ПОЛАЦК

Першая культурная сталіца Беларусі, самы старажытны беларускі горад і адзін з наймагутнейшых гарадоў усіх усходніх славян. Горад слова і асветнікаў. Горад – «цэнтр Еўропы». Турыстычная скарбніца не толькі для беларусаў, але і для суседзяў з Расіі, Літвы, Латвіі… Горад, які ў Сярэднявеччы быў мацнейшы за Вільню. Полацк – у чарговым выпуску «Гарады Магдэбургскага права».

БАЦЬКА БЕЛАРУСКІХ ГАРАДОЎ

Упершыню Полацк згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў»: 862 год, «раздача» вікінгам Рурыкам гарадоў сваім таварышам. Трэба сказаць, што летапіс ствараўся больш чым праз 250 гадоў пасля тых падзей, таму іх дакладнасць можа быць спрэчнай. Першым князем, імя якога мы ведаем, тут быў Рaгвaлoд. Яго дачка Рагнеда стала жонкай кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча і дала пачатак роду полацкіх князёў. На мяжы першага і другога тысячагоддзяў Полацк быў цэнтрам княства, якое стала пачаткам беларускай дзяржаўнасці.

ПАЧАТАК БЕЛАРУСІ
Дакладнае месца, дзе быў горад у раннім Сярэднявеччы, невядомае. Археолагі лічаць, Полацк старэйшы за свой «афіцыйны век», і сыходзяцца на тым, што ўмацаванае паселішча крывічоў, якія жылі на гэтых землях, існавала на гарадзішчы па правым беразе Палаты. Назва ракі мае балцкае паходжанне: ад «pal», «palte» – што значыць «балота». Палата дала назву «лакальнаму брэнду» яе жыхароў – у тыя часы іх называлі палачанамі. Вывучаць ландшафт старажытнай Палаты, якая імкліва ўпадае ў Дзвіну, лепш за ўсё зімой – летам схілы гістарычных мясцін не такія даступныя.

КАМЯНІ
Адзіныя сведкі прадаўняй полацкай мінуўшчыны, якія стаяць і сёння, – Барысавы камяні. Адзін з шматтонных валуноў узвышаецца на Замкавай гары, ён – помнік эпіграфікі (навука аб надпісах) XII стагоддзя. Да прыняцця хрысціянства ў X стагоддзі гэтыя камяні ўшаноўвалі паганцы. Ёсць легенда, што неўраджаі і голад у пачатку XII стагоддзя на дзвінскіх тэрыторыях прывялі да адыходу ад хрысціянства і вяртання да язычніцтва з культам камянёў. У той час у Полацку княжыў пабожны сын Усяслава Чарадзея Барыс Усяслававіч, які загадаў высекчы на тых камянях крыж з вядомымі надпісамі «Госпадзе, памажы рабу свайму Барысу…» і расставіў валуны па сваім княстве, пазначыўшы межы.

У народзе яны былі вядомыя пад назвамі Барыс, Барыс-Хлебнiк, Барысаглебскi, з камянямі звязаныя розныя паданні на мяжы фальклору, язычніцтва і хрысціянства. У часы змагання бальшавікоў з рэлігіяй камяні пачалі знішчаць выбухоўкай. Захавалася ўсяго тры. Па адным у Друі і Полацку, а яшчэ адзін, самы меншы, быў вывезены ў Маскву ў XIX стагоддзі. Але памяць пра сакральны статус Барысавых камянёў жыве дагэтуль. Час ад часу і сёння можна ўбачыць нашчадкаў палачан, якія падыходзяць да каменя са сваімі просьбамі.

З-за натуральнага выветрывання палявога шпату паверхня каменя крупчастая і няроўная, а надпіс на ім прачытваецца дрэнна. Малюнак каменя, канец XIX стагоддзя. Крыніца: Wikimedia
САФІЯ
Легендарны сабор і духоўны сімвал беларусаў стаіць на замкавай гары ля Дзвіны. Узводзілі яго візантыйскія майстры і гараджане ў 1044–1066 гадах па распараджэнні князя Усяслава Чарадзея. Храм лічыцца адным з першых каменных збудаванняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. З'яўленне Сафіі дэманстравала палітычную моц княства. Грандыёзная 31-метровая пабудова (як сучасны дзевяціпавярховік), відаць, уражвала тагачасны люд. Тут месцілася найбагацейшая бібліятэка, а ў сутарэннях знаходзіўся княскі магільны склеп, дзе археолагі знайшлі 16 саркафагаў.
За доўгую гісторыю Сафійскі сабор напаткала шмат выпрабаванняў. Падчас Паўночнай вайны па загадзе Пятра I сабор выкарыстоўваўся як склад боепрыпасаў, які ў 1710 годзе выбухнуў. Сучасны выгляд сабор набыў у сярэдзіне XVIII стагоддзя: згодна з задумай Яна Глаўбіца на беразе Дзвіны з'явілася велічная базіліка ў стылі віленскага барока – такая вось культурная повязь дзвюх сталіц: Полацкага княства і ВКЛ.

Цяпер Сафійскі сабор працуе як канцэртная зала (адмыслова для царквы ў 1985 годзе быў выраблены арган) і музей архітэктуры. Пасля рэканструкцыі наведнікі могуць пабачыць рэшткі той, арыгінальнай Сафіі ХІ стагоддзя. У скляпеннях, аформленых як выставачная зала, расчышчаныя падмуркі з камення і плінфы, калоны і элементы тынкоўкі. Спуск ад храма вядзе да Дзвіны і самай старой полацкай вуліцы – Ніжне-Пакроўскай. Яе панарама захавалася на каляровых пласцінах расійскага фатографа Сяргея Пракудзіна-Горскага.

Моц Полацка як гандлёвага горада вырас у часы ВКЛ. Горад быў часткай княства ад самага пачатку – сярэдзіны XIII стагоддзя. Галоўны патэнцыял для эканамічнага росту быў побач – Дзвіна. Гандлёвы шлях з Балтыйскага ў Чорнае мора абумовіў росквіт гэтага краю. Уздоўж усёй Дзвіны размяшчаліся склады з таварамі, а прадпрымальныя палачане ўкладалі грошы ў бізнэс, а не адбудову, напрыклад, гарадскіх каменных сцен. Яшчэ да эпохі Магдэбургскага права Полацк, як найбольшы з усіх беларускіх гарадоў, меў сярэднявечныя «прэферэнцыі» на гандаль і падаткі. Навукоўцы лічаць, што моц Полацка ў XV стагоддзі пераўзыходзіла моц сталічнай Вільні.

І вось у 1498 годзе Полацк атрымлівае права на самакіраванне і герб: «у блакітным полі на срэбнай вадзе трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі». Сімвал не выпадковы – гандлёвы горад ля ракі выкарыстоўваў падобныя выявы і да афіцыйнага прывілея. Суседнія гарады на Дзвіне – Дзісна, Друя і Бешанковічы таксама мелі на сваіх гербах караблі.

ПОЛАЦКІЯ ПРЫВІЛЕІ
ГОРАД СЛОВА
Услед за гандлёвым поспехам і багаццем у горад прыходзіць і культура. Полацк – радзіма беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Паспяховыя гандляры выпраўлялі сваіх дзяцей на вучобу ў еўрапейскія ўніверсітэты. Свет тагачаснага палачаніна быў не менш глабальны, чым у наш час лаўкостаў і інтэрнэту. На адзіным сёння праспекце Скарыны ў Беларусі стаіць самы вялікі помнік – з пастамента на нас задуменна пазірае пяцімятровы Францішак.
Справа ад яго – помнік рэлігійнаму асветніку Сімяону Полацкаму, выхавацелю дзяцей маскоўскага цара.Манах Сімяон быў настаўнікам для маленькага Пятра Аляксеевіча Раманава, будучага расійскага імператара Пятра І. Цяжка меркаваць, які ўплыў зрабіў на манарха адукаваны палачанін – праз некалькі дзесяцігоддзяў яго гадаванец прынясе Полацку такія страты, ад якіх гэтая зямля ўжо не аправіцца.

Наступны пункт у ваколіцах праспекта Скарыны – помнік літары «Ў». У 2003 годзе ў Пoлaцкy з'явіўся адзіны ў свеце помнік сімвалу беларушчыны. Лінгвісты лічаць, што гэтая літара існуе толькі ў адной мове свету – беларускай. Ідэя ўшанаваць унікальную літару падтрымалі мясцовыя ўлады, а эскіз распрацаваў мастак Ігap Кypжaлaў.

Прайшоўшы чараду помнікаў мінакі трапляюць на цэнтральную плошчу Полацка – плошчу Свабоды. Налева – Дзвіна. Направа, крыху ўдалечыні, – помнік легендарнай Еўфрасінні Полацкай. На ўзбярэжжы Дзвіны стаіць заснаваны ёй Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр з царквой XII стагоддзя. Там жа захоўваецца адноўленая духоўная рэліквія – Крыж Еўфрасінні Полацкай, арыгінал якога згубіўся ў апошнюю вайну.

КАЛЕГІУМ
Еўрапейскія стандарты адукацыі прынёс у Полацк ордэн езуітаў. Дапамог гэтаму кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы, які ў 1579 годзе вызваліў Полацк ад 17-гадовай маскоўскай акупацыі. Стэфан, які хацеў як мага хутчэй засяліць спустошаны край, перадаў адукаваным манахам праваслаўныя манастыры і цэрквы (за выключэннем Сафіі) з іх маёмасцю.
Тады ж на рынкавым пляцы, «ратушным месцы», узвялі велічны касцёл Святога Стэфана, які доўгі час быў галоўнай архітэктурнай дамінантай Полацка. Грандыёзны комплекс калегіума здзіўляў памерамі і аздобай. Тут было ўсё: італьянскі вежавы гадзіннік, бібліятэка і друкарня, магутная гаспадарка з пякарняй, броварам і суконнай фабрыкай, абсерваторыя, аптэка, тэатр… Сапраўдны тагачасны парк высокіх тэхналогій.

У 1812 годзе калегіум ператварылі ў Полацкую езуіцкую акадэмію, якая атрымала статус універсітэта. Акадэмія была першай і на той час адзінай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 2003 годзе комплекс будынкаў былога калегіума быў перададзены Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Пасля рэканструкцыі ў старых езуіцкіх мурах пачалі займацца студэнты. Атмасфера гэтага месца падобная да містычнага Хогвартса, толькі тут маладыя людзі атрымліваюць веды па філалогіі, праграмаванні ды гісторыі.

МУЗЕІ
Полацк – музейны горад. Толькі дзяржаўных музеяў аж дванаццаць, яны аб'яднаныя ў Нацыянальны полацкі гісторыка-культурны запаведнік. Каб наведаць усе, аднаго дня не хопіць. Для глыбокага пагружэння ў гісторыю турыст можа набыць адзін квіток ва ўсе музеі адразу (цяпер каштуе 18 рублёў), ён дзейнічае паўгода.
Адным з цэнтральных музеяў горада лічыцца Музей кнігадрукавання на Ніжне-Пакроўскай вуліцы. Яго адчынілі да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны, а пасля да яго дадалі і Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага. Там можна пабачыць «Евангелле вучыцельскае» з віленскай друкарні Мамонічаў. 15 залаў, 2,5 тысячы экспанатаў – тут увесь шлях беларускага слова ад рукапісаў да прамысловага друку.
На процілеглым баку вуліцы можна завітаць у адзін з першых полацкіх каменных жылых дамоў. Цяпер там інтэрактыўны музей Ніжне-Пакроўскай вуліцы. А мастацкая галерэя, якая месціцца ў адным з будынкаў Полацкага калегіума, захоўвае карціны выдатных мастакоў Язэпа Драздовіча, Бялыніцкага-Бірулі і Ізраіля Басава. Абавязкова для наведвання ўсім, хто цікавіцца беларускім мастацтвам. На першым паверсе галерэі працуе таксама і ўнікальная выстава фрэсак.