Найти
28.01.2019 / 13:074РусŁacБел

Имперские титулы для литвинских магнатов

Великое Княжество Литовское жило в европейском культурном пространстве. Среди прочего об этом свидетельствует то, что некоторые представители его элиты получали из рук императора Священной Римской Империи престижные аристократические титулы. О том, как это происходило, пишет историк Павел Булаты.

Пакаленню беларусаў XXI стагоддзя выпала жыць у час святкавання вялікіх 500-гадовых юбілеяў. Слаўная Аршанская перамога, кнігадрукаванне Скарыны, Статуты… XVI стагоддзе — час, калі Вялікае Княства Літоўскае перажыло найвышэйшы ўздым сваёй культуры, якая развівалася ў агульным рэчышчы еўрапейскага Рэнесансу.

У тагачаснай гісторыі Заходняй Еўропы палітычны і культурны рэй вялі тытулаваныя дынастыі, якія вызначалі лёсы дзяржаў і народаў. Палітычны і культурны небасхіл таго часу зіхаціць вобразамі і постацямі тытулаванай эліты — герцагамі, маркграфамі, графамі, баронамі. Вялікае Княства Літоўскае не выбівалася з агульнаеўрапейскай прасторы і ў гэтым плане. У 2018 годзе мы мелі невялікі, але вельмі істотны юбілей: 500 год таму, 25 лютага 1518 года, упершыню чалавек з Вялікага Княства Літоўскага атрымаў арыстакратычны тытул ад імператара Святой Рымскай Імперыі. Так на нашых землях з’явіліся еўрапейскія тытулы графа і князя імперыі.

Сімвалічная выява іерархіі імперскіх саслоўяў. Верхні шэраг — курфюрсты, другі — герцагі і маркграфы, трэці і чацвёрты — графы, пяты і шосты — імперскія гарады. 1593 год.

Што паўплывала на з’яўленне ў ВКЛ еўрапейскіх ганаровых тытулаў? Перадусім прыходу іх на нашы землі паспрыяла тагачасная міжнародная сітуацыя. Пачатак XVI стагоддзя ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага праходзіў пад знакам войнаў з Масквой. Падчас гэтага супрацьстаяння Літва імкнулася атрымаць падтрымку Святой Рымскай Імперыі. Дзеля падтрымання выгадных адносін вялося шчыльнае дыпламатычнае супрацоўніцтва з імператарскім дваром. У гэтым важную ролю адыгрывалі асобы, якія ўдзельнічалі ў пасольствах да імператара. Як правіла, гэта былі найбольш уплывовыя саноўнікі краіны, якія займалі важныя пасады на тэрыторыі княства. Акурат падчас паспяховай місіі пры двары Святой Рымскай Імперыі дыпламаты ВКЛ мелі шанец атрымаць для сябе асабіста і для ўсяго свайго роду імперскія тытулы.

Уганараваная пяцёрка

Першым на Літве тытул князя Святой Рымскай Імперыі атрымаў Мікалай Радзівіл.

Ён браў удзел у Венскім кангрэсе 1515 года, дзе, апрача спраў, звязаных з дзяржаўнай дзейнасцю, арганізаваў вялікі музычны паказ і касцюмаваныя забавы. Урачыстасці ўразілі прысутных, і гэта палепшыла вобраз княства ў вачах еўрапейцаў. Уражаны быў і тагачасны імператар Максіміліян І. Дзякуючы гэтаму, 25 лютага 1518 года ён надаў Мікалаю Радзівілу тытул «князя на Гонядзі і Мядзеле», выдаўшы адмысловы княжацкі дыплом.

Князь Мікалай Мікалаевіч Радзівіл — першы магнат ВКЛ, які атрымаў еўрапейскі арыстакратычны тытул. Гравюра Гірша Ляйбовіча, 1758 год.

Наступным імперскі тытул пашчасціла атрымаць канцлеру Альбрэхту Гаштольду. У 1530 годзе, дасягнуўшы з ім важных дамоўленасцяў, германскі імператар Карл V, зацікаўлены ў палітычнай падтрымцы саноўніка з Вялікага Княства Літоўскага, надаў Гаштольду тытул «графа з Мураваных Геранёнаў».

Дыплом на пергаменце, выдадзены 14 снежня 1547 года імператарам Фердынандам І Мікалаю Радзівілу Чорнаму на княжацкі тытул. Захоўваецца ў фондах Архіва Радзівілаў у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве.

Уганараваная імператарам мядзельская галіна роду Радзівілаў, праўда, у 1542 годзе згасла, але ўжо праз пяць гадоў Радзівілы зноў займелі княжацкі тытул. 10 снежня 1547 года прывілей з тытулам «князь на Біржах і Дубінках» ад Карла V атрымаў Мікалай Радзівіл Руды. Гэты тытул перадаваўся ягоным нашчадкам па біржанскай лініі роду. А ўсяго праз некалькі дзён, 14 снежня 1547 года, дыплом і тытул «князь на Алыцы і Нясвіжы» ад імператара атрымаў таксама іншы славуты прадстаўнік гэтага роду — Мікалай Радзівіл Чорны. Ён жа 10 ліпеня 1553 года атрымаў ад імператара Фердынанда І і тытул «граф на Шыдлоўцах». Наданне тытула было своеасаблівым падвядзеннем вынікаў дыпламатычнай місіі ў Еўропе і ўзнагародай за зробленую працу. Перад гэтым Радзівіл правёў складаныя перамовы з Габсбургамі і дабіўся таго, што яны адмовіліся дапамагаць маскоўскаму цару Івану IV Жахліваму ў атрыманні каралеўскай кароны. Акрамя таго, Радзівіл дамовіўся пра шлюб аўдавелага гаспадара ВКЛ і Каралеўства Польскага Жыгімонта Аўгуста з дачкой імператара Кацярынай Габсбург.

Габелен Ксаверыя Дамініка Гескага «Наданне княжацкага тытула Мікалаю Радзівілу імператарам Карлам V», вытканы на мануфактуры Міхала Казіміра Радзівіла ў 50—60-я гады XVIIІ стагоддзя Захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.

Адначасова з Радзівілам графскі тытул ад Фердынанда І атрымаў прадстаўнік яшчэ аднаго арыстакратычнага роду ВКЛ — Юры Шчаснавіч Іллініч. У 1553 годзе зусім юны, трынаццацігадовы, Іллініч падарожнічаў па Еўропе і завітаў у Вену, дзе 11 чэрвеня атрымаў тытул «графа на Міры». Ён стаў графам па пратэкцыі свайго апекуна, вышэйзгаданага Мікалая Радзівіла Чорнага. Пасля смерці бяздзетнага Іллініча ў 1569 годзе ягоны графскі тытул перайшоў у спадчыну да сына Мікалая Радзівіла Чорнага — Мікалая Радзівіла Сіроткі.

На піку свайго ўзмацнення ў 1555 годзе графскім тытулам быў уганараваны і род Хадкевічаў. Геранім Хадкевіч, вядомы сваёй разважлівасцю, быў накіраваны вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам на чале пасольства да папы Паўла IV і імператара Фердынанда І. Імператар быў уражаны красамоўствам пасла, за што надаў яму тытул «граф на Шклове і Мышы». Пасля бацькавым тытулам карыстаўся адзіны сын Гераніма, Ян Хадкевіч. Захавалі яго за сабой і ўнукі атрымальніка — Аляксандр і Ян Караль Хадкевічы.

Нарэшце, з 1569 года мелі тытул «графа на Лагойску і Бярдзічаве» і прадстаўнікі адной з галінаў роду Тышкевічаў. Першым графам з гэтага роду стаў Васіль Тышкевіч.

Герб Тышкевічаў з графскай каронай. Фота Wikimedia Commons.

Такім чынам, на Літве ў XVI стагоддзі носьбітамі замежных арыстакратычных тытулаў сталі пяць родаў: Радзівілы, Гаштольды, Іллінічы, Хадкевічы, Тышкевічы.

 

Тытулы — небяспека для шляхецкай роўнасці

У той жа час з’яўленне імперскіх тытулаў выклікала ў грамадстве ВКЛ не зусім станоўчыя эмоцыі. Пратэст у шляхецкім асяроддзі быў звязаны з тым, што да атрымання замежнага тытула Мікалаем Радзівілам права на падобнае ўшанаванне мелі толькі князі па крыві — прадстаўнікі старажытных княжацкіх дынастый Рурыкавічаў і Гедымінавічаў. Прыняцце асобнымі арыстакратамі замежных тытулаў уводзіла новы звычай, які парушаў наяўны лад і роўнасць шляхецкага саслоўя. Дазвол на атрыманне тытула мусіў даваць вялікі князь пры згодзе сойма.

Распаўсюджванне практыкі атрымання імперскіх тытулаў было канчаткова спынена ў 1569 годзе. Пасля прыняцця акта Люблінскай уніі ў навастворанай дзяржаве, Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, шляхта ўраўноўвалася ў сваіх правах. Адпаведна з прынцыпам шляхецкай роўнасці наяўнасць тытула не надавала камусьці прывілеяванага становішча, арыстакратычныя і спадчынныя тытулы скасоўваліся. Выключэннем сталі толькі тыя тытулы, што былі прынятыя і існавалі раней за 1569 год.

Пытанне, звязанае з замежнымі тытуламі і іх статусам, неаднаразова падымалася на соймах XVII стагоддзя. Рашэннямі сойма адмяняліся княжацкія, графскія і любыя іншыя тытулы. Зноў адзначалася, што ніхто не можа прымаць і выкарыстоўваць замежныя тытулы, каб не парушаць роўнасць шляхецкага стану. Не меў права раздаваць родавыя тытулы і кароль Рэчы Паспалітай. Але пры гэтым прадугледжвалася, што тытулы, якія з’явіліся да Люблінскага сойма, захоўваліся.

Сітуацыю са статусам тытулаў на Літве вельмі трапна апісаў тагачасны нямецкі навуковец Марцін Цайлер у працы «Іншае апісанне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага». Ён тлумачыць еўрапейскаму чытачу, што прадстаўнікі знаці Вялікага Княства Літоўскага маюць аднолькавую годнасць, нягледзячы на тое, графы яны ці князі, паколькі валоданне тытулам не дае ніякага асаблівага статуса, і ніхто з носьбітаў тытула не ўздымаецца дзякуючы гэтаму вышэй за іншага шляхціца.

Тым не менш, ігнаруючы пастановы сойма, кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў 1764 годзе адпісаў свайму брату Казіміру княжацкі тытул. У хуткім часе, па прыкладзе каралеўскай сям’і, тытул князя здабылі сабе і прадстаўнікі роду Сапегаў, а таксама прадстаўнікі шэрагу родаў Кароны Польскай. На гэтай хвалі, не без пратэкцыі аўстрыйскага двара, сойм у 1775 годзе дазволіў і атрыманне тытулаў Святой Рымскай Імперыі. У пастанове сойма адзначалася, што імперскі тытул князя прызнаецца ў Рэчы Паспалітай і яе падданыя могуць яго атрымліваць. Аднак адначасова з гэтым падкрэслівалася, што тытулы не будуць парушаць шляхецкай роўнасці.

 

Фармальна, але прэстыжна

Калі тытулы ўвесь час з’яўляліся ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай толькі фармальным атрыбутам, які нібыта не прыносіў аніякіх пераваг, то для чаго іх носьбіты працягвалі прытрымлівацца ганаровай імперскай тытулатуры? Звязана гэта было з наступным. Прыклад першых пакаленняў родаў, якія займелі тытулы ад германскага імператара, засведчыў, што іх носьбіты адносіліся да паноўнай эліты, з якой у Вялікім Княстве Літоўскім атаясамлівалася магнатэрыя. У працэсе афармлення магнацкага саслоўя, акрамя буйных зямельных уладанняў і ключавых дзяржаўных пасадаў, сярод прыкмет прыналежнасці да магнацкага саслоўя вылучаўся і шэраг дадатковых якасцяў — блізкасць да каралеўскага двара, сямейныя сувязі і значэнне роду, асабістыя вартасці. Сярод іншага прыналежнасць да паноўнай эліты грамадства падкрэслівалі і замежныя тытулы. Атрымаць іх было даволі складана, а пасля Люблінскай уніі амаль немагчыма. Валоданне княжацкім ці графскім тытулам, такім чынам, усё ж такі ўзвышала яго носьбітаў і з’яўлялася каштоўным здабыткам для роду, у значнай ступені павялічвала яго прэстыж. Тытул рабіў магната адметным ад іншых прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя і хай нефармальна, але ўзвышаў і на саслоўнай лесвіцы, надаючы тытулярнаму двару вонкавы лоск, падкрэсліваючы магнацкую выключнасць. Наяўнасць тытула з’яўлялася прыкметай — праз геральдыку, згадванне тытула ў дакументах — прыналежнасці да эліты грамадства. Гэтым жа можна растлумачыць і імкненне іншых родаў да атрымання тытулаў у канцы XVIII стагоддзя, калі яны былі зноў узаконеныя.

Князі Радзівілы, граф Гаштольд, графы Хадкевічы — акурат гэтыя тытулаваныя роды працяглы час фактычна вяршылі і вызначалі лёс Вялікага Княства Літоўскага.

Павел Булаты

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930