Найти
06.03.2019 / 11:47РусŁacБел

«Вспомни меня когда-нибудь»: как жило и как умирало Минское гетто

Пишет доктор истории Андрей Замойский.

З успамінаў жыхара Мінска Леаніда Пракопчыка: «Была позняя восень, калі на сметніку Політэхнічнага інстытута я пазнаёміўся і пасябраваў з Томасам. Увайшоў аднойчы ў двор інстытута, бачу: нехта ў шэрым паліто і берэце — нашы так не апраналіся — капаецца палкай у сметніку.

Я ціхенька свіснуў — незнаёмец павярнуўся. Гэта аказаўся хлопчык, круглатвары, у акулярах і вельмі бледны. Ён агледзеў мяне, заўсміхаўся і вялікімі крокамі — на нагах у яго былі карычневыя чаравікі на таўшчэзнай падэшве — пайшоў, умінаючы друзлае смецце, насустрач, а калі наблізіўся, працягнуў па-даросламу руку і сказаў:

— Міх хайсэ Томас! («Мяне зваць Томас».)

Я здзіўлена глядзеў на нямецкага хлопчыка. Было яму гадоў 12—13. Адкуль узяўся цывільны немец? Заўважыўшы маё здзіўленне, хлопец горка ўсміхнуўся і адхінуў доўгае паліто. На клятчастай кашулі, на левым баку, атрутна жаўцела шасціканцовая зорка з кароткім, як стрэл, словам «Юда».

Мы ведалі, што азначае такая латка. Шасціканцовую зорку з чорным абадком, акуратную, відавочна фабрычнай вытворчасці, насілі гамбургскія яўрэі, якія нядаўна з’явіліся ў Мінску. Прывезлі іх падманам, паабяцаўшы, што пераправяць у Галандыю на сталае жыхарства. У Мінску багаж адразу канфіскавалі, звезлі ў інтэрнат Політэхнічнага інстытута і прымусілі перабіраць, сартаваць уласныя рэчы. Пасялілі нямецкіх яўрэяў разам з нашымі ў гета, а на тэрыторыю інстытута прывозілі на працу. Сярод іх аказаўся і Томас. Але хлопчыку давалі паблажку: ён мог не працаваць і гуляць непадалёк.

Прывозілі Томаса не кожны дзень, але я, выпраўляючыся ў абыход сваіх памыек, абавязкова заходзіў і на сметнік у Політэхнічны. У дзень нашага знаёмства Томас дастаў з-пад кашулі і працягнуў мне даўгаватую эмаліраваную талерку з сінім абадком — мы ёю карыстаемся да гэтага часу.

Потым дзякуючы Томасу ў нас з’явіліся сталовыя нажы з нержавеючай сталі з круглымі ўзорыстымі ручкамі, відэльцы, цяжкія сталовыя лыжкі, эмаліраваны кафейнік… «Мама перадала», — казаў ён.

Я стараўся не заставацца ў даўгу і падкормліваў Томаса. Непрыкметна запіхваў у кішэню блін або браў з чыгуна пару бульбін у мундзірах. Даведаўся ён, што такое нашы праснакі, хваліў, казаў, што есць, нарэшце, сапраўдны хлеб.

Неяк я ўбачыў, што Томас падабраў бурачныя ачысткі, пабег у прыбіральню, памыў пад кранам і стаў грызці, як моркву. Аказалася, ён вельмі любіць сырыя буракі. Так што цяпер я з вечара лазіў у склеп, выбіраў чырванейшую бурачыну і прыносіў яму. Томас з апетытам згрызаў яе — толькі рот і пальцы станавіліся чырвонымі.

Аднойчы Томас дастаў з унутранай кішэні і аддаў мне сваю новую «прыгожую» латку-зорку — была ў яго запасная — і раптам сур'ёзна папрасіў: «Успомні мяне калі-небудзь».

У пачатку вясны гамбургскіх яўрэяў перасталі прывозіць у Політэхнічны. Томаса я больш не бачыў. У 1943 годзе амаль усе нямецкія яўрэі былі расстраляныя. У жывых засталося восем мужчын. Хочацца думаць, што ў іх ліку быў і Томас».

Стварэнне гета

Нямецкія войскі акупавалі Мінск 28 чэрвеня 1941 года. Савецкая армія хаатычна адступала, масавай арганізаванай эвакуацыі не было, партыйнае і савецкае кіраўніцтва хутка выехала на ўсход, пакінуўшы мінчукоў на волю лёсу. Людзі не ведалі, што іх чакае. Старыя памяталі яшчэ немцаў 1918 года, пры якіх «быў парадак». Большасць не верыла савецкай прапагандзе. Мала хто думаў, што такая «культурная нацыя», як немцы, ужо праз некалькі тыдняў ператворыць жыццё мінчукоў у пекла.

Перасяленне ў гета. Людзі спускаюцца з Бетоннага моста на вуліцу Маскоўскую (цяпер раён метро «Інстытут культуры»). Для большасці з іх гэта апошняе ў жыцці фота.

Адным з першых загадаў акупантаў было арганізаваць у Мінску юдэнрат (яўрэйскую раду), якая мусіла правесці рэгістрацыю яўрэйскага насельніцтва. Надалей гэты орган адказваў за функцыянаванне гета. Распараджэннем ад 19 ліпеня 1941 года ўсе яўрэі павінны былі перамясціцца на вызначаную тэрыторыю — на правы бераг Свіслачы, у кварталы Ракаўскага прадмесця, паміж Нямігай і Юбілейнай плошчай. На перасяленне адводзілася ўсяго толькі пяць дзён.

Мяжа гета пададзена пункцірам. З кнігі Г. Смоляра «Менскае гета».

Гета ў Мінску ўключала ў сябе 39 вуліц і завулкаў. У адрозненне ад іншых буйных гета, напрыклад варшаўскага, яно не было агароджана каменнымі мурамі, толькі калючым дротам. Сюды трапілі і мінскія яўрэі, і яўрэйскія бежанцы з Заходняй Беларусі, і тыя, хто вяртаўся назад, не здолеўшы прарвацца на ўсход у першыя дні вайны. Па дадзеных яўрэйскага падпольшчыка Гірша Смоляра, колькасць вязняў у канцы лета дасягнула 80 тысяч.

Немцы сагналі ў Мінск частку яўрэяў з іншых беларускіх гарадоў і мястэчак. Пазней сюды наўмысна прабіраліся некаторыя яўрэі, ацалелыя падчас знішчэння іншых гета. Ім здавалася, што ў сталіцы будзе больш шанцаў выратавацца…

Адзіны ацалелы будынак апошняй часткі гета. Цяпер тут, па адрасе Сухая, 25, — Гістарычная майстэрня. Фота Андрэя Замойскага.

Штодзённасць

Ад пачатку нямецкія акупацыйныя ўлады прымусілі яўрэяў пазначыць сябе павязкамі і латкамі. Сваімі загадамі немцы ўводзілі шэраг забарон для яўрэяў: валодаць маёмасцю, мець свае школы ў гета, хадзіць па тратуарах.

У вязняў канфіскоўвалі каштоўнасці, грошы, цёплыя рэчы. Яўрэяў вымушалі прыбіраць вуліцы, будаваць лагер Трасцянец. Раніцай рабочыя калоны пакідалі тэрыторыю гета, а ўвечары вярталіся дадому.

У гета дзейнічалі дзіцячы дом, медычныя ўстановы (немцы баяліся эпідэмій), прытулак для інвалідаў. Яўрэйская паліцыя павінна была сачыць за парадкам, але на справе не мела ніякіх правоў.

Дазвол на працу і выхад у горад даваў юдэнрат. Выхад у горад, які дазваляўся толькі ў складзе працоўнай калоны, даваў магчымасць набыць ежу ці абмяняць каштоўныя рэчы на прадукты. Увечары рабочыя вярталіся ў гета, але з восені 1942 года, калі немцы ўвялі так званае казарменнае размяшчэнне (нямецкае — Kasernierung), яны ўжо начавалі на месцы працы і толькі пад канец тыдня ішлі ў гета.

З кожным разам выходзіць станавілася ўсё больш складана і небяспечна. Пашырыўся кантроль, стала больш нямецкіх патрулёў, якія кантралявалі ўсе перавозкі. Акупанты баяліся замахаў з боку партызанаў.

З 1942 года гета нагадвала лагер. Немцы правяралі наяўнасць жыхароў у дамах. На Юбілейнай плошчы перыядычна праходзілі пераклічкі. Пакараннем за парушэнні была смерць. Усе будынкі ў гета і іх жыхары атрымалі індывідуальныя нумары. Акупанты ўвялі кругавую паруку: калі падчас праверкі і пераклічкі асобы не было на месцы ці нехта знікаў, карнікі знішчалі ўсю сям’ю ці суседзяў.

Пагромы і «маліны»

Пасля лістападаўскіх пагромаў вязні сталі больш актыўна будаваць так званыя «схроны» («маліны»). Звычайная «маліна» была прасторай паміж сценамі (будавалася фальшывая сцяна), выкарыстоўваліся падполы, падстрэшкі, падвалы. Падчас карных акцый вязні павінны былі хутка схавацца. Сумны лёс чакаў тых, хто заставаўся, каб зачыніць такі схрон і адцягнуць увагу карнікаў. Звычайна сабой ахвяравалі старэйшыя, каб уратаваць жыццё дзецям і ўнукам. Праз нейкі час немцы ўжо ведалі пра гэтыя схованкі: прастуквалі сцены, выкарыстоўвалі службовых сабак, выкурвалі дымам. Пазнейшыя схроны ўжо нагадвалі падземныя бункеры, выкрыць якія было складаней.

Зондэргета

Забіваючы цэлыя сем’і падчас пагромных акцый, немцы «вызвалялі» месца ў гета для еўрапейскіх яўрэяў, якіх дэпартавалі з Германіі, Чэхаславакіі, Аўстрыі. Нямецкамоўныя яўрэі, якія прыбывалі ў Мінск, у большасці былі перакананыя, што едуць каланізаваць здабытыя Рэйхам усходнія тэрыторыі. Большасць з іх нацысты знішчалі адразу па прыбыцці ў Мінск. Толькі невялікая частка трапляла ў «асобае гета» — зондэргета, ці «гамбургскае гета». Гэта невялічкі квартал паміж вуліцамі Караля, Раманаўскай Слабадой і Сухой.

Цяпер тут усяго сем жылых будынкаў і Інстытут адукацыі.

Гановерскі вакзал у Гамбургу. Адсюль яўрэяў вывозілі на смерць.

Тут дзейнічаў свой юдэнрат, шпіталь. Вязняў зондэргета таксама выкарыстоўвалі на прымусовых работах. І тут таксама панаваў голад.

«Камяні спатыкнення» — памятныя таблічкі, умураваныя ў брукоўку перад дамамі ахвяр нацызму ў 1200 еўрапейскіх гарадах. На фота: камень у памяць жыхара Гамбурга, забітага ў Мінскім гета. Фота Андрэя Замойскага.

Шэрую штодзённасць гамбургскіх яўрэяў неяк ратаваў яўрэйскі аркестр (пазней выступленні забаранілі) і рэлігійнае жыццё. У адрозненне ад саветызаваных мінскіх яўрэяў, вязні зондэргета былі больш рэлігійнымі.

Па ўспамінах тых, хто выжыў, сяброўскіх адносін паміж вязнямі дзвюх частак гета не было. Але праз мясцовых яўрэяў вязні «гамбургскага гета» маглі абменьваць у мінчукоў рэчы на ежу.

З успамінаў вязня гета, доктара Рахіль Рапапорт: «Нягледзячы на дрот, што падзяляў два гета, жыццё ўсё ж сутыкала нас з імі, галоўным чынам, на розных участках працы. Гэта былі людзі не толькі з чужой мовай, але з зусім іншай псіхалогіяй, чужымі нам звычкамі, звычаямі. Паміж намі хутка паўстала ўзаемная антыпатыя. Да нас яны ставіліся грэбліва, мы ўвасаблялі для іх «бальшавікоў», акрамя таго, былі горш апранутыя і горш выглядалі. Іх непрыхаваная пыха выглядала трагікамічна ў тых абставінах. А для нас яны былі «немцамі», і мы іх цярпець не маглі. Доўгі час яны не разумелі яшчэ, што на роўных падзеляць з намі адзін лёс…»

З вязняў зондэргета выратаваліся адзінкі.

Сістэматычнае знішчэнне

З першых тыдняў акупацыі немцы вынішчалі тых, хто мог даць адпор: савецкіх работнікаў, былых вайскоўцаў, моладзь прызыўнога ўзросту, — а таксама «непрацоўныя» групы: старых, дзяцей, хворых. Метадычна вынішчалася яўрэйская інтэлігенцыя. Акупанты спачатку здзекамі прыніжалі чалавечую годнасць, а пазней забівалі ахвяру.

Вядомага доктара-кардыёлага, прафесара Лазара Сітэрмана прымушалі голымі рукамі вычышчаць памыйныя ямы туалетаў.

Вядомага доктара-кардыёлага, прафесара Лазара Сітэрмана прымушалі голымі рукамі вычышчаць памыйныя ямы туалетаў.

Кіраўніцтва СС намагалася хутчэй «вырашыць яўрэйскае пытанне». Адбываліся забойствы па «квотах». У сакавіку 1942 года падчас акцыі ў гета карнікам не хапіла пэўнай колькасці ахвяр. Тады яны арыштавалі яўрэяў з рабочых брыгад.

28 ліпеня 1942-га немцы знішчылі амаль усё непрацоўнае насельніцтва гета. Пазбегнуць смерці падчас карных акцый у гета маглі хіба яўрэі з працоўных брыгад. Пад канец лета 1942 года ў гета заставалася толькі 11 тысяч вязняў, праца якіх была патрэбна акупантам.

Для знішчэння яўрэяў немцы прымянялі таксама «душагубкі» — адмыслова абсталяваныя машыны, куды заганялі дзясяткі людзей і труцілі іх газам. Пахавальныя каманды закопвалі целы за межамі Мінска, у Трасцянцы.

Падполле і партызаны

Больш шанцаў выжыць было ў тых, хто ў апошнія месяцы існавання гета меў адвагу ўцячы і ратавацца ў лясах ды партызанскіх атрадах. Вялікую ролю ў супраціве адыграла падполле Мінскага гета.

Яно паўстала даволі хутка, праз некалькі тыдняў пасля стварэння гета. Падпольшчыкі мелі кантакты з юдэнратам, атрымлівалі ад яго інфармацыю пра планы акупантаў, а таксама здабывалі фальшывыя дакументы для выхаду ў горад.

Гета ўвосень 1941-га стала цэнтрам супраціву ў акупаваным Мінску.

На тэрыторыі гета дзейнічала падпольная друкарня і на пачатку 1942 года ўбачыла свет адно з першых падпольных выданняў — лісток «Веснік Радзімы», які распаўсюджваўся ў гета і па-за межамі. Падполле мела сувязі з атрадамі капітана Сяргеева (Быстрова), атрадам імя Фрунзэ.

Кіраўнікі падполля накіроўвалі групы моладзі ў лясы з надзеяй выратаваць іх у партызанскіх атрадах. Пазней, калі пагроза ліквідацыі гета стала відавочнай, да партызанаў ішлі людзі розных узростаў. На гэтым шляху іх чакалі выпрабаванні.

Ліквідацыя гета

У верасні 1943 прайшла дэпартацыя апошніх вязняў у лагеры смерці на тэрыторыі Польшчы — Сабібор і Майданэк. 21 кастрычніка 1943 года адбылася апошняя карная акцыя, нямецкая паліцыя знішчыла апошніх вязняў Мінскага гета.

Партызаны выратавалі і пераправілі ў лес групу яўрэяў, якая хавалася на тэрыторыі былога гета. Гэтыя людзі замуравалі сябе ў «малінах», што ўратавала ім жыццё. Вязні ў адным з схронаў нават дачакаліся вызвалення Мінска летам 1944 года.

Некалькі дзясяткаў беларускіх і нямецкіх яўрэяў пакінулі для працы на радыёзаводзе. Яны жылі ў рабочым лагеры, які яшчэ часам называюць «малым гета». За некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі ў Мінск іх пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Асвенцім. Недалёка ад Мінска цягнік трапіў пад бамбёжку, і частка вязняў выратавалася. Пасля вайны, у 1946 годзе, некалькіх яўрэйскіх інжынераў радыёзавода, якія выжылі, асудзілі як «калабарантаў».

Сумнае вяртанне

Пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1944 года ў горад вярталіся тыя, хто ацалеў у лясах ці хаваўся ў беларускіх сем’ях (падлеткі і дзеці). У выніку акупацыі яўрэйская супольнасць Мінска панесла страшэнныя страты. Нават сёння немагчыма дакладна вызначыць колькасць вязняў Мінскага гета. Дадзеныя аб рэгістрацыі яўрэяў не захаваліся ці наўмысна былі знішчаныя немцамі, каб пазбегнуць адказнасці за злачынствы. Акупанты нават забаранялі фатаграфаваць і дакументаваць тое, што адбывалася ў межах гета.

Лічыцца, што праз гета прайшло больш за 100 тысяч яўрэяў. Магчыма, што з яго пры дапамозе падполля ці самастойна ўцяклі ад 6 да 10 тысяч вязняў, але ацалела з іх толькі палова.

Памяць

Трагедыя Мінскага гета доўгі час свядома замоўчвалася. Савецкае кіраўніцтва не жадала ўзгадваць першыя месяцы вайны, калі ў паніцы не правяло эвакуацыі, кінула на акупаванай тэрыторыі мільёны, аб’явіўшы іх потым здраднікамі. Дзяржаўны антысемітызм ў пасляваенным СССР таксама не спрыяў намаганням яўрэйскіх актывістаў захаваць памяць пра беларускіх яўрэяў.

Савецкая прапаганда не рабіла акцэнту на нацыянальнасці ахвяр фашызму. Надпісы на помніках паведамлялі пра «савецкіх грамадзян, забітых нямецка-фашыцскімі захопнікамі».

Улетку 1946-га мінскія яўрэі паставілі сціплы помнік сваякам у месцы, вядомым як «Яма».

Гэты мемарыял у Мінску быў адзіным помнікам, на якім надпіс быў зроблены на ідыш і ўзгадваліся забітыя яўрэі. Каля «Ямы» не толькі збіраліся людзі, што страцілі свае сем’і, — яна стала і пляцоўкай грамадскага жыцця яўрэйскай супольнасці Мінска і ўсёй Беларусі. Памяць пра жудасныя падзеі зберагалася ў сем’ях нешматлікіх ацалелых вязняў, яўрэяў-франтавікоў і тых людзей, якім пашчасціла выехаць на ўсход у першыя дні вайны.

З пачатку 1990-х у Мінску праводзяцца прысвечаныя ахвярам дні памяці, узнікаюць помнікі і шыльды ў памяць пра беларускіх і еўрапейскіх яўрэяў. Увекавечана памяць яўрэяў, дэпартаваных з Берліна, Брно, Брэмена, Гамбурга, Дзюсельдорфа, Кёнігсберга, Кёльна, Бона, Франкфурта-на-Майне, аўстрыйскіх гарадоў. Гэта запозненая, але вельмі важная справа.

Яма. Помнік, пастаўлены ў 1990-я. Фота Андрэя Замойскага.

Помнік еўрапейскім яўрэям на старых могілках на вуліцы Сухой. Фота Андрэя Замойскага.

Помнік ахвярам Мінскага гета на месцы яўрэйскіх могілак на вуліцы Сухой. Паламаны круглы стол і венскае крэсла сімвалізуюць знішчаную сялібу. Фота Андрэя Замойскага.

Беларускі архіў вуснай гісторыі сумесна з Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна падрыхтавалі дыдактычны дапаможнік «Мінскае гета» для школьнікаў і настаўнікаў. Гэтая ініцыятыва паклікана вярнуць у школьную праграму вывучэнне тэмы Халакосту. Спампаваць дапаможнік можна на сайце БАВГ (www.nashapamiac.org), а таксама на старонцы Нацыянальнага адукацыйнага партала (adu.by) у раздзеле «Дадатковы матэрыял».

Андрей Замойский

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930