзеш — будзеш мець сатысфакцыю адмовіць Паскевічу асабіста!

І ўжо праз дзень Стульгінскі ўпэўнена крочыў праз амфіладу салонаў Паскевічавага палаца на Няве. Настроены на барацьбу…

Зірнуўшы на Фёдара Паскевіча, Антоній прамовіў сам сабе: «Нягоднік і сын нягодніка, зараз ён пакажа сваё сапраўднае аблічча!» Але быў збянтэжаны прыязным, нават рахманым тонам малодшага Паскевіча. Не так ён уяўляў сабе сына «людажэра» — той аказаўся антыподам бацькі, тактоўным і высокаадукаваным, і прыязна ставіўся да простых людзей. З успамінаў вядома, што большасць работнікаў яго фабрыкі складалі каталікі — беларусы і палякі: Паскевіч наймаў іх на знак прымірэння за крыўды бацькі. Яго жонка Ірына засноўвала прытулкі для бедных, сірот, падтрымлівала адукацыйныя ўстановы, а пасля рэвалюцыі засталася ў Гомелі, жыла ў доме мясцовых жыхароў — і бальшавікі яе не чапалі, бо ў княгіні хапала абаронцаў.

У пачатку сустрэчы тон Стульгінскага яшчэ быў напружаны і востры, але Паскевіч здолеў прывесці пераканаўчыя довады, чаму Антонію варта было б узначаліць папяровую фабрыку ў Добрушы. Так і пачаўся новы этап яго жыцця.

Святы для рабочых

Стульгінскі з імпэтам узяўся за справу. У Добрушы ён яўна быў на сваім месцы: за першыя пяць гадоў фабрыка дабілася ашаламляльных поспехаў і стала найбуйнейшай у імперыі. Калі Антоній толькі пачынаў працаваць у Добрушы, на фабрыцы была адна паравая машына, але ўжо ў 1915-м мелася найноўшае тэхнічнае абсталяванне і працавала амаль 1 500 чалавек, забяспечаных неверагоднымі для таго часу сацыяльнымі выгодамі. У штаце пры фабрыцы працавалі фельчар, доктар і правізар. Была арганізавана бальніца і аптэка. Паслугамі доктара і лекамі з фабрычнай аптэкі бясплатна карысталіся, акрамя рабочых фабрыкі, іх сем’і. Жыллёвае пытанне таксама не стаяла. Пры фабрыцы працаваў уласны прадуктовы склад, адкуль працаўнікі куплялі прадукты на 15—20 % танней, чым у краме. Усе работнікі былі застрахаваныя ад няшчасных выпадкаў. Пасля адпрацоўкі на фабрыцы пяцігадовага стажу кожны супрацоўнік пры звальненні меў права на выхадную дапамогу. А пры ўвядзенні на фабрыцы 8-гадзіннага працоўнага дня ўсе работнікі захавалі свае заробкі, якія атрымлівалі за 12-гадзінную працу.

Дамы для рабочых Добрушскай фабрыкі, якія збудаваў Стульгінскі. Фота Сяргея Гудзіліна.

У 1905 годзе ў гонар увядзення 8-гадзіннага працоўнага дня і для заахвочвання студэнтаў Паскевічы выдзелілі сродкі ды заснавалі ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе некалі вучыўся дырэктар фабрыкі Стульгінскі, стыпендыю яго імя.

У сямейным жыцці, праўда, хапала ўсялякага. У красавіку 1880-га ў Стульгінскіх нарадзіўся другі сын, якога назвалі Генрык-Ігнацій. Але менш чым праз год пасля гэтага Люцыя памерла. Антоній застаўся адзін з двума малымі. Пад уплывам сваякоў і сяброў наважыўся на другі шлюб.

Генрык Стульгінскі.

Сасваталі яму Эмілію Нагурскую, дзяўчыну з заможнай сям’і і далёкую сваячку першай жонкі. Гэты шлюб па разліку аказаўся вельмі шчаслівы. Эмілія любіла пасынкаў, але ўласных дзяцей з Антоніем Стульгінскім у яе не было.

На тэрасе дома ў Добрушы (злева направа): Эмілія з Нагурскіх Стульгінская (другая жонка), Генрык Стульгінскі (сын), жонка Генрыка Зоф’я з Кушалеўскіх, Антоній Стульгінскі.

Тым часам дзякуючы сваёй працавітасці Антоній Стульгінскі зрабіўся вельмі заможным чалавекам. У 1883 годзе ён набыў вялікі маёнтак Малыя Дэмбы з 500 дзесяцінамі зямлі ля Мінска-Мазавецкага, за 60 кіламетраў ад Варшавы. Але жыў у Добрушы. Па словах людзей, якія бывалі ў Стульгінскіх, атмасфера ў доме была светлай. Хоць сам Антоній-Караль меў даволі круты нораў, але заўжды быў гатовы пажартаваць і распавесці вясёлую гісторыю, на любы выпадак у яго знаходзіліся смешныя прымаўкі. У доме ніколі не пераводзіліся госці і візіцёры, сваякі і сябры. На Божае Нараджэнне работнікі фабрыкі прыносілі Стульгінскім вялікую яліну, але свята праходзіла ў вузкім коле самых блізкіх. Затое на Новы год у калідоры граў фабрычны аркестр, за святочным сталом сярод сваякоў і сяброў гаспадара сядзелі дробныя кіраўнікі і прадстаўнікі рабочага калектыву, а пасля вячэры пачыналася раздача святочных падарункаў. Стульгінскі непрыкметна падаваў знак музыкам, і пад вальс «Над мудрым Дунаем» пачыналіся танцы… На наступны дзень ладзілася свята для дзяцей працаўнікоў фабрыкі, а іх было нямала.

Магіла Антонія Стульгінскага на беразе ракі Іпуць у Добрушы, 1916 год.

Апошні баль адбыўся на мяжы 1914—1915 гадоў. А 19 чэрвеня 1915-га Антоній Стульгінскі пакінуў гэты свет: як сведчыць акт аб смерці, ён памёр ад стэнакардыі. Яшчэ праз два гады, у бурлівым 1917-м, склеп з яго целам быў ускрыты, труна пашкоджана. Шукалі золата…

Змыла паводкаю

Упершыню пра гэтага выдатнага чалавека беларусам распавёў гісторык Андрэй Кіштымаў. Але многае, у прыватнасці акалічнасці асабістага жыцця бізнэсоўца, застаецца і дагэтуль невядомым. Заслону таямніцы прыадчыняюць архіўныя дакументы, успаміны сучаснікаў, а таксама аўтабіяграфічная кніга ўнучкі, Зоф’і Стульгінскай, пад назвай «Грушы на вярбе». Безумоўна, цікава паглядзець на постаць Стульгінскага і ягонай сям’і не толькі праз сухія лічбы яго прадпрымальніцкага таленту.

Старэйшы сын Стульгінскага, Уладзімір, стаў інжынерам-чыгуначнікам і правёў каля васьмі гадоў на будоўлях дарог у самых аддаленых правінцыйных раёнах Расіі. Пазней ён працаваў у пецярбургскай кампаніі свайго цесця Калянкоўскага, знакамітага бізнэсмена-фабрыканта, які паходзіў з беларускіх зямель. Рэвалюцыю сустрэў у Фінляндыі, адкуль у 1919 годзе з’ехаў з сям’ёй у Польшчу. Жыў у горадзе Быдгашч. Там ён стварыў невялічкую фірму, заснаваў аўтамабільны клуб, займаўся грамадскай дзейнасцю пад кіраўніцтвам нашага слыннага земляка Эдварда Вайніловіча. У Быдгашчы і памёр ад інсульту ў 1936 годзе. У яго засталася дачка Зоф’я, вядомая ў Польшчы журналістка і пісьменніца.

Добрушская папяровая фабрыка. Фота Сяргея Гудзіліна.

Генрык Стульгінскі, малодшы сын Антонія, пайшоў па слядах бацькі. Сухаваты, рэзкі, ён займаўся справамі Добрушскай фабрыкі, стаў намеснікам Антонія Стульгінскага, а пасля яго смерці — дырэктарам. Ён быў настолькі практычны, што нават падчас рэвалюцыі здолеў захаваць свае капіталы, што дазволіла яму пасля ўкласці грошы ў розныя праекты ў Польшчы. Жыў у бацькавым маёнтку Малыя Дэмбы, дзе і памёр у 1950 годзе.

Да нашых дзён магіла Стульгінскага ў Добрушы не захавалася: у 20-я гады мінулага стагоддзя яе змыла паводка Іпуці.

 

Витольд Ханецкий

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930