Найти
18.11.2018 / 19:5711РусŁacБел

«Хай ёго мова нэ шчэзнэ»: на издание Нового Завета на говоре деревни Симоновичи собрали почти половину суммы

Фота: Аляксандр Васюковіч, Imenamag.by.

Кніга, якую мы так хочам выдаць — гэта Новы запавет на дыялекце вёскі Сыманавічы Драгічынскага раёна. На гэты момант сабрана 36% ад сумы, піша стваральнік Спеўнага сходу Сяргей Доўгушаў.

Хведар Данілавіч Клімчук рабіў гэты пераклад 15 гадоў, яму дапамагала ягоная мама. Па кавалачку з 1980 па 1995 год. «Пераклаў кавалачак — і маме зачытваю. Калі яна кажа: «Не, мы так не гаворым,» — перарабляю», — расказваў Клімчук для «Імён».

Удакладняў у аўтахтонаў розныя словы. «Суткы», «суточкы» — цесны праход, вельмі вузкая вуліца (дзе амаль сутыкаюцца пабудовы). «Окыдь» — снег, што выпадае ранняй-ранняй вясной (нібы акідвае зямлю). «Кыснуты» — мокнуць, «чоловічок» — зрэнка, «анывжэн» — канечне (як анягож).

Слухайце таксама: Хведар Клімчук чытае Новы запавет

Хведар Данілавіч лічыў, што, калі на нейкую мову перакладзеная Біблія, значыць, гэтая мова ніколі не знікне, не забудзецца. Яго праца — спроба захаваць мову роднай палескай вёскі на стагоддзі.

Хведар Данілавіч пачаў цікавіцца дыялектамі ў 19 гадоў. Скончыў Пінскі педінстытут, працаваў у вёсках Столінскага і Драгічынскага раёнаў настаўнікам гісторыі. Слухаў, як вакол размаўляюць людзі. І так яго гэта зачапіла, што ён і вучняў заразіў. Дзеці слухалі, як гавораць іх бацькі, бабулі, прабабулі, занатоўвалі, а пасля прыходзілі да настаўніка і абмяркоўвалі самыя цікавыя звароты.

‒ Палессе — гэта міф, фантазія, — кажа навуковец. — Тое, што называецца Палессем — тэрыторыя ад Брэста да Калугі. Па-беларуску мы «палешукі». Па-ўкраінску «полішчуки», а ў Расіі — «полихи». Пра паліхоў, дарэчы, шмат Тургенеў пісаў, што гэта такія шыкоўна прыгожыя людзі. Палессе рознае.

Супольнае, кажа Хведар Данілавіч, у тым, што на Палессі захавалася шмат старых рыс. Моўных і культурных. Вывучаючы палескую мову, можна зразумець старажытнасць. Пачуць словы, якія ўжывалі нашы продкі шмат стагоддзяў таму.

‒ Ва ўсім свеце на дыялектах не толькі размаўляюць, але і пішуць, выдаюць газеты, часопісы і кнігі, — кажа Хведар Данілавіч. Сёння за яго плячыма больш за 200 навуковых прац і безліч экспедыцый. — Калі на дыялекце існуе літаратура, то гэта ўжо — мікрамова. А як жа заходнепалескі дыялект? Чым ён горшы?

Хведар Данілавіч пераклаў на гаворку Сыманавіч «Казакоў» Льва Талстога, «Слова аб палку Ігаравым», адну песню «Іліяды» Гамэра, «Страшную помсту» Гогаля.

З Палесціны пачатку эры ў дзедаву хату

За пераклад Новага закона Хведар Данілавіч браўся не раз. У пачатку 1980-х перакладаў, але застаўся незадаволены. Адкладаў. Браўся занава. Займаўся перакладам патаемна. Расказаў толькі маці Настассі і бацьку Данілу. Кожны перакладзены кавалачак зачытваў ім вечарам, правяраў. Калі скажуць: «Не, мы так не кажам», — перарабляў. Скажуць: «Так, мы б так і сказалі», — пакідаў.

За аснову браў рускі і беларускі пераклады. Дадаў польскі, украінскі, стараславянскі. Праца пайшла.

‒ Пераклад быў маёй аддушынай, — кажа Хведар Данілавіч. — Каб разумець тэкст, я ў думках пераносіўся ў Палесціну пачатку нашай эры. А пасля — у пачатак ХХ стагоддзя, у хату майго дзядулі. І ўкладаў тэкст у ягоныя вусны. Думаў, як бы ён сказаў. За добрую працу песціў сябе перад сном цукеркай ці мёдам, — расказваў ён у інтэрв’ю Ніне Шуляковай з сайта «Імёны».

Цалкам пераклад Новага запавета Хведар Данілавіч закончыў у 1995 годзе. Выдаць кнігай частку яго здолеў толькі ў 2010 — знайшоўся, нарэшце, спонсар. Водгукі, кажа, былі рознымі. Некаторыя выказваліся варожа, таму што пераклад Новага запавета не быў дабраславёны. А вось святар з Драгічына спецыяльна замовіў у Хведара Данілавіча некалькі экзэмпляраў.

‒ Я не хацеў нікога агітаваць. Пячонку толькі сабе выядаць. Мая мэта, каб тэксты былі і каб яны захаваліся. Мова — гэта біяграфія месца, код, які захоўвае яго гісторыю. Засталася кніжка — засталася памяць. Значыць, мэта дасягнутая.

Захаваць голас

Першую частку Новага запавета Клімчука выдалі тыражом 200 экзэмпляраў. Другая частка так і засталася ў стале.

Усе старэйшыя сваякі, якіх памятаў Хведар Данілавіч, нарадзіліся і памерлі ў Сыманавічах. Гэтая вёска была для яго сапраўдным месцам моцы. А для нас — адзін з нямногіх прыкладаў, дзе дыялект займеў уласную літаратуру, і магчымасць пачуць, як гавораць Сыманавічы. Як гаворыць Загароддзе — так называецца раўніна на поўнач ад Кобрына (Кобрыня), Драгічына (Дарагічыня), Іванава (Янава), дзе ляжаць і Сыманавічы.

Пазнаёміўся я з Хведарам Данілавічам у Мінску. Вельмі часта бачыў яго на нашых «Палескіх Спеўных сходах». Потым пачалі сустракацца часцей. Прыходзілі да яго ў госці з сябрамі, запісвалі яго песні, успаміны, дапамагалі ў побыце. Апошняя сустрэча адбылася месяц да яго смерці, тады ён быў ужо вельмі хворым, пераехаў да сястры Ніны. Ужо не ўставаў з ложку і страшна раздражняўся, калі размаўлялі з ім пра здароўе. Але ёсць тэма, на якую Хведар Данілавіч Клімчук гатовы быў размаўляць гадзінамі — яго Сыманавічы. Ён марыў пра тое, каб кніга, пад вокладкай якой быў бы ўвесь Новы закон па-сыманавіцку, атрымалася. Выдаць гэтую кнігу цяпер наш абавязак!

Падтрымаць праект тут

Сяржук Доўгушаў

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера