Найти
04.11.2018 / 13:1317РусŁacБел

Детектив «Я прыду за табой у аўгусце», написанный на трасянке: мисс Марпл из Заводского района и ее непростые отношения с сыном

Як апошнім часам цешыць сюжэтамі беларуская літаратура! Чытацкі дзякуй табе, мая харошая! Вот з'явіўся гады ў рады годны дэтэктыў. Нехта пад псеўданімам Каміла Цень напісаў «Я прыду за табой у аўгусце». Пакуль кніжка электронная, яе можна купіць за 3 рублі.

Прачытала першы раздзел, які на сайце стаіць бясплатна. І чакала мяне расчараванне. Паўсюль пісалі, што гэта першая кніга на трасянцы. А выявілася не: чысцюткая, я б нават сказала, інтэлігенцкая руская мова, дарма што беларускі варыянт. То бок кніга напісана па-руску, але так, як гавораць па-руску добрая палова насельніцтва. На той рускай мове, па якой нас на раз-два пазнаюць на ўсход ад Смаленска: «Вы, наверное, із Белоруссіі?»

Трэба сказаць, што фабула захапіла з галавой (мінская кантралёрка ў канцы маршрута знаходзіць мерцвяка і пачынае расследаваць яго смерць), таму, плюнуўшы на моўнае расчараванне, я набыла кнігу. Дачытаўшы да сярэдзіны, зразумела, што нешта не сыходзіцца. Аўтар яўна вельмі добра прадумаў герояў, прычым усіх (Божанька, як рэдка такое бывае). І не можа быць, каб пры гэтым абсалютна не прадумаў іх мову!

І тут пазл стаў складацца.

Кніжка Камілы Цень, хоць і выглядае як прыкольчык, ніякі не ён. За жывенькай фабулай (аматары дэтэктыву, не пашкадуйце часу, інтрыга вартая, атмасфера створана вусцішная) — моўная трагедыя нашага народа, з якой, як бачым па асобе галоўнай гераіні, растуць карані многіх сучасных праблем. Мова і ёсць галоўным героем кніжкі.

Юр'еўна жыве ў Мінску, на Шарыках — у раёне шарыка-падшыпнікавага завода і ўнівермага «Беларусь». Працуе кантралёркай. Гаворыць (і думае) на вывучанай рускай. Гэтаксама з ёй размаўляюць калегі-кантралёры. Міліцыя, суседзі па дачы, касірка галерэі «Ў» гавораць у кнізе па-руску.

З мужам Юр'еўна калісьці яшчэ размаўляла па-беларуску. «На первам свіданіі пугавіцу на маёй кофтачке пальцамі схваціў і спрашывает: « Хочаш, я адарву і сразу ўшыю?» — «Не хачу». — «Сматры». Адарваў пугавіцу і ў шэю мне этай пугавіцай тычэт. І смяецца. А патом мы пацэлавалісь. Но эта даўно была. Очэнь даўно».

Гісторыі жыцця Юр'еўны мы не знаем, але з акалічнасцяў, а галоўнае з мовы ўсё становіцца відавочна. Нарадзілася ў вёсцы, і вёска назаўжды засталася для яе сімвалам прыніжэння: людзі яе пакалення рваліся ў горад, каб выйсці з калгаснага рабства. Грамадства было жорсткім, закамплексаваным, складалася з такіх самых учарашніх калгаснікаў. Каб зачапіцца ў ім, трэ было ўдаваць з сябе гарадскую. Адзіны шлях — вывучыць гарадскую мову. Ды так, каб ніхто не дакапаўся. Адсюль — шматлікія адсылкі да расійскай паэзіі і эстрады, кніжныя рускія словы ў мове Юр'еўны. Толькі ж з вымаўленнем нічога не зробіш — такі наш біч, з ім трэба жыць. 

І Юр'еўна жыве. Пры гэтым вельмі тонка адчуваючы свет — і ў гэтым яшчэ адна драма гераіні. З дзяцінства яна бачыць у людзях больш, чым шараговы чалавек, гаму пачуццяў мае шырэйшую. У яе развітая інтуіцыя і спрытны розум. Яна цэніць у людзях найперш спагадлівасць і чалавечнасць. Гэта жанчына зрабіла сябе сама, прытым не разгубіўшы прыроднай чуласці. Але над пытаннем нацыянальным яна нібы баіцца задумацца. Гэты драматычны момант аўтар паказвае праз адносіны з дзецьмі — сынам і нявесткай. Яны звяртаюцца да маці па-беларуску, прычым так, што чытачу няёмка і за іх, і за мову, і разумееш тую Юр'еўну: «Такое ашчушчэніе, што ім іх хто-та выдумывает, слава эці. Сядзіт у Вільнюсе і выдумывает, штобы тут ніхто не панімаў, а чом рэч».

А справа была такая: «Дзімка прышоў, чая здзелаць. Носіт ей чай і носіт. Сама ана не можэт, што лі? Чашку ўроніт? Ілі пальцы абажжот? «Как у Волечкі здароўе?» — спрашываю. «Ды ўсё нармалёва. А што?» «Да нет, нічэво». «А чым гэта ад цябе патыхае? Ты што, піла?» «Эта мы на рабоце па грамульцы ўзялі, за дзень раждзенія». «Ясна… Мам, крыкнеш нам, калі імбрык закіпіць». « Харашо». Эта ані так чайнік пачэму-та называют. Імбрык. Нікагда такога слова не слышала».

Колькі разоў была сведкай падобнай сцэны: сутыкнення пошукаў неафіта і адпрэчвання людзей савецкага выхавання. А драма ж у тым, што між імі адна і тая ж мова. Гэта мова вясковага дзяцінства кантралёркі Юр'еўны і мова маладосці яе сына. Яму ўжо 30, але, мяркуючы па «імбрыку», захапленне беларушчынай пачалося нядаўна, магчыма з Украіны, з 2014 года — па гэтай падзеі ў сям'і пайшоў раскол, гэта падзея балюча аддаецца ў Дзімавай свядомасці, ёсць у кнізе такі эпізод.

Карані сталі давацца ў знакі, але накіраваць Дзімава захапленне няма каму — мама ўсё жыццё паклала, каб пазбыцца гэтага вясковага атрыбута, і цяпер пераадолець сябе не ў стане. І праз мову бацькі і дзеці няўмольна аддаляюцца, хоць фізічна знаходзяцца вельмі блізка, жывуць у суседніх пакоях. Давай дапаможам ім кватэру пабудаваць, прапануе муж. Але Юр'еўна не хоча: хай лепш будуць пад бокам, так і весялей, і хоць трохі ведаем, чым яны жывуць.

«Снова ты начынаеш. Не пастроят ані нічога. Не це ў нас дзеці. З імі пра такія вешчы луччэ не загаварываць. А то помніш, как он цібе атвеціў тагда, Дзімка наш? Што ані ў Львове жыць сабіраюцца. А ў этай стране іх нічога ня дзержыт. Гасударства ім ня то, відзіш лі. І прэзідзент ня тот. Так і сказаў». — «Так эта кагда была? Пяць лет назад. Можэт, перадумалі ўжэ». — «Ані ўсё ўрэмя ўсё перадумывают. Толька і дзелают, што перадумывают. Сёння ў Львоў к бандэраўцам, заўтра ў дзярэўню хацят, з туалетам на уліцэ, а паслязаўтра ўжэ «Я нарадзіўся тут» у сябе ў комнаце пают. А жызнь цем урэменем ідзёт. Нет уж, Толя. Пусць лучшэ с намі жывут. Сагласісь. Вот у Гаркавага сын у Чэхаславакію ўехал. Дзесяць лет прашло. І ні атвета ні прывета. Можэт, і убілі яго там эці чэхаславакі. Ты такога дзецям хочаш? Што ім, плоха ў нас? Ну скажы».

Падаецца, за гэтымі адгаворкамі стаіць страх: жанчына баіцца, што пасля раз'езду страціць сына канчаткова. А між тым, страціць яна яго, відаць, з іншай прычыны: праз мову. Аднаму не хапае шырыні погляду, каб зірнуць на маці іначай, другая не можа пераступіць праз узгадаваны ўсім жыццём канфармізм — так і аддаляюцца адно ад аднаго. Колькі ў іх сітуацыі горкіх гісторый з нашага жыцця!

Ці ўдасца Юр'еўне вярнуцца да сябе і пабудаваць сувязь з сынам? Як скончыцца яе жыццё: гармоніяй ці поўнай самотай? Вялікае пытанне. Можа, для другой часткі?

Ну і на развітанне — пажаданне пісьменнікам і, можа, наступнай кніжцы Камілы Цень.

Наша грамадства шматмоўнае, і менавіта шматмоўе здольнае праўдзіва адлюстраваць наша жыццё. Тут і руская, і беларуская, і трасянка, канечне, як беларускае прастамоўе. А на колькіх яшчэ мовах гавораць людзі на нашай зямлі! У Гервятах літоўская, перад гродзенскай катэдрай польская, у маёй Заказанцы ўкраінская… І героі маглі б загаварыць! А знізу для нас — падрадкоўнік. Мы што, хіба не зразумелі б? «Вайна і мір» напісаная на расейскай з французскім — бо гэта адлюстроўвае рэальнасць часу. І хіба «Вайна і мір» кепскі твор?

Опрос

Паліна Скурко

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера