Найти
18.01.2019 / 10:234РусŁacБел

Как белорус под Смолевичами 11 лет держал в рабстве француза

Зима 1916 года, Первая мировая. Под французским городом Верден идут кровопролитные бои, позже их назовут «верденской мясорубкой». Один солдат пытается спастись, пусть и с позором. Он убегает из армии и исчезает на десяток лет. Найдется он только в 1929 году в Советском Союзе, на хуторе под Смолевичами. Пишет Владислав Шведович.

Вёска ў Смалявіцкім раёне. Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна.

Гэтую гісторыю распавёў у сваім нарысе Мікалай Бялына-Падгаецкі, чалавек настолькі пакручастага лёсу, што заслугоўвае асобнага аповеду. Белы афіцэр з Пецярбурга, скончыў кадэцкі корпус, паваяваў у Першай сусветнай. Пасля паразы белых жыве ў Англіі, затым у Францыі, дзе ўступае ў камуністычную партыю. Нечакана вяртаецца дадому — ужо ў Савецкі Саюз. Праз 5 гадоў едзе на Далёкі Усход Расіі, працуе на караблі… Лёс закідае яго ў Сінгапур, Партугалію, затым — у Бельгію, дзе Падгаецкі застаецца разам з сям’ёй (жонка з дзецьмі яшчэ раней з’ехала з Саюза). У 1941—1946-х Бялына-Падгаецкі жыве ў Афрыцы, у Бельгійскім Конга і, існуюць версіі, працуе там на англійскую разведку.

Лёс авантурыстаў заўсёды цікавы. А для нас асабліва цікава тое, што, прыехаўшы ў СССР, Мікалай Бялына-Падгаецкі жыў у Мінску і працаваў у мясцовай прэсе: пісаў для газеты «Рабочы» (будучая «Советская Белоруссія») і часопіса «Чырвоная Беларусь», для антырэлігійных агітак. Бялына-Падгаецкі нярэдка пісаў гісторыі пра французскіх ці італьянскіх рабочых. Таму, канечне, не змог прайсці міма, калі даведаўся, што смалявіцкі кулак Зянькевіч 10 гадоў трымаў у парабках беглага французскага салдата.

Уцёкі з мясарубкі

Праўдзівасць далейшага сюжэта — на сумленні Мікалая Бялыны-Падгаецкага.

У адну з зімовых начэй 1916-га каля сотні французскіх пехацінцаў добраахвотна здаліся ў палон немцам. Салдаты не вытрывалі так званай «вайны на знясіленне». Гэта тактыка прадугледжвае пастаянныя атакі, расход чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў, ставіць задачу выматаць і стаміць ворага. Баі пад Вердэнам ішлі 9 месяцаў, за гэты час французы страцілі амаль 380 тысяч чалавек, немцы — каля 340 тысяч.

Калі французскія пехацінцы здаліся, іх змясцілі ў лагер для ваеннапалонных. Сярод пехацінцаў быў і просты рабочы Марсэль Бака. У палоне Марсэль знаёміцца з расійскімі салдатамі з суседняга лагера. Тыя расказваюць: у Расіі рэвалюцыя, цяпер усё будзе па-іншаму. А ў Францыі Марсэля чакае суд за дэзерцірства і, хутчэй за ўсё, расстрэл. Пра тое папярэджвалі і ваеннапалонныя, і сваякі ў лістах: калі можаш, не прыязджай, гэта небяспечна.

Француз употай перабіраецца да расійскіх палонных і, калі надыходзіць час, разам з усімі адпраўляецца на ўсход. Лёс заносіць яго ў Мінск. У пачатку 1919-га Марсэль працуе кашаварам на грамадскай кухні. Можа, гатуе там жаб і слімакоў… Але аднойчы страчвае працу. Бадзяецца, галадае. Уладкавацца кудысьці ці знайсці прытулак не можа: мовы ён не ведае. Таму Марсэль сыходзіць з горада і ідзе жабраваць па вёсках.

Ён трапляе на хутар Садкі, што пад Смалявічамі. Француза бярэ на працу мясцовы селянін Зянькевіч.

11 гадоў не выходзіў на людзі

Цяпер пра хутар Зянькевіча амаль нічога невядома.

«Пра Садкі я чула. Там знаходзілася першая школа вёскі Амяльянава (сёння пішуць на картах Емяльянава). Гэта быў каталіцкі кут, а школу адкрывалі ад праваслаўнай царквы, і адзінае памяшканне для яе змаглі знайсці ў тых Садках, — распавяла Валянціна Казак, былая настаўніца і мясцовая краязнаўца. — Амяльянава было сапраўдным культурным цэнтрам тады. Была пошта, была бібліятэка, свой сельсавет. Прывозілі кіно».

Вось толькі Марсэль кіно, магчыма, ні разу не бачыў. За 11 гадоў ён толькі аднойчы трапіў на вясковую вечарыну, і тое выпадкова. Гаспадар палохаў Марсэля, каб той лішні раз на людзі не паказваўся. Маўляў, яго адразу арыштуюць і адправяць у Францыю на расстрэл. Марсэль слухаўся і сядзеў ціха.

Зянькевіч, пісала газета, свядома трымаў француза ў няведанні таго, чым жыве СССР. А калі ў 1929 годзе Марсэля вызвалілі і спыталі, які дзяржаўны лад у Савецкім Саюзе, той толькі паціснуў плячыма: «Манархія?»

Сельсавет заступіўся

Цікава, што пра Марсэля ведалі ўсе ваколіцы. «Ведаў пра гэта мясцовы сельсавет і маўчаў, хоць на адным з пленумаў і ўзнімалася пытанне аб Марсэлю, — піша Бялына-Падгаецкі. — Актыўны сельскі карэспандэнт паведаміў пра сітуацыю старшыні райвыканкама. Той выдаў адпаведную рэзалюцыю, але за выкананнем яе не сачыў. Ведаў пра Марсэля нават сельгасінспектар».

Сельскі карэспандэнт не спыніўся і напісаў у Маскву, у выданне «Батрак». Ліст вяскоўца пераслалі ў мінскую пракуратуру. І ў канцы 1929 года да Зянькевіча прыйшлі. Яго затрымалі і абавязалі выплаціць французу заробак за 11 гадоў. Бо, як сцвярджае Падгаецкі, за ўвесь час гаспадар не заплаціў Марсэлю ні капейчыны.

Адметна, што сельсавет пачаў збіраць подпісы мясцовых у падтрымку Зянькевіча, а не француза.

Маўляў, ніхто Марсэля не эксплуатаваў, абыходзіліся з ім па-людску.

Мяркуючы па фота, Марсэлю Бака жылося някепска: ён выглядаў сытым, дагледжаным і задаволеным жыццём.

Ці праўда па-людску — цяпер ужо невядома. Карэспандэнты сфатаграфавалі вялікую незагоеную рану на спіне француза і адзначылі, што да доктара парабка не вазілі, лячылі «знахарскімі сродкамі».

Кулака ўзялі пад варту. Марсэля вызвалілі. Што было далей — невядома. Невядома і тое, што праўда ў гэтай гісторыі, а што — водгулле антысялянскай, «кулацкай» палітычнай кампаніі.

«Недзе там»

Сёння ў Емяльянаве ніхто пра гэтую гісторыю не памятае. Амаль уся вёска выкуплена дачнікамі, старыя драўляныя дамкі змяняюцца новымі, цаглянымі. Нешматлікія старыя пра парабка-француза ніколі не чулі. Назва Садкі ім яшчэ вядомая, але не больш за тое.

«Былі калісьці хутары… І Садкі былі… Недзе там», — махае рукою адзін са старых, паказваючы не столькі ў канкрэтны бок, колькі ў мінулае.

Некаторыя кажуць, што на месцы Садкоў разбілі пасля калгасны сад. Вось і ўсё, што засталося ад Марсэля Бака і яго гаспадара Зянькевіча. Немагчыма паглядзець нават на старыя могілкі — ці не ляжыць хто там. Бо могілкі даўно зруйнавалі і на іх месцы пабудавалі дамы. «На душах пабудавалі», — кажуць мясцовыя.

Нічога няма. Цішыня.

Владислав Шведович

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930