Найти
17.03.2019 / 20:511РусŁacБел

«Хрэн табе ў вочы!»: так кто же написал «Пинскую шляхту»?

Ответ ищет преподаватель Полесского государственного университета, кандидат физико-математических наук из Пинска Александр Ильин.

Практычна безнадзейна змагацца з карпаратыўнай салідарнасцю літаратуразнаўцаў і гісторыкаў, калі паддаеш сумневу звесткі, ужо запісаныя ў школьныя падручнікі як безумоўная ісціна.

Пінская шляхта сярэдзіны XVIII стагоддзя. Старонка метрычнай кнігі касцёла Пінскага кляштара францысканцаў, 1745 год.. Фота: НГАБ.

Аўтарам знакамітага вадэвіля «Пінская шляхта» лічыцца Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Удумлівыя літаратуразнаўцы, аднак, звяртаюць увагу вось на што.

1) П’еса моцна вылучаецца сярод іншых твораў Дуніна-Марцінкевіча сваімі арыгінальнымі мастацкімі прыёмамі, больш высокім мастацкім узроўнем, а таксама нечаканай і невытлумачальнай мовай твора — пінскай гаворкай, якая значна адрозніваецца ад літаратурнай беларускай мовы.

2) Шляхціц (герб «Лебедзь») Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які велізарнымі намаганнямі дамогся пацвярджэння дваранства і ідэалізаваў у сваіх іншых творах шляхту, раптам рэзка яе выкрыў і высмеяў у знакамітай п’есе.

Дунін-Марцінкевіч быў з цэнтральнабеларускай шляхты і ўсё жыццё пражыў на Міншчыне. Вельмі неверагодна, што ён адзіны са сваіх твораў напісаў на чыстым пінскім дыялекце. Карціна Эдуарда Рымаровіча. Фота: minoblturism.gov.by.

Сенсацыяй стаў артыкул прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ніны Мячкоўскай «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч не быў аўтарам вадэвіля «Пінская шляхта»», апублікаваны ў 2000 годзе ў венскім часопісе Wiener Slawistischer Almanac. Мячкоўская паказала: напісаць такі таленавіты твор на літаратурна не распрацаванай мове мог толькі смелы чалавек з выключнымі здольнасцямі да моў, які доўга пражыў на Піншчыне і добра валодаў мясцовай гаворкай. Цяжка зразумець, з якога перапуду Дунін-Марцінкевіч браўся б за такую звышскладаную задачу — напісаць адзін твор на пінскай гаворцы.

Віктар Манаеў у ролі Прыстава Кручкова ў спектаклі «Пінская шляхта» тэатра імя Янкі Купалы. Фота: kupalauski.by.

На наш погляд, адзіным сур’ёзным недахопам публікацыі прафесара Мячкоўскай з’яўляецца тое, што ў канцы артыкула яна няпоўна абрысавала выніковы вобраз меркаванага аўтара, лічачы яго юрыстам, супрацоўнікам суда.

З артыкула паўстае зусім іншы вобраз аўтара вадэвіля:

1) таленавіты пісьменнік, які даволі доўга пражыў на Піншчыне і выкарыстоўваў пінскую гаворку ў жыцці;

2) дапытлівы і адукаваны чалавек са здольнасцямі да моў, які ведаў жыццё простых пінчукоў;

3) чалавек рускай культуры, які добра арыентаваўся ў мясцовых судовых справах.

Які чалавек тады мог бы адпавядаць такім крытэрыям? Напрыклад, мясцовы праваслаўны святар.

У 2005 годзе група навукоўцаў з БДУ ўступіла ў завочную палеміку з прафесарам Мячкоўскай. Пераканаўчых контраргументаў у іх не знайшлося. Апаненты спрабавалі злавіць Мячкоўскую на дробных памылках. Гэта распаўсюджаная тактыка: знайсці дробную хібу і сканцэнтраваць на ёй усю ўвагу, каб падарваць давер да ўсяго артыкула і да яго аўтара. Таксама апаненты Мячкоўскай падкрэслівалі, што мовазнаўцу, нават добраму, не варта лезці ў літаратуразнаўства, якое трэба пакінуць прафесіяналам. Нават абвінавацілі заслужанага навукоўца-філолага ў плагіяце. Зразумець іх можна: у свой час яны самі ўшчыльную падышлі да ідэі, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч не з’яўляецца аўтарам вадэвіля, але не хапіла смеласці яе сфармуляваць і абнародаваць.

Артыкул прафесара Мячкоўскай даў і мне штуршок да вывучэння гісторыі стварэння «Пінскай шляхты».

У Пінску ў 60-я гады ХІХ стагоддзя ўзнік праваслаўны гісторыка-этнаграфічны гурток, яго ўзначаліў заўзяты барацьбіт з польскім уплывам, пінскі благачынны Васіль Грудніцкі. Членамі гуртка былі святары Платон Ціхановіч, Дзмітрый Булгакоўскі, Фелікс Дружылоўскі, Ян Акаронка і, магчыма, дырэктар гімназіі Стэфан Куклінскі, настаўнік Міхаіл Загароўскі, інспектары народных вучылішчаў Мікалай Акаронка і Яўстафій Тарановіч. Натуральна было шукаць аўтара «Пінскай шляхты» сярод членаў гуртка. Спачатку я звярнуў увагу на Платона Ціхановіча і Стэфана Куклінскага. Праўда, сур’ёзных аргументаў на карысць іх аўтарства не было, акрамя таго, што першы з іх напісаў першую палескую граматыку — на аснове гаворкі вёскі Лунін Пінскага павета (на жаль, яна засталася ў рукапісе, ён захоўваецца ў Літоўскім гістарычным архіве). А другі збіраў фальклор на Падляшшы.

Даследчык берасцейскіх і пінскіх дыялектаў Фёдар Клімчук.

Але ў 2010 годзе найбуйнейшы знаўца палескіх гаворак Фёдар Клімчук у часопісе «Гістарычная брама: Гісторыя і культура Палесся» апублікаваў артыкул «Пра мову п’есы «Пінская шляхта»», у якім робіць такія высновы:

1) Мова «Пінскай шляхты» — гэта стройная сістэма, а не якая-небудзь неўпарадкаваная «сумесь» ці стылізацыя.

2) У мове «Пінскай шляхты» найбольш значныя два кампаненты: а) мясцовая берасцейска-пінская гаворка і б) старая ўсходнеславянская (старабеларуская і стараўкраінская) пісьмовая традыцыя.

3) Для мовы «Пінскай шляхты» характэрная такая рыса, як наяўнасць галоснага ўмляўта ў пэўнай пазіцыі.

4) Аўтарам «Пінскай шляхты» мог быць мясцовы, а мог быць і выхадзец з іншага рэгіёна. У другім выпадку ён доўга жыў на Піншчыне і засвоіў мясцовую гаворку. Другі варыянт больш верагодны.

Вось для прыкладу кавалак з твора (правапісам арыгінала):

«Ой, так! Нэхай ганыт батько, нехай лает маты, а я люблю Грыцька и любити его вик буду… Шчо се за дур напав на батькоў? По пьяну завэлыса дай побылыса с собою за шляхецьтво, а мы с Грыцьком чрез то горуем да унываем. Его батько подаў на мого ў суд жалобу, и сигодня прыидет ў околыцю Найяснейшая Корона* на слидство. В ним цылое наше спасэнье… А вюн таки сырдиты, нэ допущай бог! Як наставыт одын вус угору, а другы вныз, як зыркнэ одным своим воком, а крыкнэ: по найяснэйшому указу! — то батьки злякаютса і сладят нам высилье.

* Найяснейшай Каронай шляхта называла работнікаў суда, якіх прызначаў урад («карона»)».

Выяўленне Фёдарам Клімчуком у мове «Пінскай шляхты» ўмляўта дазволіла яму выказаць гіпотэзу: п’еса напісана на гаворцы вёскі Купяцічы, якая месціцца побач з Пінскам. Сяло славілася цудатворнай іконай Купяціцкай Божай Маці — святыняй Палесся. А мне ўдалося выявіць, што расійскі пісьменнік, палескі этнограф і фалькларыст Дзмітрый Булгакоўскі, укладальнік і аўтар знакамітага фальклорнага зборніка «Пінчукі», быў адзін час святаром вёскі Купяцічы!

Цікава таксама, што Булгакоўскі ў сваёй фундаментальнай працы падкрэсліваў, што характэрнай рысай пінскай гаворкі з’яўляецца якраз «умляўт»!

Гук умляўт адсутнічае ў суседніх славянскіх мовах, але ён ёсць у нямецкай: гэта сярэдні гук паміж «ю» і «і». У арыгінале п’есы ён абазначаны літарай «ю», часам спалучэннем «iо»: «вюн» — ён, «вюна» — яна, «тюльку» — толькі. Карта мясцовасцяў, дзе для гаворак быў характэрны ўмляўт. Яе склаў Фёдар Клімчук.

Уражаны такой колькасцю супадзенняў, я напісаў новыя артыкулы пра магчымае аўтарства «Пінскай шляхты» ў «Краязнаўчай газеце» і ў часопісе ўкраінцаў Польшчы «Над Бугом і Нарвою». І на гэты раз адказ універсітэцкіх абаронцаў аўтарства Дуніна-Марцінкевіча меў «забойчы» аргумент: аказваецца, іх апанент, па прафесіі матэматык, мае не тую адукацыю і паходжанне, да таго ж часта друкуецца ў раённых і іншых дробных газетах.

На жаль, пакуль у мяне няма прамых доказаў таго, што Дзмітрый Булгакоўскі з’яўляецца аўтарам «Пінскай шляхты». Аднак ёсць некалькі дзясяткаў аргументаў на карысць гэтай версіі.

Дзмітрый Булгакоўскі. Фота: з кнігі Г.Шчаглова «Печальник о благе народном».

Прывядзём прыклады некаторых (на ўсе ў нас проста не хопіць месца). Спачатку яшчэ раз адзначым, што ў будучыні, з’ехаўшы з Купяцічаў і адмовіўшыся ад святарскага сану, Дзмітрый Булгакоўскі стаў даволі вядомым і пладавітым свецкім пісьменнікам і публіцыстам (у каталогу Расійскай нацыянальнай бібліятэкі яго творы складаюць 252 пазіцыі).

У сваіх творах пісьменнік апісваў штодзённасць розных саслоўяў. У аповесці «Блізняты» ён крытычна апісаў разгульнае жыццё маскоўскай арыстакратыі. У аповесці «У баку ад жыцця» выкрывае сучаснае яму духавенства, акцэнтуе яго заганы. Галоўная тэма публіцыстычных твораў Дзмітрыя Булгакоўскага — барацьба з п’янствам і, як вынік, змаганне за моцную сям’ю. Аўтар «Пінскай шляхты» таксама іранічна і насмешліва ставіўся да п’янства. А тэма шчаслівага кахання і сям’і — адна з галоўных у п’есе.

Дзмітрый Булгакоўскі нарадзіўся ў горадзе Ялец Арлоўскай губерні. У 1869 годзе ён скончыў Мінскую духоўную семінарыю і ўвосень таго ж года пасвечаны ў сан святара Морацкай царквы Мазырскага павета. У 1870 годзе пераведзены ў Пінск, дзе служыў святаром Свята-Фёдараўскай царквы. Адначасова малады святар выкладаў царкоўнаславянскую і рускую мовы ў Пінскім духоўным вучылішчы, пісаў падручнікі па рускай мове для пачатковых школ.

За 3—4 гады Дзмітрый Булгакоўскі аб’ездзіў усю Піншчыну. Вывучаючы яе, ён сабраў багаты фальклорны і этнаграфічны матэрыял, і ўжо да сакавіка 1874 года быў гатовы да публікацыі яго знакаміты фальклорны зборнік «Пінчукі». Дзмітрый Булгакоўскі пісаў у «Пінчуках»: «Мова песні, якая часта адгукаецца глыбокай рускай даўніной, гэтак жа, як і жывая гаворка пінчука, маючы найвялікшае падабенства з маларасійскай гаворкай, заключае ў сабе масу такіх старажытнаславянскіх, царкоўнаславянскіх і старарускіх слоў, якія мы не знаходзім ні ў маларасійскай гаворцы, ні тым больш у беларускай; у фанетыцы мовы і ў граматыцы яе мы сустракаем такія элементы, якіх не існуе ў згаданых гаворках».

Гэтая цудоўная ікона «Звеставанне» другой паловы ХVІІІ стагоддзя вісела ў царкве вёскі Купяцічы Пінскага раёна і ў той час, калі была створаная «Пінская шляхта». Фота: Wikimedia Commons.

15 лютага 1874 года Дзмітрый Булгакоўскі памяняўся пасадай з настаяцелем Купяціцкай царквы Феліксам Дружылоўскім. Служачы ў Купяцічах, пісьменнік удзельнічаў у некалькіх царкоўных цяжбах, перасварыўся з многімі мясцовымі праваслаўнымі святарамі (Міхалевічам, Дружылоўскім, Тарановічам, Акаронкам і інш.), якія паходзілі з пінскай шляхты. Праз гэта ён вымушаны быў пакінуць Піншчыну. Вось вам і асабістыя падставы не любіць пінскую шляхту: і яе дробязнасць, і прагнасць, і пыхлівасць, і страх, і рабалепства перад начальствам…

Вёска Купяцічы — старажытная. Яна ўпершыню згадваецца аж у 1182 годзе — у сувязі з набыццём дзяўчынкай Ганнай цудатворнага крыжа з выявай Багародзіцы, якая стане для палешукоў абразом Божай Маці Купяціцкай. Доўгі час Купяцічы будуць цэнтрам веры: тут два стагоддзі існаваў манастыр, жыхары Купяціч ганарыліся сваім мінулым і спрадвечнай гаворкай. Фота: radzima.org.

Мае апаненты спрабуюць прывязаць месца дзеяння «Пінскай шляхты» да сяла Альпень Столінскага раёна, але ж насельніцтва яго размаўляе на зусім іншай гаворцы. Акрамя таго, яны забываюцца, што Марыся збіралася тапіцца ў Прыпяці, якая ад Альпеня далекавата. Для альпенскай дзяўчыны лагічным было б звяртаць свой погляд на недалёкую Гарынь.

Але як патлумачыць тое, што прозвішчы галоўных герояў альпенскія? У сучасным Альпені жывуць і Пратасавіцкія, і Ліпскія з прыдомкам Цюхаі, ды і прозвішча Альпенскі ў п’есе сустракаецца…

Адказы на гэта пытанне могуць быць розныя і зоймуць цэлы артыкул. Магчыма, аўтар спецыяльна хацеў заблытаць тых, хто імкнуўся яго ідэнтыфікаваць. Або звесці асабістыя рахункі. Або проста выкарыстоўваў распаўсюджаныя ў рэгіёне прозвішчы (напрыклад, у пінскай гімназіі выкладаў настаўнік Альпенскі). І гэтак далей.

Застаецца шмат і іншых да канца не вырашаных пытанняў, звязаных з «Пінскай шляхтай», напрыклад час яе напісання. Вядомы гісторык Аляксандр Ельскі ў свой час указваў на 1866 год, не прыводзячы ніякіх дакументальных пацвярджэнняў. Але Дунін-Марцінкевіч наўрад ці мог напісаць у 1866 годзе не толькі «Пінскую шляхту», але і любы іншы твор. Не да літаратурнай творчасці яму было тады: толькі што выйшаў з турмы, якая пахіснула здароўе, сямейныя праблемы… Толькі ў 1867 годзе Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч трохі ачуняў: паслаў (не напісаў) ва ўрадавы «Віленскі веснік» даўно напісаную аповесць «Быліцы, аповед Навума Прыгаворкі», але перапісаную кірылічнымі літарамі. Мала таго, прапаноўваў газеце супрацоўніцтва. Гэта была не толькі спроба падзарабіць, але і сігнал уладам пра сваё вернападданіцтва. І яго можна зразумець: трэба было зняць з сябе паліцэйскі нагляд і ратаваць любую дачку Камілу, сасланую на 10 гадоў у Салікамск. Ці мог ён тады пісаць «Пінскую шляхту» з яе рэзкай крытыкай уладаў, тым больш судовых?

Па нашай версіі, «Пінская шляхта» напісана не раней за 1875 год, але, думаецца, і не пазней за 1879 год. Вядома, літаратуразнаўцы могуць запярэчыць, успомніўшы ліст Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча мовазнаўцу і этнографу Яну Карловічу, у якім беларускі класік пісаў пра тое, што нейкі шляхціц вязе ў Вільню для чытання рукапісы, у прыватнасці і «Пінскай шляхты» (пры гэтым пісьменнік не кажа пра знакамітую п’есу як пра ўласны твор!). На жаль, гэты ліст аўтарам не датаваны. Аднак на ім рукой Карловіча напісана, што ён адказаў на ліст 11 студзеня 1869 года. Але тут яўная памылка або апіска, бо існуе і іншы ліст Марцінкевіча Карловічу з такой жа пазнакай апошняга! Я спецыяльна паехаў у Львоў, дзе захоўваюцца абодва лісты. Па-першае, яны напісаныя на рознай паперы, па-другое, почырк Дуніна-Марцінкевіча ў іх значна адрозніваецца, яны яўна пісаліся не ў адзін год. Магчыма, Карловіч у канцы жыцця, перабіраючы свой архіў, паблытаў даты напісання лістоў і замест, напрыклад, 1879 года напісаў 1869.

Бо тое, што ліст з адзіным упамінаннем «Пінскай шляхты» датуецца прыблізна 1879 годам, відаць і з яго зместу. Дунін-Марцінкевіч звяртаецца да Карловіча як да вялікага аўтарытэта ў галіне народнай літаратуры. Пры гэтым да 1869 года ў Яна Карловіча выйшла ўсяго адна кніга, і тая па гісторыі Іспаніі. Затое да канца 70-х Карловіч выдае многія свае значныя навуковыя працы.

Прывядзём яшчэ адзін аргумент за тое, што «Пінская шляхта» напісана пасля 1875 года. Тыпалагічна камедыя Дуніна-Марцінкевіча блізкая да п’есы ўкраінца Марка Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні» 1875 года. Магчыма, менавіта п’еса Крапіўніцкага аказала ўплыў на аўтара «Пінскай шляхты».

Думаецца, што нас наперадзе чакаюць новыя сюрпрызы і адкрыцці ў разгадцы аўтарства «Пінскай шляхты». Магчыма, мая гіпотэза, што яе напісаў Булгакоўскі, і памылковая. Але я ўпэўнены, што аўтарам быў і не Дунін-Марцінкевіч.

Александр Ильин

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930