Найти
10.03.2019 / 22:485РусŁacБел

Потомки колдуна: как живет белорусская деревня, где в XVII веке состоялся один из последних судов над ведьмаком

Сельчане решили навсегда избавиться от гадкого соседа, но в последний момент одумались. Историю нашел в архивах Андрей Скурко и он же нашел женщину, которая, весьма вероятно, происходит от того колдуна..

Лоцевічы — каталіцкая вёска. Тут захоўваецца традыцыя ставіць крыжы на падворках.

357 гадоў назад, лістападаўскім днём 1661 года, у маёнтак Касцяневічы Ашмянскага павета прыехаў генерал. Генераламі ў Рэчы Паспалітай называлі не вайсковых чыноў з вялікімі зоркамі. «Генерал», або «енерал» — гэта лацінскі адпаведнік слова «возны», а сказаўшы па-сучаснаму — следчы, дэтэктыў.

Са словаў «енерала павета Ашмянскага» Самуэля Гасеўскага гэтая гісторыя і трапіла ў кнігу Ашмянскага гродскага суда, якая захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Па следчага ажно ў Ашмяны паслаў гаспадар Касцяневіч, ягамосць суддзя браслаўскі Уладзіслаў Уняхоўскі. 15 лістапада, пасля завяршэння цяжкіх работ на зямлі, мусіла вырашыцца справа, якая, відаць, доўга спела ў наваколлі.

Сабраўшы ў двор усіх падданых, суседзяў і чужых людзей, пан Уняхоўскі загадаў арыштаваць і паставіць «перад зборам мужоў» Якуба Бэднара, селяніна з вёскі Лоцевічы, «у чараўніцтве ад розных людзей абвінавачанага». Гэта былі не жарты: у Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя ведзьмакоў яшчэ палілі жыўцом.

Той суд, хоць на ім і быў прадстаўнік улады, меў выгляд спаконвечнай «капы» — звычаёвага судзілішча, на якім з паганскіх часоў вырашала падобныя справы вясковая грамада.

Рэшткі міжваеннага маёнтка за Лоцевічамі.

Выпадак, аднак, быў нетыповы для тагачаснай юрыдычнай практыкі. Кнігі Ашмянскага гродскага суда за 1661 год запоўненыя ўсё больш пералікамі маёнткаў, разрабаваных «непрыяцелем масквіцінам», ды скаргамі на свавольствы гусарскіх і татарскіх харугваў Рэчы Паспалітай, ад якіх насельніцтва цярпела мала менш, — ужо сем год ішла «Невядомая вайна» між Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай.

Заеўся з участковым

Галоўным сведкам супраць «чараўніка» Якуба Бэднара быў яго аднавясковец Юрка Шэгень, лоцевіцкі лаўнік. Такую пасаду — накшталт цяперашнаяга ўчастковага — у вёсках ВКЛ увялі згодна з «Уставай на валокі». Лаўнікі разглядалі дробныя вясковыя спрэчкі, сачылі за парадкам у вёсцы, выконвалі міліцэйскія функцыі. Пры такой пасадзе ўсім добры не будзеш: між Якубам і Юркам яўна быў стары канфлікт. Юрка цытаваў перад судом Якубавы «пахвалкі» — праклёны на свой адрас: каб табе дзеці паўміралі і быдла паздыхала.

Гэта цяпер за такое яшчэ падумаюць, ці даваць штрафу. А трыста год таму людзі верылі, што слова ведзьмака мае сілу і яго праклёны могуць збывацца. Заставалася давесці, што Бэднар — вядзьмак.

Мікіта і заламанае жыта

Відавочна, Якуб быў чалавекам не вельмі зычлівым, раз супраць яго ўзнялася цэлая вёска.

Праклінаў і сварыўся не з адным участковым. Зямянін Халімон Лётка, які наступным прамаўляў на судзе, бачыў, як Якуб Бэднар ехаў канём праз палеткі свайго аднавяскоўца Мікіты Захарынага. А назаўтра гаспадар знайшоў у тым месцы заламанае жыта.

Залом лічыўся традыцыйным вядзьмарскім прыёмам: Юрка Мардасёнак з вёскі Мінічы дадаў, што «Мікіта, якому было заламанае жыта, адшукаўшы значэнне гэтага залому, зразумеў: Якуб зрабіў гэта, каб Мікіта паўтара дня блукаў па балотах і лясах без памяці, а пасля ў хуткім часе памёр».

Праўда, залом, відаць, не спрацаваў: Мікіта Захарын на момант суда быў жывы і здаровы, ён згадваецца сярод прысутных на судзе. І сам, дарэчы, ні слова пра тыя заломы не кажа. Маўчалі і іншыя лоцеўцы.

«Участковы» Шэгень быў у роспачы: справа пачала сыпацца. Аднавяскоўцы Гарасім Ліхачонак, Мікіта Захарын, Фёдар Карневіч, Цімошка Сівец, якія пра ўсе Якубавы «чары» ведалі і раней абяцалі засведчыць законным парадкам, «маўчалі, невядома з якой прычыны».

Той самы дакумент.

Відаць, паабураўшыся міжсобку злым на язык суседам, яны ўсё ж вырашылі не даходзіць да граху і не аддаваць чалавека на смерць.

Такім чынам, канстатаваў Гасеўскі, суд змог давесці толькі факт, што Якуб абражаў суседзяў: «рознымі часамі розныя казаў пахвалкі». За гэта пан Уняхоўскі прызнаў Бэднара «ад смерці вольным», аддаўшы «на слова» жыхарам Лоцевіч. Тыя, хто яшчэ нядаўна быў гатовы пазбавіцца непрыемнага суседа назаўжды, цяпер узялі яго на парукі. Гаспадары Гарасім Ліхачонак, Хведар Карневіч, Мікіта Захарын, Аўсей Даніловіч, Ян Пілат, Давыд Кандратаў і Сымон Жыжла паручыліся за суседа: «абяцалі, што ад таго часу нічога таму падобнага… рабіць не будзе».

Жыжла і Пілат

Дакумент пра незвычайны суд цікавы і тым, што ў ім столькі імёнаў тагачасных сялян. Гэта дае магчымасць праверыць, ці жывуць яшчэ іх нашчадкі ў Лоцевічах і ці захавалася там памяць пра гучную, безумоўна, для ўсяго наваколля справу.

Лоцевічы сёння — вялікая вёска. Хоць хапае тут пустых хат, а металапрофільны плот у рост чалавека пазначае будынкі, выкупленыя дачнікамі.

Тут жывуць людзі, чый продак згадваецца ў дакументах 1661 года.

Вёска каталіцкая: тут яшчэ захоўваецца традыцыя ставіць на падворках крыжы. Месцамі і падворкаў няма ўжо, а крыжы стаяць… Першы драўляны касцёл у Касцяневічах збудавалі праз год пасля суда над Якубам.

Фантастыка, але праз усе войны, пошасці і перасяленні да ХХІ стагоддзя тут захаваліся два прозвішчы са спісу 350-гадовай даўніны. «Жыжла быў тут, нядаўна памёр. Дачка яго ў горадзе жыве. А Пілаты — ёсць сям’я, маладыя, на ферме працуюць», — расказаў сустрэты лоцевец. Заспець нашчадкаў Яна Пілата дома не ўдалося.

Пры канцы вёскі, дзе вуліца ператвараецца ў палявую дарогу, знаходзяцца могілкі, абнесеныя ў старой частцы каменнымі валамі. На старых помніках стаяць імёны Жыжлаў, Пілатаў. Бэднараў няма.

Хто такі бэднар

«Бацькі-дзяды нашы мо што зналі, але нам не пераказвалі», — каментуе тую даўнюю вядзьмарскую гісторыю Ганна Іванаўна Карніловіч, адна з найстарэйшых жыхарак Лоцевіч. Ёй налета споўніцца 80, і яна тут «прыродная». Карніловіч па мужыку, па бацьку яна Бандаронак — таксама пашыранае лоцевіцкае прозвішча.

Ганна Карніловіч, у дзявоцтве Бандаронак, адна з найстарэйшых жыхарак вёскі.

Пра двор у Касцяневічах, да якога некалі адносілася вёска, яна не чула таксама. «На Чырвонай Горцы пан жыў», — успамінае яна маёнтак міжваенных часоў у ваколіцах.

Здавалася б, сляды «чараўніка» Якуба згубіліся ў часе. Каб не адно «але». Па-польску, на мове, якой следчы Самуэль Гасеўскі пісаў свой «квіт»-справаздачу, bednarz — гэта бондар. Таму ёсць імавернасць, што ўсе лоцевіцкія Бандаронкі — гэта нашчадкі Якуба Бэднара-Бондара.

І яшчэ адно.

Перш, чым вызваліць Якуба з-пад варты, суд пастанавіў даць яму бізуна за тое, што кляў суседзяў. Навука падзейнічала: працягу гісторыі ў судовых кнігах няма. Не выключана, што Якуб пераасэнсаваў свае паводзіны і далей жыў у згодзе з аднавяскоўцамі, якія ўратавалі яго ад вогнішча.

Андрей Скурко

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера