Найти
31.01.2019 / 18:432РусŁacБел

Авантюра, которая сохранила самостоятельность Великого Княжества Литовского

28 января 1588 новоизбранный король польский и великий князь литовский подписал Статут ВКЛ. Но этого не произошло бы, если бы накануне великокняжеская делегация не рискнула всем. Как делалось realpolitik на наших землях, пишет кандидат исторических наук Владимир Подолинский.

Леў Сапега, у 1585—1589 гадах падканцлер ВКЛ. Фота Wikimedia Commons.

1 сакавіка 1566 года ў Вялікім Княстве Літоўскім на змену Статуту 1529 года прыйшоў новы. Але амаль адразу прыйшлося ўносіць у яго карэктывы. Маштабныя рэформы дзяржаўнага ладу сярэдзіны 1560-х гадоў, Інфлянцкая вайна, стварэнне Рэчы Паспалітай імкліва змянялі тагачаснае жыццё.

Улетку 1569-га на Люблінскім сойме пад ціскам польскай шляхты была створана адмысловая камісія па рэдагаванні Статута. Зразумела, каронны бок імкнуўся да ўніфікацыі права ВКЛ і Польшчы. А для велікакняжацкай шляхты Статут быў гарантам палітычнай адасобленасці княства.

Рэдагаванне і распрацоўка новых статутных нормаў адбываліся ў асобных камісіях, на сойміках і з’ездах. У канцылярыі афармляліся ўсе папраўкі, а артыкулы зводзіліся ў адзін кодэкс. Асабліва актывізавалася праца над Статутам у 1579 годзе, пасля таго як канцылярыю ВКЛ узначаліў віленскі кашталян Астафей Валовіч. Ён асабіста браў удзел у распрацоўцы дакумента.

Астафей Валовіч, у 1579—1587 гадах віленскі кашталян і канцлер ВКЛ. Фота Wikimedia Commons.

Правак назбіралася так многа, што ў выніку замест моцна адрэдагаванага Другога Статута ў 1582 годзе стварылі новы. Пры гэтым уплыў польскага боку быў зведзены да нуля.

 

Палякі не хацелі, нашы не маглі

У Варшаве 4 кастрычніка 1582 года распачаліся пасяджэнні вальнага (гэта значыць, усеагульнага) сойма Рэчы Паспалітай. Менавіта на ім прадстаўнікі Вялікага Княства запрапанавалі зацвердзіць новы Статут цалкам і без абмеркавання з палякамі. Аднак на пасяджэннях ніжняй палаты сойма (пасольскай ізбы), якімі, дарэчы, кіраваў вялікі пісар Леў Сапега, польскія паслы запатрабавалі падрабязнага разгляду ўсіх зменаў. Яны небеспадстаўна баяліся, што новы Статут яшчэ больш умацуе самастойнасць Вялікага Княства ў Рэчы Паспалітай.

Палякі не маглі не ведаць, што, паводле новай рэдакцыі Статута, усе пасады ў княстве павінны надавацца не «чужаземцам і загранічнікам, ані суседам таго паньства», а толькі мясцовым «родзічам старажытным і ўраджэнцам».

Гэта закрывала шлях кароннай шляхце да пасад у ВКЛ і было адназначным парушэннем умоў Люблінскай уніі 1569 года.

Натуральна, сенатары і паслы ВКЛ не пагадзіліся на падрабязны разгляд Статута. Справу адклалі. Праз два гады ў тэкст дакумента ўнеслі праўкі і зноў паспрабавалі зацвердзіць адным махам: «прынеслі свой Статут, аб якім прасілі, каб быў зацверджаны». Аднак і на гэты раз польскія паслы настойвалі на падрабязным абмеркаванні артыкулаў, а Стэфан Баторый, падобна, не хацеў зацвярджаць іх без згоды паміж шляхтай.

На сойме 1585 года Статут ізноў не быў прыняты.

Такім чынам, стала складвацца патавая сітуацыя. Велікакняжацкая шляхта мела на руках падрыхтаваны асноўны закон і імкнулася, каб яго зацвердзілі без узгаднення з палякамі. А каронная шляхта не хацела згаджацца на зацвярджэнне новага Статута ВКЛ без абмеркавання. І невядома, як бы склалася будучыня не толькі гэтага дакумента, а і ўсяго Вялікага Княства, калі б не палітычны крызіс 1587 года.

Выбары, якія давялі да грамадзянскай вайны

Кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый памёр у Горадні 12 снежня 1586 года. Пасля гэтага вышэйшая ўлада перайшла ў рукі шляхты. Пачатак сойма для выбараў новага кіраўніка прызначылі на 30 чэрвеня 1587 года. Галоўнымі кандыдатамі былі сын шведскага караля Жыгімонт, брат імператара Святой Рымскай імперыі эрцгерцаг Максімільян і расійскі цар Фёдар, сын Івана Жахлівага.

Стэфан Баторый, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1576—1586 гады). Фота Wikimedia Commons.

Сойм, аднак, праблемы не вырашыў. Ён доўжыўся два месяцы і завяршыўся расколам. Шляхта абрала адразу двух каралёў — шведскага каралевіча Жыгімонта Вазу і эрцгерцага Максімільяна Габсбурга. Так у Рэчы Паспалітай пачалася грамадзянская вайна.

Эрцгерцаг Максімільян з дынастыі Габсбургаў (1558—1618). Фота Wikimedia Commons.

У пачатку кастрычніка Максімільян са сваім войскам уступіў на польскія землі і рушыў на Кракаў. Праўда, узяць горад ён не здолеў. Пайшоў на Польшчу і Жыгімонт.

Дэлегацыя ВКЛ афіцыйна не прызнала ніводнага з кандыдатаў, хоць паступова раздзялілася на дзве партыі. Аднак і адны, і другія адназначна настойвалі на зацвярджэнні Статута будучым вялікім князем.

 

Угаворы Жыгімонта

Жыгімонт Ваза агітаваў сярод шляхты, яго прадстаўнікі сустракаліся са шляхецкімі лідарамі з розных рэгіёнаў Рэчы Паспалітай. Шэраг яго ваенных перамог і, нарэшце, паходжанне (маці Жыгімонта Вазы Кацярына была дачкой Жыгімонта Старога і сястрой Жыгімонта Аўгуста) абумовілі пераход на ягоны бок большай колькасці шляхты Рэчы Паспалітай. Каранацыйны сойм прызначылі на 10 снежня 1587 года. У ВКЛ прыхільнікі шведскага каралевіча гуртаваліся вакол віленскага кашталяна і канцлера Астафея Валовіча. Валовіч накіроўваўся на каранацыю асабіста, але ў лістападзе 1587 памёр. Можна толькі здагадвацца, як развіваліся б падзеі, калі б велікакняжацкую дэлегацыю ў Кракаве ўзначаліў чалавек, які так шмат зрабіў для падрыхтоўкі новых законаў ВКЛ…

Каралеўскі замак на Вавелі ў Кракаве. Сучасны выгляд.

Каранацыя Жыгімонта Вазы адбылася 27 снежня 1587-га года. А ў канцы снежня з Берасця ў Кракаў выехала афіцыйная дэлегацыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з троцкім ваяводам Янам Глябовічам і падканцлерам Львом Сапегам. Абодва, дарэчы, былі паслядоўнымі прыхільнікамі шведскай кандыдатуры. Узамен на сваю падтрымку шляхта патрабавала доўгатэрміновага міру з Расіяй, далучэння ўсіх Інфлянтаў, гэта значыць цяперашняй Латвіі, да ВКЛ, а таксама зацвярджэння Статута.

Прадстаўнікі Вялікага Княства прыбылі ў Кракаў 8 студзеня 1588 года. У той час дарога з Берасця да Кракава, пры сярэдняй хуткасці ў 35—40 км на дзень, займала прыкладна 11—14 дзён. Зразумела, на хуткасць падарожжа значна ўплывалі ўмовы надвор’я, якасць дарог і перапраў, месцы начлегу, наяўнасць харчавання для людзей і коней. Калі дапусціць, што дэлегацыя ВКЛ вырушыла з Берасця 24 або 25 снежня 1587 года, то да Кракава яна даехала якраз праз два тыдні. 11 студзеня шляхта прывітала Жыгімонта Вазу, а 14-га распачала перамовы з каралём і польскім бокам. 

The winner takes it all

Дасягнуць сваіх умоў велікакняжацкай дэлегацыі было цяжка. Мір з Масквой супярэчыў інтарэсам Жыгімонтавага бацькі Юхана III, які не хацеў заставацца без падтрымкі ў барацьбе з Расіяй. Польскія сенатары і земскія паслы настойвалі на ператварэнні Інфлянтаў у сумеснае ўладанне Кароны і Вялікага Княства. Тым больш не жадалі яны прыняцця новага Статута ВКЛ, бо бачылі ў ягоных артыкулах парушэнне ўмоў Люблінскай уніі.

Праз два тыдні бясплённых перамоў прадстаўнікі ВКЛ наважыліся на рызыкоўны крок. Яны прыгразілі, што не прызнаюць каранацыі Жыгімонта Вазы і пакінуць Кракаў, калі кароль не прыме іхніх умоў.

Разлік быў зразумелы. Жыгімонт усё яшчэ быў у хісткім становішчы: яго ўжо каранавалі як караля Польшчы, але вялікім князем літоўскім афіцыйна яшчэ не прызналі. Эрцгерцаг Максімільян тым часам не спыняў вайну за ўладу ў Рэчы Паспалітай. І пераход шляхты ВКЛ на бок Габсбурга мог стаць катастрофай для Вазы і ягоных польскіх прыхільнікаў.

Праўда, калі б Максімільян прайграў, такі дэманстратыўны ад’езд з Кракава даўся б у знакі палітычнай эліце Вялікага Княства. Дастаткова ўзгадаць, чым абярнуўся падобны дэмарш на Люблінскім сойме 1569 года. Тады дэлегацыя ВКЛ, не згодная з умовамі уніі, у ноч на 1 сакавіка пакінула горад, не папярэдзіўшы пра гэта караля і вялікага князя. У выніку Вялікае Княства Літоўскае страціла Падляшша і Украіну, якія Жыгімонт перадаў Польшчы, ды вымушана было прыняць усе ўмовы.

Але на гэты раз удача літвінам усміхнулася. Новы манарх ды палякі вымушаныя былі пайсці на саступкі.

Позна ўвечары, а 22-й гадзіне, 27 студзеня 1588 года Жыгімонт Ваза прысягнуў на захаванне правоў і вольнасцяў ВКЛ, а таксама паабяцаў зацвердзіць Статут і мір з Расіяй. Адразу пасля гэтага Ян Глябовіч ад імя Вялікага Княства прызнаў Жыгімонта Вазу каралём польскім і вялікім князем літоўскім. А Леў Сапега афіцыйна абвясціў Жыгімонта вялікім князем.

Прысутныя ў Кракаве радныя паны — найвышэйшыя ўрадоўцы — прынеслі новаму манарху прысягу. Тое ж, укленчыўшы, зрабілі і прадстаўнікі шляхты.

Праўда, на кампраміс прыйшлося пайсці і дэлегацыі Вялікага Княства: пытанне аб прыналежнасці Інфлянтаў было адкладзена да наступнага вальнага сойма.

 

Усё вырашылі гадзіны

Дэмарш велікакняжацкай дэлегацыі быў, як аказалася, вельмі своечасовым. У крытычных умовах польскім паслам і сенатарам прыйшлося згадзіцца на зацвярджэнне новага Статута ВКЛ. І ўжо праз некалькі гадзін яны аб гэтым горка пашкадавалі. Бо літаральна адразу ж пасля прысягі ў Кракаў прыйшлі весткі аб перамозе польскага войска над войскамі Максімільяна. Эрцгерцага нават узялі ў палон! Вырашальная бітва пад Бычынай адбылася яшчэ 24 студзеня, але звесткі пра яе дайшлі да Кракава ажно праз тры дні!

Навіна адразу выявіла сапраўдную пазіцыю польскіх сенатараў і паслоў. Некаторыя з іх так і заяўлялі, што не дапусцілі б зацвярджэння Статута, калі б даведаліся аб паражэнні Максімільяна раней. Палякі нават падазравалі, што пры гетмане Яне Замойскім знаходзіўся агент велікакняскай дэлегацыі, які апярэдзіў ганца з афіцыйным паведамленнем. «І таму прыціснулі караля, каб менавіта ў той дзень прынёс тую прысягу».

Тытульны аркуш Статута ВКЛ 1588 года. Выдадзены ў віленскай друкарні Мамонічаў. Фота Wikimedia Commons.

Так Вялікае Княства Літоўскае атрымала свой новы асноўны закон, які моцна паўплываў на фарміраванне менталітэту беларусаў і нават перажыў дзяржаву, у якой быў створаны. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі Статут дзейнічаў на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў да 1831 года, а ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях — да 1840-га. І нават у той час ён быў сімвалам незалежнасці нашай зямлі. Улады скасавалі яго ў адказ на антырасійскае паўстанне 1830—1831 гадоў.

 

Владимир Подолинский

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера