Найти
05.11.2018 / 17:1217РусŁacБел

«Детям нужно читать и про разводы, и про страхи»: интервью с Надеждой Кондрусевич, которая вывела белорусские детские книги на новый уровень

Дзякуючы Надзеі Кандрусевіч, па-беларуску загаварылі такія любімыя многімі дзеткамі персанажы, як Мама Му, Пэтсан і Фіндус, Віта Белая Крэска і Эйвінд, Біла з Болаю і Ёрдзіс. Яна 10 год перакладае шведскія кніжкі на беларускую мову: атрымліваецца не больш за 5 ў год, а хочацца як мінімум 20, таму сёлета Надзея адкрыла прыватнае выдавецтва «Коска», якое спецыялізуецца на дзіцячай і падлеткавай літаратуры. 

Паразмаўлялі з ёй пра сям’ю, складанасці айчыннага кніжнага рынку (і хто яго ўратуе), а таксама тэмы-табу для дзяцей.

Надзея Кандрусевіч.

«НН»: Вы скончылі Лінгвістычны ўніверсітэт, але як склалася, што з усіх моў свету ў якасці дадатковай для навучання абралі менавіта шведскую?

Надзея Кандрусевіч: У мяне ніколі не было нейкага свядомага жадання, кім я хачу стаць. Яшчэ ў школе мне добра даваліся замежныя мовы, таму паступіла ў Лінгвістычны. Асноўнымі ў мяне былі ангельская і італьянская. Шведскую мову як дадатковую абрала, бо яна мне падавалася вельмі экзатычнай. Плюс у мяне з ёй асацыіраваліся пісьменніца Астрыд Ліндгрэн, якую я вельмі люблю.

«НН»: Беларускую вы заўсёды ведалі гэтаксама добра, як і замежныя мовы?

НК: У Браславе я хадзіла ў звычайную гімназію, беларускамоўных школ у нас няма. Але ў мяне беларускамоўныя бацькі, абое гісторыкі: тата працаваў у краязнаўчым музеі, маці загадвала яго фондамі. Разам з калегамі яны вялі ў горадзе вельмі актыўную грамадскую дзейнасць: ладзілі канферэнцыі, сустрэчы з гісторыкамі іншых краін, археалагічныя раскопкі. Бацька заўсёды браў нас з сабой на такія мерапрыемствы. І вось у гэтай беларускамоўнай тусоўцы мы і раслі.

Памятаю, як у падлеткавым узросце разам з сябрамі нават выпускалі беларускамоўную газету «Гэта мы». Друкавалі 299 асобнікаў і рассылалі сябрам у суседнія гарады: у Глыбокае, Шаркаўшчыну. У газеце пісалі розныя жарты, малюнкі, перадрукоўвалі туды часам нейкія матэрыялы з «ARCHE» і «Нашай Нівы».

«НН»: У дзяцінстве вам шмат чыталі бацькі?

НК: У бацькоў у Браславе велізарная хатняя бібліятэка. Усе мае сябры па гімназіі пастаянна прыходзілі да нас нешта адтуль узяць пачытаць. Ведаеце, у многіх сем’ях мэблевыя секцыі, так званыя «сценкі», запоўненыя сервізамі, а ў нас на ўсіх паліцах стаялі кніжкі. Тата збіраў альбомы па мастацтве, розныя сусветныя энцыклапедыі, па культуры, па гісторыі Беларусі. У нас мелася ўся класічная падлеткавая літаратура таго часу: зборнікі Жуля Верна, Джона Толкіена, Джэка Лондана. Асобна бацька калекцыяніраваў казкі. Мне здаецца, у нас не менш за 200 выданняў з казкамі усіх народаў свету: ад шатландскіх да афрыканскіх. Тата і сёння любіць усё гэта перачытваць. Вядома, у дзяцінстве ён чытаў іх і нам з малодшай сястрой.

На жаль, усе гэтыя казкі былі, у асноўным, у перакладзе на рускую мову. Беларускамоўных было няшмат. Добра памятаю пераклады Змітра Коласа: тое, як гучала «Графіня дэ Сэгюр. Зачараваная хатка» у яго беларускамоўным перакладзе мяне тады моцна ўразіла.

Да гэтага часу выклікае захапленне кніжка легендаў і паданняў «Заклятыя скарбы» Уладзіміра Ягоўдзіка, з незвычайнымі ілюстрацыямі Аляксея Навіцкага. Яе выпусцілі ў 90-я накладам больш за 70 тысяч! У той час, гэтая кніжка мне здаецца, была ў кожнай сям’і.

«НН»: Цяпер становіцца зразумела, чаму вы сталі перакладчыцай дзіцячых кніжак.

НК: Сама для сябе я спачатку перакладала розныя апавяданні з ангельскай і італьянскай моў. Таго ж Рэя Брэдберы, напрыклад. Са шведскай пачала перакладаць пазней, на апошніх курсах недзе. Тады ў Мінску працаваў скандынаўскі цэнтр, дзе і дзеці, і дарослыя мелі магчымасць вывучаць шведскую мову. Кожную суботу там праходзілі семінары, дзе мы перакладалі ўрыўкі са шведскіх апавяданняў на беларускую. Па выніках той працы нават самвыдатны зборнік апавяданняў выпусцілі.

Калі я сышла ў дэкрэт, наведваць семінары стала складана, але ў 2008 годзе, калі сыну было 3 месяцы, шведскі дыпламат Стэфан Эрыксан і Алена Масла нечакана прапанавалі мне зрабіць пераклад самастойна. Так я ўпершыню цалкам пераклала сваю першую кніжку: «Малы і мядзведзік» (Юі Вісландар).

«НН»: Наклад дзіцячай кніжкі ў 70 тысяч — сёння гэта фантастычныя лічбы…

НК: Так, мае кніжкі ў Беларусі выходзяць накладам 1000 экзэмпляраў. Калі паглядзець на расейскі рынак, то там тая ж «Мама Му» Юі Вісландэр выходзіць тыражом не больш за 5—10 тысяч асобнікаў.

 «НН»: І пры ўсім гэтым вясной вы адкрылі ўласнае выдавецтва «Коска»…

НК: Ідэя стварыць сваё выдавецтва прыйшла да мяне яшчэ 5—6 год таму. Першыя пераклады «Мамы Му» на беларускую я выдавала ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура», потым фінансавы крызіс прыпыніў працэс.

Пазней мае пераклады выходзілі у прыватным выдавецтве «Логвінаў», у «Кнігазборы» Саюза беларускіх пісьменнікаў. Я ўсім ім удзячная за супрацу, але там я не магла развярнуцца так, як таго хацелася: усё ж нашы выдавецтвы не спецыялізуюцца на дзіцячай літаратуры. Плюс самі вырашаюць, што друкаваць, калі і ў якіх аб’ёмах. Мне хацелася большай свабоды дзеянняў.

Цяпер я сама адбіраю аўтараў, якія мне цікавыя, адглядаю каталогі таго, што выйшла ў Швецыі, а што толькі плануюць выдаць, сустракаюся з агентамі на кніжным кірмашы ў Гётэрборгу. Часам атрымліваецца набыць правы на пераклад кніжкі на этапе макета: так яна хутчэй бачыць свет на нашым рынку.

Праўда, у ідэале мне б хацелася выдаваць 10—20 кніжак на год, але пакуль што выходзіць толькі 5. У першую чаргу — праз фінансавыя складанасці.

«НН»: Аўтарскія правы каштуюць нямалых грошай, а ў вас наклады па 1000 асобнікаў. Як вы ўвогуле выжываеце?

НК: Так, правы на выдавецтва той жа «Мамы Му» у сярэднім каштуюць 500—800 еўра. А кошт кнігі складаецца яшчэ і з друку, заробкаў тэхнічнага рэдактара, карэктара, падаткаў, транспарту. Яшчэ пераклад, але яго я не ўлічваю.

Прыходзіцца тлумачыць аўтарам, праваўладальнікам нашу сітуацыю. Што беларуская мова ў нас не шырока ўжываецца грамадствам, таму наклад будзе меншым, а сабекошт — большым. Што нават 500 еўра за аўтарскія правы для нас — вялікія грошы.

Пакуль што на выданне кніжак я толькі дакладаю свае грошы: наўпрост цяпер такая сітуацыя з новай «Мамай Му». Абаротныя сродкі з ранейшых выданняў добра калі вернуцца да мяне праз 3—5 год.

Новая «Мама Му ўяўляе» з'явіцца ў беларускіх кнігарнях ужо на наступным тыдні.

Усё гэта для мяне на дадзены момант не пра зараблянне грошай, а як сацыяльны праект. Я шукаю фінансавую падтрымку, нейкіх спонсараў. Вядома, хацелася б знайсці іх сярод беларусаў, бо каму, акрамя нас, патрэбныя кніжкі па-беларуску? На самы крайні выпадак разглядаю краўдфандынг.

Калі праз некалькі год пабачу, што мая праца нікому не патрэбная, што выходжу ў мінус, прыйдзецца спыніць дзейнасць выдавецтва. Але пакуль што я даю сабе 3—5 год паспрабаваць увесь ланцужок.

«НН»: Будзецеперакладаць толькі шведскую літаратуру?

НК: Пакуль — так. 10 апошніх год я глыбока цікавілася тым, што адбываецца на рынку дзіцячай літаратуры Швецыі, і сёння нават больш абазнаная ў іх сітуацыі, чым у нашай. Але не выключаю, што «Коска» аднойчы будзе выдаваць пераклады з нарвежскай, фінскай, дацкай і іншых моў. Само сабой, я не выключаю супрацу з беларускімі аўтарамі і ілюстратарамі.

Сваёй цікаўнасцю да замежнай літаратуры я не хачу сказаць, што наша — дрэнная. Я хачу, каб мая дзейнасць падштурхоўвала беларускіх пісьменнікаў да большай актыўнасці.

10 год таму беларускамоўнае выданне «Мамы Му» было адной з першых кніжак для дзетак з ілюстрацыямі ў поўнакаляровыі фармаце, «Крумкач кажа нельга» — ледзь не першая дзіцячая кніга па-беларуску на кардоне, і па сённяшні дзень для малых да 3-х год падобных катастрафічна мала. Што там і казаць, у нас у прынцыпе вельмі малы выбар дзіцячай і падлеткавай літаратуры па-беларуску.

Майму сыну Яну 10 год, і ў яго няма магчымасці чытаць на беларускай мове ні фэнтэзі, ні прыгодніцкую літаратуру, ні дэтэктывы.

Але сітуацыя пакрысе змяняецца. Штогод выходзяць новыя кніжкі: Кацярыны Дубовік, Волі Кузьміч, Наталкі Харытанюк, Вольгі Гапеевай, Веры Бурлак, Андрэя Хадановіча, Надзеі Ясмінскай і іншых пісьменнікаў ды ілюстратараў. З’яўляюцца выдатныя пераклады — «Пітэра Пэна» (Уладзь Лянкевіч), «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса» (Вера Бурлак) і іншыя. І я спадзяюся, што далей будзе яшчэ лепш.

«НН»: У Швецыі, як і ў Беларусі, пражывае каля 10 мільёнаў насельніцтва. Наколькі моцна іх рынак дзіцячай літаратуры адрозніваецца ад нашага?

НК: У Швецыі штогод выходзіць больш за 2,5 тысячы дзіцячых кніг, без уліку перакладной літаратуры. У Беларусі гэтая лічба значна меншая. У нас, акрамя «Коскі», няма выдавецтваў, які б спецыялізаваліся на дзіцячай і падлеткавай літаратуры. Для апошніх амаль няма кніг па-беларуску, у тым ліку на розныя складаныя тэмы, якія хвалююць іх у гэтым узросце: пра развод бацькоў, першае каханне, адзіноту, страхі…

Быць дзіцячым пісьменнікам у Швецыі — значыць дазволіць сабе толькі пісаць, больш можна нідзе не працаваць. Тое самае можна сказаць і пра ілюстратараў. Такіх творцаў з’яўляецца ўсё больш — і гэта з аднаго боку добра, з іншага ж — пры такіх аб’ёмах, вядома, з’яўляюцца і выданні нізкай якасці. Ну, і ў прынцыпе такая колькасць ужо і непатрэбная: усё ж дзеці цяпер чытаюць менш — гэта агульнаеўрапейская тэндэнцыя. Замест папяровых кніжак слухаюць ці аўдыёварыянты, ці ўвогуле аддаюць перавагу гульням на смартфоне.

Напрыканцы верасня ў выдавецтве «Коска» выйшла кніга Юі Вісландэр і Лоты Гефенблад «Ёрдзіс» пра дзіцячыя страхі і прыгоды.

«НН»: Вы ж таксама выпускалі аўдыёкніжкі.

НК: Так, акцёры Ганна Хітрык і Павел Харланчук агучылі 9 кніжак «Пэтсана і Фіндуса». Ганна яшчэ і музыку да іх напісала. Ёсць у нас і аўдыёварыянт кніжак «Малы і мядзведзік» і «Малы і Білан» у выкананні Зміцера Вайцюшкевіча. Бонусам да іх ішлі 10 дзіцячых песень, якія таксама праспяваў Зміцер разам з Галінай Казіміроўскай.

Надзея з «галасамі» Пэтсана і Фіндуса: Паўлам Харланчуком і Ганнай Хітрык.

Хутка, спадзяюся, запішам «Суперкнігу пра Біла з Болаю», таксама галасамі Пашы і Ганны, хоць Ганна цяпер і ў Ізраілі. У кніжцы расказваецца пра сям’ю, дзе гадуецца дзяўчынка з асаблівасцямі. Гэтая тэма блізкая і Ганне, і мне: мая малодшая дачка Марына мае рэдкае генетычнае захворванне.

«НН»: У адным з ранейшых інтэрв’ю вы расказвалі, што сын, калі вы спрабавалі яму чытаць «Суперкнігу пра Біла з Болаю», спачатку гэтага не хацеў…

НК: Так, ён адмаўляўся слухаць, потым мы чыталі яе кавалачкамі. Ён — брат асаблівай сястры. І гэта таксама няпроста — бачыць сябе ў гэтай кніжцы. Я сама, калі чытала яе, плакала, бо яна амаль што паўтарае гісторыю нашай сям’і.

Спачатку ты не верыш, што ўсё гэта здарылася менавіта з вамі. Потым прыходзіць страшная думка: я не хачу сабе такое дзіцё. Мы тры гады хадзілі да розных лекараў, і нам казалі, што ўсё будзе добра. І толькі калі Марыне споўнілася чатыры, доктар-генетык сказаў, што гэта не так, што «паламаная» храмасома — гэта на ўсё жыццё.

Надзея з дзеткамі. Фота з асабістага архіва.

Тэма асаблівых дзяцей — табуяваная ў нашым грамадстве. Пра іх мала кажуць, часта самі бацькі іх саромеюцца. Як маці дзяўчынкі з асаблівасцямі, я разумею, чаму так адбываецца. Штодзень калі я вязу дачку ў спецыяльны дзіцячы садок на метро, мяне хто-небудзь абавязкова спытае: «А чаму ваша дачка паводзіцца так?».

Аднойчы нейкі дзядзька наўпрост падышоў да яе і сказаў: «На цябе глядзіць увесь вагон, ты што, зусім тут тупая?». А яна ў адказ толькі і магла яму паўсміхацца.

Марыне — 7 год, і ад яе чакаюць дарослых паводзін: выглядае яна як звычайная дзяўчынка. Але яна не размаўляе, гучна выказвае свае пачуцці, гукамі, складамі. Бацькі, якія сутыкаюцца з такім упершыню, адразу ж адводзяць ад яе сваіх дзяцей.

У нас амаль няма інтэграцыйных груп, класаў, няма звычкі размаўляць пра гэта з дзецьмі: тлумачаць, што побач з намі жывуць і іншыя людзі: на калясках, з сіндромам Даўна, з захворваннямі. Каб пасля яны гатовыя былі сустрэцца з імі на вуліцы. Расце новае, больш прагрэсіўнае пакаленне маладзёнаў, якое не будзе хавацца. Я вось ужо не хачу хаваць Марыну.

Кніжка — гэта тое, што выклікае эмоцыі, гэта добрая нагода паразмаўляць на любую тэму. Памятаю, як мы з Янам прачыталі пра хлопчыка і яго тату, з якіх смяяліся ў школе. Толькі так я змагла даведацца, што ў Яна таксама было нешта падобнае ў гімназіі.

Звычайна ж спытаеш у дзяцей, як справы. Яны адказваюць «Нармальна». І ўсё. Для дыялогу патрэбная асаблівая атмасфера, якую кніжкі якраз і ствараюць.

«НН»: Дзіцячая кніжка «Мая і яе мамы» Ларысы Дзенісенка і Марыі Фоя пра аднаполае каханне, смерць, донарства спермы выклікала ва Украіне скандал. Знайшліся людзі, якія пагражалі аўтарам за яе змест, бо кніжка, на іх думку, супярэчыць «каштоўнасцям і традыцыям, якія спакон вякоў фарміраваліся ва ўкраінскіх сем'ях». Я калі апісала гэтую сітуацыю на сайце, многія каментатары «НН» таксама падтрымалі, што дзецям такія тэмы непатрэбныя. А вы як лічыце?

НК: Гэтым летам Ян паглядзеў фільм па матывах Джэральда Дарэла «Дарэлы». І там у адной серыі мама дзяцей, якія пераехалі сям’ёй на Корфу закахалася ў мужчыну з вострава, але аказалася, што ў яго ўжо быў сябар-мужчына. Ян пачаў мяне распытваць, як гэта. Я яму спакойна растлумачыла, што так можа быць, і спадзяюся, што ён зразумеў гэта.

Дзеці наогул разумеюць больш, чым мы з вамі думаем. Проста на сваім узроўні. На такія тэмы, як і на ўсялякі іншыя тэмы-табу, размаўляць трэба. Мы жывём у грамадстве, дзе ўсё гэта ёсць, навошта нешта свядома хаваць?

 «НН»: Над якімі перакладамі вы працуеце зараз?

НК: Перакладаю кніжку Сары Лундберг «Птушка ўва мне ляціць куды захоча», якая ў мінулым годзе атрымала прэстыжную прэмію Аўгуста для дзіцячых пісьменнікаў і ілюстратараў і стала найлепшай дзіцячай кнігай у Швецыі. Кніга была напісаная па матывах жыцця шведскай мастачкі Берты Хансан. Я сачу за ўсім, што выдае гэтая аўтарка: мне падабаецца яе стыль, тэмы, ілюстрацыі. Раней я ўжо перакладала серыю яе кніжак пра «Віту Белую Крэску»: дзве з іх выдадзеныя, а дзве яшчэ чакаюць свайго часу.

У «Птушка ва мне ляціць куды захоча» закранаецца вельмі важная тэма ўзаемаадносін дзяцей і бацькоў, а таксама пра нашыя мары і жаданні. Па сюжэце галоўная гераіня хоча стаць мастачкай, але ў яе рана памірае маці: бацька настойвае, каб яна, як адна са старэйшых, дапамагала яму выхоўваць малодшага брата і сястру, гаспадарыць па дому. У кнізе апісваецца канфлікт паміж дзяўчынай і яе бацькам, паміж абавязкамі і марамі. Спадзяюся, што ўвесну Сара наведае Мінск, і да гэтага моманту я паспею перакласці і выдаць яе кнігу па-беларуску.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фоты Волі Афіцэравай

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера