Найти
01.01.2019 / 18:263РусŁacБел

Боевые журавли древних литвинов

Шляхта держала журавлей вместо собак, пишет доктор истории Алесь Белый.

Назву гэтага артыкула, канечне, належыць успрымаць з іроніяй, але факт: даўней у Беларусі журавы былі свойскай птушкай.

На інфармацыю пра баявых журавоў я выпадкова натрапіў гадоў з пяць таму, бессістэмна шукаючы звесткі пра гісторыю ваколіц вёскі Люцінка на Валожыншчыне, якая ўжо шмат гадоў для мяне як малая радзіма. Вельмі цікавы дакумент захаваўся ў судовых кнігах Менска канца XVI стагоддзя. Гэта скарга ўладальніка маёнтка Кіяўца Давіда Есьмана на Пятра Ляскаўніцкага, слугу ўладальніка Івянца Мікалая Салагуба, які застрэліў ягоных ручных журавоў:

Року 1582, мая 11 дня. На ўрадзе гродскага замка гаспадарскага Менскага перада мною, Янам Bойнаю Епімахам, падстаростам Менскім, апавядаў і абцяжліва жалаваў яго міласць пан Давід Есьман на служэбніка пана Мікалая Салагуба, на імя Пятра Ляскаўніцкага, іж з іншымі слугамі пана свайго жоравы мае хаваныя, дворныя, з ручніцы пастраляў, у нябытнасці маёй на той час у тым двары маім Кіявецкім, каторых жоравей аднаго пастраліўшы і ўзяўшы, самому пану Мікалаю Салагубу, пaну свайму, даў, а другога пастраліўшы пакінуў, з каторага пастрэлу [той жораў] здох.

Дзеля лепшага разумення кантэксту згаданага канфлікту варта зрабіць невялічкае адступленне. Выглядае, што Салагубы, тагачасныя ўладальнікі Івянца і ваколіцаў, вызначаліся зацятай ваяўнічасцю ў дачыненні да суседзяў. У тым жа годзе сустракаецца яшчэ і скарга паноў Дабрылеўскiх на Станiслава Салагуба пра напад iвянецкiх баяраў (шляхціцаў-воінаў) на вёску Хамiчы за 7 км ад Івянца. Род жа Есьманаў, вядомы ў нашым каляпушчанскім краі ўжо сама меней 500 гадоў, шчасліва дажыў да нашага часу, і я асабіста ведаю сучасных яго прадстаўнікоў… Таму, праязджаючы цяпер праз Кіявец не менш чым разы тры на тыдзень, я прыгадваю гэтую гісторыю.

Фота Trevor Clark, shutterstock.com.

Тая дзіўная бітва з журавамі, да таго ж свойскімі, якая скончылася забойствам мужнага абаронцы і захопам ягонага суродзіча ў палон, моцна мяне ўразіла. Я пачаў ужо мэтанакіравана шукаць звесткі пра свойскіх журавоў у нашай гісторыі.

«Наляталі журавы дый з чужое стараны…»

У беларускім фальклоры журавы фігуруюць як носьбіты ўдачы і дабрабыту. Пабачыўшы жорава, трэба было сказаць: «Здароў будзь».

У некаторых гуртах калядоўшчыкаў выступалі персанажы, пераапранутыя ў Жорава. У Асіповіцкім раёне да іх звярталіся: «Жораў, жораў! Пакажы свой нораў. Сцягні блін, вылеці ў камін!» У адной народнай песні спяваецца: «Наляталі журавы дый з чужое стараны, селі-палі на раллі дый расказвалі».

Вандроўны сюжэт схаластычных энцыклапедый на мініяцюры з «Каталонскага атласа» канца XIV стагоддзя.

Доўгая дзюба птушкі вызначыла моцныя эратычныя канатацыі яе фальклорнага вобразу. У аднайменным танцы-гульні, канчатковай мэтай якога было стварэнне будучых шлюбных пар, удзельнікі імітавалі рухі жорава. Заданнем вядучага хлопца-«жорава» было выхапіць з кола адну з дзяўчат, інакш ён ізноў мусіў вадзіць. Рэфрэнам прыпеўкі да танца была празрыстая эратычная метафара: «Панадзіўся журавель дый у нашу канапель». Падобны танец з той самай назвай, дарэчы, існуе і ў грэцкай народнай традыцыі (па-грэцку «геранікос»).

Бітва карлікаў з журавамі. Дрэварыт з «Гісторыі паўночных народаў» шведа Олаўса Магнуса, сярэдзіна XVI стагоддзя.

У некаторых мясцовасцях існавала табу на прамое называнне птушкі сваёй назвай: «Трэба казаць весялец, а не журавель, а то будзеш увесь год журыцца». Ну, а самы вядомы вобраз такога чароўнага фальклорнага жорава выступае ў казцы «Дзед і Жораў». У казцы Жораў дорыць беднаму Дзеду чароўныя торбачку ды рог.

Між птушкамі як сабака

Фальклор фальклорам, але некалі журавы ў нас былі рэальнай і распаўсюджанай свойскай птушкай!

Фота Rudmer Zwerver, shutterstock.com.

Прыручыць жорава адносна лёгка, але характар ягоны заўжды застанецца ваяўнічым.

Гэта асабліва яскрава праяўляецца ў паўночных журавоў-сцерхаў. Баронячы свае інтарэсы, яны пускаюць у ход дзюбу, крылы і самую страшную зброю — кіпцюры. У гадавальніках і заапарках паміж журавамі здараюцца бойкі са смяротным канцом. Пры сямейных сварках у няволі самец і самка часам змагаюцца так, што могуць нават зняць са свайго суперніка скальп. Самка сцерха найчасцей адкладае два яйкі, і сцершаня, толькі вылупіўшыся ды згледзеўшы брата ці сястру, адразу ж спрабуе забіць канкурэнта. Гэта закон выжывання ў паўночных балотах. Дасведчаныя бацькі, ведаючы пра гэты інстынкт, трымаюць сваіх дзяцей паасобку або нават самі падзяляюцца: кожны выхоўвае па адным птушаняці.

Калі свойскія журавы жывуць на птушыным двары, то яны наводзяць парадак сярод качак і курэй. Справа ў тым, што журавы — птушкі чародныя, а таму ў іх выдатна развітая дысцыпліна, адчуванне іерархіі, неабходнае для доўгіх пералётаў да месцаў зімоўкі і назад.

Сярод драбнейшых хатніх птушак журавель паводзіць сябе як важак чарады, а «шарагоўцы» навучаюцца разумець ягоныя гукавыя сігналы.

Ударамі дзюбы ён спыняе звадкі сярод птушак, а з дысцыплінаванымі гадаванцамі паводзіць сябе ласкава, робіць рэверансы і прытанцоўвае.

Жораў не дапускае, каб птушкі разыходзіліся далёка адна ад адной, а ў выпадку небяспекі сочыць, каб яны хаваліся па надзейных сховішчах. Заўважыўшы каршуна ці ястраба, журавель сам смела першы кідаецца на ворага, і звычайна яму ўдаецца прагнаць драпежніка. Калі ж куры разбрыдаюцца за межы птушніка, то ўвечары журавель заганяе іх дадому.

На варце

Іншая сфера, у якой выкарыстоўваліся магчымасці свойскіх журавоў, — ахова двара і нават удзел у баявых дзеяннях. Журавоў прыручалі яшчэ старажытныя егіпцяне, потым звычай перанялі рымляне.

Са Старажытнага Егіпта паходзіць легенда пра бітвы журавоў з пігмеямі ў нільскіх балотах, пра што пасля таксама пісалі антычныя аўтары Гамер, Пліній і пазнейшыя схаласты-энцыклапедысты. Не выключана, што гэтая легенда мела рэальную аснову: для нізкарослых жыхароў вярхоўяў Ніла журавы маглі ўяўляць куды большую небяспеку, чым для ўзброеных ручніцамі або гакаўніцамі шляхцічаў-літвінаў. Зрэшты, пасля аўтар «Гісторыі паўночных народаў» швед Олаўс Магнус перанёс гэты вандроўны сюжэт і на поўнач Скандынавіі.

Варта таксама згадаць, што назву «жураўлінага» мае адзін са стыляў баявога мастацтва славутага манастыра Шаалінь, які імітуе рухі птушкі падчас бою. Так што, магчыма, журавы ахоўвалі шляхецкія двары не толькі ад паветраных драпежнікаў, але і ад двухногіх няпрошаных гасцей. І ахова гэтая была зусім не фармальная. Як мы бачылі, ваяўнічай івянецкай шляхце, каб перамагчы журавоў у сядзібе Есьманаў, давялося выкарыстаць нават агняпальную зброю. Пасля ж яны спадзяваліся выкарыстаць палоннага жорава ў якасці ахоўніка ўжо свайго двара.

Як здабыць маладых жураўлянят?

Трэба блукаць па балотах, зазіраць у самыя густыя зарасці, і, можа, удасца выпадкова натрапіць на добра схаванае гняздо, вучыў часопіс «Ніва» за 1896 год. Журавель вельмі дбайна хавае сваё гняздо, ніколі не ляціць адразу да яго, апускаецца ўбаку, а потым крадзецца хаваючыся. Калі знайшлі — трэба карыстацца выпадкам і забіраць птушанят (іх звычайна пара) — піша «Ніва». Яны лёгка звыкаюць да чалавека і бяруць корм проста з рук.

Бойкія і самастойныя, жураўліныя птушаняты нагадваюць шчанюкоў вялікіх парод: тыя ж тоўсценькія лапкі і няўклюдныя рухі. Жураўляняты вельмі надакучаюць сваім аднастайым піскам, ад якога адвыкаюць толькі ўжо зусім дарослымі. Але радасць сяброўства з дарослым журавом перабівае гэтую нязручнасць, запэўніваюць аўтары «Нівы».

Жораў разумее расклад жыцця сям’і, пачынае жыць інтарэсамі гаспадара і гаспадыні (часопіс прыводзіць у прыклад птушку, якая вельмі любіла ігру на раялі і заўжды прыходзіла ў хату, калі гаспадыня пачынала граць). Ён заходзіць у хату, абыходзіць усе куты, паказваючы сваю прыхільнасць.

Пабачыўшы ежу ў чалавека, жораў будзе церціся, круціцца вакол, як сабака, пакуль не атрымае кавалачак. Аднак жораў вельмі самалюбівы: бойцеся пакрыўдзіць яго, асабліва незаслужана — аднойчы можна атрымаць нечаканы ўдар дзюбай.

Жораў у цэнтры Мінска

Традыцыя трымання журавоў як універсальных ахоўнікаў была ў нас жывая яшчэ нават стагоддзе-паўтара таму. Ідылічны вобраз птушніка тыповага літоўскага «дворыка» з грозным дазорцам на першым плане прадстаўлены ў адным з нумароў часопіса «Тыгоднік ілюстраваны» 1867 года.

Магчыма, аўтара натхнілі ўспаміны Вінцэся Каратынскага, які быў штатным пастаўшчыком «літоўскіх» сюжэтаў для славутага варшаўскага часопіса. І мне прыемна думаць, што прататып гэтага аточанага лясамі дворыка месціўся дзесьці на абшарах Налібоцкай пушчы, добра вядомай Каратынскаму з дзяцінства.

Грозны дазорца літоўскага птушніка. Выява з часопіса «Тыгоднік ілюстраваны» за 1867 год.

А перад самай рэвалюцыяй мінчукам быў добра вядомы свойскі жораў з Архірэйскага падворка (які тады займаў цэлы квартал, большую частку якога сёння займае гмах Дома афіцэраў).

Жораў часам выходзіў на прагулку па вуліцы Падгорнай (сёння Карла Маркса) і па Аляксандраўскім скверы. Пры гэтым птушка была зусім не мірнаю. Яна нападала на неабачлівых мінакоў, прычым імкнулася патрапіць ім дзюбай у вока. Ва ўспамінах Міхала Крыспіна Паўлікоўскага, польскага пісьменніка і публіцыста родам з Беларусі, жораў выглядае своеасаблівым царскім жандарам, яшчэ адной красамоўнай дэталлю ў доўгім шэрагу прыніжэнняў і здзекаў, якія даводзілася цярпець карэнным мінчукам ад каланіяльнай адміністрацыі.

Юлій Клевер. Беларускі пейзаж. Сядзіба Драчалукі (фрагмент). 1901 год. З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Зрэшты, рэвалюцыя неўзабаве дачыста змяце з нашай зямлі і архірэяў з іх журавамі-«дзяржымордамі», і зямянаў-абшарнікаў. Не ўсяго з таго зніклага свету аднолькава шкада, але, бадай, традыцыю трымання свойскіх журавоў на птушніках у турыстычных комплексах накшталт Дудутак варта было б адрадзіць. Хай ужо не крыўдуе на мяне Мінпрыроды.

Алесь Белый

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930