Найти
30.03.2019 / 13:185РусŁacБел

Роман Скирмунт: потерянный шанс БНР

Могла в 1918 году судьба Белорусской Народной Республики сложиться иначе? Могла тогда Беларусь, как Литва или Польша, стать независимой? Доктор исторических наук Александр Смоленчук видит потерянный шанс на это, анализируя биографию Романа Скирмунта.

Раман Скірмунт, 1930-я. Цікава, што паспяховы палітык Раман Скірмунт не меў закончанай асветы. Ён вучыўся ў Рыжскай гарадской гімназіі, але ў 15 гадоў вярнуўся дадому.

Беларуская гісторыя ХХ стагоддзя была гісторыяй без Скірмунтаў і Радзівілаў. Падчас рэвалюцыі 1917—1918 гадоў перамагла радыкальная сацыялістычная дактрына, якая абярнулася фізічным вынішчэннем «буржуяў» і старой інтэлігенцыі. Разам з імі знішчаліся традыцыі шляхецтва ў культурным і палітычным жыцці.

Памешчык, прадпрымальнік, краёвец

Раман Скірмунт (1868—1939) належаў да вядомага роду, які з XVI стагоддзя валодаў землямі на Палессі, а ў ХІХ стварыў у Парэччы на Піншчыне буйны прамысловы комплекс і ператварыўся ў дынастыю прадпрымальнікаў. Раман Скірмунт удзельнічаў у кіраванні гаспадаркай маёнтка з 15 гадоў, а пры канцы ХІХ стагоддзя стаў яе галоўным менеджарам.

У палітыку ён прыйшоў у перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, калі імперыя пераўтваралася ў парламенцкую манархію, а былыя «падданыя» сталі прэтэндаваць на ролю «грамадзян» сваёй айчыны. Айчынай Рамана Скірмунта была гістарычная Літва, і пачатак яго кар’еры як палітыка быў звязаны з «краёвай ідэяй». Краёўцы верылі ў магчымасць федэрацыі народаў Вялікага Княства Літоўскага.

Чытайце таксама:

Дзіўная сям'я і незвычайнае каханне Рамана Скірмунта — чалавека, які мог уратаваць БНР

На чале беларускага руху

Дэпутатам Дзяржаўнай Думы Раман Скірмунт стаў у 1906 годзе. Тады ён увайшоў у склад дэпутацкай групы «Краёвае кола Літвы і Русі» («Група заходніх ускраін»). Яна аб’ядналася з дэпутатамі ад польскіх губерняў, склала ядро парламенцкай групы аўтанамістаў і адстойвала інтарэсы беларуска-літоўскіх памешчыкаў.

З беларускім рухам Скірмунт зблізіўся пры канцы 1916 года пад уплывам Максіма Багдановіча. Паэт працаваў сакратаром у губернскім камітэце па харчаванні, якім кіраваў Скірмунт. Пра ролю Багдановіча ў гэтым «прыцягненні» палескага памешчыка заявіў следчым АГПУ (справа «Саюза вызвалення Беларусі») Аркадзь Смоліч, які быў вельмі блізкім да Багдановіча ў менскі перыяд яго жыцця. У выніку Скірмунт апынуўся ў эпіцэнтры маладога руху за незалежнасць Беларусі. Калі ствараецца Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), Скірмунт — нядаўні дэпутат і адзін з самых багатых людзей Беларусі — натуральным чынам узначаліў яго.

Менавіта Скірмунт адным з першых загаварыў пра аўтаномію Беларусі ў межах дэмакратычнай і федэратыўнай Расіі. Разумеючы важнасць адзінства ўсіх наяўных палітычных сіл, ён здолеў паразумецца з беларускімі сацыялістамі, а таксама прывёў у БНК людзей заможных: княгіню Марыю Магдалену Радзівіл, князя Антонія Радзівіла, князя Гераніма Друцкага-Любецкага, землеўласніка Эдварда Вайніловіча.

Першымі апанентамі Скірмунта былі палітыкі рэвалюцыйнай Расіі, якія па-ранейшаму глядзелі на Беларусь як на «Северо-Западный край исконно русских земель». Перамовы пра аўтаномію cкончыліся няўдачай. Гэта, а таксама хуткі рост папулярнасці найбольш сацыяльна-радыкальных палітычных сіл разбурыла адзінства беларускай эліты. Сацыялісты дамагліся выдалення з БНК прадстаўнікоў арыстакратыі і шляхты, а таксама адстаўкі Рамана Скірмунта з пасады кіраўніка. У ліпені 1917 года яны замянілі БНК Цэнтральнай радай беларускіх арганізацый, якая аказалася нежыццяздольнай.

Альтэрнатыва сацыялізму

Другі прыход Скірмунта ў беларускую палітыку адбыўся ўжо ў лютым 1918-га ва ўмовах нямецкай акупацыі. 25 лютага ў Менску з яго ініцыятывы паўстала Менскае беларускае прадстаўніцтва (МБП). У склад кіраўнічага камітэта ўвайшлі Раман Скірмунт, протаіерэй Менскай епархіі Стэфан Кульчыцкі (у будучыні адзін з «матораў» стварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы), генерал Кіпрыян Кандратовіч, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, Павел Аляксюк, Рамуальд Зямкевіч ды іншыя. Прадстаўніцтва ўголас загаварыла пра незалежнасць Беларусі. Шукаючы саюзнікаў, яно пачало наладжваць адносіны з нямецкімі ўладамі.

Савецкая гістарыяграфія асуджала ўсе кантакты паміж дзеячамі беларускага руху і нямецкай адміністрацыяй.

Аднак, ацэньваючы «нямецкі кірунак» замежнай палітыкі БНР, трэба зыходзіць з інтарэсаў не савецкай улады, а беларускай зямлі і яе народа.

Расійскае кіраўніцтва катэгарычна не прымала ідэю незалежнасці Беларусі. Каб беларуская дзяржава адбылася, ёй патрэбныя былі саюзнікі.

Зразумела, што і нямецкае войска не прыйшло ў Беларусь дзеля яе вызвалення. Найбольш немцаў цікавілі рэсурсы дзеля патрэб германскай эканомікі. Але ў той жа час немцы беларусаў заўважалі. Менавіта на тэрыторыі нямецкай акупацыі ўпершыню з’явіліся беларускія школы, а «беларускае пытанне» абмяркоўвалася на еўрапейскіх форумах, за якімі стаяў Берлін.

18 сакавіка 1918 года Раман Скірмунт, Павел Аляксюк і Рамуальд Зямкевіч ад імя «Беларускага камітэта» накіравалі германскаму рэйхсканцлеру пратэст, у якім адкідалі прэтэнзіі суседніх краін на беларускія землі і заяўлялі пра незалежнасць Беларусі. Пры гэтым падкрэслівалася, што беларуская дзяржава будзе абапірацца на «заходнюю культуру і яе прадстаўніцу — Германскую імперыю». Немцы, якія ігнаравалі ранейшыя падобныя пратэсты беларускіх сацыялістаў, гэтым разам на зварот адказалі, прызнаючы (!) справядлівасць беларускіх прэтэнзій. У беларускім руху з’явілася палітычная сіла, якая пачала дыялог з Берлінам, маючы на мэце дасягненне незалежнасці.

Спроба сфарміраваць урад БНР

Між тым 25 сакавіка 1918 года Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату, якая абвяшчала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Каб гэтая дэкларацыя ажыццявілася, трэба было дамагчыся прызнання незалежнасці з боку «вялікіх дзяржаў». Беларускі камітэт у Вільні (Антон Луцкевіч), а таксама Народны сакратарыят БНР у Менску (Язэп Варонка) разлічвалі перадусім на Германію, якая ўжо прызнала незалежнасць Літвы і падтрымлівала Украінскую Народную Рэспубліку. Пры гэтым сацыялісты разумелі, што з немцамі лягчэй, чым ім самім, будзе дамовіцца Скірмунту і Менскаму беларускаму прадстаўніцтву.

Каб актывізаваць «нямецкі кірунак» замежнай палітыкі, сацыялістычная Рада БНР 12 красавіка прыняла ў свой склад камітэт Менскага беларускага прадстаўніцтва. Праз два тыдні, 26 красавіка, па ініцыятыве Скірмунта на імя імператара Вільгельма ІІ была адпраўлена тэлеграма з падзякай за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага панавання і спадзяваннем на падтрымку беларускай дзяржаўнасці. Аўтарам тэксту быў Язэп Варонка. Немцы адказалі на тэлеграму, але гэты адказ расчараваў Раду БНР. У сваім лісце камандаванне ІІІ корпуса праігнаравала ідэю беларускай дзяржаўнасці і заявіла, што толькі нямецкая адміністрацыя валодае ўладнымі паўнамоцтвамі ў Беларусі.

Язэп Варонка — галоўны канкурэнт Рамана Скірмунта, адзін з лідараў беларускіх сацыялістаў. Першы старшыня ўрада БНР у 1923-м у 32 гады эміграваў у ЗША, дзе і застаўся жыць.

Як вядома, тэлеграма выклікала крызіс Рады БНР і выхад з яе прадстаўнікоў Менскай гарадской думы, якая таксама спыніла фінансаванне Народнага сакратарыята Варонкі. У маі Рада БНР пагадзілася на фарміраванне кааліцыйнага ўрада на чале з Раманам Скірмунтам. Не апошнюю ролю ў гэтым рашэнні адыграў фінансавы крызіс.

Але амаль адразу пачалі ўзнікаць перашкоды на шляху да новага ўрада. Па-першае, амбіцыйны Язэп Варонка не мог пагадзіцца з прапанаванай яму пазіцыяй «міністра без партфеля», а па-другое, ягоны ўрад акурат тады атрымаў грошы з Украіны. Гэта быў даўно абяцаны ўрадам УНР крэдыт, які Варонка атрымаў ужо пасля прыходу да ўлады гетмана Паўла Скарападскага, за якім стаяў Берлін. Адначасова нямецкая адміністрацыя ў Менску змяніла стаўленне да сацыялістаў і пачала кансультацыі (!) з імі дзеля вырашэння «беларускага пытання».

Фарміраванне ўрада Скірмунта адбывалася ў ліпені. Гэты месяц быў напоўнены вострай палітычнай барацьбой. Сацыялісты канчаткова адмовіліся ад уваходу ў новы ўрад, і Скірмунт пачаў фарміраваць г. зв. «кабінет спецыялістаў». Кіраўнік урада адначасова займаў пасаду сакратара (міністра) замежных спраў, сакратаром фінансаў станавіўся войт Менска Станіслаў Хржанстоўскі, сакратаром унутраных спраў — генерал Кіпрыян Кандратовіч, асвета і культура перадаваліся ў рукі Радаслава Астроўскага, а кіраўніком спраў быў прызначаны Павел Аляксюк.

9 ліпеня Рада БНР пасля вострых спрэчак зацвердзіла склад новага ўрада і ягоную Дэкларацыю. Яе галоўнай задачай абвяшчалася кансалідацыя ўсіх беларускіх палітычных сіл і прызнанне незалежнасці Беларусі. Ствараўся моцны беларускі ўрад, які меў прадуманую праграму дзеянняў як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы. І не толькі на «нямецкім кірунку». Беларусь рабіла сур’ёзны крок у кірунку пераўтварэння ў дзяржаву еўрапейскага тыпу, з’явіўся шанц на вырашэнне сацыяльных праблем на падмурку канстытуцыі і парламентарызму, а не дыктатуры адной партыі.

Сацыялісты як нямецкі інструмент

Аднак сацыялістычны блок у Радзе БНР адмовіўся выконваць раней прынятае рашэнне. Язэп Варонка заявіў, што не будзе перадаваць ні архіваў, ні пячаткі ўраду Скірмунта, і распачаў прапагандысцкую вайну па яго дыскрэдытацыі. Грамадскасць Менска і Беларусі пераконвалі ў незаконнасці «буржуазнага» ўрада, а нямецкую адміністрацыю — у «польскасці» Скірмунта і ягоных міністраў. Як прыгадваў пазней Зміцер Жылуновіч, сацыялісты не давалі дыхаць новаму ўраду. Магчымасці контрпрапаганды з боку Скірмунта былі абмежаваныя як джэнтльменскімі паводзінамі кіраўніка ўрада, які не мог дазволіць сабе падобных нападак на палітычных праціўнікаў, так і… нямецкай цэнзурай. Менавіта акупацыйныя ўлады забаранілі публікацыю Дэкларацыі ўрада Скірмунта. Аніводная беларуская газета нават не згадала пра гэты важны дакумент. Толькі па недаглядзе цэнзараў яго пераказ быў змешчаны на старонках польскай газеты «Дзеннік мінскі».

Дэкларацыя кабінета Рамана Скірмунта, якую нямецкія акупацыйныя ўлады забаранілі друкаваць.

Трэба прызнаць, што «бунт» сацыялістаў не быў цалкам самастойным. Знойдзеныя ў архівах Варшавы і Берліна дакументы дазваляюць сцвярджаць, што якраз нямецкая адміністрацыя адыграла галоўную ролю ў распальванні ўнутрыбеларускага канфлікту. 10 ліпеня камандуючы 10-й нямецкай арміяй генерал Эрых Фалькенгайн напісаў ліст да Рамана Скірмунта, адрасаваны не кіраўніку ўрада, а «землеўласніку»:

«Да землеўласніка пана Скірмунта. Менск.

Нам стала вядома, што 9 дня гэтага месяца адбылося пасяджэнне, на якім была абвешчана «Дэкларацыя ўрада» «Беларускай Народнай Рэспублікі», датычная асноўных пытанняў палітыкі і кіравання на тэрыторыі, занятай 10-й арміяй.

Пазіцыя вышэйшага вайсковага камандавання ў гэтых пытаннях у свой час была даведзена праз Вярхоўнае камандаванне III корпуса падпісантам звароту ад 26.04. Сітуацыя не змянілася. Адпаведна, недапушчальна, каб побач з прызнанымі адміністрацыйнымі ўладамі і вайсковымі органамі нагляду існавала іншая арганізацыя, якая валодае вышэйшымі правамі і адміністрацыйнымі паўнамоцтвамі.

Размяшчэнне інфармацыі пра згаданае пасяджэнне ў газетах акупаванай тэрыторыі не дазваляецца.

Камандуючы генерал інфантэрыі Эрых фон Фалькенгайн»

Вядома, што палітыка Берліна ў рэгіёне вызначалася ўмовамі Берасцейскага мірнага трактата, паводле якіх Германія не павінна была падтрымліваць ніякіх дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі былой імперыі.

Нямецкія войскі ў Менску, каля Кафедральнага касцёла. 1918 год. Цяпер гэта плошча Свабоды.

Пра змест гэтага ліста даведаліся праціўнікі кабінета Скірмунта, і гэта падштурхнула іх да яшчэ больш актыўных дзеянняў. У Менску паўстала сітуацыя «двоеўраднасці». Яна скончылася 20 ліпеня прыездам з Вільні Івана Луцкевіча, які здолеў знайсці кампраміс. Урады Скірмунта і Варонкі адначасова сыходзілі ў адстаўку, а ў Менску пачалося фарміраванне кааліцыйнага ўрада на чале з Іванам Серадой.

Кошт перамогі

Сацыялісты перамаглі, але якой цаной? Няўдача кабінета Скірмунта абярнулася тым, што ад руху за незалежнасць адышлі правыя і кансерватыўныя дзеячы, такія як барон Казімір Шафнагель, князь Вінцэнт Святаполк-Мірскі і ксёндз Уладзіслаў Талочка. Усё больш рэальнай станавілася гісторыя Беларусі без Скірмунтаў і Радзівілаў…

Вядома, не толькі двухаблічная «дыпламатыя» Берліна была прычынай адыходу Скірмунта. Існавалі таксама выключна беларускія перадумовы такога гістарычнага выбару. Менавіта пра іх пісаў у ліпені 1918 года сацыяліст Яўсей Канчар. Ён адзначаў, што ў сітуацыі аб’яднання «інтэлектуальных і культурных сілаў у справе беларускага і дзяржаўнага будаўніцтва Р. А. Скірмунт мог бы быць вельмі карысным як вялікі знаўца і практык, як чалавек вялікага розуму і як беларус». Звярнуўшы ўвагу на эвалюцыю ўлады ў Фінляндыі і Польшчы, Канчар заўважыў, што ў Беларусі яна спазняецца, бо «Скірмунту няма на каго абаперціся, бо ў Беларусі няма арганізаванага заможнага класа, няма нават яркіх асобных прадстаўнікоў гэтага класа…».

Александр Смоленчук

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930