Найти
05.02.2019 / 09:325РусŁacБел

Прогуляли страну: как Радзивилл тратил на фейерверки больше пороха, чем на военные упражнения

В XVIII веке магнаты Великого княжества держали у себя пушки не столько для защиты, сколько для того, чтобы громко встречать гостей и веселиться на именинах. Пишет кандидат исторических наук Микола Волков.

Дзіва, але ўжо 300—400 гадоў таму салюты былі для нашых продкаў звыклай справай. Тады, як і цяпер, салют вянчаў свята, быў знакам усеагульнай весялосці, як пісаў у дзённіку адзін з Радзівілаў, Міхал Казімір Рыбанька. Далёкі ад мараў аб ваеннай славе, гетман Рыбанька імкнуўся ўсяляк падкрэсліць свой статус галоўнага вайсковага ўрадніка ў Вялікім Княстве. І тут былі ў нагодзе розныя ўрачыстасці.

Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Партрэт невядомага мастака.

Нараджэнні і хрышчэнні сыноў, дні нараджэння і імяніны галавы роду, яго дзяцей і жонкі, шлюбы і іх гадавіны, а таксама пахаванні — усё гэта адзначалі салютам. У дні нараджэння гарматы салютавалі непасрэдна ў гадзіну нараджэння і часта білі роўна 100 разоў — як пажаданне ста гадоў жыцця. Напрыклад, у гонар дня нараджэння самога Рыбанькі (13 чэрвеня) гарматы салютавалі 100 разоў роўна апоўначы, калі падчас банкету ўздымаўся тост за здароўе магната.

Гарматныя салюты суправаджалі імяніны сваякоў: Рыбанька ладзіў свята ў гонар цешчы Тэафіліі Вішнявецкай, свата Міхала Казіміра Вацлава Ржавускага. Салюты гучалі і ў гонар палітычных саюзнікаў, прыкладам караля Аўгуста ІІІ. Адданасць нясвіжскага ардыната таксама праяўлялася ў рэгулярным святкаванні дня элекцыі (выбараў) і каранацыі Аўгуста ІІІ.

Стрэл з гарматы. Гравюра Жака Кало. 1635 год.

Ударамі з гармат суправаджаліся ўрачыстыя працэсіі на Вялікдзень, які Рыбанька часцей за ўсё сустракаў менавіта ў Нясвіжы. Гарматы салютавалі ў час асвячэння храмаў і капліц. 26 жніўня 1754-га гучным біццём з гармат суправаджалася асвячэнне першага каменя, закладзенага ў фундамент новай капліцы ў Нясвіжскім замку.

Салютамі з гармат таксама сустракалі найбольш важных гасцей, якія наведвалі Нясвіж. У чэрвені 1755 года ў Нясвіж прыехаў малодшы брат Рыбанькі Геранім Фларыян з маладой жонкай, 24-гадовай Анэляй Мянчынскай (для 40-гадовага Радзівіла гэта быў ужо трэці шлюб, з дзвюма жонкамі ён к таму часу развёўся). Сцэнарый урачыстай сустрэчы брата склаў сам Рыбанька і апісаў у сваім дзённіку: «Чацвер. Гарматы павінны стаяць на гарадскіх валах, адны ад Слуцкай брамы ажно да кляштара бенедыктынак, другія — ад віленскай брамы да бернардзінаў. Горад з цэхамі павінен спаткаць майго брата з маёй братавай на Новым месце [раён Нясвіжа], а магістрат з кагалам — сустрэць з прамовай пад Слуцкай брамай. Як стане брат у Новым месце, павінны даць залп з шасці гармат, як будзе ў Слуцкую браму заязджаць — другі раз з шасці гармат даць агню. Адтуль паедуць у касцёл айцоў езуітаў на Te Deum Laudamus [хрысціянскі гімн]. Падчас Te Deum Laudamus па знаку, дадзеным трубачамі, дадуць агню 36 разоў. Па заканчэнні Te Deum Laudamus будзем ехаць у замак, і, як ужо будзем на сярэдзіне грэблі, павінны з равеліна даць агню 6 разоў з гармат. Заехаўшы ў замкавую браму, яшчэ 6 разоў таксама з равеліна дадуць.

Выявы гармат і ваенных трафеяў у аздабленні Нясвіжскага замка часоў Рыбанькі. Фота Міколы Волкава.

Пятніца. Пасля абеду хрысціны князёўны Веранікі [дачкі Рыбанькі]. Па заканчэнні хрысцін з усіх гармат, пачаўшы ад замкавага равеліна, дадуць па разу агню… Пасля вячэры — баль. А 12-й гадзіне князёўна [другая жонка Рыбанькі Ганна Людвіка з Мыцельскіх] будзе піць за здароўе князя гетмана [Рыбанькі], і дадуць з усіх гармат агню бесперапынна 100 разоў.

Субота. Раніцай паедзем у касцёл на Te Deum Laudamus. Падчас Te Deum Laudamus з гармат дадуць агню 36 разоў…»

Не будзе перабольшаннем зазначыць, што на салюты і феерверкі ў Радзівіла пайшло ў некалькі разоў больш пораху, чым на ваенныя практыкаванні. На пахаванні самога Рыбанькі выкарысталі, прынамсі, 15 бочак пораху. Гучныя залпы стваралі шмат нязручнасцей мяшчанам. Падчас аднаго з першых вядомых нам салютаў у Нясвіжы ў 1617 годзе, калі Радзівілы прымалі каралевіча Уладзіслава Вазу, ад залпу з цяжкіх гармат «ледзьве вокны ў дамах цэлымі засталіся». Не дзіўна, што ў 1739 годзе Радзівілу давялося «з-за гармат» адправіць на пэўны час сваю малую дачку ў Гарадзею.

Микола Волков

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера