Найти
23.12.2018 / 14:5216РусŁacБел

Еще один читатель «Нашей Нивы» написал ответ Министерству образования по поводу восстания 1863 года

Наш читатель Игорь Горбик отреагировал на заявление Министерства образования, которое считает восстание 1863 года «польским». По пунктам он отвечает пресс-службе министерства.

Читайте также: Минобразования вступило в полемику с белорусскими историками, доказывает, что восстание 1863 года было «польским»

Пытаньне пра этнічную прыналежнасьць Каліноўскага згаданую у пачатку ліста прэс-службы пакінем на канец, бо яно самае складанае… Пройдземся спачатку па самых простых, відавочных недарэчнасьцях.

Прэс-служба: Зноў жа, у гэтым пытанні не трэба старацца быць разумнейшымі за сучаснікаў: у французскай, брытанскай, аўстра-венгерскай прэсе тых гадоў, у звароце Папы Рымскага і ў іншых крыніцах паўстанне называлася польскім, і нідзе ні адным словам не згадвалася беларускае насельніцтва, бо у праграме паўстання не было нічога пра рашэнне беларускага нацыянальнага пытання.

Контараргумэнт: І што? Хіба гэты факт неяк можа адмаўляць, што ў паўстаньні удзельнічалі беларусы (нашыя продкі) і што яны не лічылі сябе палякамі? А ці магла ведаць наагул у гэны час пералічаная вамі прэса хто такія беларусы? А хіба мы не называем Вялікабрытанію — Ангельшчынаю? Хіба ангельцы не называлі СССР — Расеяй? Пра што сьведчыць гэты факт, безумоўна? Пра тое, што на момант падзелаў Рэчы Паспалітай у ёй дамінавала польская культура, таму ўсе суседзі па старое звычцы і завуць паўстаньне народаў былой Рэчы Паспалітай польскім.

 

Прэс-служба: Усяго на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай адбылося каля 120 боесутыкненняў. Што тычыцца тэрыторыі Беларусі, то некаторую падтрымку паўстанне атрымала толькі ў Віленскай і Гродзенскай губернях — памежных з мяцежным Царствам Польскім. Большая ж частка беларускіх зямель — Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні — засталіся ў глыбокім тыле паўстання, і справа тут абмежавалася асобнымі сутычкамі.

Контараргумэнт: Безумоўна паўстаньне было не толькі на беларускіх землях. Але якая розьніца на якіх землях, апроч беларускіх ішло паўстаньне, калі галоўным застаецца факт, што і беларусы прымалі ў гэтым паўстаньні ўдзел. Аўтар сам пералічвае беларускія землі, на якіх адбывалася паўстаньне, дадаючы, праўда, зьневажальны прыметнік «толькі», чым меўся прыменшыць «размах» паўстаньня на беларускіх землях. Безумоўна найбольшая моц паўстаньня была на польскіх землях. Але паўстаньне дакацілася нават да Дняпра (да усхода Беларусі!), што нават згадваў у сваім аповядзе «Паром на бурнае рацэ» У. Караткевіч, які сам з гэных мясьцінаў і паходзіў.

 

Прэс-служба: Але самае важнае — няма ні найменшай гарантыі, што пры перамозе дадзенага паўстання Беларусь наогул адбылася б як нейкі нацыянальны праект.

Контараргумэнт: А ў Расейскае імпэрыі гэты праэкт, значыць, ўсё ж адбыўся? І была гарантыя, што гэты праэкт там адбудзецца? У расейскае імпэрыі, дзе беларуская мова была пад забаронаю (адрозна ад гэных самых летувісаў і палякаў, беларусам забаранялася нават дзяцей вучыць у школе на беларускае мове, таксама забараняўся і беларускі друк), дзе таксама пад забаронаю было і найменьне «Беларусы», дзе беларусаў расейцы, наагул, адмаўляліся лічыць за асобны народ ажно да самай кастрычніцкай рэвалюцыі? Дзе беларусаў высылалі ў Сыбір цэлымі вёскамі? Куды ўжо горэй за гэнае, што адбывалася зь беларусамі за часамі Расейскае Імпэрыі?

 

Прэс-служба: Паўстанне нельга лічыць беларускім яшчэ і таму, што задушана яно было не проста імперскімі войскамі, але і пры поўным садзейнічанні беларускага сялянскага насельніцтва, якое актыўна выдавала паўстанцаў царскім уладам, арганізоўвала самаабарону і перашкаджала фарміраванні атрадаў.

Контараргумэнт: Актыўна? Ну, гэта зусім непрыкрытая хлусьня! Калі насельніцтва Беларусі было ўжо ж настолькі прарасейскім, то чаму наагул узьнікла паўстаньне на нашых землях? То чаму наагул узькла новая беларуская літаратура ў 19 стагодзьдзі? Узьнікла пазьней і БНР?

 

Прэс-служба: Праваслаўе, характэрнае для этнічных сялян-беларусаў, у матэрыялах Каліноўскага жорстка кампраметавалася.

Контараргумэнт: а вы упэўнены, што характэрнае? Ці не навязвалася тут на нашых землях праваслаўе ґвалтам тысячу гадоў таму? Ці вы будзеце цьвердзіць, што нашыя продкі-паганцы з радасьцю пабеглі ў праваслаўе?) Гледзячы на гісторыю можна сьмела цьвердзціь, што любая рэлігія навязваецца ґвалтам. Спачатку, 1000 гадоў таму, хрысьцілі ґвалтам ў праваслаўе, потым з 1385 года, Ягайла пачаў хрысьціць ґвалтам паганцаў-балтаў у каталіцтва. Вітаўт аддаваў перавагу каталікам… З 1596 году пачалі ґвалтам хрысьціць ва ўніяцтва гэную частку насельніцтва, якая дабраахвотна не пажадала перайсьці ва ўніяцтва… Прыйшлы расейцы: зноў пачалі ґвалтам хрысьціць назад усіх у праваслаўе (народ па-першасьці нават у лясы ўцякаў маліцца). Рэлігія заўсёды навязвалася ґвалтам! Адзіная рэлігія, якая больш ці менш распаўсюджвалася мірна на нашых землях — гэта пратэстанцтва ў 16 стагодзьдзі. Але з-за гэнага, што яно распаўсюджвалася гэткім мірным чынам, яно і не замацавалася на нашых землях. Бо народ просты ня будзе мяняць рэлігію як пальчаткі! Таму ня трэба пісаць пра «характэрнае для беларусаў-сялянаў праваслаўе». З рэлігійнага пункту гледжаньня на Беларусі ніколі не было рэлігійнае «стабільнасьці».

 

Прэс-служба: Ва ўлётках яно называецца схізмаю і «сабачай верай», усім праваслаўным прадказваліся вечныя пакуты ў замагільным свеце, прапануецца пераход у «святую ўніяцкую веру ». Такім чынам, заклікаючы праваслаўных беларусаў перайсці ва ўніяцтва, Каліноўскі імкнуўся супрацьпаставіць мясцовых сялян дзяржаўнаму ладу.

Контараргумэнт: Безумоўна гэта было так. І пра што гэта сьведчыць? Толькі пра тое, што ён не любіў «маскоўцаў», і навязаную імі ґвалтам веру. Хіба гэта грэх? Ён пра беларусаў кепскага што-небудзь сказаў? Ці для вас беларусы і расейцы адное самае?

 

Прэс-служба: Імаверна, для Каліноўскага і яго паплечнікаў ніякай асобнай беларускай мовы не існавала — мясцовыя гаворкі яны ўспрымалі як рэгіянальную і простую версію польскай мовы. 

Контараргумэнт: Вы пыталіся ў самога Каліноўскага? Ці мабыць ён пра гэта пісаў недзе? Цытату у студыю каліласка! А вось у Расейскае імпэрыі, нагадаю яшчэ раз, беларускую мову адмаўляліся называць самастойнаю моваю, называючы яе дыялектам расейскае мовы. Каліноўскі між тым у сваёй газэці паважліва зьвяртаўся да народу — Беларусы (не палякі)! Называў наш народ па імі! Хіба гэтак рабілі расейскія генэралы, якія не лічылі беларусаў за асобны народ?)

Прэс-служба: Пераносячы гэта на сённяшнія рэаліі — кажучы груба, спадарожнікавы «Белсат», які вяшчае з Варшавы за сродкі польскага бюджэту «для беларусаў» і «на беларускай мове», ад гэтага не становіцца беларускім тэлеканалам. Гэта інструмент уплыву польскіх уладаў.

Аналагічна і «Радыё Свабода», якая распавядае нам пра «беларускае паўстанне», атрымлівае задачы ў Праскім офісе і не з'яўляецца нейкім выразнікам інтарэсаў беларускага народа — гэта сапраўды такі ж міжнародны інструмент уплыву, толькі амерыканскі, нягледзячы на ​​нацыяналістычныя абгорткі і беларускую мову з мяккімі знакамі.

Контараргумэнт: А, значыць, расейскія тэлеканалы, якія вяшчаюць на тэрэторыі Беларусі, ды й яшчэ на расейскае мове, можна назваці беларускімі?

 

Прэс-служба: Гэтая газета, як і абсалютная большасць агітацыйных матэрыялаў таго часу, была разлічана на апалячанае дваранства і гараджан і мела зусім іншае сэнсавае напаўненне.

Контараргумэнт: Ну што за здагадкі нейкія? Вы пыталі асабіста ў аўтараў? Я нагадаю і зноў, што ў Расейскае Імпэрыі, якую вы так бароніце, было небясьпечна для здароўя выдаваць друк па-беларуску. А вось у канчаткова спалячанай Рэчы Паспалітай 18 стагодзьдзя у паасобных месцах беларуская мова (паводле Вітаўта Тумаша) пратрымалася аж да канца існаваньня Вялікага Княства Літоўскага. І зь юрыдычнага ўжытку выціснула яе канчаткова ня мова польская, а расейская. Я не апраўдваю апалячваньня, але даводжу вам, што ў Расейскае Імпэрыі (у сярэдзіне 19 стагодзьдзя) было яшчэ горэй.

 

Прэс-служба: Таму ў выпадку перамогі этнічных беларусаў, хутчэй, чакала б масіраваная паланізацыя і ганенні на праваслаўе, што мы і назіралі на заходнебеларускіх землях у 1921—1939 гг.

Контараргумэнт: І зноў цьмяныя здагадкі,накшталт, «што б было, калі б было…». Я нагадаю аўтару, што пакуль палякі паміж 1921-1939 гадамі саджалі беларусаў у турмы, расейцы гэтым часам зь беларусамі, наагул, не цырамоніліся і ставілі іх «к стенке», а гаворучы прасьцей — растрэльвалі. Адная рэфэрма беларуская мовы 1933 году чаго каштавала. Пра забойствы дзясяткаў беларускіх лінгвістаў, літаратараў, усіх тых, хто быў нязгодным з «русификацией» беларускае мовы можна пісаці цэлымі кнігамі… 

 

Прэс-служба: Важна разумець, што толькі ПАСЛЯ падаўлення паўстання, высылкі, кантакту з народнымі нізамі, асобныя ўдзельнікі паўстання ўсвядомілі сябе як беларусы. Напрыклад, у прадмове да «Дудкі беларускай» паэт Ф. Багушэвіч, які ваяваў у атрадзе Людвіка Нарбута, адзначаў: «Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая».

Контараргумэнт: Ня трэба спрабаваці перавярнуць усё да гары нагамі. Слова «мужыцкая» у прыведзенным вамі прыкладзе можна перакласьці расейскім словамі «деревенская, неполноценная». Бо «мужык» і «мужычка» у 19 стагодзьдзі — гэта не прыкмета полу чалавека (не «мужчына» і не «жанчына»)! Гэтымі словамі абазначалі саслоўе сялянаў, бо грамадзтва ў гэны час было клясавым, і роўнасьці паміж людзьмі не было. І вы гэта ведаеце! І калі хацелі абразіць, то маглі абазваць, напрыклад, «мужыком» або «мужычкаю». Перакладаючы на сёньняшнюю расейскую мову - «деревенщина». Думку, што беларусы не народ, а іхная гаворка непаўнавартасная мова, мужыцкая мова, простанародная мова, дыялект расейскае мовы і толькі, убівалі ў галовы расейскія ўлады. Пра гэта і піша, насуперак уладам Расейскае Імпэрыі, ў сваёй прадмове Багушэвіч. Ён як бы пярэчыць расейскім уладам, паўстаў супраць іх, піша, «што мова наша ёсьць такая ж людзкая» як і ўсе астатнія мовы… Таму з чаго вы надумалі сабе, што Багушэвіч у малодосьці лічыў сябе палякам незразумела. З прыведзенага вамі тэксту, гэта, ну, ніяк не вынікае.

Дарэчы, убіваць думкі ў галовы беларусаў, што «белорусский язык — это деревня» працягвалі і за савецкім часам. Бо, зразумела, прасьцей жа асыміляваць народ, калі ён сам сароміцца сваёй мовы. Тады гэты народ і сам вырачыцца яе. Навошта хадзіць далёка за прыкладам, наш прэзыдэнт і да гэтае пары сароміцца беларускае мовы, бо гэтак яго навучылі за савецкім часам, калі ён быў маленькм хлопчыкам. І таму, асабіста, мне цяжка вінаваціць яго ў тым, што ён не размаўляе па-беларуску. Я ня бачу тут толькі ягоную віну.

 

Прэс-служба: Беларускамоўная спадчына Каліноўскага вельмі невялікая. Гэта шэсць выпускаў «Мужыцкай праўды» (сёмы, магчыма, быў падрыхтаваны не ім), «Ліст Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкам зямлі польскай», тры «Лісты з-пад шыбеніцы» і два загады, адзін з якіх цалкам мог належаць і іншаму аўтару. Яго тэксты, прызначаныя ў расійскія інстанцыі, напісаныя па-руску, а астатнія — па-польску.

Контараргумэнт: Але ж ён адрозна ад таго ж начальніка расейцаў Мураўёва-Вешальніка ведаў беларускую мову! Пісаў на ёй! Хто з тых, каго вы бароніце, ведаў беларускую мову? Можа Сувораў?) 

 

Прэс-служба: І, жадаючы зрабіць свае ідэі больш даступнымі для сялян, звярталіся да іх на гэтым народным мове, якая станавілася правадніком польскіх ідэй, польскай нацыянальнай ідэнтычнасці і міфалогіі.

Контараргумэнт: Довад не справядлівы. Гэнае самае можна сказаць і пра расейцаў.

 

 

Датычна нацыянальнасьці Каліноўскага:

Прэс-служба: Але каб упэўнена назваць паўстанне беларускім, сучасным аўтарам неабходна перапісаць не толькі падручнікі, але і самога Каліноўскага. У прыватнасці, у яго пракламацый пастаяннае згадваецца «Жонд польскі», а сам Каліноўскі прама называе паўстанне польскім, а паўстанцаў — палякамі.

У лісце «Яська-гаспадар з-пад Вільні ды мужыкоў зямлі Польскае» пасля заклікаў «рэзаць паганага маскаля» чытаем наступныя радкі: «Мы, Што жывем на зямлі Польскае, Што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі е з вякоў вечных!»

Контараргумэнт: Уласна мне здаецца, што найхутчэй Каліноўскі быў чалавекам «размытай» нацыянальнасьці. Ён адначасова лічыў сябе і ліцьвінам і палякам. Хаця шмат гісторыкаў і цьвердзяць, што ён лічыў сябе не палякам, а ліцьвінам. Людзей з «размытаю» нацыянальнасьцю ў 19 стагодзьдзі было шмат у гэны час. Напрыклад, Адам Міцкевіч, які такама лічыў сябе палякам, але толькі ў «шырокім сэнсе». Каб было больш зразумела можна прывесьці прыклады зь сённяшняга часу. Возьмем нашага Прэзыдэнта. Асабіста для мяне ён, бясспрэчна, расейскі нацыяналіст, бо бароніць расейскую мову, расейскія цікавасьці, называе расейскую культуру велічнай. Але, калі запытацца, уласна ў яго, хто ён па-нацыянальнасьці, то ён вам, мяркуючы зь ягоных інтэрв’ю, адкажа, што «я беларус і я савецкі чалавек». Бо, як вынікае зь ягоных інтэрв’ю, ён дагэтае пары верыць у братэрства расейскага і беларускага народаў. Гэтак сама ў братэрства паміж польскімі і беларускімі народамі верыў і Каліноўскі на 150 стагодзьдзяў раней.

 

Прэс-служба: Нагадваем таксама, што Цэнтр паўстання знаходзіўся ў Варшаве і быў сфармаваны з правых лібералаў, а Каліноўскі па поглядах з'яўляўся радыкальным сацыялістам.

Такім чынам, яго рознагалоссі з цэнтрам насілі сацыяльны, а не нацыянальны характар.

Контараргумэнт: Каліноўскі не лічыў сябе палякам у «вузкім сэнсе» як вы спрабуеце гэта даказаць сваім тэкстам. Максымум ён мог лічыць сябе палякам «у шырокім сэнсе», Каліноўскі настойваў на незалежнасьці ВКЛ ад Польшчы. Пра гэта ўжо напісаныя горы кніг.

 

 

Игорь Горбик

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930